Прызваннем Марыі Мікалаеўны Курыленка стала асвета

Курыленка М

Гэтымі днямі свой жыццёвы юбілей адзначае Марыя Мікалаеўна Курыленка. Ветэран-педагог, “Выдатнік народнай асветы” і “Отличник народного образования СССР”, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалёў “За доблестный труд” і “За сохранение памятников истории и культуры”, узнагароджаная шматлікімі ганаровымі граматамі – ад раённага да міністэрскага ўзроўняў. Радзіма дастойна ацаніла прафесіялізм, працалюбства і значны асабісты ўклад гэтай жанчыны ў адукацыю і развіццё краязнаўства.

У народзе кажуць: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Менавіта на гэты цудоўны выраз зрабіла акцэнт настаўніца Ліпаўскай школы Галіна Жураўлёва, якая ў свой час пісала пра Марыю Мікалаеўну: “Але калі ўдумацца, то падыходзяць гэтыя словы не кожнаму. А вось у нашай вёсцы Ліпаў ёсць настаўніца, якая нарадзілася і вырасла ў тутэйшых мясцінах, скончыла Ліпаўскую школу і вярнулася ў родныя пенаты дыпламаваным спецыялістам. Гэта – Марыя Мікалаеўна Курыленка, бязмежна ўлюбёная ў сваю справу настаўніца, дасціпны чалавек, незвычайнага лёсу жанчына”.

У яе і сапраўды незвычайны лёс. Малая радзіма Марыі Мікалаеўны – вёска Вязавіца. Там у сялянскай сям’і 28 лютага 1934 года яна з’явілася на свет. Яе дзяцінства прыпала на жахлівыя гады страшэнных выпрабаванняў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час рабурэння, галечы і галадухі. Назаўсёды запомніла Марыя Курыленка, што такое вайна, якое гора і боль нясе яна людзям. А таму ўсё сваё жыццё і ўсю працоўную дзейнасць займалася выхаваннем дзяцей сапраўднымі патрыётамі Радзімы.

З маленства яна імкнулася да ведаў. Марыя павінна была сесці за школьную парту 1 верасня 1941 года, але зрабіла гэта са спазненнем на тры гады. Мала было радасці ад урокаў, якія праходзілі ў адзінай ацалелай хаце, дзе першая настаўніца Ніна Фёдараўна Вахільчук вяла заняткі адразу ў шасці класах. Нягледзячы на нястачу і галечу, Марыя старанна вучылася і марыла стаць настаўніцай. Каб атрымаць сярэднюю адукацыю, паступіла ў восьмы клас Васілевіцкай сярэдняй школы, паспяхова закончыла вучобу і стала студэнткай гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага педінстытута.

Марыя Мікалаеўна марыла вярнуцца ў родныя мясціны, у родную Ліпаўскую школу. Яна з уласнага досведу ведала, як цягнуцца да ведаў хлопчыкі і дзяўчынкі, яе землякі. А таму вырашыла для сябе, што пасля заканчэння педінстытута абавязкова вернецца працаваць у Ліпаў. Але на апошнім курсе яе размеркавалі ў Шчучынскі раён Гродненскай вобласці. Тады Марыя Мікалаеўна паехала ў Міністэрства адукацыі і рашуча папрасілася на працу ў родную школу.

Яе просьбу задаволілі. Так у 1959 годзе Марыя Мікалаеўна пераступіла парог Ліпаўскай школы. Спачатку працавала піянерважатай, потым настаўніцай гісторыі. Восем гадоў Марыя Курыленка была на пасадзе завуча, а пасля 18 гадоў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай работе. З гэтай пасады яна і пайшла на пенсію.

Вось так, у некалькіх радках можна сцісла пераказаць біяграфію настаўніцы. Але каб у сапраўднасці апісаць пражытае, перажытае і здейсненае Марыяй Мікалаеўнай, не хапіла б, мабыць, і цэлай кнігі. Не толькі ў роднай Ліпаўскай школе, але і ў школьнай асвеце раёна яна пакінула значную спадчыну. Яшчэ ў 1961 годзе стварыла ў школе гурток чырвоных следапытаў. Так пачалася перапіска са 170 сем’ямі воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі пры вызваленні Ліпава і наваколля. А ўжо ў 1968 годзе за арганізацыю патрыятычнага выхавання Ліпаўская школа была ўзнагароджана Ганаровай граматай Усесаюзнага камітэта ветэранаў вайны за подпісам легендарнага ваеннага лётчыка – Героя Савецкага Саюза Аляксея Марэсьева.

Менавіта тады ў Марыі Мікалаеўны ўзнікла задумка стварыць у школе краязнаўчы музей. Ужо тады яна разумела, наколькі важна паспець сабраць успаміны непасрэдных удзельнікаў і сапраўдных відавочцаў падзей ваеннага ліхалецця, захаваць гістарычную памяць. Паступова збіраліся матэрыялы і экспанаты, якіх станавілася ўсё больш і больш. Дзякуючы значным асабістым намаганням Марыі Курыленкі ў 1989 годзе на базе Ліпаўскай школы быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей, які на працягу многіх гадоў з’яўляўся адзіным у раёне музеем такога ўзроўню і маштабу.

Разумеючы, што гісторыя роднага краю значна глыбей і шырэй, багацей на падзеі Марыя Мікалаеўна шмат зрабіла для адраджэння мінулага панскага маёнтку Ліпава і роду Горватаў, якому ён належаў. Музей і сёння, у год свайго 35-годдзя, застаецца адным з лепшых школьных музеяў Гомельшчыны. Так што менавіта Марыі Курыленка належыць значная асабістая заслуга ў развіцці краязнаўства і краязнаўчай работы не толькі ў Ліпаўскай школе, але і ва ўсім раёне. І гэта бясспрэчна.

Працавітая і няўрымслівая, творчая натура, Марыя Мікалаеўна і на пенсіі працягвала працаваць, наведвала школьны музей, падтрымлівала сувязі з родзічамі загінуўшых воінаў, якія знайшлі спачын у брацкай магіле аграгарадка. Агулам яе педагагічны стаж налічвае 54 гады…

Настаўнік – гэта не толькі той, хто перадае сваім вучням веды і ўменні. Гэта яшчэ і той, з каго вучні бяруць прыклад, у каго яны вучацца жыць. Марыя Мікалаеўна заўсёды была такім настаўнікам для сваіх вучняў.

“З любоўю ў сэрцы да маленькай Радзімы” – гэтыя словы прысвечаны паважанай настаўніцы нашай школы Марыі Мікалаеўне Курыленка.

 

Дарагая Марыя Мікалаеўна! Мы, калектыў Ліпаўскай сярэдняй школы, ад усяго сэрдца віншуем Вас з 90-годдзем! Шчырае дзякуй і нізкі паклон за шматгадовую працу, за гады, пражытыя ў любімай прафесіі, за вашу каштоўную спадчыну.

Ад усёй душы жадаем Вам, паважаная Марыя Мікалаеўна, здароўя і дабрабыту, фізічнай моцы і душэўнага настрою, бадзёрасці і аптымізму. Заставайцеся жывым прыкладам прафесійнай адданасці і адказнасці за выхаванне будучых пакаленняў, вернасці абранаму шляху і сапраўднага служэння людзям!

 

Ад імя калектыва –

Валянціна Перапеча, намеснік дырэктара Ліпаўскай школы па выхаванні.

 

*

Уважаемая Мария Николаевна!

Отдел образования райисполкома, райком профсоюза работников образования и науки поздравляют Вас со знаменательной датой в жизни! Вы всегда были примером для своих коллег и учеников, ваш бесценный опыт работы на ниве педагогики и сегодня не теряет своей актуальности. Желаем Вам крепкого здоровья, жизнелюбия и оптимизма! Пусть каждый день начинается для Вас с приятных новостей и заканчивается положительными эмоциями, а судьба будет благосклонна во все дни вашей жизни! Добра и мира Вам на многие годы!

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.