Зямля бацькоў, зямля святая. Дзень вёскі прайшоў у Гулевічах

415

Дзе карані, пачатак роду,

Дзе родны кут свой, кожны знае.

І ён нам шэпча– прыязджайце:

Зямля бацькоў – зямля святая!

Як у кожнага чалавека свой лёс, так і ў вёсак – свой жыццёвы шлях, свая гісторыя. І пішуць гэту гісторыю звычайныя людзі.

Сапраўдны патрыёт не той, хто на кожным кроку на ўвесь голас крычыць, як ён любіць сваю Радзіму, а той, хто спрабуе нешта для яе зрабіць, захаваць яе мінулае для будучых пакаленняў, душой і сэрцам разумее родную зямлю, даражыць ёю.

На свята вёскі ў Гулевічах прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, з’ехаліся дзеці вяскоўцаў, унукі.

435

Адкрываючы святочную праграму, старшыня Сыродскага сельвыканкама Ларыса Баравік выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто знайшоў час і магчымасць прыехаць на сваю малую радзіму. “Родная зямля дае нам сілы, зараджае энергіяй, дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі і перашкодамі”, – упэўнена Ларыса Уладзіміраўна.

Некаторыя моманты з багатай гістарычнай спадчыны вёскі ўдзельнікам свята нагадала Марыя Цырулік, якая захапляецца краязнаўствам і гісторыяй.

Дарэчы, Гулевічы ў пісьмовых крыніцах згадваюцца упершыню яшчэ ў 1552 годзе ў вопісе Мазырскага замка. У 1560 годзе Гулевічы былі адзначаны ў актах размежавання, а ў 1774 г. – у дакументах пра ўдакладненне меж паміж вёскамі Гулевічы і Каленкавічы.

Вядучая свята Вольга Цітавец ўзгадала асноўныя падзеі гістарычнага мінулага вёскі – з’яўленне ў Гулевічах клуба і бібліятэкі, цяжкія гады калектывізацыі і масавых рэпрэсій, стварэнне калгаса “Праўда”, Вялікую Айчынную вайну, прапанавала ўшанаваць хвілінай маўчання памяць тых, хто не вярнуўся дадому. А гэта 104 жыхары вёскі, 6 удзельнікаў антыфашысцкага руху, якіх растралялі ў час акупацыі, 76 савецкіх салдатаў і 2 партызаны, што загінулі пры вызваленні Гулевічаў і пахаваны ў брацкай магіле.

452

Цікавіцца мінулым свайго краю – вельмі карысна і пахвальна, але ж вернемся ў сучаснасць, да тых людзей, што сёння з’яўляюцца захавальнікамі і прадаўжальнікамі славутых традыцый і звычаяў. З імі ўдзельнікі свята пазнаёміліся пад час урачыстай часткі мерапрыемства.

І першымі на свяце вёскі адзначылі доўгажыхароў населенага пункта. Гэта 98-гадовая Кацярына Наўныка, 90-гадовыя Клаўдзія Карнеявец і Міхаіл Наўныка, 85-гадовыя Любоў Карнеявец, Ганна Карнеявец, Марыя Квасніца.

Шмат слоў удзячнасці на свяце прагучала ў адрас настаўнікаў, сёння ветэранаў педагагічнай працы – Таццяны Карнеявец, Ніны Карнеявец, Кацярыны Наўныка, Галіны Камянчук, якіх адзначылі Падзячнымі лістамі аддзела адукацыі.

Падзячныя лісты ад ЦРБ атрымалі ветэраны медыцынскай працы – 85-гадовая Марыя Квасніца, якая да 75 гадоў працавала на ФАПе ў Гулевічах, і Тамара Карнеявец. Ад ТЦСАН адзначылі ветэрана сацыяльнага абслугоўвання Кацярыну Сівак. Ад РУПС – Надзею Цітавец і Ганну Сакалоўскую. Ад аддзела культуры – Валянціну Наўныка і Ганну Наўныка.

Падзячны ліст ад райсавета дэпутатаў ўручылі загадчыцы Гулевіцкім сельскім клубам-бібліятэкай Вользе Цітавец, якая з’яўляецца памочнікам старшыні сельвыканкама па вёсцы Гулевічы.

856

Праца ў сельскай гаспадарцы – аснова вясковага жыцця. Таму сярод ганаровых гасцей свята быў кіраўнік СВК “Дружба-Аўцюкі” Сяргей Даўгяла, які павіншаваў усіх вяскоўцаў з днем вёскі, а потым уручыў падарункі ветэранам сельскай гаспадаркі, якія шмат гадоў працавалі на роднай зямлі – Аркадзю Русецкаму, Міхаілу Наўныка, Алене Наўныка, Марыі Карнеявец, Ніне Лянкевіч, Кацярыне Века, Алене Гарыст, Ніне Карнеявец, Мікалаю Судасу, Лідзіі Лянкевіч, Валянціне Наўныка.

Не здзіўляйцеся, як жартуюць самі жыхары Гулевічаў, большая палова вёскі у іх Карнеяўцы, другая – Наўныкі.

Цікава правесці свята загадчыцы клуба Вользе Цітавец дапамаглі Ірына Рубан, Інна Бельская, Дар’я Лянкевіч, Яўгенія Лянкевіч, вакальны калектыў “Чапурушкі”, сямейны ансамбль “Даінці” якія некалькі гадзін радавалі прысутных душэўнымі песнямі.

Асобна адзначым юных артыстаў – Дар’ю, Юлію, Хрысціну, Яўгенію, Валерыю, Таццяну, Ганну Лянкевіч, Эвеліну і Дар’ю Карнеявец.

Такія святы аб’ядноўваюць людзей, ствараюць добры настрой, зараджаюць пазітыўнай энергіяй.

Валянціна Наўныка, якая некалі была дырэктарам Гулевіцкага клуба, адзначыла, што сёння клуб у надзейных руках, бо такіх энтузіястаў, як Вольга Цітавец трэба яшчэ пашукаць. Сардэчна дзякавалі загадчыцы, а таксама ўсім, хто дапамог ёй арганізаваць запамінальнае і яркае мерапрыемства, і іншыя жыхары Гулевічаў.

Згадзіцеся, не часта ў вёсках ладзяцца святы, бо сельскія жыхары больш прывыклі да працы, чым да гулянак. Але ж, калі такая хвіліна выпадае, адпачываюць шчыра і весела.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.