Галоўнае багацце зямлі – яе людзі. На Пакрову ў Каплічах адсвяткавалі дзень вёскі, а ў Навасёлках віншавалі маці

375_cr

У кожнай вёсачцы нашага прыгожага раёна ёсць свае непаўторныя традыцыі. У жыхароў Новых Навасёлках заведзена збірацца разам на Дзень маці, які мы адзначаем на хрысціянскае свята Пакрову.

Добрая традыцыя замацавалася ў вёсцы дзякуючы яе ўраджэнцу Міхаілу Супруновічу, старшыні савета дырэктараў холдынгу “БелГАЗаўтасервіс”. Чаму менавіта на Пакрову? Бо ў гэты дзень нарадзілася маці Міхаіла Андрээвіча.

88_cr

Вось і сёлета ён прыехаў на малую радзіму, каб павіншаваць Яўгенію Данілаўну і ўсіх сваіх аднавясковак, якія носяць ганаровае званне – жанчына-маці. Для іх падрыхтавалі цудоўны канцэрт сталічныя артысты – вакальны гурт “Велес” Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўнівесітэта, які ў свой час скончыў Міхаіл Супруновіч.

366 272_cr

Па традыцыі ў гэты дзень на Алеі маці ў Навасёлках дасадзілі новыя маладыя дрэўцы.

772_cr

Потым удзельнікі добрай акцыі накіраваліся ў цэнтр сельсавета – аграгарадок Каплічы, дзе ў другой палове дня распачалося свята вёскі. З прывітальнымі словамі да жыхароў звярнуўся старшыня Капліцкага сельвыканкама Генадзь Кавальчук:

– У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, месца, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. І яго немагчыма забыць. Для вас, дарагія землякі, гэта Каплічы. Тут жывуць людзі, якія ўмеюць працаваць і ствараць. Яны – галоўнае багацце нашай роднай зямлі, яны пішуць яе гісторыю, праслаўляюць яе і ўпрыгожваюць дзеля нашага мірнага неба і дабрабыту.

Генадзь Віктаравіч адзначыў, што для вяскоўцаў гэта цудоўная магчымасць сустрэцца, пабачыцца. Тым больш, што работы дома ўжо не так шмат: з агародамі ўсе разабраліся, ды і Пакрова прыйшла – у такое свята грэх працаваць. А вось адпачываць, весяліцца і радавацца ніхто не забараняе. Наадварот.

548_cr

Урачыстая частка свята працягнулася віншаваннямі. У адрас вяскоўцаў было сказана шмат цёплых слоў падзякі за іх спагадлівасць, дабрыню, працавітасць і душэўную цеплыню. Асобныя словы ўдзячнасці гучалі для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якіх павіншаваў кіраўнік ААТ “Каплічы” Андрэй Буднік.

Падзячныя лісты райвыканкама і каштоўныя падарункі пад апладысменты землякоў ўручылі трактарыстам Васілю Шумскаму, Уладзіміру Бандарэнка, Мікалаю Савіцкаму, Сцяпану Лапушка і вадзіцелю Сяргею Камышу. Яшчэ дзесяць працаўнікоў гаспадаркі за добрасумленную працу былі адзначаны падарункамі.

Падзячны ліст райсавета дэпутатаў уручылі памочніку старшыні сельвыканкама па вёсцы Каплічы Але Салаўянчык. Тут трэба ўзгадаць, што яна шматдзетная маці, і некалькі гадоў таму іх прыгожая, дружная сям’я была пераможцай раённага і выдатна прадставіла наш раён на абласным этапе сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.

Не забыліся ў Дзень маці і пра шмадзетных жыхарак Каплічаў. На свяце вёскі віншаванні і каштоўныя падарункі прымалі сем жанчын, якія нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей.

Таксама адзначылі семейныя пары, якія ў гэтым годзе святкуюць 50 і 55 гадоў сумеснага жыцця – Аліну і Дзмітрыя Рагавец і Валянціну і Аркадзя Мілаш.

Вядучыя святочнай праграмы не скупіліся на цёплыя словы – яны знайшліся для кожнага вяскоўца.

Па традыцыі выбралі і гаспадароў лепшых падворкаў. У гэтым годзе пераможцамі конкурсу “Сядзіба ўзорнага парадку” сталі Валянціна і Уладзімір Макушынскія.

Прыгожую музычную праграму вяскоўцам прапанаваў калектыў мастацкай самадзейнасці Капліцкага СДК і сталічны ансамбль “Велес”.

Працавалі выставы народнай творчасці, гандлёвыя кропкі і дзіцячыя атракцыёны. Мясцовая гаспадарка прапанавала ўсім удзельнікам свята пачаставацца блінамі, дранікамі, пловам і духмянай гарбатай.

Былі і пачастункі ад спонсараў – марожанае і садавіна для дзяцей.

Калі ўсе словы падзякі былі высказаны, узнагароды і падарункі ўручаны, пачалася дыскатэка. На свята вёскі ў Каплічы завітаў мастацкі калектыў “Калінавы цвет” Дудзіцкага СДК. А калі сцямнела, у небе рознакаляровымі агеньчыкамі ўспыхнуў святочны феерверк.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.