95-гадовая Альма Шульц лічыць, што сёння добра жыць, спакойна і бесклапотна…

IMG_0083

Сёння жыхарцы вёскі Чырвоная Слабодка Альме Шульц – у дзявоцтве Гуч – 95 гадоў. Гэта па пашпарце. Так запісала яе маці, калі аднаўляла дакументы, страчаныя падчас вайны. Дакладнай даты свайго нараджэння Альма Райнольдаўна не ведае, але гэта яе ніколі не хвалявала: раней ніхто не лічыў гэты дзень за свята, не адзначаў яго. 

Цікава, што і свякруха запісала сына Рамана на такое ж чысло. І калі ён зваў ужо раз пяты непрыступную Альму замуж, то пераконваў, што самім лёсам ім наканавана быць разам: нездарма ж маткі, не згаворваючыся, звязалі іх адной лічбай.

Не магу не спытаць, чаму ж так упарта адмаўляла Раману Юлісавічу, якога дачка Марыя лічыць лепшым мужам і бацькам у свеце, на што чую:

– Донька мая, залаценькая, калі б ты пабачыла, як мы пасля войны жылі, то ўсё б зразумела. Абое безбацькавічы: майго татку рэпрэсавалі яшчэ ў 38-м, а яго на старасць год здурнеў, кінуў жонку з семярымі дзецьмі і кудысь з’ехаў. Свякруха – залатая жанчына – ні адным словам яго не папікнула, але есці ім часта прыходзілася траву ды жалуды. Такая ж галеча была і ў нас. І хаця Раман мне падабаўся, але ж хацелася хоць якую капейку зарабіць на ўборы, таму завербавалася на лесанарыхтоўкі ў Вільчу. Ніколі б ён мяне туды не адпусціў, калі б мы былі запісаныя. Праўда, грошай я там не пабачыла: начальнік трапіўся злодзей.

Каб мы крыху багацей жылі, каб не вайна гэта страшэнная, то я б, напэўна, вывучылася на настаўніцу. Я вельмі хацела вучыцца. На жаль, не давялось… Добра шчэ, што два класы скончыла, пісаць, чытаць ды счытаць навучылася. У таткі было шмат бажэственных кніжак. Я іх любіла перачытваць.    

IMG_0063

І Альма Райнольдаўна, і Раман Юлісавіч з сем’яў абруселых немцаў. Абодва нарадзіліся на хутары каля вёскі Хаткі Нараўлянскага раёна. Падчас Вялікай Айчыйнай вайны былі эвакуіраваны ў пасёлак Сухапечаеўка Пензенскай вобласці.

– Мы выехалі з кароўкай і з ёй назад вярнуліся. Карміцелька наша была. У эвакуацыі рабілі у калхозе: матка кароў даіла, брат свіней карміў, а я цялят даглядала. Давалі нам кіло хлеба на дзень. Зразу на ферме жылі разам з авечкамі, а тады на кварціру папрасіліся, – успамінае Альма Райнольдаўна. – Увесь час марылі, як вернемся ў сваю невялічкую хатку. Добра, што ўцалела яна ў войну.

IMG_0073

Летам 1945-га эвакуіраваныя жыхары вёскі Хаткі вярнуліся на радзіму. І адразу ж сарамлівы 17-гадовы Раман Шульц пачаў праводзіць з вячорак бойкую прыгажуню Альму Гуч.

– Амаль чатыры гады ён мяне дабіваўся. Пабраліся толькі ў 1949-м. Калі нас ў сельсавеце запісвалі, то казалі, што ніколі такога не бачылі, каб мужык і жонка былі з аднаго года і чысла, – расказывае бабуля. – Хазяін папаўся мне харошы, гарапашны, з дзецьмі мне добра памагаў. Ён усё жыццё рабіў ў калхозе на конях, а я 28 год кароў даіла, затым яшчэ 12 у брыгаду бегала. Дзяцей у нас было чацвёра: тры сыны і дачка. Няма ўжо дваіх хлопцаў, і мужыка даўно няма. Усе сабакі мае падохлі, а я ўсё жыву. Дзякуй Богу, на сваіх нагах і пры памяці.

Яшчэ гады два назад з дачкой на гародзе корпалася. Мой мяне як замуж браў, казаў: “Упадобаў цябе, бо ты самая рабацяшчая дзеўка на сяле”. Я ж паспявала і кароў даіць, і соткі садзіць, і гаспадарку даглядаць. Ягад-грыбоў ніколі не мінала, за жніво тры гектары жыта сярпом жала, вязала, вышывала, прала, чытаць любіла. Не гуляла і не піла. Мо выпіла за жызнь літру гарэлкі, а мо і не. Суседкі здзіўляліся, ці сплю калі. А колькі я там спала – тры-чатыры часы, болей не выпадала. Сяброўкі казалі: “Не гаруй ужо столькі, супакойся, аддыхні, паляжы трошкі”. А я, як дурная, ні свету белага, ні дзяцей за работай не бачыла, водпуск ніколі не брала. Затое начальства мяне ўважала, грамат для мяне не шкадавала. Нават медаль быў за труд, алё ён недзе згубіўся пры пераездзе.

IMG_0083

Дзесяць гадоў была дэпутатам раённага і сельскага саветаў. Пенсію добрую па тых часах атрымала – 120 рублёй. Як праводзілі на пенсію, далі пуцёўку на отдых у Германію ў санаторыю. Не паехала. Як ехаць, калі хазяйства вялікае? Во якая гаротніца. Цяпер часам шкадую, што дзяцей увагай абдзяляла, лішні раз не прыгалубіла. Бог дапамог: выраслі яны добрымі людзьмі. Шэсць унукаў у мяне і сем праўнукаў. Шчэ б прапраўнука пабачыць. Некаторыя старыя кажуць: не жывом, а мучымся, хутчэй бы на той свет. Дык ты не вер ім, ягадка: жыць і старому хочацца. Сёння ж добра жыць, спакойна, бесклапотна.

IMG_0068

Акрамя вайны і заўчаснай смерці сыноў, выпала на долю Альмы Райнольдаўны і Рамана Юлісавіча яшчэ адно выпрабаванне – Чарнобыльская трагедыя. Вёска Хаткі трапіла ў зону першачарговага адсялення, а таму ўжо ў першыя дні мая 1986 года яе жыхароў вывезлі ў вёску Дуброва Нараўлянскага раёна, адтуль, у верасні, – у Чырвоную Слабодку, дзе для перасяленцаў у кароткі тэрмін пабудавалі домікі.

IMG_0093

– Першы год на новым месцы мы з мужам рэчы амаль не распакоўвалі, усё верылі, што хутка вернемся дадому. Нават гарод не садзілі, гаспадарку закінулі… Рваліся ў сваю любімую вёсачку, плакалі, нудзіліся, – успамінае Альма Райнольдаўна, выціраючы ражком хусткі набеглыя слёзы. –  Дачка прыедзе, угаворвае: “Мама, абжывайцеся. І дом жа харошы, і суседзяў-аднавяскоўцаў хапае”, а я не магу сябе перасіліць. А потым памалу звыклася. А мужык, так мне здаецца, і не прывык. Аднаго разу ўскочыў на каня з крыкам: “Не магу тут, не хачу, паеду ў Хаткі” і паскакаў у бок Азарыч . Я на тэлефон, падняла дачку з зяцям, яны недзе каля Мазыра яго перахапілі. Зяць у мяне сільно дабрэнны, золатам не аплаціць: і памые, і наварыць, і пакорміць, і спаць паложыць. І дачка такая ж. Глядзяць мяне добра. Хай бы ўсіх старых так глядзелі.  

IMG_0096

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фото Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.