У рэстаране “Прыпяць” праходзяць Дні беларускай кухні

IMG_0944

Жыхароў нашай краіны аб’ядноўвае не толькі агульная гісторыя, тэрыторыя, культура, традыцыі, мова, але і культура харчавання, любімыя стравы, якія гатавалі ў даўніну нашы бабулі, а сёння працягваем гатаваць мы.

Пакажыце мне таго, хто ніколі не спрабаваў ці не любіць дранікі і бабку, пышныя аладкі са смажаным мясам і яйкамі. Упэўнена, такіх сярод беларусаў знойдзецца мала.

IMG_0919

IMG_0924

Адметнасць беларускай кухні — у шырокім выбары страў з бульбы, а таксама разнастайных каўбас, круп і грыбоў.

Напярэдадні дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства рэстаран “Прыпяць” прапанаваў сваім наведвальнікам прыняць удзел у Днях беларускай кухні, пасмакаваць нацыянальныя стравы і пачаставацца самымі распаўсюджанымі прысмакамі. Трэба адзначыць, што святочнае меню не абыйшлося без дранікаў, бабкі і іншых страў з бульбы, якую так любяць беларусы.

IMG_0927

IMG_0934

Дні беларускай кухні ў рэстаране пройдуць 15 і 16 верасня.

Як паведаміла загадчык вытворчасці Святлана Станько, з першых страў наведвальнікам прапануюць суп з бульбай, рысам і фрыкадэлькамі; боршч лянівы з грыбамі, хатні боршч з пампушкамі і грыбамі; пярловы суп з белымі грыбамі і смятанай.

IMG_0936

IMG_0941

Вельмі падабаецца наведвальнікам рэстарану салата “Беларуская” з пячонкай, яйкам і салёным агурком.

На гарачае падаюць бабку бульбяную з каўбасой і смятанай, дранікі з тварагом, катлеты “Беларусачка” і “Па-беларускі”, пярловую кашу з грыбамі, смажаніну “Прыбужжа”, наліснікі з начыннем з бульбы і шкварак, мачанку, запечаную ў смятане з морквай рыбу, пячонку па-хатняму, начыненую мясам бульбу.

IMG_0957

IMG_0961

На дэсерт – тварожныя пышкі са смятанкай, калабкі з разынкамі, духмяныя сырнікі, кісель і кампот з журавін.

І гэта далёка не ўсе стравы, якімі можна пачаставацца 15 і 16 верасня. У абедзеным меню іх значна больш.

IMG_0967

IMG_0973

Напрыканцы прапануем загадчыку вытворчасці падзяліцца некаторымі рэцэптамі нацыянальных беларускіх страў, якія кожны з нас зможа прыгатаваць дома. Безумоўна, перавагу аддадзім стравам з бульбы. Яны і смачныя, і гатуюцца не цяжка.

Бабка бульбяная з каўбасой

Бульбу трэба палупіць і надраць на тарцы. Дадаць сметанковае масла альбо маргарын, муку, соль, спецыі. Добра перамяшаць.

Нарэзаць дробнымі кавалачкамі сала і абсмажыць яго з цыбуляй. Дадаць нарэзаную смажаную каўбасу.

Маленькія гаршчочкі змазваем тлушчам. Накладваем туды бульбяную масу і каўбасу з салам і цыбуляй, потым зноў бульбяную масу і так некалькі разоў, пакуль гаршчочак не напоўніцца. Зверху змазваем тлушчам і ставім запякаць пры t 250-280 градусаў.

Калі будзеце падаваць на стол, абавязкова дадайце смятану.

Бульба, фаршыраваная мясам (кручонікі)

У сырых аблупленых бульбінах робім паглыбленні, якія потым начыняем фаршам. Для яго прыгатавання нам спатрэбіцца свініна, курыца, цыбуля.

Начыненыя бульбіны абсмажваем на патэльні, складваем у сатэйнік, заліваем смятаннай падліўкай і запякаем пры t 250 градусаў.

Гатовыя кручонікі пасыпаць зелянінай.

Смачна есці!

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.