У аб’ектах грамадскага харчавання пройдуць Дні беларускай кухні

колбаса

Жыхароў Беларусі аб’ядноўвае не толькі агульная тэрыторыя, гісторыя, культура, традыцыі і мова, але і культура харчавання. У большасці беларусаў агульныя любімыя стравы – тыя, што гатавалі нашы бабулі і прабабулі, а сёння працягваем гатаваць мы.

Вось скажыце, ці знойдзецца сярод нас хоць адзін, хто ніколі не спрабаваў дранікі ці бабку, белыя аладкі альбо кіслыя бліны са смажаным мясам, яйкамі і цыбуляй? Упэўнена, калі і знойдзецца, то вельмі мала.

Хтосьці рэгулярна гатуе дома беларускія стравы, хтосьці ходзіць па выхадным да цешчы на бліны са шкваркамі. А вось тыя, хто пазбаўлены гэтага задавальнення, няхай не сумуюць: і ў іх з’явіўся шанц пачаставацца спрадвечна беларускімі стравамі.

Як і ў папярэднія гады, напярэдадні Дня народнага адзінства, які мы адзначым 17 верасня, у аб’ектах грамадскага харчавання стартуе Тыдзень беларускай кухні. Калі больш дакладна, то ён будзе праходзіць з 11 па 18 верасня.

Адметнасць беларускай кухні ў шырокім выбары страў з бульбы, якую так любяць беларусы, а таксама разнастайных каўбас, крупяных страў з грыбамі.

У рэстаране “Прыпяць” 14-15 верасня наведвальнікам будуць прапанаваць хатні боршч з пампушкамі, грыбамі і смятанай; салату “Беларускую” з пячонкай, яйкам і салёным агурком; паджарку; тушаную бульбу з грыбамі ў смятане; мачанку з блінамі на патэльні; дранікі з мясам; галубцы; яечню з салам; наліснікі з мясам і тварагом.

мачанка

Далучыліся да Тыдню беларускай кухні і папулярныя кафэ горада. Так у кафэ “Лукамор’е” з 11 па 18 верасня можна будзе пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні з 15% зніжкай. Там прапануюць дранікі са смятанай, дранікі з мачанкай, “Прысмак сельскі”, запяканку з курыцай, паджарку па-хатняму, закуску “Бульбаш”, пельмені па-царскі.

Кафэ “Relax cafe” будзе частаваць наведвальнікаў дранікамі з грудзінкай, цыбуляй, курыцай, грыбамі, мачанкай. Таксама на выбар некалькі відаў знакамітых “патэльняў” вясковых, альбо, “скавародак”, а таксама смажаніна з птушкай у сметанковым соусе, прыгатаванае ў збанку. З панядзелка па чацвер і ў нядзелю на стравы беларускай кухні будзе дзейнічаць зніжка 20%.

Падрыхтавалася да Тыдню беларускай кухні і кафэ “ШАУРМАКС”. У меню з’явілася шаурма “Беларуская”, “Патэльня “Вясковая”, бульба па-сялянскі, дранікі са смятанай. Непасрэдна ў Дзень народнага адзінства, 17 верасня, стравы беларускай кухні можна будзе заказаць з 20% зніжкай.

У Тыдні беларускай кухні прымуць удзел і іншыя аб’екты грамадскага харчавання. Абавязкова наведайце іх і як след пачастуйцеся!

Напрыканцы мы прапануем вам прыгатаваць дома адну з нацыянальных беларускіх страў. Безумоўна, перавагу аддадзім страве з бульбы. Яна і смачная, і гатуецца не цяжка. Тым больш, што бульбу ўжо ўсе скапалі.

 

Бабка бульбяная з каўбасой

Бульбу палупіць і надраць на тарцы. Дадаць сметанковае масла альбо маргарын, муку, соль, спецыі. Добра перамяшаць.

Нарэзаць дробнымі кавалачкамі сала і абсмажыць яго з цыбуляй. Дадаць нарэзаную смажаную каўбасу.

Маленькія гаршчочкі змазваем тлушчам. Накладваем туды бульбяную масу і каўбасу з салам і цыбуляй, потым зноў бульбяную масу і так некалькі разоў, пакуль гаршчочак не напоўніцца. Зверху змазваем тлушчам і ставім запякаць пры t 250-280 градусаў.

Калі будзеце падаваць на стол, абавязкова дадайце смятану.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.