ПАМЯЦІ ТАВАРЫША. 6 лютага ў рэдакцыю прыйшла сумная вестка: не стала Івана Іванавіча Гарыста

Ветэран беларускай журналістыкі, таленавіты літаратар, галоўны рэдактар раённай газеты з 1992 па 2023 год, ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна пайшоў з жыцця на 67-м годзе пасля цяжкай хваробы…

Іван Гарыст нарадзіўся 10 ліпеня 1957 г. ў вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы працаваў рабочым у Лельчыцкай ПМК-6 і выхавацелем інтэрната пры Стадоліцкай СШ. А ў 1974 г. паступіў на беларускае аддзяленне філфака Мазырскага педінстытута, пасля заканчэння якога працаваў настаўнікам гісторыі і дырэктарам Навасёлкаўскай васьмігодкі. Здольнага кіраўніка і арганізатара навучальнага працэса, таленавітага настаўніка яго заўважылі, і ў 1980 г. даручылі кіраўніцтва Юравіцкай СШ. У 1983 г. Іван Гарыст скончыў завочнае аддзяленне гістфака Мінскага педінстытута імя Горкага, в 2008 г. – інстытут вышэйшых кіруючых кадраў Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У маі 1990 г. Івана Гарыста перавялі на пасаду намесніка галоўнага рэдактара раённай газеты «За камунізм». А ў лютым 1992 г., у самы няпросты час для краіны і калектыва рэдакцыі, ён быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара УРРГ «Калінкавіцкія навіны». Новая сфера дзейнасці патрабавала ад яго новых ведаў і новых уменняў. Выратавалі прыродныя здольнасці, набыты вопыт дырэктарства і грунтоўныя гуманітарныя веды.

На працягу наступных 30 гадоў Іван Гарыст узначальваў калектыў рэдакцыі раённай газеты, якая пад яго кіраўніцтвам дасягнула не толькі стабільнага эканамічнага, але дастаткова высокага творчага патэнцыялу. Як галоўны рэдактар, ён імкнуўся, каб газета забяспечвала свайго чытача дакланай аператыўнай інфармацыяй, фарміравала канструктыўную грамадскую думку, каб людзі памяталі пра свае карані і ведалі сваю гісторыю. Пры гэтым ён востра адчываў высокую адказнасць за друкавае слова.

Карпатлівая праца калектыва пад кіраўніцтвам Івана Гарыста атрымала прызнанне. Раённая газета неаднаразова атрымлівала ўзнагароды раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў, стала лаўрэатам IV і ХІ Нацыянальнага конкурса «Залатая Літара», двойчы прызнавалася лепшым СМІ Гомельшчыны.

Па ініцыятыве Івана Іванавіча рэдакцыя раённай газеты выдала некалькі кніг, а ён стаў іх аўтарам-укладальнікам. Так, у 2005 г. выйшла кніга «Вялікая Айчынная: супраціўленне і вызваленне Калінкавіцкай зямлі», у наступным – гісторыка-дакументальны фотаальбом «Калинковичи. Калинковичский район», а ў 2009 г. – яго аўтарская кніга «Линия жизни (история района в лицах)». Пазней да Усебеларускага фестывалю народнага гумару выйшла кніга гумарэсак «Бульбулятар», зборнік нарысаў пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў і жыхароў раёна «Именослов Калинковичских героев», дзве кнігі выдання «На беразе мора Герадота», у якія сабраны нарысы журналістаў раёнкі пра гісторыю і сучаснасць населеных пунктаў раёна.

Іван Гарыст быў пераможцай штогадовага спаборніцтва і прызнаны лепшым журналістам Гомельскай вобласці. За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіцце Калінкавіцкага раёна, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, актыўную дэпутацкую дзейнасць ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яго шматгадовая плённая праца на ніве журналістыкі была адзначана нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі». За асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі яму прысвоена ганаровае званне  «Заслужаны журналіст» БСЖ.

Іван Іванавіч заўсёды быў у эпіцэнтры грамадска-палітычнага жыцця краіны, на працягу многіх гадоў з’яўляўся дэпутатам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, членам Калінкавіцкага райвыканкама, дэпутатам раённага Саветаў дэпутатаў. Як неабыякавы чалавек, шмат намаганняў ён прыкладаў для вырашэння праблем выбаршчыкаў, насельніцтва.

Для кожнага з нас, супрацоўнікаў раённай рэдакцыі, Іван Іванавіч стаў хросным бацькам у прафесіі. Ён вучыў, падказваў, накіроўваў – адным словам, шчыра перадаваў свой каштоўны вопыт у абранай прафесіі. Ён быў патрабавальным і, разам з тым, спагадлівым. Заўсёды выказваў нераўнадушша да асабістых праблем работнікаў рэдакцыі, заўсёды працягваў руку дапамогі, падтрымліваў не толькі пераканаўчым словам, але і справамі. Чалавек пазітыўнага настрою, з тонкім пачуццём гумару, Іван Іванавіч умеў знайсці патрэбнае слова і даць дзейсную параду. Размова з ім прыносіла не толькі станоўчыя эмоцыі і бадзёрасць, але і дапамагала ўзбагаціцца каштоўным вопытам.

Упэўнены, памяць пра Івана Іванавіча Гарыста назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, хто з ім працаваў, хто быў яго вучнем.

Мы шчыра спачуваем і выказваем словы падтрымкі былому стылістычнаму рэдактару Святлане Вітальеўне Гарыст, родным і блізкім Івана Іванавіча, падзяляем боль і смуткуем разам з імі…

 

Калектыў рэдакцыі.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.