Дзенісовічы

IMG_2726

Названы ў гонар адважнай патрыёткі

У адзін з сонечных лістападаўскіх днёў мы накіраваліся ў вёску Дзенісовічы, што знаходзіцца на тэрыторыі Даманавіцкага сельсавета, за 28 кіламетраў на поўнач ад Калінкавічаў – невялічкі населены пункт з гераічным ваенным мінулым, які да ліпеня 1965 года насіў назву Блудзім. Старажылы казалі, што ў гэтых балоцістых лясах некалі заблудзіўся мясцовы пан. З тых часоў фальварак, дзе ў 1909 годзе быў усяго адзін двор і налічвалася 13 жыхароў, і стаў называцца Блудзімам.
А да гэтага так і зваўся  фальваркам. Жылося фаль-варкаўцам з гаспадаром-панам, напэўна, нядрэнна. У Калінкавічах на базары іх пазнавалі па адзенні. “У фальварку смажаць скварку!”, – крычалі малыя хлапчукі, пабачыўшы фальваркаўца. Тыя не крыўдзіліся і важна крочылі далей: што з мужычча возьмеш?..
Сёння ў Дзенісовічах не тое, што пра фальварак, але і аб арганізаваным у 1933 годзе калгасе ніхто не памятае. А тым часам, з крыніц вядома, што ў 1933 годзе ў Блудзіме дзейнічаў калгас “Новы шлях”. А вось, дзе была кузня, некаторыя з мясцовых і сёння пакажуць…
22 чэрвеня 1941 года жыццё ўсяго савецкага народа перайшло на іншыя, ваенныя рэйкі. Суровыя і напруджаныя будні былі і ў блудзімцаў. Мабілізацыя пачалася з першых дзён вайны. Тыя, хто застаўся ў тыле, самааддана працавалі, каб даць фронту ўсё неабходнае, дапамагчы партызанам, якія пачалі дзейнічаць на тэрыторыі раёна з першых дзён акупацыі.
Аднымі з першых узняліся на барацьбу з ворагам і даманавіцкія патрыёты. У Даманавіцкім раёне для арганізацыі партызанскага руху ў тыле ворага была пакінута група партыйных, савецкіх, камсамольскіх і гаспадарчых работнікаў. З восені 1941 года там дзейнічала буйная падпольная партыйна-камсамольская арганізацыя, якую ўзначальваў Павел Кашавараў. У кастрычніку 1941 года ён па заданні ЦК КП(б)Б прыбыў у Даманавіцкі раён для арганізацыі партызанскага руху. Але яшчэ раней у Блудзіме пачала дзейнічаць ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі ўраджэнка вёскі Надзея Дзенісовіч, загадчык аддзела райкома КПБ Сцяпан Уладыкоўскі, у далейшым камісар Васілевіцкага партызанскага атрада Панкрат Алісейка, афіцэры Чырвонай Арміі: Міхаіл Гарбачоў, Васіль Алісейка, Ісаак Савіцкі, Марыя Варажун і іншыя.

Для вайны ёй быў адпушчаны ўсяго год жыцця

Дзенісовіч

Яшчэ да вайны Надзея Дзенісовіч скончыла Мазырскі педагагічны тэхнікум і працавала настаўніцай. Пройдзе зусім мала часу, і гэтая маладая дзяўчына праявіць зайздросную сілу волі, мужнасць і стойкасць у барацьбе за незалежнасць нашай Радзімы.
Нарадзілася Надзея ў 1919 годзе на хутары Прыбоззе паміж вёскамі Давыдавічы і Казанск, тады яшчэ Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета Гомельскай губерні ў сям’і Мікалая Данілавіча і Агрыпіны Францаўны Дзенісовіч. Надзея была ў сям’і самай малодшай. Яе старэйшыя сёстры – Алена 1907 г. н., Наталля 1909 г. н., Паліна 1911 г. н., Матрона 1913 г. н. У 1917 годзе нарадзіўся брат Афанасій. У пачатку 1930-х гадоў сям’я Дзенісовіч пераехала з хутара ў суседнюю вёску Блудзім. Мікалай і Агрыпіна Дзенісовічы аднымі з першых уступілі ў калгас “Новы шлях”.
Надзея скончыла на «выдатна» Халодніцкую пачатковую школу, потым Даманавіцкую сярэднюю школу. Паступіла ў Мазырскі педагагічны тэхнікум. Калі вучылася ў педтэхнікуме, стала варашылаўскім стралком, вельмі спрытна разбірала вінтоўку ўзору 1891 года.
З 1937 года працавала дзяўчына настаўніцай у Славані, потым была дырэктарам школы ў Беразняках Даманавіцкага раёна. У тым жа 1937 годзе стала кандыдатам у члены партыі.
Стройная, русавалосая прыгажуня з блакітнымі вачыма заўсёды была душою кампаніі. Няўрымслівая і натхнёная натура, Надзея літаральна выпраменьвала жывую энергію. Нездарма мясцовыя камсамольцы менавіта яе абралі сваім лідэрам. Надзея паспявала кіраваць школьнай самадзейнасцю, выступаць з рознымі дакладамі перад мясцовымі жыхарамі, арганізоўвала суботнікі.
У жніўні 1941 года па заданні Даманавіцкага райкама КП(б)Б яна была пакінута ў тыле ворага для арганізацыі партызанскай барацьбы. З першых дзён акупацыі Надзея Дзенісовіч пачала актыўную дзейнасць па арганізацыі партызанскага атрада. Яна гутарыла з людзьмі, пераконвала іх у неабходнасці барацьбы з акупантамі, угаворвала дапамагаць партызанам і збіраць зброю.
У кастрычніку 1941 года ў Даманавіцкі раён для арганізацыі партызанскага руху прыбыў Павел Кашавараў, ураджэнец суседняй з Блудзімам вёскі Ракаў. Пад кіраўніцтвам Кашаварава была створана падпольная арганізацыя, якая складалася з мясцовых патрыётаў і байцоў Чырвонай Арміі, якія выйшлі з акружэння.
Надзея адказвала за правядзенне агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва (падрыхтоўка, друкаванне і распаўсюджванне лістовак, заклікаў да савецкіх людзей), кіравала групамі падпольшчыкаў, якія дзейнічалі ў вёсках Блудзім, Халоднікі, Даманавічы, Лампекі, Анісавічы, Тарканы, Бабровічы. Неаднаразова выходзіла на сувязь з партызанскім атрадам Бумажкова і Паўлоўскага, які дзейнічаў у Акцябрскім раёне, наладжвала ўзаемадзеянне з суседнімі атрадамі, удзельнічала ў баявых аперацыях па разгрому паліцэйскіх гарнізонаў.
Вясной 1942 года даманавіцкія падпольшчыкі стварылі свой партызанскі атрад, які налічваў каля пяці дзясяткаў байцоў. Надзею Дзенісовіч партызаны абралі камісарам атрада, камандзірам стаў Павел Кашавараў.
У двары бацькоў Надзеі быў арганізаваны склад зброі, адзення і харчавання. Восенню 1941 года адзін з кіраўнікоў раёна, пакінуты ў тыле ворага для барацьбы, стаў здраднікам і прыехаў да Дзенісовічаў з паліцаямі. Склад знайшлі, Надзею арыштавалі. Пасля 10 дзён арышту яе вызвалілі пад падпіску аб забароне пакідаць вёску.
Не зламаная арыштам мужная дзяўчына працягвае барацьбу з ворагам. У падпольны рух былі ўцягнуты ўсе члены яе сям’і. У доме бацькоў Надзеі быў усталяваны радыёпрыёмнік, з дапамогай якога падпольшчыкі атрымлівалі зводкі Саўінфарм-бюро і выкарыстоўвалі іх для складання лістовак, якія потым распаўсюджвалі сярод жыхароў навакольных вёсак. Таксама іх хата была канспіратыўнай явачнай кватэрай падпольнай арганізацыі, дзе праводзіліся сустрэчы падпольшчыкаў і кіраўнікоў падпольных груп.
Пляменніца Надзеі Дзенісовіч, 13-гадовая Міра, якая была дачкой яе пакойнай старэйшай сястры Алены, таксама выконвала заданні падпольшчыкаў, збірала ў лесе патроны, перадавала звесткі партызанам.
У чэрвені 1942 года даманавіц-кія падпольшчыкі панеслі вялікія страты. Здрадніца Броня Кузьменка, якая да вайны таксама была настаўніцай, а потым працавала машыністкай у Васілевіцкім гебітскамісарыяце, даведалася амаль аб усіх удзельніках даманавіцкага падполля і перадала гэтыя звесткі жандармерыі. Пачаліся арышты. У той дзень былі арыштаваны ўдзельнікі Васілевіцкага падполля і частка Даманавіцкіх партызан.
Надзея Дзенісовіч таксама была схоплена фашыстамі. Нямецкі афіцэр, што камандаваў арыштам, прапанаваў ёй цаной здрады выкупіць уласнае жыццё. Мужная партызанка адказала на гэта адмовай. Тады карнікі расстралялі і спалілі ў хаце бацькоў Надзеі Дзенісовіч.
Немцы і паліцаі доўга прабылі ў Блудзіме, дапытвалі Надзею, пляменніцу Міру, іх суседзяў Матрону і Філімона Уласенак, але ў выніку нічога так і не даведаліся. Дзяцей Уласенак жывымі спалілі ў хаце на вачах бацькоў.
Арыштаваных прывезлі ў Васілевічы. Увесь наступны дзень іх катавалі, а 14 ліпеня 1942 года вывезлі ў грузавіках ва ўрочышча Рубанікі на ўскраіне Васілевіч і расстралялі. Саму ж Надзею Дзенісовіч, па словах сведкаў, карнікі закапалі ў зямлю жывой.
Нейкім цудам засталася яе апошняя запіска, датаваная 11 ліпеня 1942 года, якая чытаецца, як запавет: “Я веру ў Вас, тых, хто застанецца пасля нас. Вы будзеце хадзіць па тых дарожках, па якіх хадзілі мы. Вы будзеце любіць сваіх дзяцей так, як любілі іх Матрона і Люба … і мы будзем жыць сярод вас, у вашых сэрцах, у вашай памяці. Не забывайце, памятайце, як мы хацелі жыць, радавацца сонцу, кветкам, першаму снегу, дзіцячаму смеху… але даражэй за ўсё ў сваім жыцці мы шанавалі свабоду Радзімы. Абараняйце, беражыце яе. І за нас і ў імя нас”.
У тыя трагічныя ліпеньскія дні 1942 года фашысцкай жандармерыяй з дапамогай здраднікаў ад рук карнікаў загінулі патрыёты і кіраўнікі іншых патрыятычных  арганізацый, у тым ліку кіраўнік маладзёжнай падпольнай аргані-зацыі “Смугнар” Канстанцін Ярмі-лаў.
Аднак Даманавіцкі парты-занскі атрад працягнуў сваю дзейнасць. Ён помсціў за смерць свайго камісара, баявых сяброў. Паступова ён перарос у дзве партызанскія брыгады, якія перад злучэннем у лістападзе 1943 года з часцямі Савецкай Арміі аб’ядноўвалі ў сваіх радах ужо дзве тысячы чалавек і цалкам кантралявалі становішча ў Даманавіцкім і Васілевіцкім раёнах. Але ўсе іх поспехі па абароне Радзімы ўжо нельга было ўявіць без гераізму іх папярэднікаў – Надзеі Дзенісовіч, Паўла Кашаварава, Міхаіла Гарбачова і іх баявых таварышаў.
Указам Прэзідыума Вярхоў-нага Савета СССР ад 13 лістапада 1942 года Надзея Дзенісовіч пасмяротна была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі за актыўны ўдзел у падпольнай арганізацыі і партызанскай барацьбе ў тыле ворага. А Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 мая 1965 года – пасмяротна медалём «За адвагу».
Высокімі ўзнагародамі пасмяротна былі адзначаны першы камандзір Даманавіцкага партызанскага атрада Павел Кашавараў, браты Мікалай і Яўстрат Гарбачовы, іх сястра Марыя Варажун і іншыя патрыёты з вёскі Блудзім.
На месцы гі-белі камісара Даманавіцкага партызанскага атрада Надзеі Дзенісовіч і яе баявых таварышаў – ва ўрочышчы Рубанікі Рэчыцкага раёна – усталяваны абеліск.
Па хадайніцтве землякоў да 20-годдзя Перамогі ў 1965 годзе родная вёска мужнай патрыёткі Блудзім была перамейнавана ў Дзенісовічы. Піянерская дружына Даманавіцкай школы таксама носіць імя Надзеі Дзенісовіч.
У 2010 годзе ў вёсцы Даманавічы адбылася прэзентацыя дакументальнай аповесці “Бэз на папялішчы”, якая прысвечана гераічнай падпольшчыцы. Аўтары кнігі – журналіст, літаратар Ізяслаў Катляроў і былы начальнік Светлагорскага раённага аддзела Камітэта дзяржаўнай бяспекі Пётр Далба. Аповесць напісана на аснове ўспамінаў арганізатараў і ўдзельнікаў партызанскага руху ў былым Даманавіцкім, зараз Калінкавіцкім, раёне. Выкарыстаны таксама матэрыялы расследаванняў злачыннай дзейнасці пасобнікаў фашысцкіх акупантаў, арыштаваных савецкімі органамі ў пасляваенны час.
Аповець “Бэз на папялішчы” была напісана яшчэ ў 1973 годзе, але дапрацавана і падрыхтавана да друку толькі напярэдадні 65-й гадавіны Вялікай Перамогі.

Дзень сённяшні

Анастасія Тозік

Анастасія Тозік

IMG_2695
IMG_2693
IMG_2679

Пра мужную настаўніцу Надзею Дзенісовіч жыхары вёскі памятаюць і сёння. Некаторыя ведалі яе асабіста, бачылі адданую патрыётку ў дзяцінстве і нават зараз могуць паказаць месца, дзе некалі стаяла хата Дзенісовічаў. Хаця такіх жывых сведкаў засталося мала. Каб пералічыць, хопіць пальцаў і на адной руцэ.
Менавіта таму мы накіраваліся ў Дзенісовічы, каб пазнаёміцца з апошнімі жыхарамі гэтай легендарнай, калісьці шумнай і гаманлівай, а сёння маланаселенай, выміраючай вёскі.
Жыхарцы Дзенісовічаў Анастасіі Тозік у сакавіку наступнага года споўніцца 90 гадоў. На сённяшні дзень яна самая старэйшая ў вёсцы. Даглядае доўгажыхарку дачка Зіна, якая прыехала са Светлагорска.
– Памятаю я тую трагедыю, што здарылася ў нашай вёсцы. Не такая ўжо я і малая была, каб забыцца. Пляменніца Надзеі Дзенісовіч, Міра, была не на багата за мяне старэйшая. Які жах давялося перажыць нашым людзям, – уздыхае Анастасія Ісакаўна. – Калі спалілі хату Дзенісовічаў разам з гаспадарамі, вяскоўцы доўга не вырашаліся падыйсці да таго папялішча. Толькі раніцай наступнага дня дзве дачкі Мікалая і Агрыпіны – Наталля і Паліна – здолелі прыйсці туды. Знайшлі толькі кучку попелу – усё, што засталося ад іх бацькоў… Вось што скажу вам: паліцаі ў войну былі горш за немцаў.
Расказала Анастасія Тозік і пра тое, як у іх хату трапіў снарад, які прыляцеў з боку чыгункі. Нейкім цудам яны тады выжылі.
– Маці нас гадавала адна. Бацька вырашыў застацца на вайне. Кінуў нас, шасцярых дзяцей, застаўся ў Расіі з новай сям’ёй. Жылося нам цяжка. Я скончыла толькі два класы і пайшла працаваць. Трыццаць гадоў даіла кароў. У мяне нават Грамата Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР за добрую працу ёсць. Так што не думайце, не ленавалася я, пагаравала ў сваім жыцці.
З мужам Мікалаем Тозікам, які працаваў у калгасе трактарыстам, Анастасія Ісакаўна выгадавала чацвярых дзяцей. Сёння ў доўгажыхаркі 6 унукаў і 5 праўнукаў.

IMG_2535

Таццяна Лаўда

Таццяна Лаўда

IMG_2484
IMG_2437
IMG_2450
IMG_2472
IMG_2477IMG_2690

Гасціннай гаспадыні Таццяне Лаўдзе – 88 гадоў. Вайну і Надзею Дзенісовіч яна таксама памятае.
– Іх хата была апошняй у вёсцы, побач з лесам.Таму Надзі было зручна пакідаць яе і бегаць на сустрэчы з таварышамі-падпольшчыкамі. Ды і тыя маглі непрыкметна да яе прыходзіць. Мой дзядзька Міхаіл Тупік, 1924 года нараджэння, таксама быў партызанам, разам з імі змагаўся з ворагамі. Я ж тады была малая, многага не разумела. Рабіла, што маці скажа. Некалькі месяцаў мы хаваліся ў лесе, жылі ў партызанаў. Бацька мой, Иосіф Тозік, прапаў на фронце без вестак. Потым наш аднавясковец-франтавік расказаў маці, што бачыў, як той загінуў у баі пад Арлом. Хату нашу разабралі на бліндажы, таму спачатку мы жылі ў дзеда.
У 14 гадоў я ўжо пайшла працаваць. У школу трэба было хадзіць ажно ў Халоднікі, а ў мяне не было, што на ногі абуць. Два гады я даглядала цялят. Потым пасвіла калгасных кароў. Калі атрымала пашпарт, уладкавалася дарожнай рабочай на чыгунку. Работа была цяжкая, але ж за яе грошы плацілі, а не працадні ставілі. Чатырнаццаць гадоў я працавала на чыгунцы – абслугоўвалі пуці ад Жлобіна да Жыткавіч, ад Жыткавіч да Рэчыцы, – расказала жанчына. – А потым, калі пайшлі дзеці, вярнулася ў калгас. Адпрацавала там цялятніцай 36 гадоў.
Замуж Таццяна Іосіфаўна пайшла за мясцовага трактарыста Міхаіла Лаўду. Адзін за адным у іх нарадзіліся шэсць сыноў. Сёння засталося пяць. У кожнага з іх ёсць правы трактарыста. Алег Лаўда ўвогуле, як некалі яго бацька, працуе ў сельскай гаспадарцы. Ён адзін з лепшых механізатараў КСУП “Імя Кутузава”.
У Таццяны Лаўды 9 ўнукаў і 6 праўнукаў. Дзеці наведваюць яе кожныя выхадныя, а Алег яшчэ часцей, бо жыве недалёка.
На пытанне, чым займаецца ў вольны час, Таццяна Іосіфаўна адказала, што працуе ў агародзе і ходзіць па грыбы:
– Апенек зараз поўны лес! Як дома можна ўседзець? – смяецца жанчына.

Марыя Савіцкая

Марыя Савіцкая

IMG_2575
IMG_2587
IMG_2590
IMG_2561
IMG_2554
IMG_2552
IMG_2550
IMG_2541
Марыя Савіцкая маладзейшая за сваіх аднавясковак. Яна пасляваенная, нарадзілася ў 1946 годзе. І хаця ў першыя гады пасля вайны жылося цяжка, Марыя Мікалаеўна атрымала добрую на той час адукацыю. Скончыла пачатковую школу ў Блудзіме, сямігодку ў Халодніках і адзінаццацігодку ў Ліпаве. Пасля школы пайшла працаваць на Ліпаўскую вопытную станцыю. Адтуль яе накіравалі вучыцца ў сельскагаспадарчую акадэмію. Мала у каго тады была вышэйшая адукацыя.
У 1967 годзе Марыя Мікалаеўна выйшла замуж за галоўнага бухгалтара калгаса імя Мічурына Паўла Савіцкага, малалетняга вязня Азарыцкага лагера смерці.
У той час старшынёй калгаса быў Васіль Мінін, у гады вайны – падпольшчык, камандзір Даманавіцкай 101-й партызанскай брыгады, які прапанаваў Марыі Савіцкай перайсці ў калгас начальнікам участка паляводства і жывёлаводства.
– Работы было шмат. Больш за 400 галоў статку стаяла на адкорме, малочных кароў было каля 118 галоў. Трэба было займацца і жывёлай, і раслінаводствам, і нарыхтоўкай кармоў. А яшчэ ж дома была вялікая гаспадарка! Дзіву даюся, як з усім упраўлялася. Маладая была, дужая, – усміхаецца Марыя Савіцкая. – Пры Мініне наш калгас быў міліянерам. Да і працаваць у ім было каму. У вёсцы налічвалася 186 двароў, была баня, крама, пачатковая школа, клуб. Для людзей калгас выдзяляў 28 гектараў зямлі.
Сёння ў Дзенісовічах няма ніводнай сямейнай пары. Марыя Мікалаеўна, як і яе аднавяскоўкі, даўно ўдава. Яе дачка Ліля, як калісьці бацька, працуе бухгалтарам. Сын Валодзя – ў цяслярнай брыгадзе на БМЗ. І адна, і другі жывуць у Жлобіне, але пра маці не забываюцца, адведваюць, тэлефануюць.
У Марыі Савіцкай 4 унукаў і 2 праўнукі.
Яшчэ тры жыхары сённяшніх Дзенісовічаў – прадстаўнікі больш маладога пакалення. Пераехалі на малую радзіму ў бацькоўскія хаты, калі пайшлі на пенсію.
Міхаіла Тозіка дома мы не засталі. А вось з Уладзімірам Лаўдай крыху пагутарылі.

Уладзімір Лаўда

Уладзімір Лаўда

IMG_2614
– Бацька мой, Адам Іосіфавіч, працаваў на чыгунцы. Маці, Марыя Міхайлаўна, была даяркай. Нас у бацькоў было сямёра, я другі па ліку. Пасля школы я вывучыўся на электрыка і з’ехаў ад бацькоў. Жыў і працаваў у Светлагорску. А гадоў 17 таму вярнуўся на малую радзіму, каб даглядаць хворую маці. Маці ўжо няма, а я ўсё тут, у роднай хаце, – коратка расказаў сваю гісторыю Уладзімір Адамавіч.
Цягне на малую радзіму і Еўдакію Тозік. Яна ў Дзенісовічах лічыцца дачніцай. З красавіка па лістапад жыве ў бацькоўскай хаце, а на зіму вяртаецца ў Калінкавічы.

Еўдакія Тозік

Еўдакія Тозік

IMG_2668
IMG_2659
Еўдакія Рыгораўна каля 40 гадоў адпрацавала спачатку паштальёнам, потым тэлефаністкай у РУЭСе. Калі пайшла на заслужаны адпачынак, можна сказаць, перабралася ў Дзенісовічы.
– Я тут адпачываю і целам, і душой, не ўяўляю сябе без гэтага маленькага куточка. Пакуль ёсць сіла і дазваляе здароўе, буду прыязджаць сюды. Тут кожная сцяжынка навявае самыя лепшыя ўспаміны. Тут жа мае карані, мае вытокі…
Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.