У пашпарт мой не глядзіце, па ім я вельмі старая…

IMG_9322

Нарадзілася Варвара Парэпская на праваслаўнае свята Варвары, што прыпадае на 17 снежня, таму і Варкай бацькі назвалі. Але ж калі маці аднаўляла дакументы, страчаныя падчас вайны, то запісала дачку на 15 красавіка. Навошта так зрабіла, Варвара Іванаўна не ведае, але нікому не дазваляе віншаваць яе ў гэты дзень, а вось 17 снежня – калі ласка.

Што тычыцца гасцей, то ім пазітыўная і гаваркая бабуля заўсёды рада. Перш за ўсё прапануе гарбату з травамі, цікавіцца справамі і настроем, а затым ахвотна расказвае пра сябе.

– Бацька мой аўстрыец. Падчас Першай сусветнай трапіў на тэрыторыі Беларусі ў палон, ды тут і застаўся. Не скажу вам, дзе і калі сустрэў маю матку – карэнную аўцюкоўку Улляну Дулуб, але ж калі ён у канцы 1933 года памёр, то ў сем’і засталося трое малых дзяцей – я, сястра Ганна і брат Станіслаў. Хутка нас раскулачылі, бо матка адмовілася аддаць ў калгас адзіную кароўку-карміцельку. Разам з каровай адабралі і хату, якую татка паставіў у Малых Аўцюках. Во які дурны быў свет: у кулакі запісвалі ўдоў з дзецьмі, – уздыхае бабуля.IMG_9276

Вярнулася Улляна Іванаўна да бацькоў, якія і дапамагалі ёй гадаваць дачок і сына. Крыху выбраліся з галечы, новая навала – вайна. У іх невялічкую хатку трапіў снарад, а таму і па суседзях прыйшлося туляцца, і ў лесе жыць у куранях, калі немцы асабліва лютавалі. Восенню 1943-га, калі нашы салдаты перайшлі ў наступленне і пагналі акупантаў, вялікая сям’я апынулася ў Васілевічах у бежанцах, дзе ўсе захварэлі на тыф.

– Толькі мяне мінула гэта хвароба, астатнія ляжалі покатам, – успамінае Варвара Іванаўна. – Матка да канца ад яе і не аправілася, стала слабая, нямоглая, а потым злегла і амаль не ўставала. Спачатку мы з Ганнай даглядалі яе ўдвох: гэта і весялей, і лягчэй, і спадручней. Але ж з сястрычкай маёй хутка бяда вялікая здарылася: яна рабіла на торфазаводзе, дзе ў час пагрузкі трапіла пад цягнік, пасля чаго яе паралізавала.

Вось так гора пасялілася ў перакошанай хатцы Парэпскіх на доўгія гады. Варвара Іванаўна разрывалася паміж хворымі роднымі, цяжкай працай у калгасе “Чырвоны кастрычнік” і гаспадарчымі клопатамі.

– У брыгаду я бегала з трынаццаці гадоў. Была вельмі худзенькая, аж свяцілася ўся, бо дома часта не было чаго есці. Бабы шкадавалі мяне, дапамагалі выканаць даведзеную норму. Затым падрасла, акрэпла і ў перадавікі выбілася. Сталі па вечарах клікаць на калгасныя сходы ў клуб, пасадзілі ў першым радзе, як ударніцу. А мне не сядзіцца, бо дома маці з Ганнай галодныя, гаспадарка недагледжаная. Раз наважылася і не пайшла. Старшыня калгаса Васіль Табулін пытае: “Каго няма?”. Нехта выгукнуў: “Вары Парэпскай”. Ён толькі ўздыхнуў цяжка, рукой махнуў, маўляў, не да таго дзеўцы. З таго часу на сходы я не хадзіла, – расказвае бабуля. – Пры Васілі Іванавічы палучыла кватэру ў Аляксандраўцы, дзе і сёння жыву, бо хатка наша зусім валілася, дах працякаў, а грошай, каб падладзіць, не было.

Чаму замуж не пайшла? Знаходзіліся жаніхі і нямала, бо дзеўка я была прыгожая, дарма што худая. Пасмяяцца любіла, пагаманіць, работы ніякай не цуралася, не гуляла і не піла, вышывала, ткала. Маці наказвала: “Пра нас не думай, сябе больш глядзі. Як чалавек добры трапіцца – не адмаўляй. Стась адслужыў, дадому вярнуўся, мо напераменку нас як дагледзіце”. Я слухала яе і плакала, бо ведала – не бачыць мне жаночага шчасця: сэрца ж на дзве часткі не разарвеш. Не змагла б я спакойна мужыку есці падаваць і не думаць, ці пад’елі там што мае. А такі не знаходзіўся, што на тры бабы гатовы быў ісці.

IMG_9327

А вось да наказу маці нарадзіць дзіця, каб у старасці не кукаваць у адзіноце, Варвара Іванаўна прыслухалася, і ў 1956 годзе на свет з’явілася яе адзіная дачушка Таццянка. У хаце Парэпскіх, дзе дагэтуль жылі гора і боль, пасялілася сонейка і шчасце.

– Дачка жыве ў Каленкавічах, кожны дзень зранку і ўвечары звонімся з ёй па мабільніку, пра здароўе і справы гамонім. Тры хлопцы ў яе, а ў мяне – тры ўнукі. Сашка недзе ў Краснадарскім краі, Коля ў Кротаве, а Юрка ў Каленкавічах. Нядаўна Юркіну дзеўку замуж аддалі, то і я ў горад на вяселле ездзіла. Як жа без мяне? Зараз пакажу, якая Кацюша ў мяне прыгажуня, ды і я, як прыбяруся, шчэ не бяды баба, – Варвара Іванаўна жвава ўсхопліваецца з канапы, спяшаецца да шафы з фотаздымкамі. Імкнуся ёй дапамагчы, падтрымаць. Яна рашуча адводзіць маю руку:

IMG_9331 IMG_9325

– Шчэ сама. Я і на вуліцу калі іду, кіёк амаль ніколі не бяру. На яго павіснеш, сагнешся і здаецца, што гадоў табе процьма. Па пашпарце я ўжо вельмі старая, а як схаваць яго куды, то мне гадоў семдзесят, не болей. З рання сабе прыказваю: “Устала, на вуліцу выйшла, новаму дню і людзям усміхнулася. Пра балячкі маўчы. Хто сёння не хварэе?”.

Як варушыцца не будзеш, мая галубка, то застанецца адна дарога – на могілкі. Я туды шчэ не хочу. Таму з рання во дроў нанасіла, грубку пратапіла, паснедала. Вас правяду – абед прыгатую, тэлевізар пастрыкаю. Узімку мне нудней, чым калі цёпленька. Я ж тады амаль дзень на вуліцы: на агародзе корпаюся, у хлеўчыку прыбіраю, з людзямі больш бачуся, гаманю.

IMG_9289

Варвара Іванаўна яшчэ трымае агарод на сотак восем. Мінулай вясной сама пад лапату яго перакапала, каб зямелька для гародніны была мякчэйшая, сама пасадзіла, сама і ўраджай паладавала. Унук Юра ўвосень дровы прывёз, пакуль прыехаў парэзаць – бабуля з паловай расправілася.

– Сварацца на мяне і дачка, і Юрка, прыказваюць: “Больш ляжы, адпачывай”, – усміхаецца Варвара Іванаўна. – Прыставілі да мяне сацыяльнага работніка, каб наглядала, бо яны з горада не наездзяцца, а я сваю хату не кіну, хоць і клічуць да сябе. Я адразу не хацела, каб Людка да мяне хадзіла: што я – ляжачая ці нямоглая? А цяпер нарадавацца не магу і на ніякія грошы яе не змяняю: помачы мне па хаце амаль не трэба, таму, калі прыходзіць, першым дзелам прашу: “Сядзь, пагамані, павесялі старую, раскажы, што у вёсцы робіцца”. Добра ета, што сацыяльных работнікаў прыдумалі, старасць, адзіноту людскую яны скрашваюць.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.