Маляўнічыя краявіды малой радзімы у карцінах Дар’і Цітовай

399391985_122134623950030132_1881423059783060864_n

У мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна для чытачоў, гасцей і ўсіх прыхільнікаў беларускага жывапісу праходзіць мастацкая выстава «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў». Для нас яна прадстаўляе цікавасць тым, што на ёй побач з выбранымі работамі жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева  прадстаўлены таксама творы маладой беларускай мастачкі Дар’і Цітовай.

5

Дар’я – калінкавічанка, выпускніца на той час СШ №5. Маляваннем яна займалася ў выяўленчай студыі “Каляровыя алоўкі” Рыгора Сафронава і ў Вадзіма Піцурэнкі ў дзіцячай школе мастацтваў. Дар’я бясконца ўдзячна свайму тату Юрыю Уладзіміравічу, якога, на жаль, ужо няма сярод нас. Па прызнанні дзяўчыны, менавіта ён разгледзеў яе талент і падтрымаў правільны накірунак.

Пасля заканчэння Гомельскага мастацкага каледжа па спецыяльнасці “жывапіс” Дар’я Цітова паступіла і з адзнакай закончыла Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Купалы па спецыяльнасці “выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”. У цяперашні час працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Дудзіцкай дзіцячай школе мастацтваў.

4

“Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны – дым над хатай, снапамі прыціснуты ток, матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам”. У гэтых паэтычных радках народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі трапна падаецца вобраз малой радзімы – адзінага і непаўторнага месца на зямлі, якое назаўсёды застаецца ў сэрцы кожнага чалавека. Гэта можа быць невялікая вёска, пасёлак, вуліца або двор сярод гарадскіх кварталаў. І нават тады, калі чалавек пакідае бацькоўскае гняздо і пачынае самастойнае жыццё, памяць аб родным доме, роднай вуліцы, роднай вёсцы і яе маляўнічых ваколіцах застанецца ў памяці назаўжды.

1
2
7

Карціны на выставе «Малая радзіма ў творчасці беларускіх мастакоў» дазваляюць гледачу не толькі акунуцца ў атмасферу вясковых краявідаў і беларускай прыроды, але і абуджаюць успаміны пра ўласны непаўторны куточак, прыпасены на старасць. А яшчэ, як слушна адзначаецца ў прэс-рэлізе выставы, у гледача ёсць магчымасць накіравацца ў падарожжа на «хвалях памяці» двух розных пакаленняў мастакоў, якія адлюстравалі на палотнах сваю малую радзіму. Нягледзячы на тое, што творчасць Барыса Аракчэева і Дар’і Цітовай раздзяляюць цэлыя дзесяцігоддзі, іх жывапіс аб’ядноўвае і робіць падобным мастацкі стыль, спакойны настрой і, зразумела, любоў да краявідаў свайго дзяцінства і юнацтва, тых хвалюючых успамінаў, да якіх хочацца вяртацца зноў і зноў.

Выстава адкрылася 2 лістапада і працягнецца да 15 снежня.

6

Трэба сказаць, што першая сумесная выстава работ нашай зямлячкі з работамі Барыса Аракчэева адбылася ў Крупскай мастацкай галерэі, якая носіць імя мастака. А вось першая персанальная выстава мастачкі прайшла ў Калінкавічах у 2019 годзе. Ініцыятарам яе была Лідзія Есьман.

Варта дадаць, што і ў выкананні сваіх непасрэдных настаўніцкіх абавязкаў у Дар’і Цітовай ёсць поспехі – яе вучні займаюць прызавыя месцы ў розных творчых конкурсах, у тым ліку і ў міжнародных. За высокі прафесіяналізм і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення да Дня работнікаў культуры яна была адзначана Ганаровай граматай аддзела культуры райвыканкама.

 

Аляксандр Века.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.