Наведалі музей і распрацавалі віртуальную экскурсію

11

Нядаўна на ўроках беларускай літаратуры мы пазнаёміліся з класікам, які ўвайшоў у залаты фонд беларускай літаратуры, — паэтам, публіцыстам, літаратуразнаўцам і перакладчыкам Максімам Багдановічам.

Ягоны лёс настолькі нас зацікавіў, што мы вырашылі наведаць «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» ў горадзе Мінску. Знамянальна, што паездка адбылася напярэдадні святкаваня юбілейнай даты – 130-годдзя з дня нараджэння паэта.

Экспазіцыю музея рыхтавалі 10 гадоў, і ў 1991 годзе яна, нарэшце, была адкрыта для наведвальнікаў. Большая частка экспанатаў – кнігі, сярод якіх чатыры экзэмпляры адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў аўтара “Вянок” з яго аўтографамі.

У музеі таксама прадстаўлены любімыя кнігі класіка, літаратура пра яго жыццёвы і творчы шляхі, творы паслядоўнікаў. Акрамя таго, там шмат рукапісаў Максіма Багдановіча, фатаграфій і дакументаў з яго асабістага архіва.

Захоўваюцца ў фондзе музея кінафільмы аб знакамітым беларусе, аўдыёзапісы яго вершаў, песень на словы класіка. Нам давялося іх паслухаць, акунуцца, наколькі гэта магчыма, у эпоху паэта, яго думкі, пачуцці, перажыванні. Натхнёныя, мы хорам прачыталі на памяць легендарны верш «Зорка Венера».

Размяшчаецца музей у будынку Траецкага прадмесця – помніка гарадской архітэктуры XIX стагоддзя. Яго ўнутранае ўбранне выканана ў стылі «мадэрн». Элементы гэтага напрамку прысутнічаюць у вітражах, афармленні столі, экспазіцыйных ніш. Аўтар канцэпцыі – заслужаны дзеяч культуры Беларусі Эдуард Агуновіч – у 1993 годзе за сваю працу быў удастоены Дзяржаўнай прэміі.

Уражаныя паездкай, мы вырашылі распрацаваць для вучняў школы віртуальную экскурсію па жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. Нашу ідэю падтрымалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Наталля Века і Людміла Масціцкая, настаўнік інфарматыкі Вольга Афанасьева.

Напярэдадні 130-годдзя з дня нараджэння паэта першымі слухачамі віртуальнай экскурсіі сталі вучні 5–7 класаў. Да канца дэкады, прысвечанай творчасці Багдановіча, яе праслухаюць усе вучні школы.

Мілана БАНДАРЭНКА, вучаніца 7 класа СШ №7.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.