Абухаўшчына

ПА ДАРОЗЕ

Снежаньская раніца. Літаральна на вачах знікае прамерзлы туман, і неўзабаве прабіваецца сонечны промень. А следам наўсцяж расхінаецца блакітнае неба, і пачынае здавацца, што зусім не снежань цяпер, а сярэдзіна кастрычніка.

Хутка бяжыць насустрач шэрая лента асфальтаванай дарогі. Той дарогі, якая павінна прывесці нас у пункт прызначэння – вёску Абухаўшчыну. І калі ззаду застаюцца Юравічы, Баец і Бярозаўка, ушыркі і ўдаль вачам адкрываецца пейзаж, у якім лёгка ўгадваецца тысячагадовае панаванне вады – хвалі Прыпяці, галоўнай палескай ракі, дакладна дасягалі тутэйшых мясцін. Ці не кожную вясну цесна станавілася ёй у сваім рэчышчы, і тады выходзіла рака з берагоў, разлівалася на многія кіламетры. І як тут не ўзгадаць пра мора, што апісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот дзве з паловай тысячы гадоў назад.

Вось і рака са старажытнай назвай Тур’я΄. Па яе берагах – высокія густыя зараснікі чароту. Тур’я΄, Турэц, Тураў, тур… Шмат міфалагічных асацыяцый узнікае ў сувязі з назвай рэчкі, якая нясе свае воды ў возера Бернатава. А за ёй пачынаецца вёска Чорнаўшчына. Дзіўная вёска, з багатым мінулым. І калі пераязджаеш мост праз Тур’ю΄, быццам перасякаеш мяжу і трапляеш у мясціны, дзе час і прастора маюць адрознае вымярэнне. І неба над намі адно, і сонца тое самае свеціць, ды час і прастора – іншыя.

А шэрая лента дарогі бяжыць-вядзе далей. За Чорнаўшчынай яна пачынае пятляць, як быццам клалі асфальт тут па змяіным сле-дзе. Паварот, яшчэ паварот, зноў паварот… І за чарговым паваротам прама на асфальце раптам убачылі карціну: агромністы балотны лунь свежаваў здабычу. Знянацку засцігнуты за сваім інтымным заняткам, ён ухапіў яе кіпцюрамі магутных лап і двойчы спрабаваў узляцець, але ў выніку пакінуў яе і ўзляцеў, ратуючы ўласныя пер’і.

Птушка аказалася сапраўды агромністай: размах крылаў сягаў на палову дарогі. І пакуль у руках аказаўся фотаапарат, яна ўзнялася над бярэзнікам і невялікім самалётам хутка спланіравала ў гушчар. А яе ахвярай аказаўся… янот. Сапраўды, як толькі бязлюдзее наваколле, яго паглынае прырода, якой яно і належала з першых дзён тварэння. Дзікае наваколле, у сваю чаргу, накладае істотны адбітак на чалавека, яго характар і паводзіны: ён становіцца нелюдзімым і асцярожным, падазроным і нешматслоўным. Адным словам, дзікаватым.

Ва ўнісон з гэтымі думкамі перад намі раптам і паўстала Абухаўшчына – невялікая вёска на стыку Калінкавіцкага, Нараўлянскага і Мазырскага раёнаў. Сёння яна – самы крайні населены пункт. За ёй пачынаецца зона адсялення і нежылая вёска Ломыш. Сілуэты крайніх хат справа ледзьве ўгадваюцца скрозь лазовыя зараснікі, злева старая воданапорная вежа – адзіны напамін пра ферму былога калгаса імя Жукава.

СТАРАСТА

Толькі праз тры хаты ўбачылі мы першы жылы дом. У двары нас сустрэла жанчына сярэдняга веку. Зінаіда Пятроўна — мясцовая. Тут прайшлі яе дзяцінства і юнацтва. Адсюль выправілася яна ў самастойную дарогу. Жыла і працавала ў Мазыры. Часта наведвала бацькоў і родную вёску. А, будучы на заслужаным адпачынку, прыязджае цяпер да бацькі, які вось ужо 20 гадоў жыве адзін. Жанчына запрасіла нас у хату, дзе мы і пазнаёміліся з Пятром Іванавічам Шчэрбіным. На сёння ён, 1927 года нараджэння, старэйшы жыхар Абухаўшчыны. Таму і гаворыць пра сябе: “Я тут стараста”, маючы на ўвазе найперш свой узрост.

Нягледзячы на гэта, назваць Пятра Іванавіча дзедам, язык не паварочваецца. Даволі жвавы і гаваркі дзядзька-паляшук сталага веку. На пытанне пра радаслоўную адказвае: “Не паны, не кулакі, так сабе, сярэдняй рукі сяляне – і бацькі, і дзяды. І ўсе мясцовыя, абухаўскія. Бацька мой пасля тэрміновай службы вярнуўся ў вёску, працаваў у мясцовым калгасе. Той калгас два разы сабіралі. Спачатку сабралі, а на весну людзі кожны сваё паразбіраў – і коні, і валы, і каровы, і інвентар. Але потым канчаткова гайкі зажалі, і з калгаса ўжо ніхто не ўцякаў”.

Дададзім, што ў лютым 1929-га ў Абухаўшчыне па прыкладу суседніх вёсак сяляне арганізавалі сельскагаспадарчае меліярацыйнае таварыства, якое займалася меліярацыяй і земляробствам. Старшынёй абралі Я. А. Купрыенку. Акрамя яго, у праўленне ўваходзілі Н. М. Шчэрбень і Р. М. Шчэрбень (так запісана ў справаздачы схода, але мяркуючы па цяперашніх прозвішчах у вёсцы, яны павінны гучаць, як Шчэрбін). Менавіта на базе гэтага таварыства і была праведзена пазней калектывізацыя ў Абухаўшчыне.

Пётр Іванавіч расказаў, што бацька і жонку сабе далёка не шукаў: Праскоўя Максімаўна, яго маці, таксама былі з Абухаўшчыны. Ажаніліся, восем дзяцей нарадзілі. І ўсе – хлопцы. Пятро – першынец, а двое – Валодзя і Ціхан – памерлі малалетнімі. Цяпер толькі ўдвух з братам Аляксеем і засталіся.

Адукацыя ў Пятра Шчэрбіна – чатыры класы. Пачатковую школу ў Абухаўшчыне адкрылі ў хаце раскулачанага аднавяскоўца. Па словах Шчэрбіна, ён даводзіўся ім родзічам. А ў пяты клас ён пайшоў у Бярозаўку. Далекавата нават па цяперашніх мерках. А ў тыя часы, калі не было гэтакага асфальту (яго паклалі толькі пасля аварыі на ЧАЭС), не было столькі аўтамашын і не хадзілі рэйсавыя аўтобусы, такая адлегласць, ды яшчэ сцежкай скрозь зараснікі сярод балот, наогул здаецца неверагоднай.

“А балоты навокал якія топкія былі! – успамінае мой субяседнік. – Штогод нас тапіла вясной. Часта бывала, і зімой затопіць”.

Да размовы далучаецца дачка Зінаіда: “Нават я памятаю, як у 1979-м быў моцны разліў Прыпяці. Тады ў кожным двары свая “маторка” была. Так на лодках і перамяшчаліся: ад парога і ў школу. Як ішла лодка па вуліцы, дык набягала хваля, якая, здаецца, хату наскрозь прабягала. Мы клаліся спаць, а вопратку і абутак да столі падвешвалі. Цяпер не верыцца, што з намі гэта было”.

Школу Пётр Шчэрбін не закончыў – захварэў. Здарылася так, што аднойчы на вуліцы хлапчук-сусед пакрыўдзіў меньшых дзяцей. Яны ляпілі з пяску “пірагі”, а той падскочыў, патаптаў і кінуўся наўцёк. Пятро пашыбнуў наўздагон яму палкай і папаў па спіне. “Каб і хацеў, дык мабыць так не пацэліў бы, – успамінае ён даўнюю гісторыю. – А то так лоўка папаў, мо сіняка і пасадзіў. Але заенчыў той хлапец, быццам яго забіваюць. Тады ўжэ я кінуўся хавацца. Да каб уцёк далёка, дык можа б і нічога. А яго бацька мяне злавіў і моцна натоўк, так, што я не падняўся. Спіну мне патрушчыў, і я не мог не то што хадзіць, на нагах стаяць. От яно што! Мой бацька хацеў ісці біцца да яго, але бабы не далі. А неўзабаве таго мужчыну завезлі ў Юравічы з прыступам, ён моцна хварэў на тыф, і там праз два дні ён памёр. А я два гады ні жывы – ні мёртвы хадзіў. Уздыхнуць не мог. Толькі мо к 1938 году трохі акрэп”.

Добра памятае Пётр Іванавіч Вялікую Айчынную вайну. Бацьку забралі па мабілізацыі. Але ў тым жа 41-м недзе пад Арлом трапіў ён у палон, уцёк і лясамі прыйшоў у родную вёску.

“Немцаў у войну ў нас не было, толькі стараста, – гаворыць Пётр Шчэрбін. – Але ён быў незлаблівы чалавек, шкоды людзям не рабіў. Прыязджалі ці то чэхі, ці мадзьяры, паборамі займаліся. Свіней стралялі, таму людзі стараліся жыўнасць хаваць. У войну і Каўпак тут быў. Партызаны таксама паборамі займаліся. Якраз узімку, насупраць нашай хаты свіней смалілі. У матчынага бацькі, майго дзеда, каўпакоўцы кабана забілі. Дзеду быў тады ўжэ 101 год, але ён яшчэ сем коп ячменю самастойна змалаціў. Дык вось як стрэлілі ў кабана, то куля рыкашэтам трапіла ў хлеў. А там маладая цяліца стаяла. Дзед зайшоў даць ёй сена, стаў зваць, а яна не шавеліцца. Туснуў нагой, а яна ўжо апруцянелая… Каўпакоўцы і бацьку мойго хацелі забраць. Прымусілі сані запрагаць і ехаць следам. Маці думала, што жывога яго ўжэ не пабачыць. Аж ён дайшоў з імі да пераправы недзе каля Стрэшына, а тады яго адпусцілі. У войну спалілі немцы Абухаўшчыну. Цяперашняя вёска будавалася ўжо на новым месцы. І яўрэяў пабілі.

Жылі ў нашай вёсцы некалькі сямей. Адны да вайны з’ехалі. А вот каваль наш застаўся. Добры майстар быў і няшчасны чалавек: жонка ў яго была на руках інвалід. Сястра яе прыехала, дапамагала глядзець. Хаваліся ў нас і некалькі юравіцкіх яўрэяў. Але позняй восенню 41-га з Юравіч прыехалі паліцаі і ўсіх пастралялі. Адна дзеўка засталася, па людзях хавалася. Але нехта яе выдаў, і яна таксама прапала”.

У канцы 1943-га, адразу пасля вызвалення, бацьку зноў мабілізавалі. Толькі неўзабаве маці атрымала на мужа “пахаронку”. “Куды мы толькі не звярталіся, дзе толькі не шукалі, так і не знайшлі дзедавай магілкі”, – гаворыць Зінаіда Пятроўна. Больш за шэсць дзясяткаў мужчын рознага ўзросту не вярнуліся з вайны ў Абухаўшчыну, з іх 11 па прозвішчы Шчэрбін. Іван Платонавіч Шчэрбін – адзін з іх. У Данясенні Калінкавіцкага райваенкамата пасляваеннага перыяду ад 29.12.1946 г. гаворыцца, што чырвонаармеец Шчэрбін І. П., 1901, быў прызваны палявым ваенкаматам 61-й арміі у снежні 1943-га і лічыцца зніклым без вестак.

“Недзе тутака, недалёка ад дома голаву бацька злажыў”, – выказаў меркаванне Пётр Іванавіч.

Магчыма, на подступах да Лельчыцаў, якія вызвалялі часці 61-й арміі, магчыма, каля Гарбавічаў і Турцэвічаў, дзе ў той час ішлі ўпартыя баі і дзе загінуў і пахаваны адзін з тых, каго прызвалі разам са Шчэрбіным – Афанасій Паляшчук з Бярозаўкі.

Як бы там ні было, а ў выніку маці засталася ўдавою з шасцю хлопцамі на руках. Праўда, дапамагалі яны ёй ва ўсякай рабоце і ў полі, і на ферме, і ў агародзе не горш за дзяўчат. Пятру, як старэйшаму, міжволі прыйшлося прымерыць на сабе ролю гаспадара. А ў 1948-м ён абзавёўся ўласнай сям’ёй. У тым жа годзе Кацярына Фёдараўна, яго жонка, нарадзіла дачку. А 9 мая 1950-га Пятра Шчэрбіна прызвалі ў армію. Служыў ён у Кіеве, на тым самым Майдане, пра які цяпер толькі глухі не чуў. Тры гады і сем месяцаў адслужыў. Як і ў бацькі, было ў яго восем дзяцей. Сёння ўжо толькі трое і засталося. Працаваў Пётр Іванавіч у мясцовым калгасе, дома трымаў вялікую гаспадарку: карову, свіней, авечак, курэй, гусей. І ўсіх трэба было даглядаць.

У сувязі з гэтым успомніў Шчэрбін адну гісторыю: “Жонку маю пакойную Машэраў сфатаграфаваў… Было то ва ўрочышчы Мікулінскім. Раз узяла яна косу ды пайшла туды травы накасіць. Якраз уборка ішла. І вот прыляцеў Машэраў паглядзець. І мая жонка папала ў карцінку. Вечарам мы на вуліцы. Тады яшчэ не ва ўсіх хатах тэлевізары былі – штукі тры на сяло. І вот бягуць суседзі: “Ой, ідзі паглядзі, Кацю Хведаркову паказуюць, як з касой бегала!”… Да, было ўрэмя, вясёлая дзярэўня была, ні то што цяпер”, – з жалем і сумам прамовіў наш суразмоўца, і на твары яго адбілася глыбокае задуменне…

На вуліцы тым часам усталяваўся сапраўдны кастрычніцкі сонечны дзень, і мы папрасілі Пятра Іванавіча ў якасці старасты пазнаёміць нас з астатнімі жыхарамі Абухаўшчыны, на што ён ахвотна пагадзіўся.

Як толькі выйшлі з двара і зачынілі фортку, аказаліся ў цішы і поўнай нерухомасці. Магло падацца, што акрамя нас на дзясяткі кіламетраў ніводнай жывой душы. Але гэта было не так. Па сцежцы, што вяла ад суседняй хаты, шпаркім крокам ішоў чалавек. Спытаў пра яго ў Пятра Іванавіча. “А, гэта Васька няпэўны, не чапайце яго, – пракаментаваў Шчэрбін. – Ён адзін жыве ў бацькавай хаце, сястра недзе ёсць у Мазыры”.

Сказаў ён гэта, як адрэзаў, і мы не сталі ўдакладняць, чаго гэты Васька няпэўны і чаму яго не варта ні пра што пытаць. А наш праважаты дадаў: “Лепш зойдзем да Васілінкі і Мішы Петрыка”.

БОЛЬШ ПАЎВЕКА ЗА РУЛЁМ,  А ЦЯПЕР КІРУЮ  КАНЁМ

Але перш чым пайсці па вуліцы, мы завіталі да роднага брата Пятра Шчэрбіна Аляксея. Ён жыве на вуглу, агарод у агарод з братам. Аляксей на дзесяць гадоў маладзейшы за Пятра. У двары, пасярод якога стаіць воз, моцным брэхам нас сустрэлі два сабакі. Але Пётр Іванавіч смела рушыў да сенцаў, і мы следам за ім. Увайшлі ў хату, павіталіся. Аляксей – каржакаваты мужчына з сівай галавой – насцярожана адказаў. Гаварыў ён нетаропка, без асаблівага жадання, быццам хацеў як мага хутчэй выправіць нас на вуліцу. Акрамя яго, у хаце быў маладзейшы мужчына, які, як толькі мы сталі гаварыць з Аляксеем Іванавічам, схапіў кепку і шпарка выйшаў з хаты. “Мой сын Косця жыве са мной, – патлумачыў нам гаспадар. – Працуе жывёлаводам у калгасе, на абед прыходзіў”.

Пра сябе Аляксей Шчэрбін расказаў, што пасля сямігодкі працаваў, потым тры гады служыў у арміі, а тады па вярбоўцы паехаў у Казахстан, на Магнітку. Год там толькі і вытрымаў, назад вярнуўся. Але не адзін, а з жонкай. Еўдакія Раманаўна яе звалі. Як і ён, яна па вярбоўцы ў Казахстан ездзіла. А сама родам з Прудка. Разам яны пражылі 53 гады, нарадзілі і ўзгадавалі трох дзяцей. Дачка жыве ў Бярозаўцы, адзін сын у Мазыры, яшчэ адзін з бацькам.

“Як вярнуўся з Магніткі, устроіўся ў мясцовы калгас шафёрам, – расказаў Аляксей Шчэрбін. – А тады нас далучылі да Юравіч, там таксама шафярыў, на малакавозе ездзіў і на бартавой. Больш за паўвека за рулём. Ужо больш за 20 гадоў на пенсіі, цяпер кірую толькі канём”, – усміхаецца мужчына.

Яны на дваіх з братам трымаюць коніка, без якога сёння ў вёсцы калі і не прапасці, то вельмі складана абыходзіцца. А конік – гэта і ўзараць, і пабаранаваць, і бульбу падараць, і нешта прывезці-падвезці. Да Шчэрбінаў і суседкі адзінокія падыходзяць за дапамогай, калі трэба што-небудзь такое зрабіць.

Хата Аляксея Шчэрбіна вокнамі выходзіць на аўтобусны прыпынак. Тры разы на тыдзень у вёску пакуль яшчэ можна прыехаць аўтобусам. І тры разы на тыдзень да сяльчан прыязджае аўталаўка. Яны і прывозяць сякія-такія навіны з “вялікай зямлі”. Даходзяць яны і праз загадчыка Чорнаўшчынскага ФАПа Зінаіду Грыцанок, якая рэгулярна наведвае састарэлых жыхароў. І ўсё.

Здзівіла, што ніхто з абухаўцаў нічога не ведае пра тое, чым жыве раён: на вёску не прыходзіць ні аднаго нумара раённай газеты. Пасля таго, як знялі правадное радыё, вяскоўцы слухаюць навіны толькі ў тэлевізары. “А хто нас на газеты падпісваць будзе? – пытаннем на маё пытанне пра тое, якія газеты яны чытаюць, адказваюць абухаўцы. – Вісела некалі скрыня паштовая на вуліцы, дык і тую знялі”. Праўда, у некаторых бачыў асобныя нумары цэнтральных газет. Але і яны не па падпісцы прыйшлі ў хату, а дзеці прывозяць з горада, каб бацькі маглі пачытаць. Між тым паштовая машына да іх прыязджае штомесяц у пэўнае чысло – толькі каб выдаць пенсію.

“АД НАС ПАЎЦЯКАЛІ НАВАТ КАМАРЫ З МОШКАМІ”

Як і браты Шчэрбіны, Міхаіл Купрыенка нарадзіўся ў 1932 годзе і ўсё жыццё жыве ў Абухаўшчыне. І жонка яго Таццяна Васільеўна таксама мясцовая. Праўда, у той дзень, як мы прыехалі, дома яе не было: дачка забрала да сябе ў Мазыр, каб адвесці да доктара. Мужчына кажа, што жонка моцна хварэе. У яго голасе – шчырае хваляванне за жонку, якой ужо 85 гадоў.

Як і многія аднагодкі, Міхаіл Іванавіч застаўся без бацькі. Купрыенку-старэйшага прызвалі ў армію ў 1943-м. Трапіў ён у 203-ці артполк 15 дывізіі і загінуў 23 ліпеня 1944 года каля сяла Кішкі Беластоцкай вобласці. Там і пахаваны. З пяці дзяцей у сям’і Міхаіл быў самым старэйшым. Сёння ён зноў адзін – два браты і дзве сястры яго ўжо памерлі.

Лінія жыцця Купрыенкі мала чым адрозніваецца ад аднавяскоўцаў: школа-сямігодка, армія, жаніцьба, праца ў калгасе, пенсія. У Міхаіла Іванавіча і Таццяны Васільеўны дзве дачкі – Юля жыве ў Мазыры, Люба – у Гомелі. Цяпер у жыццё ўваходзіць трэцяе пакаленне ад іх – у Купрыенак двое ўнукаў і адна праўнучка.

“Еты год саўсім усё павысыхала, – раптам загаварыў Міхаіл Іванавіч, калі мы выйшлі з хаты на ганак і сталі аглядаць наваколле. – Тут жа цёмныя хмары камароў і мошак жыць не давалі. Цяпер нават яны ад нас паўцякалі. Ці то ўслед за жыццём усыхае прырода, ці наадварот? А якая свой век тут рыбалка была!..”.

Пры гэтых словах успомніліся публікацыі раённай газеты за 50-я гады пра рыбалавецкую брыгаду мясцовага калгаса, якая была адной з перадавых у раёне, здавала сотні кілаграмаў рознай рыбы.

ЖАНОЧЫЯ ДОЛІ

Незайздросная доля ў вясковай жанчыны. Кажуць, мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і нарадзіць сына. Але забываюцца, што ўрэшце рэшт усё гэта зваліцца на жаночыя рукі: і ўмовы для таго будаўніцтва трэба стварыць, і дрэва, якое ён пасадзіў, свой век паліваць. Ды і з сынам: нарадзіла – дык і гадуй. На яе руках і хатняя гаспадарка, і агарод, і сама хата. Добра, калі яна ўдала выйдзе замуж, і, як запаветана, “пакіне чалавек бацьку і маці сваіх, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю”. А калі не? Калі будзе старацца дагадзіць бацькам, сябрам, родзічам, разрывацца паміж сям’ёй і іншымі? Не дай Бог, яшчэ і руку прыкладаць? Тады, безумоўна, не будзе радасці і шчасця ў такім доме. Ды і дома такога не будзе, а будзе ён толькі месцам пражывання.

З Васілінай, пра якую нам казаў Пётр Іванавіч, пагутарыць не ўдалося. Жанчына хаця і выйшла з хаты, але з насцярожанасцю і падазронасцю агледзела нас і адказала, што няма ёй чаго пра сябе расказваць. З тым мы яе і пакінулі.

З Марыяй Барысенка сутыкнуліся ў дзвярах. Маленькая жвавая жанчына збіралася некуды ісці. Нельга было не заўважыць, што наш прыход парушыў нейкія яе планы. Але, сустрэўшы няпрошаных гасцей, усё ж вярнулася ў хату. Тут у яе поўны парадак, чыста і паладавана. Ёй амаль 80. З іх 52 гады яна жыве ў Абухаўшчыне. А малая радзіма Марыі Дзмітрыеўны – суседняя вёска Ломыш, якая толькі ў памяці людской ды на фізічных картах і засталася.

На кожнае пытанне жанчына з войканнем і моцным раздражненнем адказвала сваім перапытаннем: “Нашто яно вам?”. Здавалася, вось-вось яна працытуе словы Святога Пісання: “Пакіньце мёртвым хаваць сваіх мерцвякоў”.

Але тое-сёе мы ўсе ж такі даведаліся. І аказалася, што не вельмі зайздросная лінія жыцця ў Марыі Барысенка. Ужо 26 гадоў, як яна засталася адна пасля смерці Васіля Лазарэнкі. Менавіта так яна і сказала. Потым патлумачыла, што і дзеці на яе фаміліі. Васіль да яе быў жанаты. Хадзіў у Ломыш і яе нагледзеў. І яна пайшла за яго, перабралася ў Абухаўшчыну, стала жыць з ім і яго маці. Дарэчы, пайшоў яе Васіль на той свет праз тры месяцы пасля сваёй маці. “Якія б яны не былі, але іх ужо няма”, – катэгарычна заявіла жанчына, даючы зразумець, што гаварыць пра пакойных мужа і свякруху не будзе.

Працавала Марыя ў калгасе, трохсценак да хаты прыбудавалі. Яны так і не распісаліся, але трох дзяцей Марыя Дзмітрыеўна ад Лазарэнкі нарадзіла – двух сыноў і дачку. Федзя, старэйшы, жыве ў Нароўлі. Ён – воін-інтэрнацыяналіст, ледзь не загінуў у Афганістане. Але гора прыйшло ў яго сям’ю значна пазней, калі ўтапіўся яго 22-гадовы сын. Няма ўжо і сына Сашы – яго забіла сужыхарка. Дачка жыве ў Мазыры, працуе на кабельным заводзе. Сёння жанчыну турбуе толькі тое, што ў калодзежы вады не было, ды тое, што пенсіі меней двух мільёнаў. “У калгасе мяне пісалі па яго фаміліі, а пенсію даюць па маёй, можа, дзе якіх папер не падалі”, – разважае яна. А яшчэ адведвае суседку Соф’ю Давыдчык. Тая хоць і маладзейшая за Марыю Дзмітрыеўну на год, але вельмі хворая.

Соф’я Уладзіміраўна ледзьве рухаецца, замучыў высокі ціск. “Ой, як я рада, хлопчыкі, што і ка мне ў хату людзі зайшлі! Заходзьце, – шчыра абрадавалася нашаму нечаканаму візіту жанчына. – А то ўжэ ніхто да мяне ў крайнюю хату не хадзіць. Толькі вот суседка наўскасок, яна трохі дзябяльней за мяне. Марыйка мне і вады набярэ, як папрашу. А я не ведаю, ці то годы, ці то я ўжэ лянуюся?”

Соф’я ДАВЫДЧЫК

І Соф’я Давыдчык пачала расказваць, як нядаўна раніцай уставала з краваці і ўпала, доўга ляжала і баялася паварушыцца, думала, зламала пазваночнік. Але потым разварушылася і ўстала. Было гэта тады, як снег выпаў. “Узяла саначкі ды паціху пачупала, каб дроў набраць. А ля куратніка зноў упала. Да добра, што не за дзвярамі. Моцна ўдырыла калені. Думала, там і душу Богу аддам. Але ж паляжала, перакулілася на чацвяронкі да якілься-якілься ўстала. А снегу ўжэ парадачна нападала. І палачак наклала, бліжэй да сенцаў падцягла, хай будуць”, – гаворыць пра свае цялесныя пакуты і бытавыя клопаты жанчына.

Тыя саначкі з дроўцамі мы заўважылі каля ганку, калі заходзілі ў хату.

“Здаецца, і работ-ніцаю была нядрэннаю ў калгасе, выхадаў, як у добрага мужчыны было ў мяне, – успамінае Соф’я Уладзіміраўна падзеі свайго жыцця. – І вот раз гляджу, аж ідуць да мяне адны мужчыны прадставіцельныя. Падыходзяць і гавораць: так і так, будзем ізбіраць раённым дзепутатам. Я ў слёзы, кажу, трэба ж людзей граматных, каб на сесіі ездзіць. А ўжэ тады ўзнала, што там і даяркі былі, і трактарысты. Цэлы сазыў была ў дзепутатах”.

У Соф’і і Васіля Давыдчыкаў было трое дзяцей. Сын Мікалай чакае пенсіі, вясною інсульт у яго быў, дочкі Ніна і Вольга. Дзеці жывуць у Мазыры, усе працавалі на солевым камбінаце. Сёстры завуць да сябе жыць. Але жанчына гаворыць, што катэгарычна не пакіне сваю хату. “Што я ў горадзе? – разважае яна. – Яшчэ пад якую машыну траплю да чалавеку непрыятнасці зраблю. Нашто яно мне? Я ўжэ якілься ў сваёй хаце, дзе і сцены памагаюць, ей Богу! Вот і Андрэеўна (загадчыца Чорнаўшчынскага ФАПа Зінаіда Грыцанок), наш доктар, прыедзе, лякарстваў прывязе, даўленне памерае. А што мне яшчэ трэба?.. От хлопцы, каб вы паспрыялі да нам лампачку на стаўбу зрабілі, хоць адну, хай бы і за нашы грошы! Вот я жыву на канцэ, за маею хатаю лес. Гэта ж страшна выйці. Да як гэтай Мані? Яна б і адведала мяне ўвечары, дак цемень!”.

Развітаўшыся, мы накіраваліся па апошнім адрасе да Марыі Кананчук, якую засталі за чытаннем папулярнай расійскай газеты. “Я выпісваю яе, люблю чытаць і заўсёды многа чытала! – катэгарычна заявіла жанчына на пытанне, адкуль прэса. – Яшчэ да вайны я два класы скончыла ў мясцовай школе. Потым ужо і не вучылася з-за хваробы, але чытала больш за тых, хто дзесяць класаў скончыў”.

Марыя Аляксандраўна – адзін з мясцовых старажылаў, яна толькі на два гады маладзей за Пятра Шчэрбіна. Бацька яе, Аляксандр Іосіфавіч Купрыенка 1908 года, быў прызваны па мабілізацыі 10 ліпеня 1941 года. Санінструктар Купрыенка трапіў у палон, быў вызвалены і накіраваны радавым стралком у 117-ы стралковы полк 23-й дывізіі. Ён загінуў у баі каля вёскі Буда тагачаснага Тураўскага раёна 22 сакавіка 1944 года.

Марыя Аляксандраўна за бацьку пенсію атрымлівае. У дзяцінстве ў яе забалела калена. Але прагу да вучобы дзяўчына мела такую моцную, што на адной назе гатова была скакаць у школу. Стан яе пагаршаўся, аж пакуль маці не давялося яе на руках насіць. Толькі пасля вайны, у 1952-м, Марыю паклалі ў абласную бальніцу ў Мазыры. Год яна чакала, а дактары ламалі голавы над прычынай яе хваробы. Нарэшце, праз год зрабілі аперацыю. Было гэта якраз на смерць Сталіна.

Праз дзевяць гадоў яна выйшла замуж за Івана Кананчука з Бярозаўкі. Пазнаёміліся, калі ён прыходзіў гуляць у Абухаўшчыну. Трое дзетак у іх нарадзілася. Дачка Святлана жыве ў Нароўлі, Людміла – у Крынічным, а сын Аляксандр – у Верхнядзвінску.

“Гэту шлакавую хату мы з Іванам будавалі, – расказвае Марыя Кананчук. – Ён тады на буравой сваршчыкам працаваў, пазней у калгас перайшоў. А раней мы з маці, сястрой Вольгай і братам Васілём на іншым месцы былі. Тую хату ў вайну спалілі карнікі. Спецыяльны атрад, ніводнага немца, адны хахлы. Спачатку яны Буду спалілі, Ломыш, а тады нас. Пасля вайны мы вельмі доўга жылі ў зямлянцы”.

Сястра і брат пакінулі бацькоўскі дом і выправіліся ў самастойную жыццёвую дарогу. На жаль, брата ўжо няма, ён загінуў трагічна – утапіўся, а сястра жыве на Пхове, толькі вось акалічнасці склаліся так, што ўжо чатыры гады сёстры не бачыліся.

Марыя Аляксандраўна ўспамінае, што нікуды не паехала з роднай вёскі, таму што пашкадавала маці, якая столькі сіл і здароўя паклала на яе. Нават карову прадала, каб купіць швейную машыну. Пасля аперацыі Марыі далі пажыццёвую групу і назначылі пенсію за бацьку. Але пражыць за тыя грошы не вельмі можна было. Вось і стала яна вучаніцай швяі, навучылася шыць і абшывала не толькі навакольныя вёскі, але і з іншых мясцін прыязджалі з заказамі.

ПА-ЗА МЕЖАМІ ПАМЯЦІ ЛЮДСКОЙ

Як у самых старэйшых жыхароў вёскі, не мог не спытаць у Пятра Іванавіча і Марыі Аляксандраўны, ці ведаюць яны што пра панскую сядзібу ў Абухаўшчыне. І яны ў адзін голас далі адмоўны адказ. Маўляў, не было тут ніколі ніякай сядзібы.

Між тым у 15-томным выданні “Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich (1880-1902) згадваюцца вёска і маёнтак Абухаўшчына, даўняе валоданне Абуховічаў. Але значна раней, у “Вопісе Мазырскага замка 1552 года”, першым пісьмовым помніку, дзе згадваюцца Калінкавічы і многія населеныя пункты на тэрыторыі сучаснага раёна, ёсць і першае указанне на таго, хто мог быць уладальнікам вёскі і ад каго пайшла яе назва: зямянін Андрэй Абух, якому належалі “остров Чорновщина, село Олексичское”.

Зямянамі ў тыя часы называлі маламаёмасных баяр. У адрозненне ад шляхты, зямяне не ўдзельнічалі ў сойміках. Пазней заможная частка зямян злілася са шляхтаю, а бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вялікім князем ці феадаламі.

З нашчадкамі Андрэя Абуха, па ўсёй верагоднасці, адбылося першае, бо ўжо ў 1615 годзе ў пісьмовых крыніцах згадваецца мазырскі земскі пісар Фёдар Абуховіч шляхецкага роду герба “Ключ раздвоены”, які заснаваў праваслаўны жаночы манастыр з царквою Св. Пятніцы. Трэба сказаць, што пасада земскага пісара была пажыццёвая, абірала яго павятовая шляхта са свайго асяроддзя. Галоўныя патрабаванні да кандыдата – саслоўная прыналежнасць, грамадзянства і адукацыя (добрае веданне права і мясцовых звычаяў, уменне пісаць). Мяркую, што не апошнюю ролю мелі таксама аўтарытэт і вядомасць чалавека ў сваім асяроддзі.

Наступны прадстаўнік роду – Філіп Казімір Абуховіч, сын Фёдара. Мяркуючы па імені, ён ужо перайшоў у каталіцтва, што ў тыя часы адкрывала дарогу да высокіх дзяржаўных пасад.

Так стала і ў выпадку з Філіпам Казімірам. Ён закончыў Замойскую акадэмію, служыў войскім і ротмістрам каралеўскім у Мазыры. Як знатака права і мясцовых звычаяў, у 1632 годзе на дэпутацкім сойміку мазырскай шляхты яго абралі дэпутатам у вышэйшы апеляцыйны суд краіны – Трыбунал Вялікага княства Літоўскага. А ў 1648 годзе ад шляхты мазырскага павета Філіп Казімір удзельнічаў у абранні новага караля польскага і вялікага князя літоўскага на Сойме Рэчы Паспалітай у Варшаве. Большасцю галасоў Пасольская ізба абрала яго маршалкам сойма. Менавіта Філіп Абуховіч кіраваў пасяджэннямі і агучыў вынікі галасавання: кіраўніком дзяржавы стаў Ян ІІ Казімір Ваза. Наступныя чатыры гады Філіп Казімір служыў вялікім пісарам літоўскім, узначальваў пасольствы ў Венгрыю, а таксама ў Маскву да цара Аляксея Міхайлавіча для заключэння абарончага саюза супраць крымскага хана.

Не будзем пераказваць усю кар’еру Філіпа Абуховіча. Скажам толькі, што гэта той самы Абуховіч, які стаў галоўным адрасатам вядомага ананімнага твора на старабеларускай мове “Ліст да Абуховіча”. Філіп Казімір тады абвінавачванні супраць сябе не прызнаў, за яго ўступіліся кароль і Ян Павел Сапега, і сойм адклаў разгляд яго справы, дазволіўшы абараніць гонар і годнасць у баі. У якасці палкоўніка ў войску Сапегі ён змагаўся супраць шведаў, якія акупіравалі Варшаву, з баямі дайшоў да Брэста, але неўзабаве захварэў і памёр. А праз тры гады суд завочна апраўдаў Абуховіча. Філіп Казімір вядомы таксама, як пісьменнік – ён напісаў “Дыярыуш” (дзённік) і вершы на лацінскай мове.

У дачыненні да гісторыі Абухаўшчыны нам цікавыя Тэадор Міхал, брат Філіпа Казіміра, падкаморы мазырскі, Мікалай – казначэй і суддзя гарадскі мазырскі, Міхал Лявон – падкаморы мазырскі, сын Філіпа Казіміра. Наступная згадка Абуховічаў прыходзіцца на 19 стагоддзе: Філіп Абуховіч у пачатку стагоддзя быў маршалкам і касталянам мазырскім, у сярэдзіне стагоддзя Рышард Абуховіч быў памешчыкам Мазырскага павета і жыў у маёнтку Грабава пад Петрыкавам, а Уладзіслаў Абуховіч – у маёнтку Сядзельнікі, меў 1778 дзесяцін зямлі. У Гурынах Абуховічы пабудавалі царкву і будынак царкоўнага вучылішча.

Дарэчы, тое, што царква была і ў Абухаўшчыне, у жывапісным месцы на беразе возера Буяч, памяць людская ўсё ж такі захавала. Кажуць, яшчэ ў пасляваенныя гады там знаходзілі праваслаўныя нацельныя крыжыкі і нейкія царкоўныя дэталі…

Мы развіталіся з Пятром Шчэрбіным, старастам Абухаўшчыны, калі ўжо бралася на вечар. На зваротнай дарозе ўсе думкі раіліся вакол убачанага і пачутага. Хацелася і жадалася, каб як мага даўжэй гарэлі цяпельцы ў тых хатах, дзе мы пабывалі, каб больш ясных сонечных дзён было ў іх, каб хоць на нейкі час пакінулі жыхароў вёскі душэўныя і фізічныя болькі і зніклі з вачэй табурэткі з цэлай гарой лекаў каля ложкаў… І яшчэ многа іншых такіх “каб”. Яны заслужылі гэтага – усе разам і кожны паасобку.

Аляксандр Века.

Please follow and like us:

2 комментариев для “Абухаўшчына

  • 16.01.2017 в 09:10
    Permalink

    Спасибо авторам за отличную рубрику !!! Очень интересный материал !!! В статье о Юровичах есть упоминание о моем прадеде !!! С нетерпением жду статью о деревне Черновщина !!! Здесь мои корни!!! Еще раз благодарю авторов за ВАШ труд!!!

  • 13.01.2016 в 23:03
    Permalink

    Спасибо, за статью о деревне Обуховщина и ее жителей. Все они хорошие, добрые, трудяги и такие как вы описали. Деревушка в которой я родилась, так больно что она отживает и уходит в историю.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.