Марафон святаў вёсак у гэтым годзе распачаўся ў Хобным

64

Ёсць на свеце куточак адзіны,

Дзе мяне бацькі нарадзілі,

Дзе лунаюць буслы ўвесну

I чуваць жаўруковыя песні…

У кожнага чалавека ёсць свой родны кут – месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, зямля, якая яго ўскарміла, калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. Менавіта туды на працягу ўсяго жыцця імкнецца стомленая нягодамі душа: там заўсёды светла, добра і ўтульна.

У гэтым годзе марафон святкавання дзён вёсак у нашым раёне распачаўся ў Хобным. Звычайна такія святы ладзяцца ўлетку ці па восені, а вось сёлета па шматлікіх просьбах жыхароў населенага пункта свята вёскі вырашылі правесці на вялікіх выхадных перад Радаўніцай, калі туды з’язджаецца шмат людзей з розных куточкаў нашай краіны. Згадзіцеся, цудоўная магчымасць для землякоў сустрэцца, пабачыць адзін аднаго, успомніць дзяцінства, юнацтва, маладосць…

Крыніцы сведчаць

“Сяло Хобна, якое ўваходзіць у трэцюю благачынніцкую акругу Рэчыцкага павета, размешчана ў адзінокай і лясной мясцовасці. Ад губернскага горада знаходзіцца ў 350, ад свайго павятовага ў 70, ад паштовай станцыі ў 49 вярстах. Хобненская Іана-Багаслоўская царква, якая лічыцца прыпісанай да Аўцюцэвіцкай царквы, размешчана ў паселішчы і пабудавана прыхажанамі. У састаў прыходу ўваходзяць жыхары Хобна і Муціжара – усяго 496 душ”. Вось такія гістарычныя звесткі аб Хобным змешчаны ў кнізе “Описание церквей и приходов Минской епархии”, якая выйшла ў Мінску ў 1879 годзе.

Гэта не адзінкавы пісьмовы помнік, які захоўвае звесткі аб мінулым гэтай вёскі. Яе гісторыя мае яшчэ больш глыбокія карані. Першае пісьмовае ўпамінанне аб Хобным адносіцца да 18 сакавіка 1674 года. У гэты дзень уладальніца Хобнага Барбара Лошчына з роду Юдзіцкіх сваім запісам у судзе каптуравым у Мазыры перадала частку сваіх уладанняў оўруцкім іезуітам. Мужам Барбары быў Міхаіл Лозка – брат мазырскага маршала Стэфана Лозкі, якому належалі многія вёскі на Палессі. Так што вёсцы Хобнае ўжо, магчыма, тры з паловай стагоддзі.

З другой паловы ХІХ стагоддзя і да 1924 года вёска ўваходзіла ў састаў Аўцюцэвіцкай воласці, а з 1924 – Юравіцкай.

Адкрываючы святочную праграму, старшыня Вялікаўцюкоўскага сельвыканкама Андрэй Баравік выказаў словы падзякі ўсім, хто знайшоў час і магчымасць прыехаць на сваю малую радзіму на свята.

– Родная зямля дае нам сілы, зараджае энергіяй, дапамагае справіцца з цяжкасцямі і перашкодамі”, – адзначыў ён.

Вядучыя ўзгадалі асноўныя падзеі з гістарычнага мінулага вёскі, у тым ліку Вялікую Айчынную вайну, прапанавалі ўшанаваць хвілінай маўчання памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за наша мірнае неба. Сёння ў вёсцы Хобнае не засталося ўжо ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, трэба адзначыць, што перад пачаткам урачыстай часткі свята яго ўдзельнікі прынялі ўдзел у мітынгу каля брацкай магілы.

У чэрвені 1943 года ў Хобнае наведаўся карны фашысцкі атрад. Шмат людзей было расстраляна, а вёска спалена. Пасля вайны трэба было будавацца нанова, узнаўляць народную гаспадарку.

У 1950 годзе тры калгасы “Змагар”, “Чапаева” і “Перамога” аб’ядналіся ў адну гаспадарку – калгас “Зара”. Ветэранаў працы гэтай гаспадаркі запрасілі на свята і адзначылі каштоўнымі падарункамі. Пад апладысменты аднавяскоўцаў да святочнай сцэны выходзілі: Кацярына Рабянок, Яўгенія Санько, Марыя Казак, Іван Дзмітрыенка, Аляксандр Сяргеенка, Рыгор Шаўлоўскі, Любоў Дзмітрыенка, Марыя Нікіценка, Леанід Дубянок.

439

Прымалі віншаванні і сёняшнія работнікі сельскай гаспадаркі, што працуюць у Хобненскім жывёлагадоўчым падраздзяленні малочнага камбіната; ветэраны Хобненскага лясніцтва Аляксандр Белы, Уладзімір Кохан, Рыгор Пырко, ветэраны працы сельсавета – Ніна Сяргеенка, Наталля Дзмітрыенка, Валянціна Чарняўская; былы дырэктар школы Анатоль Шаўлоўскі, ветэран паштовай справы Марыя Барысенка; сацыяльнай сферы – Алена Шаўлоўская, Любоў Кохан, гандлю – Ганна Казакова, Валянціна Белая, Надзея Кохан, Марыя Шаўлоўская.

52

Особныя словы ўдзячнасці вядучыя і ўдзельнікі свята адрасавалі доўгажыхарам і старажылам вёскі, якія ўжо адзначылі 80-гадовыя юбілеі – Яўгеніі Санько, Івану Дзмітрыенка, Кацярыне Рабянок, Марыі Казак, Вользе Шаўлоўскай, Марыі Барысенка, Ганне Торап, Кацярыне Цялегінай. Павіншавалі і 90-гадовага юбіляра Леаніда Дубянка.

Потым надыйшла чарга віншаванняў сямейных пар. Іх у Хобным налічваецца 24. Сярод іх вылучаецца сям’я Віктара і Тамары Еўтушэнка, што жывуць душа ў душу ўжо 60 гадоў, выгадавалі 5 дзяцей, дачакаліся 10 унукаў і 8 праўнукаў, ужо ёсць і прапраўнукі.

Сёння ў Хобным налічваецца 66 падворкаў, на якіх пражываюць 123 чалавекі. Ёсць сярод іх сапраўдныя майстры, якія сваімі рукамі ствараюць цудоўныя, прыгожыя рэчы. Гэта вышывальшчыцы Валянціна Белая і Любоў Дзмітрыенка, канструктары-аматары Сяргей Яраш і Мікалай Лагвінец, гаспадары ўзорных падворкаў Галіна Варабей і Ганна Міцуля. Іх таксама адзначылі падарункамі.

Асобна павіншавалі шматдзетную сям’ю Руслана і Вікторыі Казаковых, у якой падрастаюць трое дзетак.

Падзячныя лісты райвыканкама ўручылі Валянціне Белай, Любові Дзмітрыенка, Сяргею Ярашу, Ганне Міцуля, Мікалаю Лагвінцу. Падзячныя лісты райсавета дэпутатаў за актыўную грамадзянскую пазіцыю і дапамогу сельсавету ў добраўпарадкаванні вёскі – Уладзіміру Кохану, Любові Кохан, Клаўдзіі Кохан, Алене Шаўлоўскай, Івану Шаўлоўскаму, Галіне Варабей.

274 изображение_viber_2023-04-24_16-53-46-019 408

Пасля ўрачыстай часткі пачалася канцэртная праграма з удзелам артыстаў мастацкай самадзейнасці Хобненскага сельскага клуба-бібліятэкі і запрошаных артыстаў – вакальнага ансамбля “Альва” РДК, ансамбля “Калінавы цвет” Дудзіцкага СДК, Мікалая Камыша з Казловіцкага СДК. А калі сцямнела, неба над Хобным расквеціў святочны салют.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.