Каб у шчасці жылі землякі! Дзень вёскі адсвяткавалі ў Кошчычах

949

“Над маёю радзімаю вёскай

Разлятаецца клёкат буслоў.

І вабіць сустрэцца з бярозкай

Гоман ціхі зялёных лістоў…

А ў лесе, ля саменькіх Кошчыч,

З буйных ягад пляцецца дыван.

Дзева-восень нясе поўны кошык

Прысмакаў для родных сяльчан.

Хай золатам поўніцца колас,

Луг квітнее паўз бераг ракі,

І птушак даносіцца голас,

Каб у шчасці жылі землякі!”

164 324

Гэтыя вершаваныя радкі сваёй малой радзіме калісьці прысвяціла ўраджэнка вёскі, дачка кошчыцкіх педагогаў Чарныхоў Святлана Шчэрбін. Вось, як і ў яе вершы: калі шчодрая на дары восень прынесла гаспадарам добры ўраджай, можна крышачку і адпачыць, дзянёк перадахнуць, як кажуць вёскоўцы. Тым больш і нагода для гэтага з’явілася – Дзень вёскі, які адбыўся ў гэтым населеным пункце 2 верасня.

Са святам жыхароў Кошчычаў павіншавала старшыня Казловіцкага сельвыканкама Людміла Гарбун, яна пажадала мірнага неба над нашай краінай, моцнага здароўя і дабрабыту кожнай сям’і і кожнаму жыхару вёскі.

Потым слова ўзялі вядучыя свята – бібліятэкар Казловіцкай бібліятэкі Тамара Манько і культарганізатар Казанскага сельскага клуба Людміла Дземідзюк. Па традыцыі ўрачыстая частка пачалася са слоў павагі і ўдзячнасці галоўным гасцям свята – доўгажыхарам вёскі. Самай старэйшай жыхарцы Кошчычаў Вользе Дземідовіч сёлета споўнілася 93 гады. Ганна Казачэнка і Марыя Рак у гэтым годзе адзначаюць 90-гадовыя юбілеі.

596 771

З гонарам вядучыя назвалі імёны маладых абаронцаў нашай радзімы – Дзяніса Шарая і Сяргея Казачэнкі, якія зараз праходзяць тэрміновую воінскую службу ў радах Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь. Іх бацькам выказалі словы ўдзячнасці за выхаванне сапраўдных патрыётаў краіны.

Ад імя кіраўніцтва СУП “Даманавічы-Агра” прафсаюзны лідар гаспадаркі Вольга Латышава павіншавала с днём вёскі і ўручыла падарункі працаўнікам аграпрамысловага комплексу – Вікторыі Дземідовіч, Таццяне Кухтаравай, Віктару Раку, Юліі Лучко, Васілю Мышкаўцу.

Статус “маладых пенсіянераў” у Кошчычах у гэтым годзе набылі Алена Баравік і Леанід Цалка, з чым іх сардэчна павіншавалі.

Аб тым, што ў вёсцы працягваецца жыццё, сведчыць той факт, што ў населеным пункце нараджаюцца дзеці. Самы малодшы жыхар Кошчычаў Леў Лапіч з’явіўся на свет у сакавіку гэтага года. Яго маці Юліі Аляксандраўне ўручылі падарунак ад сельвыканкама.

978 993

Адзначылі на свяце і сем’і, што маюць статус шматдзетных. Так Алена Казачэнка і Аляксей Камыш выхоўваюць шэсць дзетак, Вікторыя і Аляксей Дземідовіч – бацькі пяцярых дзяцей. Павіншавалі сем’і, у якіх выхоўваюцца па чацвёра і трое дзяцей. Але сапраўдныя рэкардсмены мацярынства ў Кошчычах – Надзея Гецман і Любоў Камыш, якія нарадзілі і выгадавалі па дзевяць дзяцей!

Асобна на свяце віншавалі маленькіх жыхароў вёскі, якія ў гэтым годзе ўпершыню селі за школьныя парты. З 1 верасня Даманавіцкую сярэднюю школу пачалі наведваць чатыры першакласнікі з вёскі Кошчычы – Марыя Гецман, Ягор Камыш, Павел Новік і Вадзім Трусаў. Дарэчы, сёння ў Кошчычах налічваецца 38 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Віншаванні і словы ўдзячнасці на свяце вёскі прымалі прадстаўнікі і ветэраны працы самых розных прафесій – участковы інспектар Дзмітрый Рубанік, настаўнікі Любоў Смыкал і Марына Шарай. Падзячнымі лістамі ўзнагародзілі Таццяну Чарных, Людмілу Казачэнка, Валянціну Цалка, Кацярыну Пасюк.

Добрага здароўя і бадзёрасці пажадалі паштальёну Марыне Дзяргач. За шматгадовую добрасумленную працу падзячным лістом ад РУПС узнагародзілі ветэрана паштовай працы Валянціну Міцкевіч.

Шмат добрых слоў прагучала ў адрас прадстаўнікоў сацыяльнай службы – сямейнай пары Анны і Івана Процак, якія даглядаюць сталых жыхароў вёскі, клапоцяцца пра іх, дапамагаюць па гаспадарцы.

104

За добрасумленную працу ў бібліятэчнай сетцы раёна падзячным лістом раённай бібліятэкі адзначылі ветэрана працы Марыю Шарай.

Павіншавалі прадстаўнікоў гандлю і медыцыны – Людмілу Пяцецкую і Галіну Бурмель.

Напрыканцы ўрачыстай часткі на сцэну вынеслі духмяны каравай як сімвал дабра і багацця, які ўручылі прадстаўнікам органаў мясцовага кіравання – старшыні сельвыканкама Людміле Гарбун і кіраўніку спраў Кацярыне Тупік. Тыя, у сваю чаргу, разрэзалі яго і пачаставалі ўсіх удзельнікаў свята.

Цудоўныя музычныя падарункі для вяскоўцаў падрыхтаваў калектыў мастацкай самадзейнасці Зеляноцкага СДК.

На свяце вёскі працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя кропкі з пачастункамі. У паветры разносіўся пах свежых шашлыкоў. Фінальным акордам дня вёскі стала вячэрняя дыскатэка.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.