Купалаўцы вязуць у Калінкавічы брэндавы спектакль “Паўлінка”

12

17 мая ў наш горад з гастролямі прыедзе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, каб паказаць легендарную «Паўлінку».

Гэты спектакль па аднайменнай п’есе класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы ў рэпертуары тэатра ўжо больш за 80 гадоў і з’яўляецца не толькі яго візітнай карткай, але і брэндам нацыянальнай культуры. Яго прэм’ера ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі. За час існавання спектакля над ім працавала некалькі пакаленняў лепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў школай сцэнічнага майстэрства. Штогод кожны новы тэатральны сезон у Купалаўскім адкрываецца менавіта «Паўлінкай», якая з нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам распавядае пра дзяўчыну, што насуперак бацькоўскай волі выбрала сабе жаніха.

У 2019-м “Паўлінка” ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У мінулым годзе спектакль быў абноўлены. 19 лютага 2021-га на рэпетыцыі “Паўлінкі” пабываў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, якога суправаджаў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Высокія госці адзначылі, што спектакль “стаў яшчэ лепшы дзякуючы ў тым ліку і моладзі – студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія добра ўліліся ў калектыў трупы і якія лічаць за гонар служыць у тэатры побач з мэтрамі сцэны Купалаўскага”.

Не ўпусціце магчымасць паглядзець славутую “Паўлінку” на сцэне Калінкавіцкага раённага дома культуры.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.