Чыстая лужа

Працягваючы вандроўкі па невялікіх вёсачках раёна, у апошні дзень лістапада мы накіроўваемся ў Чыстую лужу. Каб знайсці гэты населены пункт, дзе сёння пражывае ўсяго пяць чалавек, некалькі кіламетраў прыходзіцца ехаць па разбітай прасёлкавай дарозе, на якой ў дажджлівы восеньскі дзень стаіць шмат вялікіх, але брудных лужын. Аб’язджаючы іх, пачынаем жартаваць наконт назвы, якая зацікавіла сваёй незвычайнасцю. Дык адкуль жа яна пайшла?

Пра гэта ў першую чаргу і пытаюся ў старажылаў.

Яны расказваюць, што да асушэння балот вакол вёскі было шмат крыніц са сцюдзёнай, крыштальна чыстай вадой, якая часта разлівалася па навакольных палях і лесе. Людзі так і казалі:

“Сустрэнемся каля чыстай вады, ці каля крынічнай лужы”. Адтуль і пайшла назва вёскі. Нягледзячы на тое, што крыніц тых даўно няма, жыхары падкрэсліваюць: вада ў іх калодзежах і сёння вельмі чыстая і смачная. Але, на жаль, у хуткім часе пра гэта ніхто і ведаць не будзе, бо бесперспектыўная сёння іх маленькая вёсачка, вядомая па пісьмовых крыніцах з 19 стагоддзя.

Тут, як пазначана ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”, у 1875 паненка Яленская валодала 23442 дзесяцінамі зямлі, карчмой і млыном. У 1925 годзе – 20 двароў. Вяскоўцы ў асноўным жылі па хутарах, якія мелі свае назвы, што захаваліся да сённяшніх дзён: Якубаў сад, Грышкава пеля, Корбутаў хутар, Белькаў сад, Міжылішча, Тарасаў востраў, Вылаз… Няпроста было хутаранцам, а многія з іх мелі добрыя аднаасобныя гаспадаркі, прыняць калектывізацыю. Людзі адмаўляліся аддаваць скаціну, саступаць дагледжаную зямлю… Усё гэта было нажыта непасільнай, цяжкай працай. Але новая ўлада забараняла аддзяляцца, таму ў хуткім часе было загадана перавозіць хаты на адну вуліцу і ўступаць у калгас імя Дзяржынскага, які тут быў арганізаваны ў 1931 годзе. Для некалькіх чысталужынскіх сем’яў калектывізацыя апынулася трагедыяй… У вёсцы былі раскулачаны Максім Самчык, Якаў Шчаглоў, а таксама браты Іван, Нічыпар і Ілья Хурсоны.

Сын ворага народа

Гэта мянушка на доўгія гады прычапілася да Уладзіміра Іосіфавіча Тычыны, бацьку якога расстралялі 23 верасня 1937 года ў засценках Мазырскай турмы. Здарылася ўсё нечакана, бо Марыя і Іосіф Тычыны, нягледзячы на сваю дастаткова нядрэнную гаспадарку, аднымі з першых прыйшлі ў калгас, дзе ў хуткім часе гаспадар стаў загадчыкам фермы. Што не кажы, а пасада адказная, таму Іосіф прападаў на працы з раніцы да вечара. А Марыя, як і многія жанчыны ў той час, займалася ў асноўным хатнімі справамі і дзецьмі: у сям’і падрасталі ўжо тры хлопцы.

— Калі бацькі не стала, мне было ўсяго шэсць гадоў, але я яго добра памятаю, — расказвае Уладзімір Іосіфавіч. – Ён быў вельмі справядлівы і сумленны, а акрамя таго, яшчэ і адукаваны па тым часе, бо скончыў чатыры класы. У адзін з ліпеньскіх днёў 1937 года ён прыйшоў дадому позна ноччу і не ў настроі. Маці, пакуль яго чакала, не знаходзіла сабе месца. Да раніцы бацькі доўга шапталіся. Пра што, я тады не ведаў, хто ж нам, малым, раскажа?

…Аказалася, на ферме ад невядомай хваробы памерла каля дзесяці кабаноў. Загадчыка адразу ж вызвалі ў раён і абвінавацілі ў дыверсіі. Прадчуваючы, што хмары над яго галавой згушчаюцца, Іосіф спяшаўся дадому, каб папярэдзіць жонку і прыціснуць, напэўна, у апошні раз да сябе дзяцей. Марыя ўсю ноч плакала і маліла Бога адвесці бяду ад іх хаты, але… Назаўтра мужа забралі, і ўвесь клопат за трох хлопцаў лёг на яе плечы. Акрамя таго, некаторыя пачалі паказваць на яе пальцам і называць “жонкай ворага народа”.  Крыўдна было жанчыне чуць такія словы ў адрас свайго справядлівага мужа, але дзеля будучага дзяцей яна маўчала, не адказвала на абразы і гнула спіну з раніцы да вечара на калгасным полі. Падрасталі хлопцы, хапаліся за любую працу, каб толькі дапамагчы маці. Старэйшы Уладзімір ужо бегаў у чацвёрты клас пачатковай школы, якая размяшчалася ў адной з сялянскіх хат. Яго настаўнікамі былі Ананій Мельнік і Еўдакія Рыгораўна.

—  Сядзелі мы звычайна на падлозе, бо лавак і сталоў было зусім мала, пісаць прыходзілася на каленях, — успамінае Уладзімір Іосіфавіч. — Вучоба давалася мне лёгка, таму маці хацела адправіць мяне ў сямігодку ў Крукавічы, як загадваў ёй некалі бацька, але ўсе планы разбурыла вайна.

Падчас Вялікай Айчыннай чысталужанцам прыйшлося перажыць нямала цяжкасцей. Немцы адразу, як занялі вёску, выгналі людзей з хат. Многія жыхары пацягнуліся ў лес, ці да родзічаў у суседнія вёскі. Тыя, хто застаўся на родным двары, перайшлі ў склеп ці хлеў. Марыя не скарылася, не здалася ў гэтыя страшныя ваенныя гады, бо для сябе вырашыла: “Хлопцы павінны жыць”. Дзеля дзяцей яна галадала, прасіла міласціну, пабудавала курэнь на балоце, дзе яны хаваліся ў асабліва небяспечныя моманты. А іх хапала… Немцы, калі адступалі, сагналі частку жыхароў Крукавіч у Чыстую лужу. Там зачынілі іх з мясцовымі жыхарамі ў гумне, якое падпалілі. У апошні момант адзін з акупантаў адчыніў вароты, і людзі кінуліся хто куды: у лес, дадому… Некаторых фашысты схапілі і пагналі ў Азарыцкі лагер смерці. Апынулася там і Марыя з дзецьмі, але Бог мілаваў – усе яны выжылі. А вось вяртацца маладой удаве не было куды: акупанты ў студзені 1944 года спалілі ўсю вёску і загубілі ў той чорны дзень больш за дваццаць яе жыхароў.

Пасля вайны амаль дзесяць гадоў жыла Марыя з хлопцамі спачатку ў салдацкай зямлянцы, пасля – у курані. А хто ж дапаможа ёй паставіць хоць невялічкую хатку? У родзічаў ды суседзяў свае праблемы і турботы. Адбудоўвалася яна ў Чыстай лужы адна з апошніх, калі сыны падраслі і змаглі дапамагчы маці. А праз некалькі гадоў у гэту хату Уладзімір прывёў сабе жонку з вёскі Залессе Капаткевіцкага раёна. Пазнаёміліся маладыя ў Варатыне на вяселлі, спадабаліся адзін аднаму з першага позірку, але Ефрасіння на той момант ужо была замужам. Дзяўчына нічога не абяцала Уладзіміру. Ды і што яна магла абяцаць, калі па загаду бацькоў пайшла за нялюбага? Але гэта не спыніла закаханага хлопца, які вырашыў, што Ефрасіння будзе яго жонкай. Так і атрымалася. І вось ужо больш за 50 гадоў Уладзімір Іосіфавіч і Ефрасіння Аляксандраўна жывуць разам. Выгадавалі шасцярых дзяцей, прычакалі 10 унукаў і 4 праўнукаў. Доўгімі зімовымі вечарамі гаспадыня шмат вяжа, а гаспадар чытае ёй газеты або кнігі: так яны любяць бавіць свой вольны час.

Праводзячы нас на вуліцу, Уладзімір Іосіфавіч дакладна расказвае, у якіх хатах яшчэ жывуць людзі. Перш наперш мы накіроўваемся да суседкі Тычынаў…

Майстрыха

…Надзея Пятроўна Тарасевіч сустракае нас каля сваёй дагледжанай хаткі. У двары гаспадыні, якой ужо 82 гады, бегаюць некалькі козачак, сабака і куры. У кухні смачна пахне сушанымі яблыкамі:

— Яблык позніх у мяне у гэтым годзе было шмат, — тлумачыць Надзея Пятроўна. — Схавала іх у склеп, каб і зімой есці. Але некаторыя пачалі гніць, дык я парэзала іх і на бляху – у печ. Не прападаць жа дабру.

Нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, гаспадыня без справы не можа ні дня. А ці магла навучыць яе жыць па-іншаму маці Дар’я Пархімаўна, якая працавала з раніцы да вечара, каб падняць дзяцей? Бацька Пётр Апанасавіч Баграёнак прапаў на фронце без вестак у першыя дні вайны. А жонка і дзеці папацягаліся па мясцовых балотах, хаваючыся ад акупантаў. Пасля трапілі ў Азарыцкі лагер смерці, дзе ад тыфу ў іх на вачах памёр матчын брат Логвін Смалюга. Пасля вызвалення вяртацца ім не было куды – хата згарэла з усім дабром. У той жа, 1944 год, адбылася яшчэ адна бяда: трагічна загінулі старэйшыя дзеці Дар’і Пархімаўны Антоля і Грыша. Шукаючы ў галодны пасляваенны час заробкаў і хлеба, паехалі яны ў Мінск. Але па дарозе цягнік сышоў з рэек і іх задушыла. Надзея з таго часу стала першай матчынай памочніцай, з-за шматлікіх гаспадарчых спраў яна і ў школу амаль не хадзіла. Якая можа быць вучоба, калі ў хаце няма чаго есці?

У 1956 годзе пасватаўся да яе мясцовы хлопец Уладзімір, што працаваў лясніком. Кахаеш-не кахаеш, а маці сказала – трэба замуж ісці, а то ў дзеўках застанешся. І Надзея згадзілася. Замужжа аказалася шчаслівым: маладыя паставілі сваю хатку, дзе выраслі сыны Мікалай і Валянцін. Але Бог адмераў ім быць разам усяго 25 гадоў. З таго часу, як не стала Уладзіміра Аляксандравіча, жыве Надзея Пятроўна адна. Але не сумуе, калі песню завядзе, калі вышываць сядзе. Яна, дарэчы, мясцовая майстрыха. Вышыванкі ў яе хаце навокал: на ложках і канапах, сталах і крэслах. Яркія, незвычайныя, прыгожыя… На скацерках і ручніках, пакрывалах і сурвэтках пад іголкай Надзеі Пятроўны яркімі рознакаляровымі фарбамі расцвітаюць кветкі і арыгінальныя ўзоры, з’яўляюцца птушкі. Вышываць любіць і гладзю, і крыжыкам. Свае вырабы яна часта дарыць родным і блізкім на розныя святы.

— У хату Надзеі Пятроўны заходзіш, як у сапраўдны музей народнай творчасці, — адзначае сусед мясцовай майстрыхі Міхаіл Арцёмавіч Драпеза, які часта яе наведвае, калі патрэбна, па гаспадарцы дапамагае.

Прымак

Да Міхаіла Драпезы даўно прычапілася мянушка “Прымак”, з якой ён сам жартуе:

— А як жа па-іншаму мяне чысталужанцам называць? Я ж сапраўды прыйшоў сюды з вёскі Трамец у прымы да Надзеі Панцялеенка. Было гэта ў 2000 годзе. На жаль, некалькі гадоў таму не стала маёй другой жонкі, а я застаўся дажываць свой век у яе хаце, бо сваю адразу ж пасля пераезду ў Чыстую лужу прадаў.

Да пенсіі Міхаіл Арцёмавіч ўсё жыццё працаваў у калгасе “Трамлянскі” трактарыстам, у апошнія гады – слесарам. На дваіх у яго з Надзеяй – шасцёра дзяцей, якія ў выхадныя дні часта прыязджаюць з горада ў вёску.

— Дзеці кажуць, што менавіта тут, на прыродзе, па-сапраўднаму адпачываюць, забываючы пра ўсе турботы і праблемы — адзначае Міхаіл Арцёмавіч, які, нягледзячы на ўзрост, а нарадзіўся мой субяседнік у 1938, яшчэ садзіць вялікі агарод. У гэтым годзе адной бульбы накапаў больш за пяцьдзесят мяхоў, морквы і буракоў – па дваццаць. Добра бацьку дапамагаюць дзеці, хоць часта сварацца на яго, што не адпачне лішнюю хвілінку, а ўсё капаецца на ўчастку, апрацоўвае зямельку. А яму падаецца: як ляжа на ложак, дык больш і не ўстане, адолеюць розныя хваробы. А калі варушышся, здаецца, што нічога не баліць. Так разважае яшчэ адна жыхарка Чыстай лужы Ксенія Міхайлаўна Пінчук, да якой мы заязджаем у апошнюю чаргу, бо яе дагледжаная сядзіба знаходзіцца ў канцы вёскі, амаль ля самага лесу.

 

Аптымістка

Жыццё не было добрым да Ксеніі Міхайлаўны: давялося ёй пабачыць вайну, Азарыцкі лагер смерці, голад і адзіноту…  Яна нарадзілася ў 1928 годзе ў вялікай сям’і Міхаіла і Вольгі Пінчукоў. Бацька расказваў, што калі пачалася калектывізацыя, большасць чысталужанцаў наадрэз адмовіліся ўступаць у калгас і перавозіць свае хаты на адну вуліцу. Самых упартых раскулачылі, а ў астатніх сілком забралі скаціну. Пінчукам з вялікай гаспадаркі адзінае, што аставілі – карову, бо ў іх сям’і было пяцёра малых дзяцей. А яшчэ праз некаторы час з раёна прыехалі нейкія людзі і паздымалі з хат дахі, каб прымусіць людзей перасяляцца з хутароў, якіх тут было больш за трыццаць, на адну вуліцу. Скарыліся вяскоўцы, бо зразумелі, што ні да чаго добрага іх непадпарадкаванне ўладзе не прывядзе. Уступілі ў калгас імя Дзяржынскага і Пінчукі. Гнулі спіны на калгасных палетках за крыжыкі, але ж ці будзеш з гэтага сыты?

— Галадалі мы ў той час пастаянна, — расказвае Ксенія Міхайлаўна. – А як пачалася вайна, зусім цяжка стала. Бацька, калі немцы занялі нашу вёску, накіраваўся з каровай у лес, каб захаваць нашу адзіную карміцельку. Маці ўпотай хадзіла яе даіць і прыносіла нам, дзецям, сырадой. З таго часу колькі ўжо гадоў прайшло, а для мяне самай смачнай ежай застаецца менавіта малако з лустай хлеба. Але ж нядоўга ратавала нас ад голаду наша карміцелька: акупанты прачэсвалі лес і знайшлі на Тарасавым востраве вяскоўцаў са скацінай. Жывёлу, канешне, немцы забралі сабе, а мужчын пагналі ў вёску, па дарозе некалькі разоў хацелі расстраляць за непадпарадкаванне і падман новай улады. На шчасце, выжылі тады ўсе. А вось пры адступленні фашысты спалілі нашу вёску. Мы ж усёй сям’ёй трапілі ў Азарыцкі лагер смерці. Вярталіся адтуль ужо ўтрох: маці, бацька і я. Чацвёра дзяцей пахавалі там мае няшчасныя бацькі. Добра хапіла наша сям’я гора ў ваенны час…

У пасляваенныя гады жыла Ксенія Міхайлаўна з бацькамі, працавала ў мясцовай гаспадарцы.

— Так атрымалася, што замуж я не пайшла. Хто мяне хацеў узяць, таго я не хацела, а за каго б пайшла – той мяне не браў, — адзначае з іроніяй мая субяседніца. Увогуле, нягледзячы на перажытае, Ксенія Міхайлаўна здзіўляе сваім аптымізмам, верай у лепшае, добрым настроем. Няма ў яе хаце ні тэлефона, ні вады, ні тэлевізара. Навіны слухае па радыё, а цікавы фільм бегае глядзець да суседак, з якімі за размовай любіць бавіць вольны час.

— Сённяшняе пакаленне без умоў жыць не можа, ім падавай гарачую ваду, камп’ютары ды мабільнікі, — кажа яна. —  А мне гэтая раскоша не патрэбна. Для мяне галоўнае — страха над галавой, кавалак хлеба і мірнае жыццё ў нашай краіне. Гэта ўсё ў мяне ёсць, таму я шчаслівая.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

 

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.