Ізяслаў Катляроў: “Куды б ні ішоў – іду да свайго лёсу”

котляров копия

Свой 85-гадовы юбілей 21 лютага адзначыць таленавіты аўтар, паэт і перакладчык Ізяслаў Катляроў.

Ізяслаў Рыгоравіч нарадзіўся ў горадзе Чавусы Магілёўскай вобласці. Дзіцячыя і юнацкія гады паэта прайшлі ў Магілёве.

Пасля заканчэння сямі класаў Ізяслаў Катляроў працаваў на абутковай фабрыцы, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1960 годзе паступіў на вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. Вучобу сумяшчаў з працай у геадэзічнай канторы Мінгарвыканкама (1960-1962 гг.), літаратурным супрацоўнікам газеты «Заходняя траса» (1962-1966 гг.)

З 1965 года Ізяслаў Катляроў – член Саюза журналістаў СССР (цяпер Беларускага саюза журналістаў).

З 1966 года паэт жыве ў Светлагорску. Працаваў у раённай газеце «Агні камунізму» (цяпер «Светлагорскія навіны») карэспандэнтам, адказным сакратаром, а з 1979 года – намеснікам галоўнага рэдактара.

Амаль 35 гадоў жыцця Ізяслаў Катляроў аддаў працы ў Светлагорскай раённай газеце. Многія яго публікацыі сталі журналісцкім летапісам гэтага горада і раёна. Катляроў – аўтар гісторыі Светлагорскага будаўнічага трэста №20 (брашура «Равеснік горада») і Светлагорскага домабудаўнічага камбіната («Домабудаўнікі»).

Неаднаразова выбіраўся дэпутатам гарадскога Савета, быў старшынёй Светлагорскага райкама прафсаюза работнікаў культуры, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, а затым Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Якабсона, першым старшынёй раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, кіраўніком раённага літаратурнага аб’яднання.

Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры РБ «За асабісты ўклад у развіццё культуры Беларусі», Ганаровымі граматамі Рэспубліканскага камітэта па друку, Міністэрства культуры РБ, Гомельскага аблвыканкама.

Вершы Ізяслава Катлярова публікаваліся ў часопісах «Сцяг», «Юнацтва», «Нява», «Аўрора», «Форум», «Змена», «Нёман», «Няміга», у альманахах «Дзень паэзіі» (Масква), «Паэтычны алімп» (Масква), у «Літаратурнай газеце», «Літаратурнай Расіі» і іншых выданнях.

У расійскіх і беларускіх часопісах і газетах, альманахах і паэтычных анталогіях выдаваліся перакладзеныя ім на рускую мову вершы вядомых беларускіх паэтаў – Пімена Панчанкі, Анатоля Грачанікава, Рыгора Барадуліна, Таісіі Бондар, нашай знакамітай зямлячкі і спадарожніцы жыцця паэта Соф’і Шах, Алеся Бадака, Віктара Ярэца і іншых. А вершы самога Ізяслава Катлярова – у перакладах на беларускую мову Соф’і Шах і Міколы Мятліцкага выходзілі ў часопісах «Полымя», «Маладосць», у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва».

Ізяслаў Катляроў з’яўляецца аўтарам больш 20 кніг вершаў і аповесцяў. Рэгулярна выступае ў перыядычным друку з артыкуламі на культурныя і краязнаўчыя тэмы.

Сын франтавіка прапускае праз сэрца не толькі асабістыя праблемы – у яго вершах ярка гучаць і грамадзянскія матывы. Неабыякавасць аўтара пацвярджаецца і справамі.

За ўдзел у стварэнні мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне паэт удастоены прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Ізяслаў Катляроў адным з першых унёс сродкі на дабрачынны рахунак, быў актыўным удзельнікам арганізацыйных мерапрыемстваў, падтрымліваў цесную сувязь з будаўнікамі, апублікаваў больш за 50 артыкулаў на гэтую тэму ў розных выданнях.

Ізяслаў Рыгоравіч таксама быў ініцыятарам стварэння і дырэктарам Светлагорскай карціннай галярэі “Традыцыя”, якая сёння ператварылася ў сучасны культурны цэнтр.

Алена МІЦКЕВІЧ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.