Дзеўка касы не пляце, птушка гнязда не ў’е. Як у Бярозаўцы святкавалі Благавешчанне

144

Традыцыя святкаваць Благавешчанне ў вёсцы Бярозаўка Юравіцкага сельсавета захавалася і сёння. У гэты дзень вяскоўцы не працуюць па гаспадарцы. Кажуць, што на Благавешчанне птушка гнязда не ўе, а дзеўка касы не пляце. А вось адпачываць, спяваць песні і вадзіць карагоды не забараняецца.

Так было і сёлета. У нядзелю 7 красавіка адсвяткаваць Благавешчанне выйшлі тыя, хто не абыякавы да народнай культуры, традыцыям сваёй малой радзімы. Кіруе абрадам мастацкі кіраўнік Бярозаўскага сельскага клуба Паліна Лапацік. Побач з ёю такія ж энтузіясты, як і сама Паліна Паўлаўна – народны фальклорны ансамбль «Бярозаўскія пералівы», мастацкім кіраўніком якога яна шмат гадоў з’яўляецца, і дзіцячы ансамбль «Пацехі».

На ганку сельскага клуба размясцілася выстава прадметаў побыту беларусаў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

311

– Абрад будзе жыць, пакуль яго памятаюць, – упэўнена Паліна Паўлаўна. – Асноўны накірунак нашай дзейнасці – адраджэнне народных традыцый. Мы гэтым займаемся ўжо даўно, імкнемся зберагчы спадчыну для нашчадкаў. Добра, што некалі паспелі пагутарыць з яшчэ жывымі сведкамі самабытных вясковых традыцый,  запісаць словы песен, што спявалі нашы жагчыны ў гады сваёй маладосці, народныя прыкметы і паданні, звязаныя са святамі. Усё гэта патрэбна абавязкова зберагчы. Фальклор утрымаць цяжка, але ж у ім нашы карані, наша духоўная і культурная спадчына.

Па традыцыі ўдзельнікі абрада праехаліся па вёсцы на возе, запрэжаным конікам. І вось ужо панеслася па наваколлі: «Ой пасею я ўкроп, ды ў новым агародзе…» Менавіта гэту песню звычайна спявалі ў Бярозаўцы на Благавешчанне. Спяваюць яе і сёння, а таксама розныя абрадавыя песні, песні-вяснянкі і жартоўныя прыпеўкі. За адной гучала другая, трэцяя.

Каля сельскай крамы ўдзельнікі свята, пабраўшыся за рукі, вадзілі карагоды, танцавалі «Вясна красна» і «Скакаў верабей».

У перапынках паміж песнямі пад гармонік і гульнямі гутарылі пра веснавыя клопаты ў полі і агародзе, якія можна распачынаць адразу пасля Благавешчання, узгадвалі народныя прыкметы, па якіх можна прадказваць будучае надвор’е. Жыццё і побыт нашых продкаў непарыўна былі звязаны з прыродай і умовамі надвор’я. Лічылася, калі правільна паклікаць вясну, год будзе шчаслівым і багатым на ўраджай. Такім чынам прырода аддзячыць людзям.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.