Валянціна Дабрыніна: “Мне шмат давялося перажыць”

IMG_2014

Трынаццацігадовы санітар

Лёс паслаў Валянціне Дабрынінай нямала выпрабаванняў. І самае першае — страту маці, якая памерла ад цяжкай хваробы зусім маладой і якую мая субяседніца нават не памятае. Калі Валянціне (у дзявоцтве — Шастаковай), ішоў трынаццаты год, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Сям’я жыла на Далёкім Усходзе. Так, немцы туды, слава Богу, не дайшлі, таму жахаў акупацыі ўдалося пазбегнуць. Аднак цяжкія выпрабаванні тады выпалі на долю кожнай савецкай сям’і, у кожным кутку неабсяжнай краіны. Вось і ў Валянціны забралі на фронт бацьку, старэйшага брата, чатырох родных дзядзькоў. Трагічна склаўся лёс бацькі, Мікіты Данілавіча: ваяваў на бронецягніку, загінуў у 1944 г. у баях на тэрыторыі Польшчы, дзе і пахаваны на брацкіх могілках. Яго імя занесена на мемарыяле салдат і афіцэраў Чырвонай арміі ў г. Чыце.

Без ног прыйшоў з вайны дзядзька Іван.

Сама Валянціна хутка пасля нападу фашыстаў пайшла санітаркай у ваенны шпіталь, што быў створаны на невялічкай чыгуначнай станцыі Алавяная Чыцінскай вобласці. З тых часоў засталося ў памяці, як даглядала параненых воінаў. А іх дастаўлялі ў шпіталь усё болей і болей. Памятае, як ела праснакі, прыгатаваныя  з гнілой бульбы, як брала кроў у баранаў для пералівання байцам Чырвонай Арміі.

У 1942 годзе з ліку работнікаў шпіталя выдзялілі шэсць чалавек і накіравалі ў Ленінградскую вобласць, каб забраць параненых і даставіць на лячэнне.

— Шмат я тады набачылася: у каго рукі не было, каму нагу адарвала. Мы аказвалі салдатам першую дапамогу: апрацоўвалі раны, рабілі перавязкі. Сабралі іх з поля бою, адкуль сышлі немцы, у эшалон і павезлі ў наш шпіталь. З дзяцінства я люблю музыку, таму ўзяла з сабою балалайку — бацькаў падарунак — у дарозе наіграла розныя мелодыі, і тым самым крышачку весяліла параненых. Ад Ленінграда ў цяплушцы дабраліся да нашага шпіталя за дзесяць сутак, — расказала мне Валянціна Мікітаўна.

Вайна нагадвала аб сабе самым розным чынам.

Цяжэй за ўсё Валянціне, у тую ліхую часіну было змагацца з голадам. Есці амаль нічога не было: усё адпраўлялася на фронт. Даводзілася размочваць  ў вадзе сланечнікавы жмых, змешваць яго з бульбяным шалупіннем і варыць. Тым і выратоўваліся.

На вачах паміралі цяжка параненыя байцы. Да гэтага нельга было прызвычаіцца, аднак, калі літаральна пры табе гінуць падлеткі, твае знаёмыя, цалкам здаровыя хлапчукі — такое ўспрымаецца куды цяжэй.

Аднойчы трое рабят прынеслі у шпіталь гранату. Крыху наводдаль, за сопкамі, знаходзілася рэзервовая вайсковая часць, цалкам магчыма, што дзесьці паблізу яе і знайшлі малыя такі небяспечны прадмет.

Пазвалі:

— Валя, хадзем з намі!  

— Не магу, я на рабоце. Мне трэба быць з параненымі і хворымі, — адказала тая і прысела на падаконнік каля расчыненага вакна.

Хлапчукі адыйшлі з гранатай за гарызонт, а праз колькі часу раздаўся выбух. З-за ўласнай бестурботнасці, падлеткавай неразумнасці яны пазбавіліся жыцця. Выбуховая сіла была такой, што асколкам Валянціну раніла ў чарапную костку, дзе брыво. Кавалачак жалеза так там і застраў, і тут жа галоўны ўрач шпіталя хірург Ізвекаў зрабіў хуткую аперацыю і выцягнуў яго. Бог ахоўваў Валянціну, каб крыху ніжэй прайшоў асколак, то…

Зраненыя лёсы людскія

Пасля вайны яе да сябе ў Магадан паклікала цётка Галя —  родная сястра мачахі. Цётка працавала рабочай на птушкаферме, а памерла маладой, ва ўзросце крыху больш за 40 гадоў. Па Валянціны, гэта быў вельмі добры чалавек.  

Як вядома, бяда адна не ходзіць. Вялікім горам для родных стаў трагічны зыход з жыцця Леаніда Шастакова — старэйшага з двух братоў Валянціны. Ён вярнуўся з фронта, пайшоў працаваць шахцёрам, а ў хуткім часе ў іх вугальнай шахце адбыўся абвал…

Аб Магадане ў маёй субяседніцы зассталося шмат успамінаў, усё ж такі паўстагоддзя жыцця звязана з гэтым горадам. Успаміны гэтыя, як водзіцца, і прыемныя, і не зусім.

Запала ў душу жанчыны суровая паўночная прырода. І перш за ўсё — бясконцыя марскія прасторы, чаго ў Беларусі няма. Значнае адрозненне ад нашай сярэдняй кліматычнай паласы і ў зацяжных халодных зімах, позняй вясне і кароткім леце, незвычайна шчодрым на грыбы і ягады. Яны выспяваюць літаральна за лічаныя дні, бо ўжо ў верасні выпадае першы снег, і наваколле паціху рыхтуецца да доўгай зімовай спячкі.         

…Да выхаду на заслужаны адпачынак яна працавала на рабочых пасадах у гарадскім камунальным аддзеле, абласной друкарні, швейнай фабрыцы. Але набольш узгадваецца праца санітаркай гарадскога дзіцячага санаторыя для дзяцей хворых на сухоты, а таксама ў адзінай у Магаданскай вобласці дзіцячай саматычнай бальніцы.  

Слухаючы гэту жанчыну, міжволі прыходзіш да высновы: шмат на сваім вяку Валянціна Мікітаўна пабачыла нясцерпных людскіх пакут і гора.         

— Бачыла дзяцей, хворых на сухоты і астму. Іх было вельмі шкада. А найбольш я шкадавала анкалагічна хворых, а таксама тых няшчасных, што нарадзіліся без ног, з іншымі сур’ёзнымі фізічнымі хібамі, з-за чаго бацькі іх кінулі прама ў раддоме, — гаворыць яна з слязьмі на вачах і расказвае кранальную гісторыю пра маленькую, невылечна хворую дзяўчынку з добрай сям’і, адзіную ў сваіх бацькоў. У той дзяўчынкі ўвесь час ішла носам кроў — вынік спадчыннага генетычнага адхілення. Бацькі літаральна ўмалялі дактароў: “Ну зрабіце хоць што-небудзь!” А што зробіш, калі хвароба невылечная? З Масквы прыбыў прафесар медыцыны, але і той не змог выратаваць…

Часам здаралася, што ў саматычную бальніцу за вопытам прыязджалі дактары са Злучаных Штатаў Амерыкі.     

Валянціна Дабрыніна і сёння, праз 15 гадоў пасля таго, як пакінула горад, з настальгіяй успамінае Магадан. Там яна сустрэла свой лёс і вялікае каханне — Георгія Мікіціча, за якога выйшла замуж у 1953 годзе. Гэты цудоўны чалавек, муж, бацька заўчасна пайшоў з жыцця з-за анкалагічнай хваробы лёгкіх. У Магадане Валянціна Мікітаўна нарадзіла двух сыноў і дачку.

Там жа ў 1975 годзе перанесла інсульт, пасля чаго пагоршыўся зрок. З цягам часу паляпшэння не наступала, а наадварот, станавілася горш, і вось ужо 15 гадоў як яна пазбаўлена магчымасці бачыць навакольны свет.

Даглядае нямоглую маці ў старасці адзіная дачка Людміла. У лютым 2004 года Людміла Георгіеўна разам з маці і мужам Юрыем Мікалаевічам пераехалі да сваякоў у Калінкавічы. Пасля развалу Савецкага Саюза жыццё на Поўначы стала цяжкім, пагоршылася эканоміка, узніклі праблемы з працаўладкаваннем, і сям’я накіравалася ў Беларусь. Пасяліліся ў кватэры шматпавярховага дома па вул. Суркова нашага горада. Людміла Георгіеўна ўладкавалася на працу сястрой-гаспадыняй у Калінкавіцкую ЦРБ, а муж — машыністам маняўровага матавоза ў лакаматыўным дэпо. Летам 2010 года стаяла незвычайная спёка, ад якой Юрыю Мікалаевічу стала дрэнна прама на рабочым месцы, і тая паездка, на вялікі жаль, стала для яго апошняй.

У мінулым месяцы Валянціна Дабрыніна сустрэла свой 90-ы дзень нараджэння. Акрамя родных і блізкіх з юбілеем яе павіншавалі старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Мікалай Буцэнка, прадстаўнікі сацыяльнай службы.

Столькі перажыўшая і перабачыўшая Валянціна Мікітаўна, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не страціла бадзёрасці духу і цікавасці да жыцця. Дык заставайцеся ж такой жыццярадаснай і надалей, паважаны юбіляр, і сустрэньце яшчэ адну круглую дату — 100-годзе! Гэта — як мінімум!

Сяргей САКОВІЧ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.