«Дай, Божа, хлеба ўволю…» У Бярозаўцы справілі Благавешчанне

P1015815Благавешчанне — адно з дванаццаці галоўных свят у праваслаўным календары. У біблейскім паданні гаворыцца, што ў гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл, які абвясціў, што яна народзіць Сына Божага і Збаўцу свету. З таго моманту, па сутнасці, і пачынаецца евангельская гісторыя.

P1015818
P1015820
P1015825

У народзе забаронена працаваць у гэты дзень па гаспадарцы. Гавораць, што на Благавешчанне птушка гнязда не ўе, а дзеўка касу не пляце. А вось адпачываць, спяваць песні і вадзіць карагоды не забараняецца. Наадварот, як кажуць старыя людзі, калі ўсё зрабіць правільна, то і ўраджай будзе добры, і хлеба будзе ўволю, і ў хаце ўсё заладзіцца, і ў сямейным жыцці будзе ўсё гладка.

P1015831
P1015835
P1015847

Традыцыя святкаваць Благавешчанне жыве і сёння. Напрыклад, жыхары вёскі Бярозаўка амаль штогод 7 красавіка выходзяць на вуліцу «гукаць» вясну.

Так было і сёлета. Адсвяткаваць Благавешчанне сабраліся тыя, хто не абыякавы да народнай культуры, традыцый сваёй малой радзімы, адчувае блізкасць сваіх каранёў.

Кіруе абрадам мастацкі кіраўнік Бярозаўскага сельскага Дома культуры Паліна Лапацік. Побач з ёю – надзейныя сябры, памочнікі і такія ж энтузіясты, як і сама Паліна Паўлаўна – народны фальклорны ансамбль «Бярозаўскія пералівы», кіраўніком якога яна шмат гадоў з’яўляецца, і дзіцячы ансамбль «Пацехі».

P1015850
P1015852
P1015865

– Абрад будзе жыць, пакуль яго памятаюць, – упэўнена Паліна Паўлаўна. – Асноўны накірунак нашай дзейнасці – адраджэнне народных традыцый. Мы гэтым займаемся ўжо даўно, імкнемся зберагчы спадчыну для нашчадкаў. Вёска Бярозаўка складаецца з дзвюх частак: Старой і Новай. Тут, У Новай, ёсць клуб, ФАП, магазін, пошта, школа. У Старой Бярозаўцы гэтага няма, затое там жывуць сапраўдныя носьбіты народных традыцый, жывыя сведкі тых абрадаў, што праводзілі нашы продкі. Мы цесна супрацоўнічаем са школай, настаўнікамі, вучнямі. Многія з іх і сёння тут – у складзе нашых ансамбляў. Разам з дзецьмі мы наведалі жанчын-жыхарак Старой Бярозаўкі, запісалі словы песен, што яны спявалі ў гады сваёй маладосці, народныя прыкметы і паданні, звязаныя са святамі. Усё гэта трэба абавязкова зберагчы.

P1015869 P1015872 P1015877

Вось і ў гэтым годзе каля сельскага клуба сабраліся дарослыя і дзеці – ў вянках, беленькіх вышытых кашулях, расшытых фартухах паверх святочных андаракаў.

Каб заахвоціць вяскоўцаў, удзельнікі абрада праехаліся па вёсцы самабытна – на возе, у які запрэглі коніка. Каня Малыша клубу калісьці пакінуў у спадчыну стары вясковы музыка. Як кажа Паліна Лапацік, іх Малыш – культурны конь. Удзельнічае ва ўсіх вясковых абрадах, ездзіць з канцэртамі, а таксама дапамае клубу вырашаць розныя гаспадарчыя пытанні.

P1015879
P1015907
P1015920

І вось ужо панеслася па наваколлі: «Ой пасею я ўкроп, ды ў новым агародзе…» Менавіта гэту песню звычайна спявалі ў Бярозаўцы на Благавешчанне. Спяваюць яе і сёння, а таксама розныя песні-вяснянкі і жартоўныя прыпеўкі.

За адной песняй гучала другая, трэцяя. Пабраўшыся за рукі, удзельнікі свята вадзілі карагоды «Вясна красна» і «Верабей».

P1015931
P1015960
P1015984

У абрадзе Благавешчанне прымалі ўдзел і завітаўшыя ў той дзень у Бярозаўку госці – салісткі ансамбля «Чапурушкі» Клаўдзія Абібак і Ганна Ярашэнка, а таксама вядучы метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ларыса Блізнюк.

У перапынках паміж песнямі пад гармонік і гульнямі вяскоўцы гутарылі пра веснавыя клопаты ў полі і агародзе, якія можна распачынаць адразу пасля Благавешчання, узгадвалі народныя прыкметы, па якіх можна прадказваць будучае надвор’е.

Таццяна КАПІТАН.

Фота аўтара.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.