Ліпаў

Пастанавілі: раскулачыць

У 1927 годзе ў СССР ўзнік крызіс хлебанарыхтовак. Іх план у Беларусі, напрыклад, быў выкананы толькі на 71,5%. Гэта стварала пагрозу выкананню планаў індустрыялізацыі і абвастрала сацыяльныя канфлікты у горадзе і вёсцы. І.В.Сталін і яго паплечнікі адхілілі прапанову М.І. Бухарына аб выхадзе з крызісу шляхам адмовы ад надзвычайных мер, пад’ёму сельскай гаспадаркі і развіцця рознабаковых форм кааперацыі. Гэтую прапанову яны назвалі ўступкай кулаку і праяўленнем правага ўхілу. Перавод сельскай гаспадаркі на шлях буйной абагуленай вытворчасці стаў разглядацца як сродак вырашэння праблемы збожжа і адначасова ліквідацыі кулацтва як галоўнага ворага савецкай улады.

У якасці першага сродку барацьбы з сапраўдным селянінам-гаспадаром на месцах згодна з інструкцыяй “з верху” пачалі выкарыстоўваць дзяленне ўсяго сялянства на кулакоў, сераднякоў і беднякоў і абкладанне першых павышанымі падаткамі.

Каб прасачыць, як гэта выглядала на справе, прывядзем наступны архіўны дакумент – выпіску з пратаколу пасяджэння Ліпаўскай сельскай падаткавай камісіі ад 11 кастрычніка 1929 г.:

“ Аб устанаўленні абкладаемага падатку з гаспадаркі в. Ліпава Бесяцкага Аляксея Янкава

Пастанавілі:

Гаспадарка Бесяцкага з’яўляецца яўна кулацкай, нягледзячы на тое, што зямлі 2,8 і сенажаці 2,2 дзес., аднак сам займае пасаду на працягу ўсяго лета. Зямлю і сенажаць апрацоўвае наёмнай працай, трымае па 2-3 тыдні, на працягу году наймае на сенажаць – 24 дні, на палявыя працы – жніво –16 дзён, мае агарод і пітомнік і на апрацоўку яго наймае — 37 дзён, а разам на працягу году наймае – 77 дзён” (Мазырскі архіў. Ф. 226, воп.1, с.55, л. 38).

Вось так проста па рашэнні сяброў (так тады называлі членаў савета – І.Г.) сельсавета аднавяскоўца, які меў ва ўласнаці зямлі ў два з паловай разы менш, чым прыгонны селянін у пана Атона Горвата, рабілі класавым ворагам. І гэта была агульнадзяржаўная палітыка сталінскага кіраўніцтва.
У Беларусі, напрыклад, народны камісар земляробства Д.Ф.Прышчэпаў і яго паплечнікі былі абвінавачаны ў праваухільных настроях. Іх абвінавацілі ў ідэі насаджэння хутароў, кулацкіх гаспадарак, недаацэнцы складанай машыннай тэхнікі, і, зразумела ж, перспектыў калгасна-саўгаснага будаўніцтва. У той жа час савецкія ўладарнікі зусім не звярталі ўвагу на тое, што савецкае заканадаўства прадугледжвала і свабодны выбар землякарыстання. Д.Ф.Прышчэпаў і 29 іншых беларускіх “праваухільнікаў” былі выключаны з бальшавіцкай партыі і рэпрэсіраваны.
Барацьба з правым ухілам суправаджалася фарсіраваннем калектывізацыі, наступленнем на яе галоўнага ворага, кулака. Да канца першай пяцігодкі планавалася абагуліць у Беларусі 185 тыс. га пасяўных плошчаў. Але хутка гэтыя лічбы былі перагледжаны. 5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову “Аб тэмпах калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”. У адказ на яго Пленум ЦК КП(б)Б, які праходзіў 6 студзеня 1930 г., прыняў рашэнне да пачатку пасяўной калектывізаваць 75-80% сялянскіх гаспадарак.
На месцы былі спушчаны адпаведныя “ука-зіўкі”, і гвалтоўны загон у калгасы пайшоў. Не спынілася і барацьба з кулаком. Яна, наадварот, пачалася на поўную моц.
Так, 23 студзеня1930 г. на пасяджэнні прэзідыума Ліпаўскага сельсавета галоўнымі пытаннямі разгляду сталі “Аб узяцці на ўлік кулацкіх гаспадарак Ліпаўскага сельсавета” і “Аб накладанні нарадаў на вываз лесу на кулацкія гаспадаркі”.
З тымі, хто не выконваў рашэнні сельсавета, не цырымоніліся. Напрыклад, на гэтым жа пасяджэнні прэзідыума, у час разгляду пытання “Аб няздачы хлеба ў спажывецкае таварыства” просьбу жыхара в.Ператок Янкі Алісейкі аб зняцці з яго абавязку аб пастаўцы 7 пудоў збожжа, не толькі не задаволілі, а наадварот павялічылі яму размер здачы хлеба ў два разы. У пратаколе пасяджэння так і запісалі: “Прыменіць Алісейку двухкратны размер за несвоеўременую здачу хлеба у ліку 14 пудоў” (Мазырскі архіў. ф.226, воп.1, с.67, лл. 1-2).
Ужо праз чатыры дні, на пасяджэнне сельсавета было вынесена пытанне “Аб раскулачванні кулацкіх гаспадарак”. Як сведчыць архіўны дакумент, прапанову па персаналіях агучыў на пасяджэнні рабочы брыгады Пекун. Пастанавілі: “Раскулачыць індывідуальныя гаспадаркі 1) Варанцова Кандрата, 2) Алісейка Рыгора, 3)Алісейка Базыля Раманава, 4) Алісейка Аніса Раманава, 5) Захаранка Савы, 6) Апеева Лукі, 7) Алісейка Маісея Б.
І па раскулачванні перадаць усю маёмасць у Чырвоны Ліпаў (калгас в. Вязавіца – І.Г.)”
На гэтым жа пасяджэнні ліпаўскія сельсаветчыкі разгледзелі і пытанне “Аб канфіскацыі будынкаў у кулацкіх гаспадарках”. Яны пастанавілі: “Адну хату Варанцова перадаць пад Косетаўскую школу, другую хату — для канцылярыі праўлення калгаса “Чырвоная змена”. Усе халодныя будынкі перадаць калгасу “Чырвоная змена”.
Прапанаваць Варанцову вызва-ліць упамянутыя будынкі ў трохдзённы тэрмін, а самому Варанцову высяліцца за межы калгаса і часова перайсці ў новую хату на хутар пад лесам.
У Алісейкі Базыля Раманава ўзяць адну хату пад Чырвоны куток, а самому прапанаваць вызваліць памяшканне і перайсці часова ў хату Алісейка Рыгора Базылева”.
На гэтым жа пасяджэнні прэзідыума сельсавета было разгледжана і пытанне “Аб адкліканні сяброў сельсавета з яго складу”. Архіўныя дакументы данеслі да нашых дзён скупыя радкі рэалій тых дзён:
“Прызыдыум с/с згаджаецца са сходам беднаты вёскі Косетаў аб тым што сябры с/с не здольны працаваць у с/с асабіста ў сучасны момант, калі калектывізацыя ідзе буйнымі тэмпамі.
1)Хвей Мацвей, 2)Хвей Ульян, 3) Штурма Ігнат вядуць працу супраць калектывізацыі, у Хвея Мацвея сабіраюцца ўсе кулакі і заможнікі і вядуць агітацыю аб наступным. Кажа, што ў калгасі будуць кляйміць і будуць агульныя жонкі. Самі ў калгас не йдуць. Кажа, што ў калгасі лодыры. І самі ніколі не з’яўляюцца на сход і працы ніякай сярод беднаты не вядуць.
Прызыдыум с/с са свайго боку лічыць даць адвод названым сябрам с/с і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці і перадаць справу следчым органам” (Мазырскі архіў. ф. 226. воп.1, с.67, лл.3-4).
Савецкай уладзе, як бачна, са спачуваўшымі кулакам было не па шляху.
10 лютага 1930 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) запіску, у якой прасіў уключыць Беларусь у шэраг раёнаў суцэльнай калектывізацыі. Для правядзення калектывізацыі ў вёску былі накіраваны сотні ўпаўнаважаных, якія ў большасці сваёй нават не ведалі інтарэсаў і жыцця сялян. Нярэдка пад пагрозай нагана яны складалі спісы “жадаючых” уступіць у калгас. Усіх тых, хто супраціўляўся, раскулачвалі і высылалі.
Так, 14 лютага 1930 г. на пасяджэнні прэзідыума Ліпаўскага сельсавета, на якім прысутнічалі яго члены: Ткач – старшыня сельсавета, Рэкіш, Кавалёў, Перапеча Ганна, Ясенкоў, Ясенкоў Антось – сябры сельсавета і яго сакратар Салаўянчык, было разгледжана пытанне “Аб высяленні кулакоў за межы БССР”.
Прэзідыум прыняў рашэнне ўсіх кулакоў сельсавета падзяліць на тры катэгорыі. Так, напрыклад, жыхары в. Косетаў Алісейка Аніс Раманавіч і Алісейка Рыгор Базылевіч былі аднесены да першай катэгорыі “як кулакі і варожыя аліменты, якія угражаюць зрыву калектывізацыі і вядуць агітацыю супраць калектывізацыі, а таксама сумелі разбазарыць сваю маёмасць да раскулачыванія і наблюдаюць угрозы на брыгадзераў”. Зразумела, што вердыкт сельсаветчыкаў да абодвух Алісейкаў быў адзін – раскулачыць і выслаць за межы Беларусі.
Косетаўцы Варанцоў Кандрат, Алісейка Маісей і Захаранка Сава, “як не яро уступаўшые проціў калектывізацыі но крэпко заможно-кулацкіе і якіе велі агітацыю супраць калектывізацыі”, былі аднесены да другой катэгорыі кулакоў, шлях якім таксама вызначаўся за межы раёна.
Іх аднавяскоўцаў Алісейку Базыля і Агеева Луку, “як неяро уступаўшых яднанню”, аднеслі да трэцяй катэгорыі.
Да трэцяй катэгорыі кулакоў аднеслі і сялян з в.Хамічы Журава Яўхіма Міканоравіча, Горбача Пятра Кандратавіча, Хадзько Аліхвера. А вось іх аднавяскоўца Молчана Льва, які ў царскія часы быў старастай вёскі, залічылі ў другую катэгорыю і выслалі за межы БССР.
Да першай катэгорыі кулакоў аднеслі сялян з в. Ператок Алісейка Янку Герасімавіча і Алісейка Паўліну Дзянісаўну. Па сцвярджэнню члена прэзідыума, члена КП(б)Б Рэкіша Рыгора , “гэтыя кулакі адкрыто уступаюць супроць сав. власьці і робяць насьмешку з працоўнікаў улады і Мая” (Мазырскі архіў. Ф. 226, воп.1, с.67, лл. 3-4).
Да мая 1930 г. у Беларусі было раскулачана 15629 гаспадарак. Узровень калектывізацыі хутка рос. Калі ў студзені 1930 г. было абагулена 20,9% сялянскіх двароў, то ўжо да сакавіка – 58%.
У выніку масавай калектывізацыі ў 1929 г. былі створаны калгасы: “Чырвоны Ліпаў” у Вязавіцы, “Карла Маркса” у Гогалева, “Камінтэрн” (затым быў перайменаваны ў “Чырвоны Ракаў”) у Ракаве; у 1930 г. – “Чырвоная Змена” у Косетаве, “12 год Кастрычніка” у Хамічах; у 1931 г. – “Імя Галадзеда” у Ператоку.
Вось што напісаў пра вынікі калектывізацыі ў Ліпаўскім сельсавеце яго старшыня Ткач 18 красавіка 1931 г. у газеце “Калгаснік Мазыршчыны”:
“У Ліпаўскім сельсавеце арганізавана 7 калгасаў, але ж дапамогі гэтым калгасам няма. Брыгады з раёна, што вылучаліся, толькі рабілі аб’езд вёсак, бралі звесткі аб колькасці ўвайшоўшых сяброў у калгас, практычна ж працы ніякой не вялі. Колькі не пісалі ў куст і ў РВК, карысці мала. Нерашуча бяруцца за справу і самі калгаснікі. Узяць да прыкладу хоць бы падрыхтоўку да пасеўкампаніі: плугі не адрамантаваны, насенне хоць і ачышчана, але вельмі дрэнна, абмену насеннем няма, куст і РВК аб гэтым не клапоціцца. Аграном адзін раз аб’ехаў па калгасах, узяў статыстычныя даныя і больш да гэтага часу не быў.Ужо трэба рабіць усадзьбу, а што і як будаваць – невядома… Калгаснікі гуляюць, працы няма. Іншым гэта нагода на руку, гэта тым, што жадаюць раскідаць калгас. Некаторыя калгасы парашылі самі адводзіць усадзьбу. Тут можа здарыцца небяспека – ці добрае месца яны абралі…”
У гэтым жа нумары газеты расказвалася і пра агітацыйна-інфармацыйную падтрымку калектывізацыі, якая праводзілася ў сельсавеце. Газета паведаміла:
“Ліпаўскай ячэйкай КП(б)Б зацверджаны рэдактарамі насценных газет наступныя таварышы. Газета “Іскра Ільіча” пры сельсавеце і сельпо — Арцюшэнка, “Трыер” (калгас “Камінтэрн”, в. Ракаў) – камсамолец Сцяпан Алісейка, “Калгаснік Хамічы” (калгас “12-летие Октябрьской революции”, в. Хамічы) – ніхто не назначаны, “Чырвоны Ліпаў”(калгас “Будаўнік калгаса”, в. Вязавіца – Трафім Ткач, “За новы быт” (калгас “Чырвоная змена”, в. Косетаў) – Вера Савянок, “Камуна” (калгас “Новы Мнагаверш”) – Арцюшэнка.
Перавыбрана рэдкалегія насценнай газеты “Усход” у саўгасе “Ліпаў”, яе ўзначаліў т. Ізотаў.
Аграработу па газетах вядуць т.Пінькоў – вёскі Ракаў, Ператок, Косетаў; т. Баркоўскі – вёскі Вязавіца, Хамічы, Мнагаверш. Пры сельсавеце і саўгасе – т.Пугач, старшыня Ліпаўскай ячэйкі КП(б)Б”.
Яшчэ раней, 27 кастрычніка 1927 г., газета “Савецкая вёска” паведамляла, што “да 10-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі на капейкі, сабраныя былымі батракамі, адкрыта радыё для сельскагаспадарчых рабочых саўгаса “Ліпава”. Жыхары Ліпава слухаюць навіны з Мінска і Масквы…”
…У другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў саўгас “Ліпаў” пераехала шмат сем’яў з Ельскага раёна, якія дагэтуль жылі і працавалі ў саўгасе “Марынкі”. Так у Ліпаве з’явіліся прозвішчы: Новік, Сянько, Літвінюк і інш.
У 1928 г. дырэктарам саўгаса “Ліпава” прызначылі Гнётава Аляксандра Сямёнавіча, 1909 г. н. Саўгас спецыялізаваўся на вырошчванні збожжа, агародніны і садавіны, разводзіў буйную рагатую жывёлу.
У 1934-39 гг. у Ліпаў прыйшоў новы паток перасяленцаў. У вёсцы паявіліся новыя прозвішчы: Балахонаў, Міруценка, Трухан, Фралоў, Якуш.

Смяротнае выпрабаванне

У 1985 г. газета Хабараўскага краявога камітэта ВЛКСМ “Молодой дальневосточник” надрукавала ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну жонкі Аляксандра Гнётава Антаніны Канстанцінаўны Дзмітрыевай, якая да вайны ўзначальвала ў Ліпаве саўгасныя дзіцячыя яслі. Вось што яна ўспамінала пра першыя дні вайны:
“Чэрвень 1941 года. Саўгас «Ліпава». Адно з цудоўнейшых месцаў Беларускага Палесся. Маленькія ўтульныя домікі саўгаса патанаюць у зеляніне. У палісадніках квітнеюць мальвы. Наліваюцца сокам яблыкі і грушы ў велізарным саўгасным садзе. Людзі адпачываюць перад пачаткам уборкі ўраджаю, які абяцае быць багатым.
Толькі па раніцах і вечарах раздаюцца гучныя галасы на ферме, а да позняй ночы — песні моладзі. Днём было вакол ціха. Кожны займаўся сваімі хатнімі справамі. На вуліцы гулялі дзеці…
І вось сярод гэтага яснага неба грымнуў раптам гром.
Як цяпер бачу. 22 чэрвеня. Нядзеля. Да репродуктора на высокім слупе ля садовай загарадзі, супраць будынка крухмальнага завода, бягуць святочна апранутыя людзі. Мужчыны, жанчыны, дзеці. Некаторыя спачатку не разумеюць, у чым справа, не вераць страшнаму слову: «Вайна!».
На некалькі хвілін натоўп заціхае, затаіўшы дыханне, слухае пра спасцігшую бяду. Строгія, нахмураныя твары мужчын. Жанчыны выціраюць слёзы, дзеці, якія яшчэ не зразумелі, у чым справа, прыціскаюцца да іх каленяў, са страхам зазіраюць у вочы.
А на другі дзень — першыя праводзіны на фронт. Тут жа, у загарадзі, каля саду, усе жыхары вёскі. Старыя, дзеці. Запрэжаныя ў вазы коні, нецярпліва чакаюць. Плачуць зноў, цяпер ужо наўзрыд жанчыны і дзеці…
Кожную раніцу людзі прагна ўслухоўваліся ў першыя зводкі з фронту. Яны не былі радаснымі. Дні праз тры-чатыры высока ў небе пачуўся дагэтуль незнаёмы злавесны гул самалёта. Усе адразу зразумелі: «Не наш, нямецкі». Трывожна ўзіраліся ў неба, здавалася, што фашыст, які сядзеў у самалёце, аглядае мясцовасць, і добра бачыць кожнага з нас.
Гэта было незвычайна і крыху страшна. Потым да іх прывыклі. Яны сталі лётаць часцей, але праляталі міма… Пакуль…
Як цяпер бачу, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны перад захадам сонца ўдалечыні, на прамой дарозе, з’явіўся нейкі дзіўны натоўп людзей. Падыйшлі бліжэй — старыя, жанчыны, дзеці з вузельчыкамі і клункамі за плячыма. Запыленыя, стомленыя, бледныя. Насустрач выбеглі ўсе жыхары саўгаса, спачатку не разумеючы, але потым усё зразумелі, зноў пабеглі ў свае дома, вяртаючыся назад з хлебам, малаком, яйкамі і іншай ежай у руках. Гэта былі першыя, убачаныя намі ўцекачы з Заходняй Беларусі.
3 ліпеня пакінула і я свае наседжанае гняздо, свой дом, і ўсё ў ім нажытае за кароткія, але шчаслівыя гады. У адзін дзень у спешным парадку пачалася эвакуацыя саўгаснага статка, з ім на калёсах і пешкі сыходзілі і даяркі. Рыхтавалася да адпраўкі і калона трактароў. На адну з пляцовак пагрузілі і нас, некалькі сем’яў з дзецьмі, з самымі неабходнымі рэчамі і адзеннем.
Дагэтуль помняцца тыя натоўпы бежанцаў, машыны, трактары, жывёла. Жанчыны і дзеці, якія плачуць. Наш раённы цэнтр Васілевічы, праз які рухалася трактарная калона. Спусцелыя вуліцы. Нядаўні налёт фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў. Першыя трупы на вуліцах, разбураныя дамы.
Наш шлях ляжыць да ст. Камарын. Гэта мяжа Беларусі і Украіны. Там, па нашых разліках, мы павінны былі «перачакаць».
І зноў рухаемся наперад павольна, цяпер у эшалоне, які стаў нам домам амаль на 20 дзён, да Саратава.
Потым я пасяляюся ў маленькім гарадку на Волзе, непадалёку ад Сталінграда. І адразу ж станаўлюся санітарнай дружынніцай ў шпіталі. Параненыя прыбываюць кожны дзень. Іх шмат, яны цяжкія.
Першыя горкія ўражанні, ад вынікаў вайны — абпаленыя целы лётчыкаў і танкістаў, раскрытыя раны ў жываце.
Першыя ночы я не магла спаць пасля праведзенага дня ў шпіталі. Мне снілася кроў, стогны параненых не змаўкалі ў маіх вушах. Але паступова нервы станавіліся мацней, сэрца больш жорсткім, і хацелася толькі аднаго — палегчыць пакуты параненых, дапамагчы ім вылечыцца.
Ночы ўжо не раздзяляліся з днямі. На нагах былі столькі, колькі было трэба, і ўжо нічога не снілася ў кароткія гадзіны, калі выпадала адпачыць. Я стала аперацыйнай санітаркай. Горка плакала, прыхінуўшыся да сцяны, калі ўпершыню на маіх руках, не вытрымаўшы цяжкай аперацыі, перастаў дыхаць малады салдат. Потым «прывыкла», сціснуўшы зубы і нервы ў кулак, асцярожна пакавала, аднятыя хірургам рукі і ногі ў спецыяльныя скрыначкі і адносіла іх «хаваць»…
Праз шмат гадоў — я і цяпер бачу гэтыя белыя з сінню скрываўленыя абрубкі і адчуваю іх халоднае дакрананне да маіх рук.
А зводкі па радыё прыходзілі ўсё страшней і страшней: «Нашы войскі пакінулі… Мазыр, Гомель, Мінск… Беларусь у руках фашыстаў”…
Што там, у нашым Ліпаве? Акрамя рабочых саўгаса, у ім засталося і яго кіраўніцтва, і сярод іх-мой муж — дырэктар саўгаса. І вось нечакана першая, хоць і невясёлая, але вестачка. І цяпер я чытаю паўсцёртые радкі дарагога мне ліста ад галоўнага агранома саўгаса Фёдара Іванавіча Фралова:
“12 верасня 1941 года, г. Курск.
Я знаходжуся ў Курскім саўгасным упраўленні праездам і вырашыў вам паведаміць пра лёс нашага саўгаса. Я быў у Ліпаве да апошняга дня. Ураджай быў вельмі добры на памідоры, яблыкі і мёд, але працаваць было цяжка, людзей засталося мала, але мы стараліся карміць нашых дарагіх байцоў, варылі ім абед у сталовай бясплатна.
Пакуль нашы войскі былі за саўгасам, побач з намі, нам было весялей, але калі яны сышлі раніцай 20 жніўня, мне ў саўгасе было заставацца небяспечна і ўвечары я паехаў на конях, а 21 жніўня раніцай саўгас занялі немцы.
Перад гэтым я пастараўся, каб усе рабочыя былі забяспечаны прадуктамі харчавання са склада і каб у ім не засталося нічога для немцаў, але пры ад’ездзе я ўсё-такі сказаў Міруценка (загадчык гаспадаркі саўгаса — І.Г.): “Глядзі за маёмасцю саўгаса”.
У Курску я даведаўся, што нашы трактары ў Пензе, а каровы і людзі, якія з імі сышлі — у саўгасе «Яраслаўка» Тамбоўскай вобласці. Вельмі турбуюся аб сваёй маці, якая засталася ў Арлоўскай вобласці, а ёй 83 гады. Але я веру, што мы вернемся ў наш Ліпаў. Да пабачэння!..»
Але не бачыліся мы ўжо больш ніколі з гэтым выдатным чалавекам — Фёдарам Іванавічам Фраловым. Не вярнуўся ён і ў Ліпаў.
Неўзабаве ў Камышыне мяне адшукалі некалькі чалавек з нашага саўгаса, якія трапілі ў адну вайсковую часць на фронце, сем’і якіх засталіся ў акупацыі. З адным з іх, Іллёй Казлоўскім, я перепісвалася ўсю вайну і, па яго словах у лістах, палегчыла яго фізічныя пакуты ў час лячэння ў шпіталі і маральныя ад растання з роднымі, якія засталіся ў акупацыі. Але нікога з іх я больш ужо ніколі не бачыла”.
Не давялося Антаніне Канстанцінаўне больш пабачыцца і са сваім мужам, які пасля эвакуацыі саўгаснай гаспадаркі з Ліпава з першых дзён знаходзіўся на фронце. 15 красавіка 1942 г. палітрук 3-га эскадрона 126-га кавалерыйскага палка Аляксандр Гнётаў, які ваяваў на Заходнім фронце, напісаў сваёй сям’і апошняе пісьмо:
“Добры дзень, мілая Тося і сын Юрык. Вось я зноў знаходжуся ў зоне баявых дзеянняў. 10-га прыбыў на месца, а 11-га прыняў эскадрон. Гэтыя дні я ўвесь час быў заняты, а сёння выбраў вольную хвіліну, каб напісаць вам. Пасылаў вам дзве паштоўкі з дарогі, вы іх, відаць, ужо атрымалі.
У нас тут сапраўдная вясна, снегу ўжо амаль няма, толькі вельмі гразка і ідзе дождж. Пра мяне не хвалюйцеся, я сябе адчуваю добра. Пішыце мне часцей. Чакайце мяне з перамогай.
Ваш папа Шура”.
У красавіку 1942 г. палітрук Аляксандр Гнётаў у час жорсткіх баёў прапаў без вестак.

Франтавікі

У першыя дні вайны, як занатавала ў сваіх успамінах Антаніна Гнётава, у Чырвоную Армію прызвалі многіх ліпаўцаў прызыўнога ўзросту.
Напрыклад, чацвёра сыноў Абрама Міневіча змагаліся з ворагам. Аднак, на вялікі жаль, ні аднаму з іх не было суджана дачакацца Перамогі. Так, штурман 8-га дывізіёна 2-й брыгады падводных лодак Балтыйскага флота старшы лейтэнант Міневіч Леанід Абрамавіч, 1911 г.н., загінуў на падводнай лодцы “М-103” ў жніўні 1941 г.
Яго брат Шая, 1910 г.н., камандзір стралковага ўзвода 20-га стралковага палка 37-й стралковай дывізіі, старшы лейтэнант загінуў у баі 13 верасня 1943 г.
Іх старэйшы брат Міхаіл, 1905 г.н., прапаў без вестак. Такая ж доля напаткала і Аляксандра.
Загінулі на фронце і абодва сыны Івана Капітонава: Мікалай, 1903 г. н., памёр ад атрыманых ран у г. Туле, а Міхаіл, 1907 г.н., прапаў без вестак.
Загінула ў час разгрому Ліпаўскага паліцэйскага гарнізона ў 1942 г. і жонка Мікалая.
Аддала сваё жыццё за Радзіму і дачка Івана Капітонава Марыя, якая была сакратаром Ліпаўскага сельсавета ў 20-я гг. і жонкай яго першага старшыні Фёдара Молчана. Нягледзячы на тое, што ў Марыі былі малалетнія сын і дачка, і смяротная небяспека пагражала ўсім ім у выпадку правалу, яна стала партызанскай сувязной. Не раз і не два прабіралася праз варожыя кардоны, каб даставіць у Рудабелку (партызанская зона ў Акцябрскім раёне – І.Г.) разведданыя і інфармацыю ад партызан і падпольшчыкаў, што дзейнічалі ў ваколіцах Ліпава. Нейкі іуда выдаў патрыётку. Немцы схапілі яе дома і некалькі дзён катавалі ў Васілевічах. Так і не дабіўшыся ад мужнай жанчыны ні слова, фашысцкія вылюдкі расстралялі яе ва ўрочышчы Рубанікі, ля Васілевіч.
Муж Марыі аб гэтай трагедыі даведаўся толькі пасля вызвалення Калінкавіцкага раёна ў пачатку 1944 г., калі атрымаў пісьмо з ліпаўскай зямлі ад свайго цесця. Бацька Марыі напісаў яму, што няма больш яго мілых дачушкі і сыноў. А вось яго, Фёдара Молчана, чакаюць не дачакаюцца дома дачка Уладзілена і сын Георгій, якіх ён зараз выхоўвае.
Фёдар Молчан з першых дзён вайны знаходзіўся на фронце. Ваяваў на Бранскім, Заходнім, Паўночна-Заходнім і 3-м Украінскім франтах. Вайна набліжалася да свайго завяршэння, але ад гэтага не станавілася больш небяспечнай, байцы і камандзіры працягвалі гінуць на палях баёў з лютым ворагам, які ў прадчуванні блізкай канчыны аказваў усё больш жорсткае супраціўленне. Страшная вайна, якая забрала ў дзяцей іх маці, не пакінула ім і бацьку.
24 снежня 1944 г. камандзір узвода Т-34/85 1-га батальёна 110-й танкавай Знаменскай Чырвонасцяжнай ордэна Кутузава дывізіі старшы лейтэнант Фёдар Молчан, выконваючы загад камандавання па авалоданні горадам Бічке ў Венгрыі, першым са сваім узводам уварваўся ў горад, дзе асабіста знішчыў адну гармату, 5 мінамётных кропак і да 30 салдат і афіцэраў праціўніка.
У цэнтры горада варожая “Пантэра” стрэлам сваёй гарматы падпаліла танк Молчана. Аднак адважны камандзір не пакінуў поле бою. На палаючым танку ён пайшоў на таран “Пантэры” і збіў яе з дарогі, забяспечыўшы тым самым дальнейшы свабодны праход савецкім танкам.
Фёдар Молчан загінуў смерцю храбрых на полі бою. Камандаванне пасмяротна ўзнагародзіла мужнага афіцэра ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
Без вестак у гарніле вайны згінулі ліпаўчане: Ізотаў Барыс Іванавіч, 1900 г.н., Кабышаў Міхаіл Іванавіч, 1920 г.н., Траўнічак Генрых Норбертавіч,1915 г.н., Харчанка Сцяпан Давыдавіч, 1903 г.н., Якуш Мефодзій Нічыпаравіч, 1907 г.н. У сакавіку 1944 г. прапаў без вестак на фронце Ажанілак Уладзімір Францавіч, 1909 г.н.
У 1944 г., пасля вызвалення ліпаўскай зямлі ад захопнікаў, на фронт Васілевіцкім райваенкаматам быў прызваны Алісейка Фёдар Дзянісавіч, 1926 г.н. Стралок роты аўтаматчыкаў, яфрэйтар Алісейка вызначыўся ў баях на плацдарме р. Нарэў. У ноч з 13 на 14 студзеня 1945 г. баец, які ўвайшоў у групу разгароджвання, нягледзячы на моцны кулямётны і мінамётны агонь праціўніка ўмела прабраўся да провалачнай агароджы праціўніка, і папярэдне правёўшы размініраванне, зрабіў праходы ў варожы бок.
Загадам камандзіра 19-га стралковага выбаргскага Чырвонасцяжнага палка 90-й стралковай дывізіі 17 студзеня 1945 г. яфрэйтар Фёдар Алісейка за гэты подзвіг быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. А 29 красавіка адважны баец сканаў ад атрыманых ран у в. Блюменталь, якая знаходзіцца ў Памераніі.
У Германіі ў самым канцы вайны загінуў і Трухан Васіль Іванавіч, 1925 г.н. 17 студзеня 1945 г. памёр ад ран на тэрыторыі Польшчы і Козка Аліфер Пятровіч.
У пасляваенныя гады ў грамадскіх месцах населеных пунктаў (клубах, школах, канторах і г.д.) вывешвалі стэнды “Яны змагаліся за Радзіму”, “Нашы землякі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “Іх узнагародзіла Радзіма”. Былі такія стэнды і ў в. Ліпава.
Яны, дарэчы, ёсць і сёння ў гісторыка-краязнаўчым музеі Ліпаўскай школы. Так, на стэн-дзе “За мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны іх узнагародзіла Радзіма” пералічаны франтавікі – жыхары Ліпава і вёсак Ліпаўскага сельскага савета і іх баявыя ўзнагароды. Напрыклад, у ліку кавалераў ордэна Чырвонай Зоркі адзначаны Бакіноўскі У.Ф.,Башак І.Я., Бохан Ф.І., Горбач П.І., Ларыёнаў А.І., Лахадыр А.Я., Маляўка М.Г., Найбарт Я.Ф.,
Папок С.С.

А Бохан Фёдар Ільіч, які пасяліўся ў Ліпаве ўжо пасля вайны, двойчы ўдастоены гэтай узнагароды. Да таго ж баявы шлях франтавіка адзначаны яшчэ ордэнамі Чырвонага Сцяга, Славы 3-й ступені і медалём “За баявыя заслугі”.
Першую сваю ўзнагароду — медаль “За баявыя заслугі” наводчык 2-га дывізіёна 57-га артпалка 95-й стралковай дывізіі Заходняга фронта малодшы сяржант Фёдар Бохан атрымаў, як паведамляецца ў прадстаўленні да ўзнагароджання “…за бой за вёскі Замошша і Сухі Пачынак, які адбыўся 31 жніўня 1943 г. Нягледзячы на на бесперапынны мінамётны і артылерыйскі абстрэл яго пазіцыі, Бохан вёў прыцэльную стральбу па пазіцыях ворага. У выніку чаго былі разбіты два варожых кулямёты (станкавы і буйнакаліберны) і знішчаны іх разлікі”.
Праз год загадам камандзіра 95-й стралковай дывізіі ад 28 жніўня 1944 г. камандзір гарматы 57-га артпалка сяржант Бохан за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Другі ордэн Чырвонай Зоркі адважны артылерыст атрымаў у студзені 1945 г. за баі на тэрыторыі Польшчы. “Пры прарыве абароны праціўніка ў раёне в. Кіянка сяржант Бохан агнём сваёй гарматы знішчыў дзве мінамётныя батарэі праціўніка з прыслугаю, тры станкавых і чатыры ручных кулямёты. Падавіў агонь адной мінамётнай батарэі і разбурыў чатыры ДЗОТы.
У раёне в. Шумячыцэ прамой наводкай адбіў контратаку праціўніка і знішчыў 10 нямецкіх салдат, у выніку чаго забяспечыў рух нашай пяхоты наперад”, — так сказана ў наградным лісце.
27 красавіка 1945 г. камандзір палка маёр Іванцоў прадставіў камандзіра гарматы Бохана да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені. У наградным лісце камандзір напісаў: “24 04.1945 г. у баі ў раёне в. Беескаў агнём сваёй гарматы Бохан Ф.І.прамой наводкай разбіў 4 дамы, у якіх былі агнявыя кропкі, падавіў агонь двух станкавых кулямётаў і адной гарматы, рассеяў і часткова знішчыў каля ўзвода пяхоты праціўніка”. Ордэн Славы салдат атрымаў непасрэдна ў День Перамогі – 9 мая 1945 г.
Ордэнам Славы 3-й ступені былі ўзнагароджаны і Пікун У.Ф., і Фомчанка А.М.
Калі пачалася вайна, Уладзіміру Фадзеевічу Пікуну ішоў усяго 21 год. Васілевіцкі райваенкамат мабілізаваў яго ў войска па першым прызыве ў ліпені 1941 г. На фронце баец апынуўся ў снежні 1941 г. Служыў разведчыкам у 44-й стралковай брыгадзе 1-й ударнай арміі на Паўночна-заходнім фронце. Нядоўга давялося чырвонаармейцу Пікуну ісці франтавымі дарогамі: 1 лютага 1942 г. у крывапралітных баях пад Стараю Русай разведчык атрымаў цяжкае раненне ў левае плячо, у выніку чаго рука ў плечавым суставе перастала працаваць.
Медалём “За адвагу” былі адзначаны П.І. Горбач, В.Ф.Драпеза, І.Д. Захаранка, Н.Ф. Краўцоў, У.А.Мацагуд, Н.Г. Маляўка, А.Ф.Навіцкі, І.І.Пырх, В.П. Тарасевіч і Ф.Д.Якуш.
Напрыклад, чырвонаармеец Пырх Іван Іванавіч, 1921 г.н., служыў у арміі з 1940 г. Вайна яго захапіла,калі ён знаходзіўся на сапраўднай вайсковай службе. Ваяваў у артылерыі. Быў арудзійным нумарам 76-міліметровай батарэі 176-га стралковага Пярнаўскага Чырвонасцяжнага палка 46-й стралковай Лужскай ордэна Суворава дывізіі. Удзельнічаючы ў наступальных баях з 26 па 30 красавіка 1945 года супраць нямецкіх акупантаў, чырвонаармеец Іван Пырх праявіў у чарговы раз мужнасць і адвагу. Нягледзячы на бесперапынны варожы агонь ён падбіў тры самаходных гарматы, разбіў прамой наводкай дзве 75-міліметровыя пушкі і 5 станковых кулямётаў, якія мяшалі руху нашых войск наперад. За гэты подзвіг камандзір палка прадставіў адважнага артылерыста да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені. Праўда, вышэйстаячае камандаванне пашкадавала салдату ордэна, ён атрымаў медаль “За адвагу”.
Калі пачалася вайна Мацагуду Уладзіміру Андрэевічу было ўсяго 16 гадкоў. Таму, зразумела, на фронт з землякамі па першаму прызыву ён трапіць не мог. Аднак, юны патрыёт не хацеў заставацца ў баку ад усеагульнай народнай барацьбы з акупантамі. Ў 1942 г. ён становіцца байцом партызанскага атрада імя Панамарэнкі. У адным з баёў атрымаў раненне. А пасля выгнання нямецкіх захопнікаў з роднай зямлі, уступіў у рады Чырвонай Арміі. Служыў мінёрам сапёрнай роты 275-га асобнага матарызованага Свірскага батальёна спецыяльнага прызначэння. У кастрычніку 1944 г., у час фарсіравання заліва Бек-Фьёрд і пры ўзяцці горада Кіркенес, малодшы сяржант Мацагуд, як запісаў яго камандзір батальёна падпалкоўнік Леўчанка у наградным лісце, “…праявіў выключную мужнасць і адвагу. Тав. Мацагуд перад пачаткам фарсіравання быў пасланы для ачысткі дарогі на подступах да заліва, і на беразе, які быў заняты праціўнікам.
Першым пераправіўшыся пад артылерыйска-мінамётным агнём праціўніка цераз заліў тав. Мацагуд зняў 75 супрацьтанкавых мін. У далейшым, рухаючыся ў першых радах наступаючых войск да горада Кіркенес, зняў яшчэ 55 супрацьтанкавых і супрацьпехотных мін. Акрамя гэтага ён яшчэ размініраваў тры артылерыйскіх склады на ўскрайку горада”. За гэты подзвіг паляшук атрымаў медаль “За адвагу”.
Вайну старшы сяржант Уладзімір Мацагуд закончыў на Далёкім Усходзе, пасля капітуляцыі Японіі. З фронта вярнуўся ўзнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, медалямі: “За абарону Савецкага Запаляр’я”, “За адвагу”, “За ўзяцце Будапешта”, “За ўзяцце Вены”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй” і “За перамогу над Японіяй”.
У ліку кавалераў медаля “За баявыя заслугі” – К.І.Арлоўскі, У.Ф.Драпеза, І.І. Захаранка, Лахадыр А.Я., М.Ф.Краўцоў і інш.
Напрыклад, чырвонаармеец Уладзімір Філімонавіч Драпеза, 1921 г.н., у дзеючай арміі знаходзіўся з 12 ліпеня 1941 г. Ваяваў у складзе Паўднёва-Заходняга, Бранскага і Прыбалтыйскага франтоў. Яго вайсковая прафесія больш падобна была на мірную. Уладзімір Філімонавіч быў малатабойцам рухомых майстэрняў тэхнічнай роты 6-га маставога чыгуначнага батальёна. У прадстаўленні да ўзнагароды медалём “За баявыя заслугі” яго камандзір батальёна Цітоў напісаў:
“Чырвонаармеец Драпеза У.Ф, з’яўляючыся малатабойцам рухомых майстэрняў, дзякуючы асабістай энергіі, усведамлення адказнасці за даручаную справу, энтузіазму ў працы, паказаў высокую прадукцыйнасць працы пры вырабе паковак для работ па аднаўленню чыгуначнага маста цераз раку Заходняя Дзвіна.
Працуючы 25. 10.1944 г. у пары з чырвонаармейцам Бычковым А.І., яны вырабілі 410 балтоў рознай даўжыні пры норме 200, выканаўшы тым самым дзённае заданне на 205 %.
Высокая прадукцыйнасць працы Драпеза У.Ф. натхніла астатніх байцоў на перавыкананне даведзеных ім заданняў”.
За самаахвярную працу, яе высокую прадукцыйнасць, што дазволіла хутка адрамантаваць мост і аднавіць рух па ім ваенных цягнікоў, чырвонаармеец быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Толькі не за ўзна-гароды ваявалі ў тую грозную гадзіну савецкія людзі, яны на смерць біліся з ворагам, каб вызваліць сваю родную зямлю з-пад нямецка-фашысцкай няволі. Ваявалі на франтах, змагаліся з агрэсарам і на акупіраванай тэрыторыі.

Падпольшчыкі і партызаны

Немцы прыйшлі ў Ліпаў 21 верасня 1941 г. Акупанты ператварылі вёску ў сваю апорную базу. Ліпаў стаў цэнтрам воласці нямецкай улады, тут жа быў створаны нямецка-паліцэйскі гарнізон.
Аднак чужынцам яшчэ ні разу не ўдавалася скарыць талерантных і памяркоўных беларусаў. Ва ўсе часы беларускі народ паўставаў на непрымірымую барацьбу з чужынцам.
Уключыліся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі і жыхары Ліпава і навакольных вёсак. З жыхароў Ліпава, Вязавіцы і Мнагаверша (цяпер Міроненкі) ўтварылася падпольная група, у якую ўвайшлі М.Ф. Бачура, Ф.Р. Маладзянаў, М.І. Молчан , Я.Д.Пырх, В.С. Суседчык, А.Н.Траўнічак, Д.С. Хруль, В.К. Чайкоўскі (Памяць.Калінкавіцкі раён, Мн., “Ураджай”, 1999, с.263).
Кіраваў групай Павел Архіпавіч Пінчук, які затым стаў камандзірам атрада № 5 Васілевіцкай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі.
А явачнай кватэрай для патрыётаў стаў дом настаўніка Ліпаўскай сямігодкі Васіля Міхайлавіча Яначкіна, ў якім сабіраліся падпольшчыкі.
Спачатку падпольшчыкі сабіралі зброю, распаўсюджвалі зводкі Савін-фармбюро, назапашвалі разведданыя.
Ліпаўскі камсамолец Іван Сідорскі, які па накіраванні саўгаса “Ліпаў” да вайны закончыў Саратаўскае вучылішча радыётэхнікаў і працаваў на саўгасным радыёвузле, сабраў радыёпрыёмнік, яго ўстанавілі ў хаце Марыі Варажун, якая жыла ў в. Гогалева. Па ім падпольшчыкі атрымлівалі апошнія весткі з Масквы і распаўсюджвалі іх сярод мясцовага насельніцтва.
У 1942 г. асноўная частка падполь-шчыкаў перайшла да актыўнай барацьбы з ворагам, яны ўліліся ў партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў гэтай зоне.
Варожы гарнізон, што стаяў у Ліпава, даўно не даваў спакою народным барацьбітам, і ў канцы 1942 г. яго атакавалі. Вось што ўспамінаў аб гэтых падзеях былы партызан Даманавіцкай партызанскай брыгады М.Я Краўцоў:
“Партызанскае камандаванне даўно выношвала план разгрому найбольш буйнога ў раёне нямецка-паліцэйскага гарнізона ў в. Ліпава. Сіл у даманавіцкіх партызан для гэтай аперацыі недастаткова, трэба было аб’яднацца з калінкавіцкім атрадам. Падпольшчыкі з Ракава, Даманавіч вывучылі абарону гарнізона і перадалі партызанам план размяшчэння агнявых кропак. Партызанскім сувязным пашанцавала пабываць у самім гарнізоне, калі вазілі ў Ліпава на паравы млын зерне для памолу. Немцы і паліцаі нерваваліся, частымі былі беспрычынныя расправы над мірнымі жыхарамі…
25 снежня 1942 г. партызаны аб’яднанымі сіламі напалі на варожы гарнізон у Ліпаве. Бой быў нялёгкім і для партызан не вельмі ўдачным. Ворагі доўга адстрэльваліся, потым, хто застаўся жывы, адступілі ў бок Васілевіч. У баі загінулі два Мікалаі Алісейкі — з вёсак Ператок і Косетаў, 18-гадовы Фёдар Маладзянаў, Павел Молчан і іншыя.
З боку праціўніка страты былі больш значнымі, ён недалічыўся каля 10 немцаў і яшчэ больш паліцаяў.
У грамадскіх хлявах в. Ліпава ўтрымлівалася шмат жывёлы для патрэб нямецкай арміі. Частка яе загінула ў час бою і пайшла на харч партызанам і насельніцтву, частку раздалі людзям у карыстанне”.
А вось што ўспамінаў пра гэты бой Л.А.Волкаў, начальнік штаба партызанскага атрада імя Шчорса:
“У Ліпаве, дзе да вайны была вучэбна-вопытная гаспадарка, немцы стварылі сваю харчовую базу. Сюды звозілі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты, хлеб і жывёлу. Самі акупанты і іх паслугачы жылі ў двухпавярховым будынку былога панскага маёнтка ў старым парку.
Аперацыя была прызначана на адзін з марозных днёў напярэдадні Новага года. Вечарэла. Партызаны непрыкметна падбіраліся да будынка, дзе размяшчаліся ворагі. Хутка завязалася перастрэлка з аховай, у вокны паляцелі гранаты. Загарэліся будынкі, дзе захоўваліся прадукты, партызаны захапілі млын з вялікай колькасцю збожжа і мукі. Бой нечакана зацягнуўся, ворагі аказвалі жорсткае супраціўленне, галоўным чынам з гаспадарчага двара.
Паступіла каманда адступаць. У якасці трафеяў партызаны ўзялі дастатковую колькасць прадуктаў – у атрадзе якраз тады, у пачатку зімы, адчувалася вялікая патрэба ў іх, а галоўнае – захапілі станковы кулямёт, якога не было на ўзбраенні атрада.
Харчовая база была разгромлена. На месцы бою засталося шмат трупаў гітлераўцаў і паліцаяў. Але на жаль, вялікімі былі і нашы страты. У тым баі загінула сем чалавек, сярод іх – Міхаіл Фрыга, Круглікаў, Кіцук, Петрыкевіч…” (Памяць.Калінкавіцкі раён, Мн., “Ураджай”, 1999, сс.294,301).
Пад час таго бою з нямецка-фашысцкімі прыхвастнямі вельмі пацярпеў ад пажару палац Горватаў, згарэлі крухмальны завод і паравы млын.
Падпольшчыкі і партызаны змагаліся з акупантамі і гінулі ў няроўных баях. Так, у пачатку ліпеня 1942 г. гестапаўцы схапілі ў Васілевічах члена Ліпаўскай падпольнай групы М.І.Капітонаву, пра якую мы ўжо ўспаміналі вышэй. Трагічна склаўся і лёс падпольшчыкаў Якава Пырха, Васіля Суседчыка і Васіля Шыманоўскага.
Вось што ўспамінаў пра іх М.Я Краўцоў:
“Новы 1943 г. партызаны сустракалі ў в. Боруск. 1 студзеня ў вёсцы нечакана з’явіліся немцы з Калінкавіч. Вартавы, нядаўні паліцай, спалохаўся і схаваўся, не ўзняўшы трывогі. Ворагі зайшлі ў першую хату, убачылі чужых – не было сумненняў у тым, што партызаны , і расстралялі іх. Так загінулі 20-гадовы Павел Горбач і Васіль Шыманоўскі з в. Хамічы, цяжка паранены быў Якаў Пырх. Міхаіл Казлоў, якога куля толькі злёгку зачапіла, прыкінуўся забітым і застаўся жывы…
Васіль Суседчык, партызан з в. Вязавіца, выскачыў з хаты, наўздагон яму стралялі. Куля прабіла партызану грудзі навылёт, але Васіль змог дабегчы да цэнтра вёскі, дзе размяшчалася камандаванне атрада. Партызаны кінуліся ў бой. Немцы былі выбіты з Боруска, некалькі ворагаў забіта.
Нямецкія ўлады выслалі з Калінкавіч падмацаванне, каля в. Шаўлоў бой разгарэўся з новай сілай. Але на гэты раз партызаны далі акупантам належны адпор і адпомсцілі за гібель сваіх таварышаў у Боруску. Панкрат Алісейка снайперскім стрэлам забіў нямецкага афіцэра. Ворагі павярнулі назад. Атрад вярнуўся да месца свайго размяшчэння каля вёскі Мнагаверш, прынеслі параненага Васіля Суседчыка. Праз год на фронце былы адважны партызан загінуў”.
Увесь 1943 год быў годам напружанай і цяжкай барацьбы з захопнікамі. Сітуацыя асабліва абвастрылася ў асенні перыяд, калі гітлераўскія войскі пад ударамі Чырвонай Арміі пакаціліся да межаў Беларусі.
Камандаванне 2-й нямецкай палявой арміі, якое сур’ёзна баялася, што партызаны змогуць перарэзаць іх тылавыя камунікацыі, спланавала і правяло ў кастрычніку-лістападзе 1943 года тры маштабныя карныя аперацыі з прыцягненнем значнай колькасці войскаў і баявой тэхнікі.
У паўночнай частцы Калінка-віцкага і Васілевіцкага раёнаў Палескай вобласці 9-16 кастрычніка сіламі трох зводных фарміраванняў вермахта і падраздзяленняў палявой жандармерыі, у склад якіх увайшлі 105-ы грэнадзёрскі і 57-ы ахоўны палкі, сем асобных ахоўных батальёнаў, артылерыйскі дывізіён, некалькі інжынерных і сапёрных падраздзяленняў агульнай колькасцю больш за дзесяць тысяч чалавек, была праведзена аперацыя «Барбара». Колькасць немцаў, як бачна, амаль утрая перавышала колькасць партызан, якія дзейнічалі на гэтай тэрыторыі. Карнай групоўцы быў прыдадзены бронецягнік. Праводзілася суцэльнае прачэсванне лясных масіваў у трыкутніку Калінкавічы-Жлобін-Рэчыца з мэтай «…знішчэння партызан і спачуваючага ім мясцовага насельніцтва, а таксама рэквізіцыі ці знішчэння сельскагаспадарчай прадукцыі і ліквідацыі партызанскай харчовай базы».
Галоўны ўдар карнікаў прынялі на сябе 99-я і 101-я Даманавіцкая брыгады Палескага партызанскага злучэння. Трое сутак у лясах і балотах ішлі жорсткія баі, пасля чаго фашысты, карыстаючыся сваёй тэхнічнай і колькаснай перавагай, выйшлі на лінію Халоднікі-Давыдавічы, узяўшы 99-ю Калінкавіцкую партызанскую брыгаду ў кальцо.
Коштам крайняга напружання сіл і вялікіх страт 16 кастрычніка брыгадзе ўдалося прарвацца з акружэння на ўчастку Халаднікі-Ліпава і здзейсніць марш у глухія лясныя ўрочышчы на поўдні Калінкавіцкага раёна.
Але не паспелі партызаны адпачыць і папоўніць боезапас, як фашысты вялікімі сіламі зноў наваліліся на іх – пачалася нямецкая аперацыя «Асвячэнне храма».
Яна праводзілася 20-21 кастрычніка 1943 года ў паўднёвай частцы Калінкавіцкага і Васілевіцкага раёнаў сіламі 242-га і 587-га асобных ахоўных батальёнаў, а таксама некаторых падраздзяленняў са складу 612-га і 930-га ахоўных палкоў агульнай колькасцю каля трох тысяч чалавек.
Немцы рухаліся ланцугамі, праводзячы суцэльнае прачэсванне лясных масіваў у трыкутніку Калінкавічы-Рэчыца-Хойнікі.
Партызаны зноў ўступілі ў няроўны бой. Галоўныя сілы Калінкавіцкай брыгады прабіліся на злучэнне з Чырвонай Арміяй, якая знаходзілася ўжо побач. Частка партызан брыгады (4-ы атрад ім. Фрунзе), што аддзяліліся ў ходзе баёў ад яе галоўных сіл, змагалася ва ўзаемадзеянні са 101-й Даманавіцкай брыгадай. 22 кастрычніка гэты атрад быў разгорнуты ў 2-ю Калінкавіцкую партызанскую брыгаду ім.Фрунзе, якой ужо праз некалькі дзён давялося прыняць на сябе ўдар немцаў, у час правядзення імі чарговай аперацыі «Хубертус».
Аперацыя гэта праводзілася фашыстамі на тэрыторыях, якія прылягалі да чыгуначнай лініі «Калінкавічы-Васілевічы» ў два этапы: 24-28 кастрычніка і 3-6 лістапада 1943 года сіламі 628-га і 862-га ахоўных батальёнаў, 581-га дывізіёна палявой жандармерыі, некалькіх інжынерных і сапёрных падраздзяленняў агульнай колькасцю каля чатырох тысяч чалавек. Сілы былі няроўнымі, у партызан заканчваліся боепрыпасы і, прарваўшы варожае кальцо, яны пайшлі на поўнач у лясы Стрэшынскага раёна.

Вызваленне

Аднак час вызвалення няўмольна набліжаўся. Восенню 1943 года савецкія войскі ўступілі на шматпакутную беларускую зямлю.
Першымі ў Беларусі з ходу фарсіравалі Днепр войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту генерал-лейтэнанта Мікалая Пухава. 23 верасня 1943 г. байцы 360-га стралковага палка 74-й стралковай дывізіі пад камандаваннем падпалкоўніка Мікалая Сташэка вызвалілі гарпасёлак Камарын — першы райцэнтр на беларускай зямлі. А 26 верасня Чырвоная Армія адбіла ў ворага Хоцімск, 28-га — Клімавічы, Касцюковічы і Мсціслаў, 29-га — Крычаў, 1 кастрычніка — Краснаполле, 4-га — Брагін, 10-га — Добруш, 11-га — Навабеліцу, 17-га — Лоеў…
Вызваленне гэтых населеных пунктаў дазволіла войскам Цэнтральнага (з 20 кастрычніка — Беларускага, затым Першага Беларускага) фронту пад камандаваннем генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага пачаць падрыхтоўку да вырашальных баёў за Гомель.
Горад над Сожам быў адным з важных апорных пунктаў «Усходняга вала» — глыбока эшаланаванай абарончай лініі, якая, па разліках Гітлера, павінна была стаць непераадольнай перашкодай на шляху праціўніка.
Камандуючы фронтам прыняў адважнае рашэнне: левым крылом нанесці ўдар па ворагу ў напрамку Рэчыцы і Калінкавіч, а правым — з поўначы, з выхадам у тыл Гомельскай групоўкі гітлераўцаў.
Аперацыя пачалася 10 лістапада пасля артпадрыхтоўкі і ўдараў з паветра. Войскі 48-й, 61-й і 65-й армій перайшлі ў наступленне і ў першы ж дзень прарвалі фашысцкую абарону.
Назаўтра з дняпроўскага плацдарма ў прарыў былі ўведзены два танкавых і два кавалерыйскіх корпусы.
Камандуючы 65-й арміяй генерал-лейтэнант Павел Батаў, удастоены 30 кастрычніка 1943 г. звання Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра, 17 лістапада прыняў адважнае рашэнне накіраваць дзве стралковыя дывізіі і дзве танкавыя брыгады ў тыл Рэчыцкай групоўкі фашыстаў.
Гэта стала поўнай нечаканасцю для акупантаў, і да чатырох гадзін раніцы Рэчыца была вызвалена.
Працягваючы наступленне, нашы воіны ўступілі 22 лістапада ў межы сённяшняга Калінкавіцкага раёнаў і ачысцілі ад ворага яго першыя населеныя пункты: Навінкі, Лукі, Залатуху.
Партызаны Гомельскага, Палескага і Магілёўскага злучэнняў дыверсіямі на жалезных дарогах пазбавілі фашыстаў магчымасці аказаць Гомельскай групоўцы якую-небудзь падтрымку. Савецкія войскі акружылі абласны цэнтр, у ваколіцах ішлі вельмі цяжкія баі. Вечарам 25 лістапада пачаўся рашучы штурм, і да раніцы наступнага дня Гомель быў поўнасцю ачышчаны ад ворага.
Да канца месяца былі вызвалены Косетаў, Хамічы, Ператок, Ракаў, Нахаў, Ужынец, Агароднікі, Юравічы.
Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя, якая пачалася 10 лістапада 1943 г., завяршылася 30 лістапада. Лінія фронта спынілася на рубяжы Казанск –Церабня – Халоднікі – Вязавіца, дзе праходзіў пярэдні край варожай абароны. На фронце ўстанавілася адноснае зацішша, якое перарывалася баямі мясцовага значэння.
У першыя дні снежня немцы, якія лютавалі ад адчаю незваротнай гібелі, спалілі ў Ліпаве Папоўку – вуліцу, з якой фактычна і пачалася гісторыя вёскі. Разам з жылымі дамамі і прысядзібнымі пабудовамі ў агні згінула і мясцовая царква ў імя Св.Вялікапакутніцы Параскевы.
8 снежня пакуты ліпаўчан нарэшце скончыліся, дзякуючы паспяховаму наступленню падраздзяленняў 44-й гвардзейскай стралковай дывізіі 65-й арміі, якая вызваліла в.Ліпава.
Аднак радавацца пакуль было рана: 20 снежня фашысты нанеслі магутны контр-удар сіламі трох пяхотных і двух танкавых дывізій па правым фланзе 65-й савецкай арміі. Пачаліся шматдзённыя баі з азвярэлым ворагам, які спрабаваў узяць рэванш. Вёскі па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Савецкія воіны стаялі на смерць.
Вось што расказвае аб падзеях тых дзён у суседняй з Ліпава вёскай Мнагаверш адзін з удзельнікаў вызвалення ліпаўскай зямлі гвардыі маёр у адстаўцы А.Крываротаў:
“У пачатку студзеня 1944 года 354-я Чырвонасцяжная стралковая дывізія 65-й арміі, вызваліўшы Шацілкі (цяпер Светлагорск – І.Г.) і чыгуначную станцыю Халоднікі, выйшла ў напрамак важнейшых стратэгічных пунктаў Калінкавічы—Мазыр. Але на яе шляху ляжала шмат добра ўмацаваных за гады акупацыі населеных пунктаў, якія гітлераўцы ператварылі ў непрыступныя крэпасці. Такім бастыёнам аказалася і беларус-кая вёска з цікавай назвай Мнагаверш, дзе вораг сканцэнтраваў вялікія сілы механізаваных, пяхотных і іншых вайсковых падраздзяленняў, ператварыўшы яе ў мацнейшы вузел супраціўлення наступаючым часцям Чырвонай Арміі.
Хто быў на вайне, той ведае, што такое разведка боем; мала хто вяртаецца з такога задання. Тым не менш такую разведку вырашыла правесці камандаванне дывізіі, правы фланг якой некалькі адстаў.
У адну з цёмных начэй група разведчыкаў з васьмі чалавек, якую ўзначаліў Герой Савецкага Саюза Іосіф Міроненка, выйшла ў напрамку Мнагаверша з заданнем выявіць і падавіць скрытыя агнявыя кропкі праціўніка, захапіць вёску і ўтрымліваць яе да падыходу асноўных сіл правага фланга дывізіі.
У мяцеліцу байцы праскочылі ў тыл ворага і ў палавіне трэцяй гадзіны ночы занялі зыходныя пазіцыі. У гэты час пачаўся артылерыйскі налёт, і Міроненка разам з байцамі кінуўся да дзота, які вёў шквальны агонь. Праз некалькі імгненняў дзот быў разнесены выбухамі супрацьтанкавых гранат. Шлях да вёскі Мнагаверш быў свабодны. Але гітлераўцы хутка апамяталіся і, падцягнуўшы пяхоту, пад прыкрыццём артылерыйска-мінамётнага агню перайшлі ў атаку.
Фашысты ішлі ў поўны рост, упэўненыя ў тым, што жменька савецкіх байцоў будзе раздаўлена імгненна. Толькі гэтага не здарылася. Нашы таксама не драмалі. Выкарыстаўшы момант атакі байцамі Міроненкі дзота ворага, на нашы пазіцыі былі падцягнуты ўзвод кулямётчыкаў, узвод супрацьтанкавых ружжаў, 82-міліметровая артылерыйская батарэя. Аддзяленне сапёраў паспела за гэты час устанавіць супрацьтанкавыя міны на танканебяспечным участку. Была наладжана і тэлефонная сувязь з камандаваннем дывізіі.
Падпусціўшы фашыстаў на адлегласць выстралу, нашы байцы адкрылі знішчальны агонь. На полі бою засталося ляжаць каля сотні ворагаў. Але, адступіўшы і перастроіўшыся, пры танкавай пад-трымцы гітлераўцы зноў пачалі атакаваць атрад з усіх бакоў, імкнучыся захапіць Мнагаверш. Бачачы гэта, Міроненка кінуў свой атрад у контратаку. Пачаўся рукапашны бой, дзе ў ход пайшлі штыкі і гранаты, прыклады і сапёрныя рыдлёўкі. Знішчаючы праціўніка, разведчыкі адкінулі яго астаткі ад сваіх пазіцый.
У гэтым баі старшына Міроненка паказаў сапраўдны прыклад геройства. Яго, кубанскага казака, які дасканала валодаў усімі відамі зброі і майстэрствам вядзення бліжняга і рукапашнага бою, можна было бачыць паўсюдна. Сам ён у гэтым баі знішчыў больш за два дзясяткі фашысцкіх галаварэзаў.
Па прыкладу свайго камандзіра ўсе байцы паказвалі прыклады геройства, не шкадавалі жыцця. Так, абараняючы ўваход у бліндаж, дзе знаходзіліся нашы цяжкапараненыя байцы, у крытычны момант, калі скончыліся патроны, ураджэнец далёкага Казахстана Сігудбаеў апошняй гранатай узарваў сябе і фашыстаў.
Сем танкаў, чатыры самаходныя гарматы, больш сотні трупаў пакінуў на полі бою вораг, які быў зноў адкінуты ад пазіцый атрада.
Раззлаваныя няўдачай, гітлераўцы кінулі на смельчакоў авіяцыю. Дзясяткі «юнкерсаў» з’явіліся ў халодным зімовым небе. Новы дзень пацямнеў ад чорнага пылу і копаці, узнятых выбухамі бомб, снарадаў, мін. На адлегласці выцягнутай рукі нічога не было відаць. Здавалася, што гэтага пекла не вытрымае ніхто, ніхто не застанецца жывым.
Дваццаць разоў за суткі падымаўся вораг у атаку. I кожны раз натыкаўся на яраснае супраціўленне разведчыкаў і адступаў з велізарнымі стратамі.
Восьмага студзеня байцы пад камандаваннем Міроненкі ажыццявілі начную атаку, уварваліся ў вёску. Яны знішчылі амаль роту праціўніка, захапілі ў палон 17 гітлераўцаў, тры самаходныя гарматы, два бронетранспарцёры, чатыры бронемашыны, дзевяць коней, пяць кулямётаў, шмат стралковай зброі і боепрыпасаў, чатыры крайнія хаты ператварылі ў непрыступныя крэпасці.
На зыходзе былі другія суткі. Вораг не даваў спакою разведчыкам, стараючыся выбіць іх з захопленых дамоў. Дачакаўшыся цемры, Міроненка даў загад устанавіць кулямётны разлік гамяльчаніна Цітаўца на адным з дамоў, каб фашысты не ўдарылі з боку Калінкавіч, а сам павёў байцоў на штурм суседніх дамоў, дзе заселі гітлераўцы. Але на шляху смельчакоў аказаўся скрыты дзот, які сустрэў байцоў шквальным агнём. Воіны залеглі. Тады сам камандзір і гвардыі яфрэйтар Дубкоўскі, выбраўшы момант, падпаўзлі з супрацьлеглага боку і закідалі дзот супрацьтанкавымі гранатамі. У гэтай сутычцы Дубкоўскі загінуў смерцю храбрых. Помсцячы за таварыша, воіны кінуліся ў атаку і занялі тры чарговыя хаты, узяўшы пры гэтым 27 гітлераўцаў у палон.
Але перадышкі не было. У гэты час Міроненка па рацыі атрымаў загад камандавання дывізіі: «Радзіма будзе лічыць вашу задачу выкананай, калі да падыходу асноўных сіл дывізіі вы пратрымаецеся яшчэ 24 гадзіны. Стаяць на смерць!»
Гэта ўжо былі трэція суткі. Байцоў жа ў атрадзе Міроненкі заставалася ўсё менш і менш. Але і да зыходу трэціх сутак гітлераўцам так і не ўдалося вярнуць свае пазіцыі.
Разумеючы важнасць гэтага населенага пункта, немцы падцягнулі да Мнагаверша свежыя сілы з Калінкавіч. На пазіцыі міроненкаўцаў пад прыкрыццём васьмі танкаў рынулася пяхота. Але разведчыкі вытрымалі. У танкі паляцелі гранаты, аўтаматчыкі агнём адсякалі ад іх пяхоту. Сам Міроненка з супрацьтанкавага ружжа падбіў два танкі, быў паранены, але поле бою не пакінуў. А фашысты ўводзілі ў бой усё новыя і новыя сілы. Нягледзячы на тое, што шэсць танкаў ужо палала агнём, яны кінулі яшчэ тры самаходкі і два бронетранспарцёры. Міроненка сам лёг за кулямёт. I калі трэцяя атака была адбіта, ён павёў астаткі атрада ў контратаку і ў рукапашнай схватцы адкінуў ворага, утрымліваючы вёску Мнагаверш да падыходу нашых часцей.
Гэты бой для Міроненкі стаў апошнім. Халодным студзеньскім днём 1944 года мы разам з нямногімі жыхарамі шматпакутнай палескай вёскі Мнагаверш хавалі загінуўшых байцоў-разведчыкаў і іх камандзіра, якія цаной свайго жыцця праклалі шлях асноўным сілам дывізіі для паспяховага завяршэння Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі”.
Удзячныя мнагавершаўцы ўжо пасля вайны выйшлі з хадайніцтвам перад урадам Беларусі аб ушанаванні імя героя перайменаваннем іх вёскі з Мнагаверша ў Міроненкі. З 1965 года вёска стала насіць імя Героя Савецкага Саюза Міроненкі Іосіфа Акімавіча.

Іван ГАРЫСТ.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.