Максім Багдановіч — пясняр красы і гармоніі

богданович

Максім Багдановіч — адна з самых цікавых і загадкавых асоб у гісторыі беларускай літаратуры. Ён з тых самых першаадкрывальнікаў, якія фарміравалі напрамкі развіцця літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя, і моцна паўплываў на далейшае развіццё прыгожага пісьменства Беларусі, хоць з дваццаці пяці гадоў свайго кароткага жыцця толькі пяць пражыў на Радзіме.

Нарадзіўся паэт 9 снежня 1891 года ў Мінску. У гэты час яго бацька працаваў загадчыкам і настаўнікам Мінскага гарадскога пачатковага вучылішча. У кватэры пры вучылішчы і нарадзіўся Максім (цяпер гэта вуліца Багдановіча, 25).
Пазней сям’я пераехала ў Гродна ў вялікі драўляны дом. Сёння там размяшчаецца музей Максіма Багдановіча, які ўваходзіць у комплекс Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
Калі хлопчыку было пяць гадоў, памерла маці Марыя Апанасаўна. Бацька Адам Ягоравіч вельмі балюча перажываў гэту трагедыю. Для догляду за дзецьмі ён запрасіў з Адэсы сваю малодшую сястру Марылю і пераехаў з сям’ёй у Ніжні Ноўгарад, а потым — у Яраслаўль.
Максім вучыўся ў Ніжа-гародскай мужчынскай гімназіі, потым у гімназіі у Яраслаўлі, пазней у Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі.
Яшчэ падчас вучобы ў Ніжнім Ноўгарадзе ён захапіўся вершаскладаннем і вывучэннем беларускай культуры. У 1906 годзе хросная маці Вольга Сёмава выпісала яму беларускія газеты. Спачатку «Нашу долю», а пазней і «Нашу ніву».
А ўжо ў 1907 годзе ў «Нашай ніве» з’явілася алегарычнае апавяданне Максіма Багдановіча «Музыка», а потым і вершы «Над возерам», «Вадзянік», «Лясун», «Возера». Друкаваліся яго творы і ў газеце «Голас», а таксама ў іншых выданнях.
Максім Багдановіч — адзін з пачынальнікаў філасофскай лірыкі ў гісторыі беларускай літаратуры. Ён увёў у беларускую жанравую сістэму класічныя формы (трыялет, рандо, санет), якія вельмі арганічна ўпісаліся ў нацыянальную літаратуру, таксама адкрыў у беларускай паэзіі новыя тэмы, матывы, вобразы, напрыклад, тэму горада.
Праз пераклады твораў рускай, украінскай, французскай, нямецкай і іншых літаратур паэт даў магчымасць беларускаму чытачу пазнаёміцца з сусветнай класікай.Багдановіч вельмі любіў паэзію. Выдатна перакладаў яе і сам ствараў мастацкія тэксты, блізкія эстэтыцы імпрэсіянізму. Быў адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Ён аўтар такіх эпічных твораў, як «Апокрыф», «Апавяданне аб іконніку і залатару» і інш.
З’яўляўся адным з пачы-нальнікаў прафесійнай літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства. Літара-турна-крытычныя працы Багдановіча «Глыбы і слаі», «Забыты шлях», «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця», «За тры гады» і іншыя дагэтуль з’яўляюцца неацэннай крыніцай для даследчыкаў беларускай літаратуры.
Пасля заканчэння ліцэя ў 1916 годзе Максім перабраўся ў Мінск. У гэты час ён быў ужо цяжка хворы на сухоты, але ўладкаваўся працаваць сакратаром губернскай харчовай камісіі. У вольны час выязджаў у прытулкі для дзяцей бежанцаў, працаваў у бібліятэцы, наведваў вечарыны «Беларускай хаткі». У лютым 1917 года на грошы сяброў паехаў лячыцца ў Ялту, але гэта не дапамагло.
Ноччу 25 мая 1917 года Максіма Багдановіча не стала. На пахаванні не прысутнічаў ніхто з родзічаў, бо Максім не жадаў нікога турбаваць сваімі праблемамі і не пакінуў адраса, дзе жыў. У 1924 годзе беларускія паэты Уладзімір Дубоўка, Анатоль Вольны (Ажгірэй), Андрэй Александровіч адшукалі магілу паэта, пазней на ёй быў устаноўлены помнік.
Максіма Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога, як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі. Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры.

Валянціна ДАЎГУНЕНКА, бібліятэкар аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Please follow and like us:

Один комментарий для “Максім Багдановіч — пясняр красы і гармоніі

  • 07.12.2021 в 16:30
    Permalink

    Толькi ў сэрцы трывожным пачую
    За краiну радзiмую жах —
    Ўспомню Вострую Браму сьвятую
    I ваякаў на грозных канях.

    Ў белай пене праносяцца конi,
    Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць…
    Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
    Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.

    У бязьмерную даль вы ляцiце,
    А за вамi, прад вамi — гады.
    Вы за кiм у пагоню сьпяшыце?
    Дзе шляхi вашы йдуць i куды?

    Мо яны, Беларусь, панясьлiся
    За тваiмi дзяцьмi ўздагон,
    Што забылi цябе, адраклiся,
    Прадалi i аддалi ў палон?

    Бiце ў сэрцы iх — бiце мячамi,
    Не давайце чужынцамi быць!
    Хай пачуюць, як сэрца начамi
    Аб радзiмай старонцы балiць…» Максім Багдановіч.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.