Ліпаў

Вызваленне

Вялікую цану прыйшлося заплаціць за вызваленне калінкавіцкай зямлі. Па звестках, якія ёсць на сённяшні дзень, у час вызвалення Калінкавіцкага раёна загінула больш 18 тысяч салдат і афіцэраў савецкай арміі, партызан і падпольшчыкаў. Але гэта яшчэ далёка не поўны спіс паклаўшых свае жыцці на алтар незалежнасці Радзімы.

У брацкай магіле на Ліпаўскіх могілках пахавана 190 воінаў і партызан, якія загінулі ў час вызвалення вёскі, на Міроненкаўскіх – 180, Хаміцкіх – 167.

37 ліпаўчан не вярнулася да роднага парога з франтоў Вялікай Айчыннай вайны.
Вось што ўспамінала пра вайну жыхарка в. Ліпава Казлоўская Алена Пятроўна (да вайны яе звалі Элеанорай – І.Г.):
“Да вайны я працавала брыгадзірам фермы ў калгасе «12 гадоў Кастрычніка» (у в. Хамічы).
У 1932 годзе мяне як перадавіка вытворчасці паслалі на ўрачыстасці ў Мінск з нагоды 15-годдзя Савецкай улады. Мяне запрасілі на спартыўныя спаборніцтвы.
Запрашалі мяне ў Мінск і ў 1935 годзе, калі БССР была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Гэта было 12 ліпеня 1935 года ў 17.00 на іпадроме.
Я ездзіла і на сустрэчу з Калінінам, калі ён прыязджаў у Гомель, і выступала перад тысячамі людзей.
Вайна захапіла ўсіх людзей знянацку, у тым ліку і мяне. Муж пайшоў на фронт (Казлоўскі Ілля Парфёнавіч), а я засталася адна з трыма дзяцьмі.
У гады вайны я дапамагала партызанам. Але нехта данёс пра гэта паліцаям. Яны забралі мяне з дзяцьмі, паставілі нас перад кулямётам і вырашылі расстраляць. Я прыціснула дзяцей да грудзей, і яны не змаглі адарваць іх ад мяне. Дзеці таксама крычалі: «Страляйце і нас!»
Мабыць, штосьці перадумалі нямецкія памагатыя, ці ў некага зашчымела сэрца перад такой карцінай. Яны ўдарылі мяне па галаве прыкладам, я страціла прытомнасць, але дзеці плакалі каля мяне і нікуды не пайшлі. Я прыйшла ў прытомнасць, забрала дзяцей, якія яшчэ доўга плакалі, спалоханыя, што маглі страціць маму.
Пасля вайны мой муж прыйшоў з фронту дадому. Ен быў кантужаны і паранены. Вайна падарвала яго здароўе, і ён неўзабаве памер.
Мой старэйшы сын падарваўся на нямецкай гранаце. Вось што прынесла мне вайна. Будзь яна праклятая. Каб дзеці ніколі не гублялі сваіх блізкіх, бацькоў і маці”.
… Вясной 1944 г. на базе былога саўгаса ў Ліпаве была створана ваенная гаспадарка, у задачу якой уваходзіла вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі для пастаўкі яе на фронт, а таксама для забеспячэння харчовымі прыпасамі байцоў 218-га стралковага запаснога палка, які часова размясціўся ў сасновым лесе побач з вёскай, які і сёння ў народзе называюць няйнакш як Полк.
Вось што ўспамінала пра гэта жыхарка Ліпава Камарова Н.А.:
«Вёску нашу вызвалілі ў снежні 1943 г.
І адразу ж, г. зн. у студзені 1944 г., аднавіў працу саўгас «Ліпаў», дырэктарам яго быў нехта Курчанка.
Але ўжо ў лютым 1944 года сюды прыбыла ваенная часць.
У саўгасе працавалі толькі адны жанчыны і падлеткі, мы сталі рабочымі гэтай вайсковай часці. Чым мы займаліся? Будавалі дарогі, аэрадром. Так, я працавала на будаўніцтве дарогі ад Косетава да Садавітага (да Острава). Гэта дарога была пабудавана праз непраходнае балота. Другую дарогу мы будавалі ад Буды да Камуны (Авангард). Будавалі мы аэрадром у Бабровічах. Часта нямецкія самалёты бамбілі аэрадром, падчас адной такой бамбёжкі была паранена Пікун Матрона з в. Ператок.
Ваенгас займаўся нарыхтоўкай капусты, агуркоў і памідораў для фронту. Цэлыя плантацыі былі пад капустай, агуркамі, бульбай, нават не паспявалі прыбіраць. Была арганізавана нарыхтоўка капусты ў спецыяльных зацэментаваных ямах.
Да гэтага часу такія ямы захаваліся ў в. Ракаў, Ліпава і інш. У в. Гогалеў рабілі бочкі, потым капусту расфасоўвалі ў бочкі і адпраўлялі на чыгуначную станцыю «Халоднікі», а потым на фронт. З Халоднік прывозілі соль для засолкі гародніны.
Са мной працавалі Казлоўская Анастасія Мікалаеўна, Пігулеўская Зоя Фролаўна, Міруценка Яўген Аляксандравіч. За працу ў ваенгасе я была ўзнагароджана медалём «За добрасумленную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.».
У ваенгасе, як расказала краязнаўца Марыя Курыленка, працавалі таксама ліпаўчане: Голуб Марыя, Ажанілак Соф’я, Хруль Марыя Сямёнаўна, Пырх Ганна Аляксандраўна, Пікун Мікалай Антонавіч, Заяц Уладзімір Аляксандравіч. Усе яны затым былі ўзнагароджаны медалём ”За добрасумленную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.”
Першым пасляваенным дырэктарам гаспадаркі, з 1945 па 1950 г., быў Немчанка Марк Ізотавіч. Гэты кіраўнік вельмі шмат сіл прыклаў да таго, каб узрадзіць разбураную вайной гаспадарку. Пры Немчанку ў Ліпаве былі пабудаваны некалькі новых вуліц, у 1949-1950 гг. высаджаны новы сад.
Змяніў Марка Ізотавіча на дырэктарскім пасту франтавы палітрук Калкоў Аляксандр Антонавіч, які ўзначальваў гаспадарку з 1950 па 1953 г. Пры Аляксандры Антонавічу ў вёсцы быў пабудаваны новы будынак сямігодкі, адкрылася аддзяленне сувязі.
З 1954 па 1957 г. дырэктарам саўгаса працаваў Ваяводчанка.
Пасля вайны ў Ліпаў з Даманавіцкага раёна пераехалі сем’і: Алімбочка, Ахраменка, Капінскіх, Коршакаў, Крывашэенка, Маляўка, Шчэрбін і інш.
Вёска паціху адстройвалася і павялічвалася. Паводле перапісу насельніцтва 1959г., у Ліпаве пражывала 716 жыхароў.

Вопытная станцыя і эксбаза

Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 14 лютага 1956 г. № 253, ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 5 красавіка 1956 г. № 174 і загада Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР ад 30 жніўня 1956 г. № 241-к для даследаванняў на лёгкіх глебах поўдня Беларусі ў Калінкавіцкім раёне на базе саўгаса “Ліпава” была створана Палеская сельскагаспадарчая вопытная станцыя. Разам з вопытнай станцыяй была створана і эксперыментальная база “Ліпава”.
Як напісаў у сваіх успамінах расійскі спецыяліст у галіне генетыкі і селекцыі, доктар біялагічных навук, сапраўдны член Міжнароднай акадэміі энергаінфармацыйных навук, у 1999 – 2007 гг. – прафесар кафедры матэматычных і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін філіяла Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта ў г. Кашыра, у 2007 – 2010 гг. – вядучы навуковы супрацоўнік занальнага Інстытута садаводства і пітомнікаводства Рассельгасакадэміі, наш зямляк, ураджэнец в.Ракаў Молчан Ігар Маісеевіч,які з першага дня ўтварэння станцыі працаваў на ёй:
“ Станаўленне вопытнай станцыі як навуковага пад-раздзялення звязана з іменем Залеўскага Л.Д., які адразу ж пасля пачатку сваёй работы дырэктарам стварыў вучоны савет станцыі, старшынёй якога сам і з’яўляўся, намеснікам яго быў Холадаў А.Г., вучоным сакратаром – я, Молчан І.М.
Залеўскі Л.Д распрацаваў навукова-даследчую тэматыку самой станцыі і саміх супрацоўнікаў, якую прадставіў на разгляд і зацверджанне ў Інстытут земляробства, які знаходзіўся ў той час у Мінску.
Залеўскі Л.Д. пачаў уздымаць значнасць і аўтарытэт навуковага супрацоўніка станцыі. Ён пастаянна пераконваў тады яшчэ “неаперыўшыхся”, “зялёных” супрацоўнікаў у тым, што вучоны павінен самастойна мысліць. Ведаць усё ў сваёй галіне і адказваць за яе стан і ў раёне, і ў вобласці. Залеўскі Л.Д. літаральна выпіхваў нас у навуковыя камандзіроўкі. Так, напрыклад, ён камандзіраваў мяне ва Усесаюзны навукова-даследчы інстытут кукурузы. “Па кукурузе ты павінен ведаць усё. А па дарозе заглянь у Харкаў (Харкаўскі навукова-даследчы інстытут раслінаводства, селекцыі і генетыкі). Можа там даведаешся пра што новае і нам потым раскажаш”, — гаварыў ён.
Навукова-арганізацыйныя прынцыпы работы Л.Д. Залеўскага паспяхова працягваў дырэктар А.Г.Холадаў.
Даследаванні, якія я праводзіў на станцыі з кукурузай, былі звязаны з вывучэннем бяззменнага яе вырошчвання на пастаянных участках, а таксама халадастойкасці і біялогіі апладнення кукурузы. Па выніках гэтай работы быў апублікаваны артыкул у цэнтральным часопісе “Аграбіялогія”; напісана брашура аб вопыце работы вядомага кукурузавода калгаса “Чырвоны сцяг” Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, Героя Сацыялістычнай Працы І.Кулеш; арганізавана выстава ўзораў раслін новых гатункаў і гібрыдаў кукурузы, вывучаемых Палескай сельскагаспадарчай вопытнай станцыяй, на абласным аглядзе кукурузаводаў у г. Гомелі, за што быў удастоены першай у жыцці прэміі ў памеры двухтыднёвага заробка” (П.Т.Пикун. На берегах Припятского Полесья. Мозырь, “Белый Ветер”, 2013, сс. 9-10).
Са стварэннем у Ліпаве вопытнай станцыі да саўгаса “Ліпаў” далучылі суседні калгас імя Суворава, у які ўваходзілі вёскі Вязавіца, Хамічы, Гогалеў і Косетаў, і на базе аб’яднаных гаспадарак стварылі эксперыментальную базу “Ліпава”, якую узначаліў былы франтавы шафёр Ліхадзіеўскі Іван Антонавіч. Адбылося гэта 16 красавіка 1957 г.
Для спецыялістаў вопытнай станцыі на вуліцы Савецкай пабудавалі 5 двухпавярховых дамоў.
“У 60-я гады на Палескай вопытнай станцыі пад кіраўніцтвам кандыдата сельскагаспадарчых навук Б.Н.Жураўля пачаты даследаванні па селекцыі, – напісаў ва ўступе да зборніка навуковых прац “Земледелие и растениеводство Белорусского Полесья” (Мозырь, “Белый Ветер”, 2002, с.6). акадэмік ААН Рэспублікі Беларусь і ААН Украіны, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар В.М.Шлапуноў. – Вынікам сумеснай працы Малдаўскага навукова-даследчага інстытута кукурузы і Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства і кармоў з’явілася стварэнне тут высокаякасных гібрыдаў кукурузы БеМо 181, БеМо 182, БеМо 160, БеМо 172, БеМо 210.
Даследаванні па тэхналогіі вырошчвання кукурузы на сілас і зерне, выкананыя тут кандыдатамі сельскагаспадарчых навук З.М. Глушынай, М.Ф. Надтачаевым, дазволілі распрацаваць навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі вытворчасці гэтай зоны. Іх прымяненне дазваляе атрымліваць 100 ц/га і больш кармавых адзінак, 60-70 ц/га зерня.
На палях вопытнай станцыі ў розныя гады праводзіліся даследаванні пад кіраўніцтвам акадэміка АН Беларусі В.І.Шэмпеля, члена-карэспандэнта АН П.Я.Пракопава, Героя Сацыялістычнай Працы прафесара М.Д.Мухіна, прафесараў І.Г.Стралкова, А.Л.Сямёнава і іншых знакамітых вучоных”.
Палескай сельскагаспадарчай вопытнай станцыяй да 1961 г. кіраваў Л.Д.Залеўскі. З 1961 па 1965 г. – А.Г.Холадаў, з 1965 па 1970 г. – І.Е.Мартыненка, з 1970 па 1973 г. – С.Г.Гулеўскі, з 1973 па 1975 г. – Н.М.Кульчыцкі. Усе яны мелі вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.
Асобным нашым землякам Палеская сельскагаспадарчая вопытная станцыя дала пуцёўку ў навуку.
Так, Ігар Молчан, пра якога мы ўжо ўспаміналі вышэй, у 1960 паступіў у аспірантуру Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, пасля чаго паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і дасягнуў значных вышынь у біялагічнай навуцы.
Яшчэ адзін наш зямляк, таксама ўраджэнец в. Ракаў, Пікун Павел Тарасавіч, брат дырэктара Ліпаўскай школы Пятра Тарасавіча Пікуна, у пачатку 60-х таксама прыбыў у Ліпаў.
Як расказала мне яго жонка Марыя Піліпаўна (Павел Тарасавіч, на жаль, ужо пайшоў з жыцця – І.Г.), напачатку жыццёвага шляху яе муж не сабіраўся звязваць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Пасля заканчэння сямігодкі, ён падаўся на вучобу ў Брэсцкую гандлёва-кааператыўную школу, дзе атрымаў спецыяльнасць бухгалтара спажыўкааперацыі. Толькі, відаць, зямля-матухна не хацела адпускаць ад сябе вясковага хлопца, які нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і, дзе паважалі хлебаробскую працу і прывучалі да яе з маленства ўсіх членаў сям’і.
Праз нейкі час Павел Тарасавіч паступіў у Гомельскую сельскагас-падарчую школу, дзе і атрымаў кваліфікацыю малодшага агранома.
“Убачыліся мы ўпершыню ў 1958 г., калі нас, навучэнцаў Гомельскага лесатэхнікума, прыслалі восенню ў в. Ракаў на ўборку бульбы, — успамінае Марыя Піліпаўна. – Павел таксама тады вучыўся і прыехаў у родную вёску, там на танцах у клубе мы і пазнаёміліся”.
“Прыгожая дзяўчына прыцягнула мяне адразу! А як разгаварыліся, адразу зразумеў: мая!” – расказаў Павел Тарасавіч карэспандэнту газеты “Жыццё Палесся” ў 2012 г.
Марыя Піліпаўна аказалася вернай і клапатлівай жонкай, якая таксама любіла працаваць на зямлі. Так, узяўшыся за рукі яны з 1960 г. і пайшлі разам па жыцці.
“У 1961 г. мы перабраліся ў Ліпаў. Павел да гэтага працаваў упраўляючым у саўгасе “Жлобінскі”, а тут атрымаў пасаду агранома. Я працавала лесатэхнікам, — успамінае Марыя Піліпаўна. – Павел паступіў на завочнае ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Яго ўсё больш пачала прыцягваць доследная работа. І ў пачатку 70-х ён пераходзіць з эксбазы на працу ў вопытную станцыю”.
На палях эксбазы “Ліпава” Павел Пікун упершыню ў Гомельскай вобласці распрацаваў тэхналогію атрымання насення люцэрны гатунку “Беларуская”.
За гады шматгадовай працы кандыдат сельскагаспадарчых навук Пікун выканаў вялізарны аб’ём навукова-даследчых работ, у выніку якіх створаны і перада-дзены ў Дзяржкамісію гатункі шматгадовых бабовых траў: лядвінца рагатага – гатунак “Ракаўскі”, люцэрны – гатунак “Марыя”, донніка белага – гатунак “Паляшук”, галегі усходняй – гатунак “Надзея” і інш. Пад кіраўніцтвам нашага земляка створаны і райаніраваны гатункі шматгадовых траў: люцэрны пасяўной – гатунак “Выдатная”, галегі ўсходняй – гатунак “Палеская”, лядвінца рагатага – гатунак “Мазыранін”, лісахвоста лугавога – гатунак “Крынічны”, двукістачніка трасніковага – гатунак “Прыпяцкі”.
Створаныя Паўлам Тарасавічам гатункі адроз-ніваюцца павышанай насеннай прадуктыўнасцю, устойлівасцю да хвароб і неблагапрыемных умоў навакольнага асяроддзя, стабільнай ураджайнасцю зялёнай масы па ўкосах.
У Ліпаве і сёння жыве былы старшы навуковы супрацоўнік Палескай вопытнай станцыі Кусава Ніна. Усё сваё жыццё таленавіты аграном прысвяціла бульбаводству. Яна не толькі старанна вывучала асаблівасці гэтай паважанай у Беларусі харчовай культуры, але і запатэнтавала выведзены ёю новы гатунак высокаураджайнай бульбы, якой дала назву “Камсамолец”. Добрасумленная праца Ніны Андрэеўны на палях вопытнай станцыі адзначана медалём “За доблесную працу”.
У 1975 г. Палеская сельскагаспадарчая вопытная станцыя перабазіравалася ў пасёлак Крынічны суседняга Мазырскага раёна. Але за час свайго існавання ў в. Ліпаў калектыў навуковых супрацоўнікаў станцыі ажыццявіў вялізную навуковую і даследчую работу. Напрыклад, была здзейснена ацэнка прадуктыўнасці сельскагаспадарчых культур на лёгкіх дзірванова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах; абгрунтавана эфектыўнасць вырошчвання культур прамежкавых пасеваў; распрацавана тэхналогія вырошчвання кармавога люпіна на зялёную масу і насенне; удасканалена сістэма прымянення вадкага ўгнаення, мінеральных тукаў пад бульбу, кармавыя і зерневыя культуры; распрацавана сістэма прымянення ўгнаенняў на выпрацаваных тарфяніках і сістэма карэннага паляпшэння натуральных угоддзяў у пойме ракі Прыпяць, сяўба розных траў і травасумясяў, прымяненне мінеральных угнаенняў.
За гады дзейнасці вучоныя станцыі ў супрацоўніцтве з асобнымі навукова-даследчымі інстытутамі іншых рэспублік СССР унеслі значны ўклад у развіццё навукі ў галіне земляробства, раслінаводства, аграхіміі, насенняводства, у пад’ём сельскагаспадарчай вытворчасці Палескага рэгіёна.
За гады існавання ў Ліпаве вопытнай станцыі змяніліся ў лепшы бок і паказчыкі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў эксперыментальнай базе “Ліпава”, якую з 1957 па 1974 г. узначальваў выдатны арганізатар і кіраўнік, аб якім мы ўжо ўспаміналі, Іван Ліхадзіеўскі. Напрыклад, калі ў 1956 г. надой малака на адну фуражную карову па саўгасу “Ліпава” складаў усяго 1500 літраў, то ў 1965 г. ён быў ужо ўдвая большым – 3000 літраў. Ураджайнасць зерневых у 1956 г. была 10 ц/га, а ў 1965 г. ужо больш 20 ц/га.
За выдатныя дасягненні ў развіцці гаспадаркі яе дырэктар Іван Ліхадзіеўскі ў 1973 г. быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У склад эксбазы ў 1976 г. уваходзілі вёскі: Хамічы, Косетаў, Гогалеў, Вязавіца і Ліпаў. У гэтых вёсках пражывала 2179 чалавек. Агульная зямельная плошча гаспадаркі складала 5112 га, 4007 га якіх з’адносіліся да сельгасугоддзяў. У эксбазе налічвалася 2924 га ворыва, 486 га сенажацяў, 548 га пашаў і 228 га займалі прысядзібныя ўчасткі.
У гаспадарцы на той час была 2361 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 720 кароў і 1426 свіней. Машынна-трактарны двор эксбазы налічваў 43 трактары, 40 аўтамашын, 16 зернеуборачных камбайнаў, 8 корманарыхтоўчых камбайнаў, 10 бульбакапалак, 21 сенакасілку і іншыя сельгасмашыны.
З году ў год павялічваліся валавыя надоі малака і прывагі мяса, вытворчасць збожжа і бульбы.
Каб упэўніцца ў гэтым дастаткова паглядзець на ніжэй-прыведзеную табліцу.

З цемры да святла

У 1975 г. у Ліпаве адбылося вялізнае свята — школа перасялілася ў новы цагляны двухпавярховы будынак, які быў узведзены на паўднёвым ускрайку Ліпава.
Новая школа была прасторнай, утульнай і доўгачаканай. Да таго часу навучальная ўстанова, у якой жыхары Ліпава і навакольных паселішч атрымлівалі не толькі азы ведаў, але і надзейную пуцёўку ў дарослае жыццё, налічвала больш чым 110-гадовую гісторыю.
А пачалася яна ў другой палове XIX стагоддзя. Як сведчаць звесткі з Памятнай кніжкі Віленскай навучальнай акругі за 1885/86 навучальны год, народнае вучылішча ў Ліпаве адкрылася ў 1862 г. Утрымлівалася яно на сродкі дзяржаўнай казны і грамадства.
Паводле архіўных крыніц, у 1863 годзе дзяржаўная казна адпусціла на ўтрыманне вучылішча 200 рублеў.
У 1864 годзе народнае вучылішча размяшчалася ў грамадскім доме, які арандавалі для гэтых мэт. У вучылішчы займалася 32 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі, а ў 1867 годзе — 38 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Выкладчыкамі былі Антаніна Гаткевіч і законатлумач Адам Фірасевіч.
Колькасць навучэнцаў у 1882 годзе знізілася да 28 хлапчукоў і адной дзяўчынкі, але ў 1885 годзе тут ужо налічвалася 32 хлапчукі і адна дзяўчынка.
Утрымлівалася ў дальнейшым навучальная ўстанова на сродкі дзяржаўнай казны і грамадства. Так, напрыклад, на 1885/86 навучальны год дзяржаўная казна выдзяліла на ўтрыманне вучылішча 172 руб., а грамадства — 406 руб.
З 1877 года настаўніцай вучылішча працавала Адамацкая Надзея Іванаўна, якая скончыла Парыцкае вучылішча дзяўчат духоўнага звання, і з 1886 г. — Боркун Максім Якімовіч, які навучыўся грамаце шляхам самаадукацыі. Закон Божы ў вучылішчы выкладалі мясцовыя святары: Адамацкі Георгій Апанасавіч, які скончыў Чарнігаўскую духоўную семінарыю, і Ждановіч Яфім Андрэевіч, які атрымаў духоўную адукацыю ў Мінскай семінарыі.
У 1908 г. народнае вучылішча пераймяноўваюць у царкоўна-прыходскую школу, якая праіснавала ў Ліпаве да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Навучала юных ліпаўчан і дзяцей з суседніх вёсак у ёй пляменніца мясцовага святара Мікалая Кміта – Аляксандра. У школе было чатыры класа-камплекты, а таксама прышкольны інтэрнат, у якім пражывалі дзеці з навакольных вёсак.
Вось што, напрыклад, успамінаў аб сваіх школьных гадах вучань Ліпаўскай дарэвалюцыйнай школы Богач Сцяпан Іванавіч:
«Я вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, якая была ў Ліпаве. Пайшоў ў першы клас у 1909 годзе, калі мне было 10 гадоў. Але спачатку мой бацька спытаў дазволу ў настаўніцы (клікаць яе Шура), сваячкі папа Мікалая Кміта. У 1-м класе пісалі на грыфільных дошках. А яшчэ выдавалі новы буквар, адзін на дваіх, майму брату і мне. Адзін раз у тыдзень прыходзіў поп Мікалай Кміта. За невыкананне хатняга задання каралі: садзілі на калені, ставілі ў кут, білі лінейкай (драўлянай) падчас абеду, які працягваўся адну гадзіну. Начавалі ў інтэрнаце вучні з далёкіх вёсак, ім кухарка варыла есці з прадуктаў навучэнцаў.
У адным класе займаліся дзеці 1-4 класаў, а настаўніца была адна. У класе была вельмі строгая дысцыпліна. На ўроках было чуваць, як ляціць муха. У класе стаяла чатыры рады парт, кожны рад — асобны клас. У кожным класе займалася 20-25 чалавек. У нядзелю хадзілі ў царкву ў Ліпаве адпраўляць абедню.
Пасля новага года два тыдні былі канікулы, на іх задавалі вельмі шмат вучыць. Напрыклад, у другім класе ўсе вучылі на памяць верш «Казка пра залатую рыбку». Акрамя гэтага вучылі і іншыя вершы, выконвалі пісьмовыя работы, гэтак жа вучылі на памяць «Закон Божы». У школе вывучалі царкоўнаславянскую мову. Навучальны дзень працягваўся з раніцы да вечара. Падчас вучобы вучні прапускалі шмат навучальных дзён, асабліва восенню і вясной, так як дома даводзілася пасвіць кароў і выконваць іншыя сельскагаспадарчыя работы. У каго была магчымасць, заканчвалі чатыры класы, а я скончыў два”.
У першыя гады савецкай улады ў краіне нарадзіўся лозунг: «Ты расправіўся з царом, дык распраўся і з букваром»- пачалася ўсеагульная ліквідацыя неадукаванасці. У 1920 г. адкрыўся «лікбез» і ў Ліпаве. Грамаце ў ім навучала не толькі дзяцей, але ўжо і дарослых дачка Мікалая Кміта – Надзея, якая яшчэ ў гады Грамадзянскай вайны пачала працаваць у мясцовай народнай школе. Размяшчалася навучальная ўстанова ў былым панскім палацы, дзе займала адзін вялікі пакой.
У 1921 годзе ў Ліпаве адкрылася школа 1-й ступені імя Калініна. Школу наведвалі юныя насельнікі вёсак Ракаў, Ператок, Мнагаверш, Косетаў, Хамічы, Вязавіца і Ліпава.
Як сведчаць архіўныя дакументы, у школе ў той час “налічвалася: парт-25, шаф-1, класных дошак-2, падручнікаў-50, геаграфічных карт-2” (Мазырскі архіў.ф.80, воп. 1,с. 397,л. 376).
У 1932 годзе ў Ліпаве была яшчэ аднакамплектная школа, але ў тым жа годзе тут адкрыўся пяты клас, г. зн. школа ператварылася ў растучую сямігодку.
Пад школу ўзвялі новы будынак, які размясціўся насупраць царквы. Першы выпуск Ліпаўскай сямігодкі адбыўся ў 1935 г.
Вось што ўспамінае аб тым часе тадышняя вучаніца школы Камарова Надзея Акімаўна:
«Школа ў нас была прыгожая. Дырэктарам быў Данілаў Рыгор Сцяпанавіч, ён яшчэ вёў гісторыю. Беларускую мову і літаратуру выкладаў Шульга Іван Майсеевіч. Біялогію — Бабылёва Марыя Фёдараўна, матэматыку — Яначкін Васіль Міхайлавіч, а яго жонка Траўнічак Адэля Норбертаўна — беларускую мову. Завучам быў Яльніцкі Уладзімір Іванавіч, ён жа быў і настаўнікам геаграфіі. Старэйшым піянерважатым у школе быў Горбач Міхаіл Мікалаевіч.»
Педагогамі Ліпаўскай школы ў 30-я гады працавалі муж і жонка Бачура Савелій і Марыя, настаўнікам пачатковых класаў – Зюзькоў Мікалай Карпавіч.
Калі пачалася вайна, настаўнікі-мужчыны пайшлі на фронт. Многія выпускнікі Ліпаўскай сямігодкі ў гады ліхалецця праявілі мужнасць, адвагу і гераізм, змагаючыся на франтах вайны за незалежнасць сваёй Айчыны.
Будынак школы ў гады вайны згарэў. Але адразу ж пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 г., дзейнасць Ліпаўскай сямігодкі аднавілася. Яе дырэктарам прызначылі былога падпольшчыка Яначкіна Васіля Міхайлавіча.
“Школа знаходзілася ў вялізным драўляным будынку, у якім размяшчаўся і клуб, і яслі, і радыёвузел. А стаяў будынак на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца аптэка. Класных пакояў не хапала, таму сёмы клас увесь час займаўся на сцэне клуба. Сшыткаў і кніг не было, не было на чым пісаць. Чарніла варылі з сажы і буракоў. На ўсю школу была адна геаграфічная карта.
Жонка дырэктара школы – Траўнічак Адэля Норбертаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Гісторыю вёў Ляонаў Аляксей Іванавіч, біялогію – Піваварава Кацярына Нікіфараўна, рускую мову – Молчан Уладзілена Фёдараўна.
У пачатковых класах працавалі настаўнікі: Ясенкоў Мікалай Аляксандравіч, Андрэева Ганна Нікіфараўна, Піліпейка Барыс Іванавіч, Навуменка Таццяна Маісееўна”, — успамінае Марыя Курыленка, якая ў той час была вучаніцай школы.
У 1955 г. у вёсцы пабудавалі новы драўляны будынак школы, пазней да якога прыбудавалі яшчэ адзін.
У 1956 г. у Ліпаўскай школе адкрыўся восьмы клас, школа стала растучай дзесяцігодкай. Яе дырэктарам у гэтым жа годзе прызначылі настаўніка рускай мовы і літаратуры, ураджэнца суседняй вёскі, нядаўняга партызана і дырэктара Хаміцкой школы Пікуна Пятра Тарасавіча.
У 1959 г. адбыўся першы выпуск Ліпаўскай дзесяцігодкі. Завучам у гэты час працавала Каплан Фаіна Барысаўна.
Як успамінала жонка дырэктара школы Пятра Пікуна Любоў Елісееўна: “Рускую мову ў школе вёў Пінчук Васіль Макаравіч, гісторыю – Лепік Яфім Ізраілевіч,фізіку – Кітус Л.А., геаграфію — Ляонаў А. І., беларускую мову і літаратуру – Траўнічак А.Н., а затым – Рэпіч Надзея Нікіцічна, матэматыку – Яначкін В.М. і Шчэглавітава Ю.Я. Завучам школы была Шчэглавітава Ю.Я.
У 1961г. школа стала адзінаццацігодкай. У школе налічвалася звыш 400 вучняў.
У 60-80-х гг. у Ліпаве працавала шмат маладых настаўнікаў: Кліцунова Галіна Іванаўна (спевы), Кашэвіч Любоў Веніамінаўна(пач.класы), Сатырова Зоя Васільеўна (руск. мова), Курыленка Леанід Дзяменцьевіч (фізіка), Варанцова Е.І., Аляксеенка Алена Георгіеўна, Кароткая Л.А., Белаусава Л.І., Салдаценка Анастасія Адамаўна, Мароз Мікалай Фёдаравіч (фізрук), Пырко А. І.”
З 1966 па 1968 год школай кіравала Алісейка Яўгенія Панкратаўна. У 1967 г. Ліпаўская СШ па просьбе бацькоў яе выхаванцаў стала рускамоўнай.
З 1968 г. школу зноў узначаліў выдатны арганізатар педагагічнай справы і гаспадарнік Пётр Пікун. Намеснікамі дырэктара па навучальнай частцы працавалі: з 1962 па 1969 год – Кавалёва Марыя Мікалаеўна, з 1969 па 1985 – Рагаўцова На-дзея Маркаўна, з 1985 па 1998 – Чмых Тамара Аляксандраўна, з 1998 па 2007 – Бакіноўская Любоў Уладзіміраўна, з красавіка 2007 года – Клімянкова Наталля Аляксандраўна, якая сёння ўзначальвае навучальную ўстанову.
Больш за трыццаць гадоў працавала ў школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макушынская Ніна Віктараўна.
Многія годы свайго жыцця аддалі Ліпаўскай школе настаўнікі: нямецкай мовы Барысенка Леанід Васільевіч, матэматыкі Кебец Анатоль Іванавіч, гісторыі Лаўшук Валянціна Іванаўна, беларускай і рускай мовы і літаратуры Пырх Валянціна Васільеўна, пачатковых класаў Корсак Тамара Аркадзьеўна, многія іншыя.
У 1981 г. Ліпаўскую школу ўзначаліў яе выпускнік, першы залаты медаліст школы (1966 г.), малады настаўнік фізікі Явілін Анатоль Іванавіч. Пад яго кіраўніцтвам з гадамі ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база школы, навучальныя кабінеты абсталёўваліся новымі тэхнічнымі сродкамі. Вялікае значэнне ў школе надавалася патрыятычнаму і працоўнаму выхаванню школьнікаў, ствараліся вучнёўскія вытворчыя брыгады, якія працавалі на апрацоўцы буракоў у мясцовай гаспадарцы.
Анатоль Іванавіч 20 гадоў кіраваў Ліпаўскай сярэдняй школай. Пад яго кіраўніцтвам рос прафесіяналізм маладых настаўнікаў. Многія яго вучні сталі калегамі па прафесіі.
28 лютага 2002 г. дырэктарам школы прызначылі Гаркушу Валянціну Іванаўну, якая нарадзілася ў суседняй вёсцы Мнагаверш у 1952 г. У 1970 г. яна скончыла Ліпаўскую школу і год працавала піянерважатай у Міроненкаўскай школе. У 1972 г.паступіла ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай на завочнае аддзяленне.
Валянціна Іванаўна вучылася і паралельна працавала ў Ліпаўскай школе: спачатку піянерважатай, затым — настаўнікам пачатковых класаў. Больш трыццаці гадоў аддала яна педагагічнай дзейнасці.
З прыходам на пасаду дырэктара школы В. І. Гаркушы ў школе быў зроблены капітальны рамонт. З размахам адсвяткаваны 140-гадовы юбілей школы.
Больш 20 гадоў працуюць у школе: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Перапеча Валянціна Іванаўна і настаўнік пачатковых класаў Супрун Наталля Уладзіміраўна.
У 2014 годзе ў школе з’явіўся новы камп’ютарны клас, у якім выкладае настаўнік інфарматыкі Жукава Людміла Васільеўна.
Зараз у школе працуюць 23 педагогі, 13 з іх – выпускнікі Ліпаўскай школы, навучаецца 149 вучняў: 67 дзяўчынак і 82 хлапчукі.

Гонар школы

У Ліпаўской школе працавалі і працуюць не толькі выдатныя настаўнікі, але вучыліся і вучацца і таленавітыя вучні.
Асаблівым гонарам школы з’яўляецца яе выпускнік – Герой Савецкага Саюза Алісейка Уладзімір Цітавіч.
Нарадзіўся Алісейка 22 лютага 1921 года ў суседняй вёсцы Косетаў у сялянскай сям’і. Скончыў Ліпаўскую сямігодку і 3 курсы рабфака ў горадзе Мазыры. Працаваў у саўгасе. У верасні 1940 г. быў прызваны ў армію.
У дзеючай арміі — з 13 ліпеня 1943 года. Ваяваў у 42-м асобным сапёрным батальёне 136-й стралковай дывізіі на Варонежскім, а з 20 кастрычніка 1943 — 1-м Украінскім фронце.
Дывізія, у якой служыў старшы сяржант Уладзімір Алісейка, прыбыла на Варонежскі фронт у канцы жніўня 1943 года. Прымала ўдзел у складзе 52-й, а затым 38-й арміі ў Сумскай-Прылуцкай наступальнай аперацыі (26 жніўня — 30 верасня 1943 г.) — састаўной часткі Чарнігаўска-Палтаўскай стратэгічнай аперацыі.
Баявыя дзеянні пачала на поўдні Сумскай вобласці Украіны на захад ад горада Ахтырка, вызваліла горад Зянькоў Палтаўскай вобласці і з баямі рушыла на захад, вызваляючы тэрыторыю Палтаўскай і Кіеўскай абласцей Украіны. Да канца верасня дывізія выйшла да Дняпра ў раёне Дарніцы, разграміла войскі праціўніка на Дарніцкім плацдарме на ўсходнім беразе Дняпра. У перыяд з 1 па 3 кастрычніка 1943 года фарсіравала Днепр, захапіўшы Казачы востраў у паўднёвай частцы Кіева. Затым у кастрычніку 1943 года дывізія была перакінута на Люцяжскі плацдарм на поўнач ад Кіева, дзе да лістапада вяла баі па ўтрыманні і пашырэнні гэтага плацдарма.
У ноч з 2 на 3 верасня камандзір аддзялення 42-га асобнага батальёна 136-й стралковай дывізіі старшы сяржант Алісейка атрымаў загад аднавіць мост цераз Тамань ля вёскі Замост. Задачу выконваць прыйшлося пад бесперапынным ружэйна-мінамётным агнём ворага. Уся прастора вакол маста прастрэльвалася. Каб выканаць заданне, старшы сяржант, як часта бывала на вайне, пайшоў на хітрасць. Ён частку свайго аддзялення пасадзіў на плот і адправіў яго пад мост, каб байцы заняліся рамонтам. А сам з другой часткай аддзялення адцягнуў увагу праціўніка ад моста на сябе. У выніку мост быў адрамантаваны ў тэрмін і без страт, за што Уладзімір Алісейка атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”.
Асабліва вызначыўся наш зямляк пры фарсіраванні Дняпра. У гэты час ён быў прызначаны выконваючым абавязкі камандзіра сапёрнага ўзвода, перад якім была пастаўлена задача, пераправіўшыся цераз Днепр, забяспечыць пераправу 269-га стралковага палка цераз раку Старык.
Але ў час разведкі русла р. Старык узвод Алісейкі атакавала група нямецкіх аўтаматчыкаў колькасцю ў 15 чалавек. Атаку праціўніка сапёры адбілі і пад агнём ворага завяршылі разведку мясцовасці, а ў дальнейшым і пераправу свайго палка. Сам сяржант знішчыў у час бою некалькі фашыстаў і асабістым прыкладам натхняў сваіх байцоў на перамогу.
Пад час баёў на Дняпроўскім плацдарме Алісейка атрымаў асколачнае раненне ў бок, але поле бою не пакінуў, працягваў з узводам адбіваць варожыя контратакі, пакуль не страціў прытомнасць і не быў вывезены з поля бою.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1944 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра,камандзіру сапёрнага ўзвода старшаму сяржанту Алісейка Уладзіміру Цітавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У далейшым выпускнік Ліпаўскай школы, парторг батальёна лейтэнант Алісейка адважна ваяваў на 1-м Украінскім фронце, прымаў удзел у Кіеўскіх наступальнай і абарончай аперацыях, у вызваленні Кіева, у Жытомірска-Бердычаўскай, Корсунь- Шаўчэнкаўскай і Львоўска-Сандамірскай наступапьных аперацыях. Удзельнічаў у Млаўска-Эльбінгскай наступальнай аперацыі і вызваленні польскіх гарадоў Модлін і Торн (Торунь), Усходне-Памеранскай наступальнай аперацыі і вызваленні горада Данцыг (Гданьск, Польшча) і Берлінскай стратэгічнай наступальнай аперацыі і вызваленні горада Прэнцлау (Германія).
Да ордэна Леніна і зоркі Героя прыбавіліся два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, медалі «За вызваленне Варшавы» і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”.
Пасля заканчэння вайны наш зямляк працягваў службу ва Узброеных Сілах. 3 1971 года палкоўнік У.Ц.Алісейка — у запасе. Жыў у Краснадары. Працаваў у Расгалоўсельгаскамплекце — упраўленні аб’яднання «Рассельгастэхніка» па забеспячэнні сельскагаспадарчых будоўляў матэрыяламі і абсталяваннем. Не стала Героя 9 мая 1981 года.
Ёсць сярод выпускнікоў школы і свае генералы. Гэта ўраджэнец Ліпава, былы начальнік упраўлення кадраў Міністэрства абароны Беларусі і начальнік артылерыйскага факультэта Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча, генерал-маёр Аляксандр Захаранка. Бацька генерала – камандзір танка малодшы лейтэнант Павел Іванавіч Захаранка загінуў смерцю храбрых пры абароне Сталінграда ў 1943 г.
Пасля заканчэння Ліпаўскай васьмігодкі Аляксандр Захаранка накіраваўся ў Данбас. Стаў праходчыкам-шахцёрам. Чатыры гады працаваў. У 1961 г. яго прызвалі на тэрміновую вайсковую службу. Там, у арміі, ён і зрабіў свой канчатковы выбар жыццёвай сцяжыны — паступіў у Тбіліскае горна-артылерыйскае вучылішча, якое, дарэчы, закончыў з залатым медалём.
Афіцэрскую службу пачынаў камандзірам рэактыўнага дывізіёна 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі. Ды і ўся яго дальнейшая служба цесна звязана з Беларуссю: камандзір батарэі, дывізіёна. Служыў бліскуча. Усе званні, ад капітана да палкоўніка атрымліваў датэрмінова. Заўсёды імкнуўся ўдасканаліць свае веды і майстэрства. У 1977 г. закончыў Ленінградскую ваенна-артылерыйскую акадэмію і ў якасці камандзіра палка накіраваўся ў Туркменскую ваенную акругу. Перад самым уводам савецкіх войск у Афганістан палкоўніка Захаранку прызначылі начальнікам ракетных войск і артылерыі 5-й мотастралковай дывізіі.
Два гады афганскага пекла нашага земляка адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, афганскім ордэнам Зоркі 3-й ступені і медалём “За адвагу”.
Тры гады пасля Аляксандр Паўлавіч служыў начальнікам ракетных войск і артылерыі злучэння. А потым – камандзірам 51-й артылерыйскай дывізіі ў Асіповічах. Будучы камдзівам, ён і атрымаў званне генерала.
У 1991 г. ужо ў сувярэннай Беларусі Захаранку назначаюць начальнікам упраўлення кадраў Міністэрства абароны, а калі ў рэспубліцы ўзнікла вострая неабходнасць у падрыхтоўцы ўласных высокапрафесійных ваенных кадраў, яму прапанавалі ўзначаліць артылерыйскі факультэт Мінскага вышэйшага ваенна-каманднага вучылішча.
На жаль, лёс вельмі мала адпусціў часу таленавітаму ваеннаму. На 59-м годзе жыцця яго сэрца раптоўна спынілася.
… Дарэчы, старэйшая сястра Захаранкі Зінаіда працавала навуковым супрацоўнікам Ліпаўскай вопытнай станцыі, сур’ёзна занялася навукай, стала кандыдатам сельскагаспадарчых навук, выкладала ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, і зараз жыве ў Горках.
І між іншым, Зінаіда Захаранка – не адзіны вучоны, які выйшаў са сцен Ліпаўскай школы. Навучальная ўстанова ганарыцца сваім выпускніком – доктарам фізіка-матэматычных навук Раманоўскім Аляксандрам Васільевічам, які нарадзіўся ў Ліпава ў 1939 г.
Прадстаўнік гомельскай алгебраічнай школы, якую заснаваў акадэмік С.А Чуніхін, Аляксандр Раманоўскі працаваў у Беларускім дзяржаўным інстытуце чыгуначнага транспарту. У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Галіна яго даследаванняў – гэта алгебра, тэорыя груп, лінейныя групы і канчатковыя групы.
У 1983 г. Аляксандр Раманоўскі абараніў доктарскую дысертацыю, працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук БССР, больш дзесяці гадоў — прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта. Цяжкая хвароба вырвала яго з жыцця.
Кандыдатам педагагічных навук стаў Перапеча Мікалай Мікалаевіч, які нарадзіўся ў 1961 г. у в. Вязавіца. У 1977 г. ён закончыў 8 класаў Ліпаўскай школы і паступіў у Гомельскае вучылішча металістаў.
У 1980 г. закончыў з адзнакай вучылішча і па камсамольскай пуцёўцы накіраваўся на вучобу ў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. Закончыў яго з чырвоным дыпломам і атрымаў накіраванне на службу ў легендарную Таманскую дывізію. Даслужыўся да намесніка камандзіра Канцеміраўскай танкавай дывізіі. Нёс службу ў ваеннай камендатуры г. Масквы.
Ужо змяніўшы вайсковы мундзір з пагонамі палкоўніка на цывільны касцюм, Мікалай Мікалаевіч працаваў прарэктарам Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі воднага транспарту , паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Зараз працуе ва ўрадзе г. Масквы.
Ёсць сярод выпускнікоў Ліпаўскай школы і тыя, хто ўшанаваны ганаровым званнем “Заслужаны…”
Гэта, напрыклад, дваюрадная сястра прафесара Аляксандра Раманоўскага Валянціна Ільінічна Казлоўская (Жалезная — па мужу), якая 15 лютага бягучага года адзначыла сваё 80-годдзе.
Яе бацькі да вайны жылі ў Хамічах, дзе працавалі ў калгасе “12 гадоў Кастрычніка”. Мы ўжо вышэй успаміналі пра іх: маці была сельскай стаханаўкай, калгасным брыгадзірам. За шчырую працу не раз заахвочвалася паездкамі ў сталіцу Беларусі і на іншыя ўрачыстасці. У час вайны Алену Пятроўну ледзь не расстралялі паліцаі за сувязь з партызанамі. Бацька прыйшоў з вайны з цяжкімі раненнямі і ў хуткім часе памёр. Ад разрыву гранаты ў вайну загінуў 11-гадовы брат.
Маці з дачкой і малодшым сынам перабралася ў Ліпава. Тут Валянціна закончыла Ліпаўскую сямігодку ў 1952 г. Паступіла ў Мазырскае педвучылішча, пасля заканчэння якога ў 1956 г. атрымала накіраванне на працу ў якасці настаўніка пачатковых класаў Шацілкаўскай школы.
З таго часу яе жыццё назаўжды звязана з Шацілкамі (цяпер Светлагорск – І.Г.), дзе яна прайшла педагагічны шлях ад радавога настаўніка пачатковых класаў да намесніка дырэктара СШ № 8 г. Светлагорска.
Валянціна Іванаўна не проста педагог, яна Настаўнік з вялікай буквы. У работу са сваімі маленькімі выхаванцамі яна ўкладвала ўсе свае сілы і душу. Гэта высока цанілі бацькі і яе калегі, непасрэднае кіраўніцтва. Добрасумленная і высокапрафесійная праца педагога ў 1970 г. была адзначана медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, а ў 1971 г. – медалём “За працоўную доблесць”. У 1976 г. настаўніцы пачатковых класаў СШ № 7 г. Светлагорска Валянціне Іванаўне Жалезнай Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”.
У 1979 г., калі ў Светлагорску пабудавалі СШ № 8, Валянціне Ільінічне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па пачатковых класах гэтай школы. На гэтай пасадзе яна і працавала аж да выхаду на заслужаны адпачынак у 1991 г.
Добра вядома на Беларусі і звонкагалосая салістка ансамбля “Бяседа” Святлана Суседчык, якая з’яўляецца таксама выпускніцай Ліпаўскай школы. Колькі сябе памятае знакамітая артыстка – яна заўсёды спявала.
Песня ў Вязавіцы, дзе яна нарадзілася, была, вобразна кажучы, першай да хлеба. Умелі і любілі тут спяваць у кожным доме. Песенны дар Святлане быў дадзены, як кажуць, Богам. Не дзіўна – музычнымі здольнасцямі валодалі і яе бацькі: Іван Мікалаевіч – саўгасны каваль, і мама Ніна Сямёнаўна – саўгасная даярка.
Па мацярынскай лініі, а гэта ўсе Суседчыкі, былі выдатнымі спевакамі, а па бацькавай – усе Муцянкі – гарманісты.

Бальніца

У 20-я гады мінулага стагоддзя медыцынскую дапамогу жыхарам Ліпаўскага, Даманавіцкага і Казловіцкага сельсаветаў аказваў усяго адзін медыцынскі работнік – фельчар Казякоў. Жанчыны нараджалі дзяцей дома і ў полі без медыцынскай дапамогі, у лепшым выпадку — пры дапамозе вясковых бабулек-павітух. Смяротнасць сярод дзяцей і дарослых у тыя гады была даволі высокай.
У 1954 г. у Ліпаве пачалося будаўніцтва ўчастковай бальніцы, якая адкрылася ў 1956г. Бальніца была разлічана на 30 койка-месц і абслугоўвала насельніцтва Ліпаўскага сельскага савета. Размясцілася медыцынская ўстанова ў жывапісным кутку вёскі, на ўскрайку панскага парка. Першым галоўным урачом бальніцы быў Віктар Васільчанка, якога праз тры гады змяніў урач Верабейчык.
У 60-я гады мінулага стагоддзя медсёстрамі бальніцы працавалі Мядведзева Фаіна Іванаўна, Свірыдэнка Марыя Арцёмаўна, Торап Вольга Сяргееўна, Кузьміна Галіна Рыгораўна, фельчарам — Мужэнка Вольга Мікалаеўна, акушэркай — Навуменка Марфа Маісееўна.
Зубным доктарам у бальніцы працавала Сідарэнка Любоў Ільінічна.
Загадчыкам Ліпаўскага фельчарска-акушэрскага пункта ў той час працаваў фельчар Кустэнка Цімафей Ільіч. Акушэркай – яго жонка Кустэнка Аляксандра Васільеўна.
У адпаведнасці з накіраваннем Гомельскага аблздраўаддзела ад 13 верасня 1961 г. на пасаду галоўнага ўрача Ліпаўскай бальніцы была прызначана Савановіч Людміла Арцёмаўна, якая закончыла Мінскі дзяржмедінстытут. Праўда, ужо на наступны год яе камандзіравалі ў Мінскі інстытут удасканалення ўрачоў на спецыялізацыю па афтальмалогіі, а хутка пасля гэтага малады ўрач, як і многія яе папярэднікі, развіталася з Ліпавам.
21 верасня 1961 г. на пасаду фельчара ў бальніцу прыйшоў Старавойтаў Уладзімір Парфёнавіч, які ў 1947 г. закончыў Гомельскі медтэхнікум і ўжо 13 гадоў працаваў па спецыяльнасці.
У адпаведнасці з загадам №294 ад 16 ліпеня 1962 г. Гомельскага аблздраўаддзела загадчыцай Ліпаўскай участковай бальніцы была прызначана выпускніца Мінскага дзяржаўнага медінстытута Друзік Анастасія Ігнатаўна. А з 1 жніўня гэтага ж года на пасаду зубнога ўрача ў Ліпаў прыйшла выпускніца зубаўрачэбнага аддзялення Гомельскага медвучылішча Сідарэнка Любоў Ільінічна.
З 1 студзеня 1964 г. фельчару бальніцы Кустэнка Цімафею Ільічу ўстанавілі надбаўку да зарплаты за 25-гадовы стаж працы ў медыцыне.
26 студзеня 1965 г. галоўны ўрач раёна Ліўшыц аб’явіў вымову кіраўніку Ліпаўскай бальніцы Баталіну В.Г. за неналежнае вядзенне медыцынскай дакументацыі. А праз некалькі тыдняў на яго месца быў прызначаны новы кіраўнік — Яхнін Сямён Барысавіч.
У 1965 г. у бальніцы загадчыкам гаспадаркі працавала Дзмітрыенка І.Е., дэзінфектарам — Дзмітрыенка Марыя Нікіцічна, фельчарам — Міронаў Г.Д., акушэркай — Міронава Е.С., старшай медсястрой — Вольга Мужэнка.
У 1967 г. загадчыцай Ліпаўскага ФАПа была Новік Тамара П., а акушэркай – Кебец Валянціна Мікалаеўна. У бальніцы працавала медсястрой Мацагуд Л.
29 красавіка 1967 г. галоўурач раёна ў ліку іншых медработнікаў раёна аб’явіў падзяку ў сувязі з Першамаем патранажнай медсястры Ліпаўскай бальніцы Бараш Марыі.
Трэба сказаць, што на кіраўніцтва бальніцы Ліпаву не шанцавала. Урачы надоўга тут не затрымліваліся. Часта змяняўся і сярэдні медыцынскі персанал.
Кнігі загадаў па бальніцы данеслі да нас звесткі, напрыклад, пра тое, што загадам ад 14 жніўня 1972 г. старшая медсястра Скібар Любоў Васільеўна па сямейных абставінах была вызвалена ад займаемай пасады і пераведзена медсястрой у стацыянар на час дэкрэтнага водпуску Торап Вольгі Дзянісаўны, а Назаранка Людміла Уладзіміраўна была назначана старшай медсястрой.
Гэтым часам у бальніцы працавалі: фельчар Паліваны Анатоль Леанідавіч, медсёстры Торап Вольга Сяргееўна, Гаркуша Ніна Міхайлаўна, Свірыдэнка Марыя Арцёмаўна, Крышкавец Раіса Уладзіміраўна, акушэрка Чэркас А.В., лабаранткі Федаровіч Любоў Аляксандраўна, Рубцова Л.А., старшая санітарка Штурма Вера Аляксандраўна, заўхоз Жураў Аляксей Пятровіч, дэзінфектар Дзмітрыенка Марыя Нікіцічна, санітарны фельчар Мужэнка Вольга Мікалаеўна, повары Пікун А.А. і Васенда Наталля Аляксандраўна, кухонная работніца Спірыдонава Яўгенія Віктараўна, санітаркамі — Намачэнка Праскоўя Рыгораўна, Ахраменка Кацярына Мікалаеўна, Варабей Валянціна Іванаўна, Мірановіч Вольга Сцяпанаўна, Савіцкая Ганна Васільеўна.
5 лютага 1973 г. Назаранка Л.У. была вызвалена ад займаемай пасады і на месца старшай медсястры прызначана Свірыдэнка М.А. 1 сакавіка гэтага ж года звольніўся з пасады загадчыка гаспадаркі бальніцы Жураў А.П. Яго замяніла Даўгуненка Марыя Лукінічна, якую 1 кастрычніка 1974 г. змяніла Макушынская Зінаіда Арцёмаўна.
Часта змяняліся ў бальніцы санітаркі, вадзіцелі, конюхі.
У канцы красавіка 1975 г. Ліпаўскую бальніцу ўзначаліў Л.Яравы.
Восенню гэтага ж года ў бальніцы з’явіўся новы фельчар Гаркуша Адам Рыгоравіч. Ён жа з лістапада пачаў выконваць абавязкі галоўнага ўрача бальніцы. Праўда, у студзені 1976 г. у бальніцу прыбыў новы кіраўнік – урач Козел, але прабыў ён толькі месяц. Ізноў каманду прыйшлося прымаць Адаму Рыгоравічу. Дарэчы, як потым паказала жыццё, не ў першы і не ў апошні раз.
У пачатку красавіка 1976 г. на пасаду патранажнай медсястры ў бальніцу залічылі Лагутскую Раісу Іванаўну. А ў канцы месяца па выслузе звольнілася медсястра Марыя Свірыдэнка. 14 чэрвеня звольнілася і медсястра стацыянара Крышкавец Раіса.
У канцы ліпеня ў бальніцы паявіўся новы кіраўнік – урач Стома Яўген Адамавіч. Ён кіраваў установай да сярэдзіны кастрычніка 1978 г. На змену яму ў бальніцу прыйшла сямейная пара: Кунцэвіч А.І. і Кунцэвіч С.М. Муж быў галоўным урачом, жонка – урачом-тэрапеўтам.
— Калі я прыйшла на працу ў Хаміцкі ФАП у 1984 г., — успамінае сённяшняя галоўная медсястра бальніцы Кажадуб Святлана Ляонаўна, — у Ліпаве ўзводзіўся новы будынак бальніцы. Увялі яго ў строй напярэдадні аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у 1985 г. Галоўным урачом тады працаваў Шкода Алег Раманавіч, а да яго шмат гадоў адпрацаваў на пасадзе кіраўніка бальніцы ўрач Кунцэвіч Аляксандр Іосіфавіч.
У 2003 г. Ліпаўская ўчастковая бальніца была ператворана ў бальніцу сястрынскага уходу: разам з 10 койкамі дзённага стацыянару, тут адкрылі 20 сацыяльных коек для ўходу за састарэлымі і інвалідамі, якія па медыцынскіх паказчыках мелі ў гэтым патрэбу.
У 2008 г. у бальніцы быў зроблены капітальны рамонт і ў адпаведнасці са статусам аграгарадка абсталяваны сучасным медыцынскім абсталяваннем кабінеты: зубнога ўрача, працэдурны, акушэркі.
У 2011 г. калектыў Ліпаўскай урачэбнай амбулаторыі агульнай практыкі, які ўзначальвала галоўны ўрач Губанава Наталля Вітальеўна (зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску – І.Г.), быў узнагароджаны Дыпломам 1-й ступені ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце. У гэтым жа годзе Ліпаўская амбулаторыя ў рэспубліканскім аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва таксама атрымала перамогу і была ўзнагароджана Дыпломам.
Зараз медыцынскую ўстанову ўзначальвае малады ўрач Шостак Кацярына Уладзіміраўна.
Са старажылаў у бальніцы працуюць: Кавалёва Любоў Мікалаеўна, Барысенка Людміла Яўгеньеўна і Кажадуб Святлана. Стаж Кавалёвай налічвае больш 30 гадоў. Да пенсіі яна працавала санітаркай. А пасля дасягнення пенсійнага ўзросту стала працаваць поварам. Барысенка Людміла з 2001 г. працуе загадчыкам бальнічнай гаспадаркі. А Кажадуб Святлана, як ужо ўпаміналася вышэй – старшай медсястрой.
Іван ГАРЫСТ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.