Галоўнае багацце любой зямлі – людзі. Жыхары Старых і Новых Навасёлак Калінкавіцкага раёна адгулялі свята вёскі

66

У суботу, 15 ліпеня, жыхары і ўраджэнцы вёсак Старыя і Новыя Навасёлкі сабраліся разам на сваёй малой радзіме, каб адзначыць свята вёскі. Дзякуючы ўраджэнцу Новых Навасёлак Міхаілу Супруновічу – старшыні савета дырэктараў холдынгу “БелГАЗаўтасервіс”, што з’яўляецца афіцыйным дылерам гандлёвай маркі ГАЗ у Беларусі, гэта ўжо стала штогадовай добрай традыцыяй. За апошнія гады Міхаіл Андрэевіч шмат чаго зрабіў для сваёй малой радзімы – усталяваў помнік землякам-удзельнікам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тым, хто не вярнуўся дадому з франтоў; арганізаваў пасадку сквера землякоў каля гэтага помніка; дапамог фінансава і тэхнікай Ліпаўскай бальніцы сястрынскага догляду; усталяваў на уездзе ў абедзве вёскі паклонныя крыжы, а яшчэ ён кожны год прымае ўдзел у арганізацыі свята вёскі для жыхароў Старых і Новых Навасёлак.

Летась Міхаіл Супруновіч прывозіў на свята вёскі сталічны мастацкі калектыў “Гуляй, бульбаш”, а сёлета,  свае песні для навасёлкаўцаў праспяваў Сяргей Славянскі.

44

Свята па традыцыі праходзіла на пляцоўцы перад Навасёлкаўскім сельскім клубам-бібліятэкай. І пачалося яно з прывітальнага слова старшыні Капліцкага сельвыканкама Генадзя Кавальчука, які адзначыў, што галоўнае багацце любой зямлі – людзі, менавіта яны пішуць яе гісторыю, праслаўляюць і ўпрыгожваюць дзеля нашага мірнага неба і дабрабыту.

Генадзь Віктаравіч упэўнены, што дні вёскі – гэта цудоўная магчымасць яшчэ раз сустрэцца, пабачыцца і выказаў шчырыя словы падзякі дырэктару сельскага клуба-бібліятэкі Наталлі Раманішка за работу па арганізацыі свята, а таксама ганароваму жыхару Новых Навасёлак, нязменнаму спонсару мерапрыемства Міхаілу Супруновічу. Міхаіл Андрэевіч, у сваю чаргу, выказаў упэўненасць у тым, што пакуль людзі вось так збіраюцца разам – вёска будзе жыць.

З пажаданнямі дабрабыту, міра і моцнага здароўя да адвяскоўцаў звярнулася госця мерапрыемства, ураджэнка вёскі, а сёння намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Алена Каленік.

Урачыстая частка працягнулася віншаваннямі. У адрас вяскоўцаў было сказана шмат цёплых слоў падзякі за іх працавітасць і душэўную цеплыню.

Падзячныя лісты райвыканкама ўручылі ветэранам працы – механізатарам Рыгору Савіцкаму і Пятру Раманішка, жывёлаводу Алене Пінчук, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але працягваюць працоўную дзейнасць.

Падзячнымі лістамі райсавета дэпутатаў адзначылі стараст вёсак, памочнікаў Генадзя Кавальчука па Старым і Новым Навасёлкам Наталлю Раманішка і Галіну Камыш.

Ад ТЦСАН павіншавалі сацыяльных работнікаў Святлану Кундас і Галіну Камыш.

Ушанавалі і юбіляраў гэтага года. Вядучыя святочнай праграмы не скупілася на цёплыя словы – яны знайшліся для кожнага, хто падымаўся на сцэну.

Па традыцыі на свяце вёскі выбралі і гаспадароў лепшых падворкаў. У гэтым годзе пераможцамі конкурсу і ўладальнікамі шыльды “Усадьба ўзорнага парадку” у Старых Навасёлках сталі Міхаіл і Вольга Лаўда, а ў Новых Навасёлках – Рыгор і Любоў Савіцкія.

32

18

Прыгожую музычную праграму вяскоўцам, акрамя зоркі беларускай эстрады Сяргея Славянскага, падрыхтавалі калектыў мастацкай самадзейнасці Шыіцкага Дома культуры і вакальны ансамбль “Чапурушкі”.

Удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба “Калінкавіцка-Мазырскі пошук” частавалі вяскоўцаў салдацкай кашай і прапанавалі ўдзельнікам свята пазнаёміцца з іх экспазіцыяй. Сваю тэматычную пляцоўку выставіў і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

51

Працавалі гандлёвыя кропкі, дзіцячыя атракцыёны, бяспройгрышная латарэя. Вяскоўцы гулялі дацямна.

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.