Насавічы

Там, дзе вецер ў хвойніку свішча,  
Там, дзе ўпаў пана — хілены тын,
Там мае затаілісь Насавічы,
Пасярод сіратлівых раўнін.
Іва велічна звесіла косы,
У маўклівай застыла журбе,
Зазіхацелі пад промнямі росы,
Дзятлік гучна сушніну дзяўбе.
Выйдуць бабы ў гурт — памяркуюць:
—   Худа-бедна, здароўя няма. –
—   А зязюля ў Асецкім кукуе:
—   Будзем жыць! Анічога! Дарма!.
Хадзем назад, хадзем у тыя годы,
Туды, дзе пахне свежая ралля,
Дзе бабы ў клубе водзяць карагоды,
I дзе ў калысцы плача немаўля.
Хадзем у той вясковы, даўні вечар,
Дзе Шмерка баіў казкі на змярку.
Ён згінуў ноччу на халоднай печы —
Ніхто не даў нябожчыку руку.
 Хадзем са мной! Пайшлі — і ты ўбачыш,
Як пад вакном расцвіў вясною бэз,
 I як бяроза на ўзгорку плача,
I як шуміць, і стогне стары лес.
Там, дзе звініць малінавае ранне,
I май бушуе, кроў хвалюе май.  
Табе прызначу першае спатканне.
Хадзем са мной
У той забыты край!
Аляксандр Краўцоў.

 Збіральніца спадчына

У 1957 годзе пасля за канчэння Магілёўскага культасветвучылішча ў Васілевіцкі раён прыбыла па размеркаванні на работу 21-гадовая Людачка Негаціна. Раённыя ўлады накіравалі яе ў Насавічы загадваць сельскім клубам. З таго часу жыццё Людмілы Аляксандраўны назаўсёды звязана з гэтай палескай вёскай, бо тут яна сустрэла сваё каханне — вадзіцеля калгаса Ціхіню Васіля Іванавіча, тут нарадзіла дачку і сына, тут знайшла сваё прафесійнае прызванне — стала бібліятэкарам, носьбітам ведаў, культуры, духоўнасці, збіральніцай народнай спадчыны, гісторыі роднага краю.

  Вось як трапна пра яе яшчэ ў 1987 годзе напісала мая калега Валянціна Байчук: «Нярэдка, бываючы ў вёсцы, можна пачуць такое выказванне: «Мала ў нас людзі чытаць сталі, рэдка заходзяць у бібліятэку… А вось Людміла Аляксандраўна Ціхіня, загадчыца Насавіцкай сельскай бібліятэкі, з гэтымі словамі не згаджаецца. Дзверы ў бібліятэку не закрываюцца, можна сказаць, цэлы дзень. То чародкай забягуць дзеці, то зойдуць дарослыя, абмяняюць прачытаныя кнігі, параяцца, якія ўзяць узамен.

Наведвальнікаў шмат. Усіх іх добра ведае Людміла Аляксандраўна. Рабоце ў бібліятэцы яна аддала амаль трыццаць гадоў. Вяскоўцы таксама паважаюць свайго бібліятэкара за ўменне, добразычлівасць.

У бібліятэцы заўсёды ўтульна. Акуратна растаўленыя на паліцах кнігі зручна выбіраць, а калі ўзнікне пытанне, Людміла Аляксандраўна заўсёды ветліва адкажа, раскажа аб навінках, параіць, зробіць заказ на неабходную кнігу».

3 Людмілай Аляксандраўнай я пазнаёміўся праз тры гады пасля напісання гэтых радкоў. Па яе ініцыятыве ў Насавічах было арганізавана свята вёскі. I я пісаў рэпартаж аб гэтым свяце і дзівіўся няўрымслівасці і энтузіязму сельскага бібліятэкара, якая сабрала і стварыла летапіс населенага пункта, узняла ўсіх ад радавога жыхара Насавіч да старшынь сельсавета і калгаса на арганізацыю велічнага вясковага свята, у ходзе якога ўспомнілі гераічных землякоў, што ўсталёўвалі ў Насавічах Савецкую ўладу, будавалі новае жыццё, баранілі Айчыну ад гітлераўскіх захопнікаў, здзяйснялі працоўныя подзвігі ў мірны час.

Працы на ніве культуры Людміла Аляксандраўна аддала 46 гадоў жыцця. Пад яе кіраўніцтвам Насавіцкая бібліятэка ўдастойвалася звання «Бібліятэка выдатнай работы», а сама гаспадыня бібліятэкі ў 1970 і 1986 гадах узнагароджвалася Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР медалямі: «За доблесную працу» і «За працоўную адзнаку».

 Шляхецкая ўласнасць

Па пісьмовых крыніцах Насавічы вядомы з XVI стагоддзя, як шляхецкая ўласнасць у Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У1560 годзе ўспамінаецца ў «Акце рэвізіі Мазырскага павета». У 1620 годзе памешчыца Т. Камароўская аддавала прыбыткі ад вёскі на карысць базыльнаў.

Але першае пасяленне людзей у ваколіцах Насавіч адносіцца да больш старажытнага часу. Аб гэтым сведчыць выяўленае археолагамі гарадзішча, якое размешчана ў 1,5 кіламетрах на поўдзень ад вёскі. У мясцовай жа школе захоўваюцца археалагічныя знаходкі, сабраныя настаўнікам гісторыі і геаграфіі Уладзімірам Мышкаўцом за апошнія два дзе-сяткі гадоў, якія яшчэ больш пацвярджаюць існаванне Насавіч з першабытных часоў. У ліку знаходак — каменныя сякеры, свідраваныя камяні, іншыя вырабы працы.

У 1632 годзе кароль польскі, вялікі князь Літоўскі Жыгімонт III Аўгуст выдаў прывілей падстарасту Мазырскаму Валер’яну Вольскаму аб перадачы ад шляхцічаў Васіля, Аляксан-дры і Стэфана Радкевічаў трох службаў людзей Насовічаў з гародам у Свідаўцы.

У НАСАВІЧАХ у большасці жылі беларусы, але пасля заключэння Люблінскай уніі ў 1569 годзе пачалося акаталічванне мясцовага насельніцтва. Жыхары Насавіч раздзяліліся на дзве веры: праваслаўную і каталіцкую.

Як запісала ў свой час у летапісе Насавіч Л.А. Ціхіня: «Па ўспамінах 90-гадовага Іова Балькова і 100-гадовага Аляксея Варажуна, бабуля якога пражыла 115 гадоў і якая шмат расказвала аб мінулым Насавіч, у вёсцы былі дзве капліцы — адна праваслаўная, другая каталіцкая. Католікі спрабавалі закрыць праваслаўную капліцу, аднак спавядаўшыя праваслаўную веру не скараліся прымусу каталіцкіх князёў, захавалі сваю веру, традыцыі і звычкі.

Тым не менш у 1785 годзе ў вёсцы была пабудавана і пачала дзейнічаць новая драўляная ўніяцкая Крыжаўзвіжанская царква. Па ўспамінах Аляксея Варажуна службу ў ёй вёў свяшчэннік Ягор Смірноў.

У 1795 годзе Насавічы знаходзіліся ва ўладанні паноў Яленскіх, у вёсцы налічвалася 69 двароў. Пазней вёска перайшла ў казённае ведамства. У інвентарным апісанні староства Сухавіцкага ад 10 чэрвеня 1832 года пазначана, што: «У вёсцы Насавічы колькасць двароў — 59, з іх баяр — 55, бабылёў — 5. У іх коней — 10, валоў — 109, кароў — 62, коз — 39, авечак — 119, свіней — 58, курэй — 120, пчол — 56 калод. Ва ўтрыманні іх ворыўнай зямлі 38 увалак 23 маргі, сенакоснай — 9 увалак 10 маргоў. Колькасць душ мужчынскіх — 147, жаночых — 146. Рабочыя дні: паншчына 3833 мужчынскіх і 3833 жаночых дзён у год, гвалту мужчынскіх у год 385, жаночых — 595. Розная даніна: хмелю — 55 асьмін, грыбоў — 55 вянкоў, курэй — 55 штук, а на грошы ўсёй даніны па кошту — 14 рублёў 30 кап. Рознай грашовай платы: чыншу — 22 рублі 473/4 кап. Уся-го: 36 руб. 77 3/4 кап.».

У гэты час у вёсцы ўжо была карчма. У 1850 годзе ў Насавічах пражывала 378 жыхароў. 3 1857 года тут працавала школа.

У 1859 годзе ў вёсцы быў узведзены новы будынак драўлянай праваслаўнай царквы. У 1864 годзе быў пабудаваны будынак і адкрылася царкоўна-прыходская школа.

Калі ў 1878-80 гадах пракладваўся магістральны канал Закаванка, ад яго было зроблена адгалінаванне да Насавіч.

У 1885 годзе ў вёсцы пражывала 476 жыхароў. Паводле ж перапісу 1897 года, у Насавічах у 222 дварах жыло 714 жыхароў, была царква, народнае вучылішча, вятрак, конны млын.

У 1908 годзе вёска ўваходзіла ў склад Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У вёсцы пражывала 1090 жыхароў.

У памяці людзей захаваліся ўспаміны аб апошнім памешчыку Міцкевічу, якому належала больш 600 дзесяцін зямлі, а памесце яго знаходзілася ў Чапчыне. Гэты крывапіўца сялян згінуў у годы рэвалюцыі.

 Насавіцкія рэвалюцыянеры

Першая рэвалюцымная группа ў Насавічах утварылася ў 1894 I годзе. Узначалілі яе Іван Чайкоўскі і настаўніца царкоўна-прыходскай школы Лідзія Плышэўская. У группу ўваходзіла 6 чалавек. У іх ліку сяляне: Рубанік Максім Пятровіч, Рубанік Цімафей Пятровіч, Краўцоў Прохар Селівестравіч, а таксама стараста вёскі Варажун Лаўрэн Іосіфавіч.

Гэтая група вяла значную рэвалюцыйную работу сярод сялян не толькі Насавіч, а і навакольных вёсак.

Насельніцтва вёсак не толькі выконвала паншчыну, але ў пошуках заробкаў наймалася і на падзённую работу да памешчыкаў — Міцкевіча, Горвальда. Аплата ж падзёншчыны была вельмі нізкай — 20-30 капеек у дзень.

В о с е н н ю 1905 года рэвалюцыянеры арганізавалі сялян на паход у Ліпаўскае памесце з патрабаваннем павялічыць аплату працы жанчынам да 50 капеек, а мужчынам — да 1 рубля ў дзень. Памешчык спачатку супраціўляўся, а затым быў в ы м у ш а н ы згадзіцца.

3 паражэннем буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў 1905 -1907 гадах група была разгромлена. Чайкоўскага асудзілі на 3 гады турэмнага зняволення, а настаўніцу Плышэўскую родзічы ўзялі на парукі. Многія сяляне былі пакараны батагамі, бо паны нічога не забывалі.

Перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі на савічане сустрэлі не толькі з адабрэннем, а многія з іх са зброяй у руках прымалі непасрэдны ўдзел у гэтай рэвалюцыі. У іх ліку Піліпейка Гаўрыла Раманавіч, 1892 г.н., Краўцоў Іван Данілавіч, 1896 г.н., Варажун Ігнат Рыгоравіч, 1897 г.н., Рубанік Тарас Пятровіч, 1892 г.н., Варажун Канстанцін Рыгоравіч, 1899 г.н.

Напрыклад, Варажун К.Р. быў непасрэдным удзельнікам узяцця Зімняга палаца ў Пецярбургу, арыштоўваў і ахоўваў кіраўніка Часовага Ураду Аляксандра Керанскага. За актыўны ўдзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Пасля перамогі рэвалюцыі ў Насавічах быў створаны камітэт сялянскай беднаты. Старшынёй яго быў абраны жыхар Насавіч Піліпейка Мікіта Раманавіч. Камітэт на працягу 1918-1922 гадоў займаўся дзяленнем панскай зямлі сярод сялянства.

У 1923 гадоў вакол Насавіч на хутарах узнікалі новыя вёскі: Ляскі, Саланік, Карма.

У 1924 годзе ў Насавічах быў створаны сельскі Савет, які па аналогіі з ранейшай назвай воласці атрымаў назву Зеляноцкага. Першым старшынёй сельсавета быў абраны насавічанін Процка Захар Адамавіч.

Будаўнікі новага жыцця

Першая калектыўная гаспадарка ў Насавічах утварылася 28  жніўня 1929 года. Ініцыятарамі калектывізацыі былі настаўнік мясцовай школы Сяргейчыкаў Васіль Адамавіч, жыхары вёскі Цімашэнка Даніла Рыгоравіч, браты Піліпейка Цімох і Апанас Каленікавічы, Варажун Вольга Іванаўна іншыя.

Яны збіралі збожжа, інвентар, засявалі калгасную зямлю, якой налічвалася 300-400 гектараў.

 Першым старшынёй калгаса быў выбраны Піліпейка Гаўрыла Раманавіч. У ліку першых калгаснікаў былі Піліпейка Каленік Барысавіч, Варажун іван Аляксеевіч, Варажун Тарас Ціханавіч, Трызно Севасцьян і іншыя.

З 1930 года ў краіне зарадзіўся стаханаўскі рух. Усе імкнуліся зрабіць больш і лепш. Першымі стаханаўцамі ў Насавічах, у калгасе «Звязда» былі Рубанік Фядора Севасцьянаўна, Варажун Анастасія Іванаўна, Піліпейка Гаўрыла Раманавіч. Гэтыя людзі былі неаднаразовымі ўдзельнікамі раённых і абласных злётаў перадавікоў, а Піліпейка Г.Р. стаў удзельнікам II Усебеларускага злёту, дзе яму была ўручана прэмія.

3 1930 пачалося масавае ўступленне вяскоўцаў у калгас. Аплата працы калгаснікаў складала 1 кг збожжа, 2 кг бульбы, грошай 0,05 капеек на працадзень. Гаспадарка набірала моцы. На малочнатаварнай ферме ўтрымлівалася 300 галоў буйной рагатай жывёлы, на свінаферме — 250 свіней.

Адначасова ў вёсцы шпаркімі тэмпамі развівалася культурнае жыццё: ішла ліквідацыя неадукаванасці насельніцтва; пры школе была створана хата-чытальня; сіламі камсамольцаў былі арганізаваны гурткі мастацкай самадзейнасці, якія адзін раз у тыдзень рабілі справаздачы перад мясцовым насельніцтвам.

Сакратаром камсамольскай арганізацыі быў тав. Слабодкін. У ліку камсамольскіх актывістаў Фёдар Рубанік, Лукаш Рубанік, Вольга Ва ранчук, Даніла Цімашэнка, Іван Кротаў. Насавіцкая камсамольская арганізацыя налічвала каля 20 членаў.

Сельскі фельчар

Не ведаю як сёння, ва ўсякім разе не даводзілася чуць, а вось у ранейшыя гады сельскі фельчар быў чалавекам не проста паважаным, а, бадай, першым чалавекам у вёсцы. На першую медыцынскую дапамогу, альбо, каб прыняць роды ў парадзіхі, вяскоўцы маглі разлічваць толькі на свайго фельчара, бо дабрацца ў горад было не так проста. Ды і медыцынскія работнікі фельчарска-акушэрскіх пунктаў паіншаму адносіліся да выканання сваіх абавязкаў: у дзень і ў ноч, у спёку і сцюжу яны, папершаму закліку, ішлі на дапамогу. Менавіта так ставілася да выканання сваіх абавязкаў Кацярына Міхайлаўна Краўцова, якая 34 гады ў якасці фельчара Насавіцкага ФАПа клапацілася аб здароўі сваіх аднавяскоўцаў і жыхароў вёсак Чапчын, Саланік, Карма, Ляскі, прымала роды ў іх дзяцей, даглядала немаўлят і састарэлых.

Нарадзілася Кацярына Міхайлаўна ў вёсцы Насавічы ў 1932 годзе ў сям’і прадаўца Кавалёва Міхаіла Гаўрылавіча. Маці яе Сцепаніда Мітрафанаўна ўсё жыццё адпрацавала радавой калгасніцай у мясцовым калгасе. У сям’і акрамя Каці былі старшая сястра і малодшы брат.

— Калі пачалася вайна, — успамінае Кацярына Міхайлаўна, — па вёсцы разнёсся плач. Я добра памятаю, — гаворыць яна, — як больш 300 мужчын і юнакоў калонай ішлі па вуліцы вёскі ў бок Васілевіч. Ішлі на вайну, змагацца з немцамі. Бацька мой нёс на руках малодшага брата, а мы з маці ішлі побач і галасілі разам з усімі жанчынамі. Бацька не вярнуўся з вайны.Дзе і як згінуў, не ведаю дагэтуль.

На вайну пайшоў і матчын брат Піліпейка Яфім Мітрафанавіч, якога з трох гадоў выхоўвала ў нашай сям’і мая маці. Яму лёс дараваў міласць. 3 фронту ён вярнуўся дамоў жывым. Вайна забрала бацьку і маці майго другога мужа Піліпейкі Дзмітрыя Кузьміча, першы памёр у 48 гадоў. Бацька Дзмітрыя Кузьміча трапіў у палон, знаходзіўся ў Гомельскім канцлагеры, там яго ўдалося выменяць родзічам, але паранены, абессілены воін памёр па дарозе да Насавіч. Маці ж захварэла на тыф і памерла, пакінуўшы сіротамі пяцярых дзяцей.

— Вайна — страшная справа, -гаворыць Кацярына Міхайлаўна. Напачатку немцы нібы і не рабавалі, не лютавалі. Яны ў Насавічы прыязджалі наездамі. Па хатах хадзіў стараста Піліпейка Павел Іосіфавіч з паліцаямі з Зеляноч, сабіралі прадукты, цёплае адзенне, абутак для акупантаў.

А ў 1942 годзе, на Пакрову, спалілі вёску. Партызаны паспелі папярэдзіць жыхароў, і мы ўсе хаваліся па лесе ды балотах наўкола: у Асецкім розе, Лядах, у Бару.

Хаты засталіся толькі на нашай вуліцы, на Пагоне (зараз вуліца Кастрычніцкая).

3 фронту вярнуліся толькі адзінкі з тых трохсот, што пайшлі біцца з гітлераўцамі.

Пасля заканчэння сямігодкі Каця Кавалёва паступіла ў Васілевіцкае медвучылішча, якое закончыла ў 1955 годзе. I з таго часу пачала працаваць фельчарам у Насавічах.

Работы было неўправарот, — успамінае Кацярына Міхайлаўна. — У той час па вёсках, што мне даводзілася абслугоўваць, за год нараджалася да 50 дзяцей. Трэба было прасачыць за ўсімі цяжарнымі, да­памагчы ім дабрацца ў бальніцу, а раджаць ездзілі ў Гарочыцкую ўчастковую бальніцу спачатку, затым ужо ў Калінковічы. Часам роды пачыналіся ноччу, трэба было знайсьці машыну. Добра ў гэтым мне дапамагаў Цімашэнка Іван Цярэнцьевіч, які працаваў вадзіцелем на пажарнай машыне. Па першаму ж звароту ён спяшаўся на дапамогу, безадказны быў чалавек.Часам роды даводзілася прымаць прама ў дарозе. Я была і акушэркай, і бабкай-павітухай. У некаторых выпадках нават даводзілася выконваць ролю хірурга.

Так што хрэснікаў у мяне па навакольных вёсках процьма. Я рабіла людзям дабро, і яны мне тым жа адказвалі. Нягледзячы на сталы ўзрост, Кацярына Міхайлаўна і зараз клапоціцца пра сваіх бабулек на Пагоне. Каб сустрэцца з ёй, нам давялося пашукаць яе па суседніх хатах.

— А як жа я без іх, — гаворыць яна. — Трэба ж праведваць, параду якую даць, словам падтрымаць. Я ж ведаю пра іх стан здароўя ўсё да кропелькі, і не толькі пра стан здароўя, мне яны, як таму свяшчэнніку, усе таямніцы свае давяраюць.

За час сваёй работы ў Насавіцкім ФАПе Кацярына Міхайлаўна акрамя службовых абавязкаў актыўна займалася і грамадскай дзейнасцю: неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага Савета, старшынёй таварысцкага суда, была арганізатарам санітарнай дружыны, якая не раз выходзіла пераможцай у раённых спаборніцтвах.

Пра такіх, як Кацярына Міхайлаўна, звычайна гавораць — сапраўдны падзвіжнік. Дарэчы, па яе жыццёвай сцяжынцы пайшла і яе дачка Наталля, якая зараз працуе старшай медсястрой у аддзяленні прамянёвай дыягностыкі Калінкавіцкай ЦРБ, і ўнучка Вікторыя, якая на залаты медаль закончыла СШ №1 г.Калінкавічы і зараз вучыцца на апошнім курсе Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, будзе хірургам.

Справу сваю Кацярына Міхайлаўна перадала ў надзейныя рукі.

Усе на барацьбу з ворагам!

Як ужо паведамлялася вышэй, у першыя ж дні вайны на фронт з Насавіч пайшлі больш трохсот мужчын. Праз месяц пасля пачатку вайны на вёску наляцелі варожыя самалёты і пачалі яе бамбіць, а пад вечар у Насавічы на машынах прыбылі гітлераўцы. Частка жыхароў вёскі пайшла ў лес, падалей ад бяды, некаторыя сталі партызанамі. Напрыклад, Зык Марыя Іванаўна стала партызанскай сувязной. Многія, хто застаўся ў вёсцы, дапамагалі партызанам прадуктамі, адзеннем, збіралі звесткі пра ворага.

Многія насавічане за актыўную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскіх атрадах і на фронце ўдастоіліся высокіх урадавых узнагарод.

Напрыклад, Цімашэнка Уладзімір быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны. Лычкоўскі Сяргей Паўлавіч -ордэнам Славы III ступені, Варажун Пётр Сафронавіч -медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Ленінграда», Варажун Дзяніс Дзянісавіч — ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За баявыя заслугі».

17-гадовай дзяўчынай пайшла працаваць у шпіталь Золатава Кацярына Міхайлаўна. У той час у Гарочычах стаяў ваенны шпіталь. 3 поля боя дзяўчыне даводзілася выносіць параненых. На вайну пайшоў і яе старэйшы брат. Калі на яго прыйшла «пахаронка», яна даведалася, што брат памёр ад ран у шпіталі, які знаходзіўся ўсяго ў 20 кіламетрах ад Гарочыч. Пазней ад яго прыйшло пісьмо, у якім былі страшныя радкі. «Калі вы атрымаеце гэтае пісьмо, мяне ўжо не будзе ў жывых, пішу левай рукой…»

Бацька Кацярыны Міхайлаўны таксама загінуў на фронце, прапаў без вестак. Вельмі цяжка прыйшлося і яе мужу: некалькі разоў гарэў у танку, быў паранены.

Гераічна загінуў, абараняючы Радзіму, танкіст Цімашэнка Макар Сяргеевіч, лейтэнант-кавалерыст Піліпейка Дзяніс Савельевіч, гвардзеец Анісімаў Уладзімір Рыгоравіч. Вось што пісала пра подзвіг Анісімава ў час вайны газета «Красная звезда»: «Па звестках нашых разведчыкаў, стала вядома, што гітлераўцы падцягваюць свежыя сілы, рыхтуюцца да контратакі. Перад траншэямі гітлераўцаў быў нацягнуты калючы дрот. Трэба было расчысціць шлях для наступлення, не чакаючы цемры. Гэта задача была ўскладзена камандзірам на геардзейца Анісімава, які выдатна ведаў сапёрную справу

Драцяная агароджа і міннае поле знаходзіліся за 200 метраў ад агнявых сродкаў праціўніка.

Сапёр бачыў небяспеку і, рызыкуючы жыццём, поўз наперад, каб у тэрмін выканаць заданне. Хутка ён дасягнуў перашкоды. Немцы заўважылі адважнага разведчыка і адкрылі па ім агонь. Міны рваліся побач.  Але ён паспеў адкапаць ячэнку і, шчыльна прытуліўшыся да зямлі, працягваў рэзаць дрот загароджы. На дапамогу сапёру прыйшлі нашы артылерысты і мінамётчыкі. Яны адкрылі ў адказ агонь і заглушылі агнявыя кропкі ворага. Гвардзеец Анісімаў з гонарам выканаў загад камандзіра. Праход у загароджы быў падрыхтаваны».

У гады вайны нямецкія карнікі згубілі у 1942 годзе ў Насавічах 7 жыхароў, а 14 кастрычніка 1943 года спалілі 133 двары. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінула 174 насавічане, памяць аб іх ушаноўвае стэла, якую ўзвялі ў 1972 годзе ў цэнтры вёскі.

 Адраджэнне вёскі

Насавічы вызвалілі ад фашысцкіх захопнікаў 16 студзеня 1944 года. На месцы вёскі засталіся папялішчы і разваліны. Не было транспарту і цяглавай сілы. Зямля была запушчанай. Не хапала людзей. Жылі ў зямлянках. Аднак тыя, што засталіся ў жывых, не ўпалі духам, адразу ж прыняліся за адраджэнне разбуранай гаспадаркі. Буйны размах набыло будаўніцтва. Будавалі жыллё, жывёлаводчыя памяшканні.

Вялікую дапамогу аказала дзяржава ў выдачы крэдытаў і пастаўцы тэхнікі.

У 1948 годзе ў Насавічах пабудавалі школу.

Эканоміка калгаса была дужа слабой: усяго было 15 галоў буйной рагатай жывёлы, ды

30 авечак.

У 1950 годзе ў склад калгаса «Звязда» вёскі Насавічы ўвайшлі населеныя пункты Карма, Саланік, Ляскі і Чапчын. Калгас атрымаў новую назву — імя Калініна.

У 1958 годзе ў выніку рэарганізацыі МТС ўся тэхніка была прададзена калгасу.

У 1959 годзе Насавічы былі радыёфіцыраваны, а ў 1961 годзе ў кожнай хаце з’явілася электрычнае святло.

Паводле перапісу, у 1959 годзе ў вёсцы жыло 608 жыхароў. У Насавічах была свая лесапільня, млын, швейная майстэрня, сярэдняя школа, Дом культуры, цагляная лазня, бібліятэка, ФАП, ветэрынарны ўчастак, адзяленне паштовай сувязі, магазін.

Разам з тым калгас імя Калініна быў у тыя гады ў ліку не самых лепшых гаспадарак. Усё

змянілася з прыходам на пасаду старшыні калгаса Садоўскага Станіслава Людзвігавіча, які дагэтуль працаваў намеснікам старшыні Васілевіцкага райвыканкама. Настаўнік, партызан, камандзір дыверсійнай групы, сакратар падпольнага Нараўлянскага РК ЛКСМБ, ён па ўласнай ініцыятыве ўзяў на сябе адстаючую гаспадарку. У 1953 годзе даход калгаса імя Калініна складаў усяго 127 тысяч рублёў, у 1957 г. — 420 тысяч рублёў, а ўжо праз два гады дайшоў амаль да 2 мільёнаў рублёў. А пачаў Станіслаў Людзвігавіч з асушэння балот. Многім насавічанам гэтая яго задума паказалася неажыццявімай. Толькі не той быў чалавек Садоўскі, каб не давесці да канца пачатую справу.

На дапамогу калгаснікам прыйшлі меліяратары Гулевіцкай ММС. Пачалося наступленне на балоты, якіх вакол Насавіч было процьма.

У 1958 годзе ўпершыню ў калгасе пасеялі каноплі на плошчы ў 44 гектары. Добра папрацавалі звенні. Іх узначалілі камсамолкі Еўдакія Процка, Варвара Піліпейка, Еўдакія Цімашэнка, Наталля Гарная. Кожны гектар па восені даў па 7 тысяч рублёў даходу. На будучы год пасеялі ўжо 112 гектараў канаплі. Ад рэалізацыі атрымалі 1200 тысяч рублёў. Хапіла, каб разлічыцца з меліяратарамі, пагасіць запазычанасць за многія гады, расплаціцца за тэхніку, купіць новую, узняць аплату працадня. На асушаных балотах сталі вырошчваць кукурузу. Акрыялі і жывёлаводы, бо атрымалі мора якаснага корму. Жонка Садоўскага Еўдакія Іванаўна ўзначаліла свіна-гадоўчую ферму, якая ўжо ў 1961 годзе дала 340 кормнікаў.

На вялікі жаль, 3 ліпеня 1960 года сэрца 38-гадовага старшыні калгаса, дэпутата раённага Савета дэпутатаў, члена бюро райкама КПБ Станіслава Садоўскага раптам перастала біцца, але добрая справа, зробленая ім на насавіцкай зямлі, была прадоўжана яго паплечнікамі: аграномам Валянцінам Калеснікавым, брыгадзірамі Сяргеем Лычкоўскім, Васілём Варажуном, Паўлам Краўцовым, механізатарамі Міхаілам Варажуном, Канстанцінам Краўцовым, Васілём Белым, Паўлам Ткачом, Адамам Процка, Васілём Бяльковым, многімі іншымі.

Гаспадары зямлі

1 студзеня 1969 года ў раённай газеце «За камунізм» быў надрукаваны артыкул эканаміста калгаса імя Калініна Т. Процка, які называўся «Гаспадары зямлі». А пачаў яго аўтар наступнымі словамі: «У людзей гэтага калгаса якаясьці падкрэсленая гордасць за сваё сяло, за сваю гаспадарку.

Хіба ж гэта не гордасць, напрыклад, калі ў гэтым калектыве выхоўваўся такі выдатны працаўнік, як Герой Сацыялістычнай працы Рыгор Ракаед. А паглядзіце з якім энтузіязмам працуюць у калгасе даяркі Люба Белая, Валянціна Са-калоўская, Надзея Карцель, механізатары Васіль Балькоў, Мікалай Цімашэнка. Не лішнім будзе сказаць, што ў «калінінцаў» якісьці свой асаблівы настрой. I галоўнае, у тым, што тут кожны стараўся быць сапраўдным гаспадаром зямлі».

I гэта сапраўды так. Толькі ў калгасе імя Калініна, адзіным з Калінкавіцкага раёна, за працу на зямлі і ферме чацвёра працаўнікоў удас­тоіліся вышэйшай узнагароды Радзімы — ордэна Леніна. Яго кавалерамі сталі механізатары Рыгор Нікіфаравіч Ракаед, Міхаіл Сцяпанавіч Варажун, даярка Валянціна Канстанцінаўна Садоўская, старшыня калгаса Васіль Фаміч Клемзікаў. А колькі працаўнікоў гаспадаркі былі ўдастоены іншых працоўных узнагарод Радзімы?!

У Насавічах умелі добра працаваць. Шанцавала ім і на добрых спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак, адным з якіх быў і ўраджэнец Насавіч Яфім Фядосавіч Цімашэнка — добры спецыяліст, бухгалтар, арганізатар гаспадаркі, проста цудоўны чалавек.

Ганаровага звання Заслужаны заатэхнік БССР удастоіўся і галоўны заатэхнік гаспадаркі Рубцоў Фама Іосіфавіч.

 Подзвіг піянеркі

Гераічнымі ўчынкамі на полі бою і ў мірным жыцці вызначаліся не толькі дарослыя насавічане. На іх прыкладзе выхоўваліся і дзеці. 7 кастрычніка 1968 года старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР С.О. Прытыцкі ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у Мінску ўрачыста ўручаў 13-гадовай Валі Кавалёвай з вёскі Насавічы медаль «За адвагу на пажары».

Вось што пісалі газеты аб гэтай падзеі ў той час: «Ціхая ліпеньская раніца не прадракала бяды. Калгасніца П.І. Варажун, адыходзячы на работу, папрасіла суседнюю дзяўчынку Валю прыгледзець за сваімі дзяцьмі — двухгадовым Сярожам і яго старэйшым братам Вовам. Валя пайшла гуляць, а Сярожа застаўся дома даглядаць ранішнія сны.

Дзеці весела гулялі ў двары Кавалёвых. Выпадкова кінуўшы позірк цераз вуліцу, Валя ўбачыла, што з акон дома насупраць выбіваецца дым. Ды там жа спіць Сярожа! Валя кінупася да дома, ірванупа дзверы -і на яе дыхнула гарачынёй, удушлівым дымам ад гарэлых рэчаў. Стараючыся не дыхаць, адважная піянерка вобмацкам прабіралася да Сярожынага ложка. Там аказаўся цэнтр пажару. Гарэла пасцель, на хлопчыку тлела адзенне. Задыхаючыся, нягледзячы на пякучыя языкі полымя, што лізалі ёй рукі, твар, ногі, Валя схапіла Сярожу і панесла да дзвярнога праёму, што святлеў у дыме. Не звяртаючы ўвагі на свае апёкі. Валя збівала полымя з дзіцяці.

А ў доме палыхаў агонь. Калі ён выберацца на дах, могуць загарэцца суседнія дамы.

I зноў Валя кінулася ў дом. Знайшла вядро з вадой і паспрабавапа заліць агонь. Але пажар не сціхаў. У едкім дыме дзяўчынка пачала коўдрай збіваць полымя.

Калі прыбеглі дарослыя, агонь у асноўным быў утаймаваны. Валю і Сярожу неадкладна павезлі ў бальніцу».

 Старшыня сельсавета  

Мікалай Адамавіч Процка пасля Ніны Адамаўны Крэк з Савіч па працягласці знаходжання на пасадзе старшыні сельсавета другі ў раёне. Крэк узначальвае Савет з 1982 г., Процка — з 1986 г. Пры тым вопыт савецкай работы ў Процкі большы, чым у Крэк. Да выбрання старшынёй Мікалай Адамавіч 9 гадоў адпрацаваў у Насавічах сакратаром сельсавета. Да гэтага, канешне, была служба ў Савецкай Арміі, заканчэнне Насавіцкай сярэдняй школы, вучоба ў Маскоўскім усесаюзным юрыдычным завочным інстытуце, які ён закончыў у 1986 годзе.

Выхоўваўся Мікалай Адамавіч у сям’і мясцовых калгаснікаў. Яго бацька Адам Мікалаевіч больш 40 гадоў адпрацаваў у калгасе імя Калініна трактарыстам, маці Марыя Іванаўна — ўсё жыццё працавала даяркай. За самаадданую працу ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Жонка Мікалая Адамавіча Надзея Міхайлаўна працуе галоўным бухгалтарам філіяла «Зеляночы» ААТ «Калінкавіцкі мясакамбінат», у склад якога зараз уваходзіць былы знакаміты калгас імя Калініна. У іх двое цудоўных дзяцей: сын Юрый — афіцэр, камандзір роты, дачка Наталля, як і маці, — бухгалтар па прафесіі. Мікалай Адамавіч у вёсцы свій чалавек. Тут усё сваё жыццё жыве клопатамі аднавяскоўцаў. За гэта цэняць яго і паважаюць землякі. Трэба сказаць, што Мікалаю Адамавічу пашчасціла на добрых настаўнікаў, у ліку якіх у першую чаргу ён называе свайго папярэдніка — Варажуна Нікіфара Іванавіча, які не адзін год быў старшынёй Зеляноцкага сельсавета. I за сваю шчырую працу на гэтай пасадзе ўдастоіўся ордэна «Знак пашаны». Дарэчы, гэта была вялікая рэдкасць, калі кіраўніка сельсавета ўвогуле адзначалі ўзнагародай.

Клопатаў у старшыні сельсавета з гадамі не змяншаецца. Наадварот, прыбывае. Вёска старэе ў прамым сэнсе гэтага слова.

— На мінулым тыдні, — га-ворыць Мікалай Адамавіч, — пахавалі яшчэ двух ветэранаў вайны. Старэйшае пакаленне адыходзіць, моладзь з’язджае ў горад. Старыя плачуць, што каля іх няма іх родных, і ў той жа час самі не хочуць, каб яны вярталіся назад.

А дапамогі для старых патрабуецца шмат: і агарод узараць, і печ перабраць, і дроў нарыхтаваць, ды ці мала яшчэ чаго. Вось і даводзіцца круціцца, як вавёрка ў коле, каб хоць неяк задаволіць шматлікія запыты адзінокіх, састарэлых, ды і астатніх жыхароў вёскі.

 Сённяшнія Насавічы

Сёння ў весцы ў 122 дварах пражывае 275 жыхароў, з іх дзяцей да 15 гадоў — 27, пенсіянераў — 85, працаздольных — 163. У населеным пункце функцыяніруюць сельскагаспадарчы філіял ААТ «Калінкавіцкі мясакамбінат», базавая школа, ФАП, сельскі Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне паштовай сувязі. Насавічы з’яўляюцца цэнтрам Зеляноцкага сельскага Савета.

Многія ўраджэнцы вёскі атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, працуюць у розных кутках нашай краіны. У іх ліку 32 настаўнікі, 10 інжынераў, 18 афіцэраў, 8 медыцынскіх работнікаў.

Трое насавічан: Піліпейка Рыгор Рыгоравіч, Піліпейка Аляксандр Ільіч і Піліпейка Міхаіл Міхайлавіч прайшлі вогненнымі дарогамі Афганістана. Былы афганец Піліпейка Міхаіл Міхайлавіч зараз працуе дырэктарам ГЛХУ «Калінкавіцкі лясгас».

Яго аднавяскоўцы: Рубанік Уладзімір Васільевіч — дырэктарам Калінкавіцкай ДЮСШ №1, Краўцоў Аляксандр Канстанцінавіч — загадчыкам адзялення траўматалогіі «сельмашаўскай» бальніцы ў Гомелі. Ды хіба ўсіх пералічыш?

У Насавічах ёсць усе ўмовы для жыцця і працы. Шкада толькі, што моладзь пакідае вёску.

Іван Гарыст.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.