З любоўю і пашанай да цябе, малая радзіма! Свята вёскі адзначылі Гарочычы

9776

У паўсядзённай мітусні і клопатах сёння мы не проста бяжым па жыцці – мы ляцім! Каб хто спытаў, куды і чаго, то, напэўна, сходу і не адказаў бы. У гэтым сваім ляценні часам нават забываем пра тое, хто мы і адкуль.

І добра, што ёсць такая нагода – прыпыніць імклівы бег часу, сабрацца разам з роднымі і сябрамі на бацькоўскай зямлі, у тых мясцінах, дзе з’явіўся на свет, зрабіў першыя крокі і прамовіў першыя словы, дзе было столькі розных гісторый…

З напаміну пра непаўторныя родныя мясціны пачалося свята вёскі Гарочычы, на якое сышліся і з’ехаліся ўраджэнцы з розных куткоў краіны і нават замежжа.
9778
9780

Ад продкаў далёкіх да нашага часу

Гарочычы… У старых манускрыптах назва населенага пункта гучыць як “Гародчыцы”. У славянскіх мовах гэта слова азначае “крэпасць, замак, цвярдыня”. Інакш кажучы, абарончае збудаванне. Цалкам магчыма, што і на месцы цяперашняй вёскі некалі была такая “крэпасць”, дзе хаваліся ад варожых нападаў не толькі мясцовыя жыхары, але і людзі з усяго наваколля. Нездарма ж якраз побач з Гарочычамі знайшлі некалі курганы, дзе была знойдзена каменная свідраваная сякера ажно бронзавага веку!

Пазней вёска была ва ўласнасці Даманавіцкай воласці, а яе жыхары з’яўляліся прыхажанамі Свята-Міхайлаўскай царквы (праўда, у Гарочычах на кладбішчы была свая капліца). І калі гартаеш старонкі Метрычнай кнігі Даманавіцкай царквы, перад вачамі праходзяць уяўныя вобразы тых, хто некалі тут нараджаўся, жыў, працаваў і паміраў.

З гістарычных дакументаў цікавым з’яўляецца “Данясенне мінскага губернатара ў дэпартамент паліцыі пра супраціўленне сялян пры развярстанні зямлі на хутарскія ўчасткі – адмова сялян в. Гародчыцы Рэчыцкага павета ад хутарскога землекарыстання”, датаваная 8 мая 1912 года. У ёй гаворыцца, што “18 красавіка ў вёску прыбылі землямеры землеўпарадкавальнай камісіі для правядзення работ па развярстанні зямлі сялян на хутары. Але натоўп сялян, незадаволены рассяленнем, не дапусціў землямераў да работы”. Тады земскі начальнік прызначыў сход на 21 красавіка. Сход праходзіў у памяшканні земскага народнага вучылішча (адкрылася ў Гарочычах у тым жа 1912 годзе). Але як толькі сход скончыўся, каля ста чалавек жанчын з дзецьмі абступілі земскага начальніка і стала прасіць не выдаляць іх на хутары. Справа дайшла да бойкі, падчас якой натоўп сілай зняў рабочых, урадніка і стражніка, асяляне дштурхнулі земскага начальніка і затрымалі сельскага старасту, абразілі яго і валаснога старшыню. На адрас старшыні і рабочых натоўп выкрыкваў пагрозы: “Заб’ём!”. Сяляне былі ўзброены палкамі і камянямі, та што на наступны дзень у вёску прыбыў рэчыцкі іспраўнік с атрадам стражы, арыштаваў 6 зачыншчыкаў і заключыў іх пад варту пры паліцэйскім упраўленні да распараджэння судовага следчага. 25 красавіка зноў прайшоў агульны сход. Высветлілася, што бальшыня гарочычан адмаўляецца ад хутароў, таму работы па развярстанні зямлі былі прыпынены.

Дарэчы, у вёсцы тады пражывала больш за 750 чалавек.

Баявыя і працавітыя

Ураджэнцы Гарочычаў заўсёды былі і ў шэрагах абаронцаў Айчыны. Напрыклад, у Першую сусветную вайну стралком 15-га стралковага Яго Вялікасці Караля Чарнагорскага Мікалая І полка служыў Яфім Дронік, радавым 170-га пяхотнага Маладзечанскага палка Сямён Маскалевіч, радавым 50-га пяхотнага Беластоцкага палка – Лук’ян Акуліч, радавым 63-га пяхотнага Угліцкага палка – Адам Чопік, і дзясяткі іншых гарочычан.

Разам з усёй краінай перажылі Гарочычы вірлівыя падзеі ў гісторыі ХХ стагоддзя, якія прыйшліся на 20-30-я гады: Кастрычніцкая рэвалюцыя, Грамадзянская вайна, іншаземная інтэрвенцыя (немцы і палякі), калектывізацыя. У 1918 годзе земскае народнае вучылішча ператварылі ў савецкую школу 1-й ступені. У 1930-х гадах у вёсцы працавалі лесапільны, смалакурны і пяньковы заводы, былі кузня, паравы і ветраны млыны, быў арганізаваны калгас “Савецкая Беларусь”. І калі два дзесяцігоддзі перад тым людзей сілай рассялялі на хутары, то цяпер наадварот, пачалі прымушаць да калектыўнага гаспадарання. Тых, хто адказваўся, “кулачылі” і ссылалі. Так з хутара Бабнае ў Комі АССР была саслана працавітая сям’я Івана і Харуты Назаранкаў з шасцю дзецьмі. Іх дачка Настасся пазней была ўдастоена ордэна Леніна.

Гарочыцкі сельсавет быў створаны ў 1919 годзе, старшынёй прызначылі Рамана Назаранку. Але праз пяць гадоў сельсавет скасавалі, вёска была далучана да Зеляноцкага сельсавета. Толькі ў 1968 годзе Гарочыцкі сельсавет зноў аднавілі. Так што сёлета сельсавету 55 гадоў.

Дзясяткі ўраджэнцаў вёскі ў Вялікую Айчынную вайну змагаліся з акупантамі на фронце, у партызанах і падполлі. Больш ста гарочычан – Гарбуноў, Зіновічаў, Краўцовых, Маскалевічаў, Мельнікавых, Назаранак, Цітовых, Чарняковых і Ялецкіх – аддалі жыццё за тое, каб на роднай зямлі былі мір і стваральная праца. Напрыклад, Сямён Назаранка служыў на тэрыторыі Літвы, трапіў у палон 29 чэрвеня 1941 года, утрымліваўся ў шталагу XI C (311), дзе і загінуў у снежні таго ж года. У Бухенвальдзе загінуў Іван Зіновіч. Рыгор Мельнікаў загінуў у лютым 1945-га ў Польшчы, а Аляксандр Ялецкі – у маі 1945-га ўжо ў Германіі.

Сярод франтавікоў-гарочычан былі і афіцэры – малодшы лейтэнант Васіль Зіновіч, гвардыі малодшы лейтэнант Рыгор Маскалевіч, гвардыі старшы лейтэнант Андрэй Назаранка, падпалкоўнік медыцынскай службы Рыгор Зіновіч, старшы лейтэнант Мікалай Маскалевіч, падпалкоўнік Раман Зіновіч, падпалкоўнік Парфен Маскалевіч.

Тыя, хто вярнуўся з вайны, адбудоўвалі вёску і калгас, аднаўлялі жыццё. На свет нараджаліся новыя пакаленні. У 1960-м дробныя гаспадаркі аб’ядналі ў адзіны калгас, які ў 1964 годзе ператварылі ў саўгас “Калінкавіцкі”. За добрасумленную працу і высокія дасягненні ў вытворчасці брыгадзіры І. П. Чарвякоў і М. С. Казачэнка, жывёлаводы А. С. Цітова і Н. Д. Змушка былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, А. Р. Пушко, М. Е. Табулін – ордэнамі “Знак Пашаны”, медалём “За працоўную доблесць” – М. І. Муха.

У 1957 годзе ў строй уступіў льнозавод, працавалі лясніцтва, аптэка, ФАП, сельскі клуб, дзіцячы сад, школа, аддзяленне сувязі, КПП, магазіны.

У повязі часу і пакаленняў

9781
9782
9785
9786

Славай і веліччу любога населенага пункта заўсёды былі і застаюцца яго жыхары. Можна было б назваць дзясяткі прозвішчаў тых гарочычан, якія сталі вартымі грамадзянамі сваёй краіны, нідзе і ніколі не зняславіў родную вёску. Захавальнікамі і прадаўжальнікамі новай гісторыі вёскі павінны стаць тыя, хто толькі пачынае жыццё і робіць першыя крокі ў вучобе. На свяце вёскі павіншавалі тых, хто ў гэтым годзе сядзе за парты ў Гарочыцкай школе: Аліса Васільцова, Назар Петрусевіч, Даніла Наўныка, Вікторыя Кавальчук, Станіслаў Мельнічэнка. Іх настаўніца – Наталля Аляксандраўна Харлан.

Павіншавалі на свяце і самага маленькага жыхара Гарочыч і яе бацькоў: 28 лютага ў сям’і Аляксандра і Святланы Варабей нарадзілася дачка Эмілія.

Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас медыцынскіх работнікаў Гарочыцкай амбулаторыі, якія ў любое надвор’е і любы час сутак прыходзяць на дапамогу людзям, а таксама работнікаў культуры, без якіх не абыходзіцца ні адно мерапрыемства ў вёсцы.

Віншаванні і падарункі атрымалі ў гэты дзень таксама работнікі аддзялення паштовай сувязі, культуры і сацыяльнай службы.

9787
9789
9792
9793
9794

Павіншавалі на свяце аднавяскоўцы Вячаслава Смалюгу – воіна-інтэрнацыяналіста, кавалера ордэна Чырвонай Зоркі, які якраз у гэты дзень адзначаў сваё 60-годдзе.

А колькі было гонару і радасці ў аднавяскоўцаў за Васіля Уладзіміравіча і Тамару Іванаўну Шарай, якія вось ужо паўвека крочаць разам па жыццёвай дарозе.

У Год міру і стварэння ў вёсцы вырашылі адзначыць сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці. Іх маці ўласным прыкладам вучаць дзяцей любіць радзіму, ашчадна адносіцца да прыроды. Так, лепшымі былі прызнаны падворкі шматдзетнай сям’і Ганны Кляшчонак і прыёмнай сям’і Галіны Прахарэнкі.

Словы шчырай падзякі прагучалі ў адрас актыўных жыхароў сельсавета, якія неаднаразова ўдзельнічалі ў суботніках, добраўпарадкаванні родных мясцін. Гэта Святлана Крупіна, Таццяна Каралёва, Аксана Клятчанка.

А потым на свяце вёскі віншавалі юбіляраў – тых, каму сёлета спаўняецца 55, 60, 65, 70, 75, 80 гадоў. Тры жанчыны – Марыя Арцёмаўна Зіновіч, Таццяна Якаўлеўна Пацэйка і Ніна Аляксандраўна Цітова – адзначылі 85-годдзе, яшчэ траім – Вользе Васільеўне Краўцовай, Фені Маркаўне Намочанка і Надзеі Савельеўне Рубанік – споўнілася па 90 гадоў.

Самымі старэйшымі ў сельсавеце з’яўляюцца жыхаркі вёскі Рудзенька. Сёлета Ларыса Андрэеўна Гаркуша адзначыла 95-годдзе, а Вользе Арцёмаўне Назаранка споўнілася 98 гадоў.

9795
9800
9799
9798
9797
9796

*

Тым часам на свяце вёскі працавалі гандлёвыя рады, рыхтавалі юху і шашлыкі. Было дзе пазабаўляцца і дзецям, і падлеткам, і дарослым. Са сцэны прагучала шчырая ўдзячнасць ураджэнцу вёскі Алегу Алісейку, дзякуючы якому ўжо не першы год адбываюцца такія святы. За асабісты ўклад у захаванне традыцый роднага краю Алег Алісейка быў адзначаны Падзячным пісьмом райвыканкама. Яго ўручыла загадчык сектара гандлю і паслуг Вольга Буйнавец. Прыемна, што прыклад Алега Уладзіміравіча падтрымалі яго землякі-аднавяскоўцы Барыс Судас і Віктар Паплавец.

А яшчэ на свяце вёскі было многа вясёлых задушэўных песен у выкананні мастацкай самадзейнасці з Зеляноч і Залатухі, а таксама групы “Міраж”. Яркай і запамінальнай канцоўкай свята вёскі ў Гарочычах сталі неонавае шоу, фаер-шоу і святочны салют.

 

Аляксандр Века.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.