Вышыўка дорыць Еўдакіі Куліковай энергію, бадзёрасць і добры настрой

IMG_5241

Калінкавічанку Еўдакію Кулікову, якая, дарэчы, 25 мая адзначыла сваё 85-годдзе, можна смела назваць галоўнай вышывальшчыцай нашага раёна.

Паважаны ўзрост для рукадзельніцы – не перашкода, любімай справай Еўдакія Васільеўна займаецца і сёння. «Вочы, дзякуй Богу, бачаць добра і рукі слухаюцца» – кажа яна. З дапамогай іголкі і каляровых нітак рукадзельніца стварае сапраўдныя мастацкія творы. Сотні, а то і тысячы, маленькіх крыжыкаў на канве аб’ядноўваюцца ў цэльныя кампазіцыі – пейзажы, іконы, выявы жывёл.

IMG_5228

Творы калінкавіцкай вышывальшчыцы ёсць у Маскве, Кіеве, Адэсе, на Дальнім Усходзе, у Германіі і Польшчы. Работы Еўдакіі Куліковай выстаўляліся на розных знакавых фестывалях і шматлікіх святах – фальклорнага мастацтва «Берагіня», выставе-конкурсе народнай творчасці «Рук залатых зямныя цуды», на «Клічы Палесся» у Ляскавічах, на раённых і абласных «Дажынках», абласным свяце народнага мастацтва ў рамках Дня беларускага пісьменства «Адвечная прыгажосць». Еўдакія Кулікова была ўдзельніцай і рэспубліканскага творчага праекта «Нацыянальны Пакроў міру».

Яна і сёння працягвае ўносіць свой уклад у захаванне традыцый і папулярызацыю народных промыслаў і рамёстваў.

Не так даўно наш раён з працоўным візітам наведаў намеснік міністра культуры Беларусі Сяргей Саракач. Выстава вышываных карцін Еўдакіі Куліковай заняла пачэснае месца ў фае РДК побач з творамі іншых народных умельцаў нашага раёна.

IMG_5225

За высокае майстэрства і плённы ўклад у папулярызацыю народнай творчасці Еўдакія Васільеўна мае вялікую скарбонку грамат і падзяк самага рознага ўзроўню.

IMG_5222

Не менш багатае на розныя падзеі і асабістае жыццё жанчыны, на долю якой выпала нямала цяжкіх выпрабаванняў.

Нарадзілася Еўдакія Кулікова, у дзявоцтве Торап, у 1937 годзе ў вёсцы Замосце. У акупацыю разам з аднавяскоўцамі хавалася па балотах, жыла ў лесе ў куранях. Бацька з першых дзён вайны пайшоў на фронт, больш сям’я яго не бачыла. Маці адна гадавала чацвярых дзяцей.

Пасля вызвалення вярнуліся з куранёў у родную вёску голыя, босыя, галодныя, і ледзь пазналі сваю хату: стаяло без вокнаў, без дзвярэй, нават без падлогі.

Першыя гады былі самымі цяжкімі: выжывалі тым, што хадзілі ў лес па грыбы і ягады, браты лавілі ў сажалцы ўюноў і іншую рыбу.

У 1951 годзе Еўдакія Васільеўна скончыла сямігодку ўладкавалася рознарабочай на будоўлю рамонтна-экскаватарнага завода, які ў той час узводзілі на Пхове. Памятае яшчэ драўляны мост праз Прыпяць, што быў тады на месцы сучаснага.

Потым пераехала на Украіну: старэйшы брат запрасіў да сябе ў горад Нежын. Там дзяўчына працавала на будоўлі шашы. Пасля працы вучылася ў вячэрняй школе.

Неўзабаве яна атрымала пісьмо ад другога брата Пятра, які працаваў шахцёрам у Карагандзе. Той запрасіў сястру да сябе.

Там, у Казахстане, яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ураджэнец Саратаўскай вобласці Мікалай Кулікоў сябраваў з братам і таксама быў шахцёрам.

У Карагандзе Еўдакія Кулікова скончыла гандлёвую школу, уладкавалася прадаўцом.

Чамусьці лёс не даў ім з мужам  магчымасці нарадзіць уласнае дзіця, і яны вырашылі ўсынавіць нованароджанага хлопчыка. Назвалі сынка Алегам.

Неўзабаве аб’явілася родная цётка хлопчыка, якая стала пагражаць, што раскажа малому, што ў яго несапраўдныя бацькі.

Каб захаваць сям’ю, Куліковым прыйшлося пакінуць Караганду. Перабраліся ў Данбас. Два гады жылі ў Чырвонаармейску. А ў 1977 годзе на сямейным савеце вырашылі пераехаць у Калінкавічы, на малую радзіму Еўдакіі Васільеўны. Узялі ўчастак на вуліцы Будаўнікоў, паставілі хату, у якой жанчына жыве і зараз.

Большая частка працоўнага жыцця юбіляркі прайшла ў сферы гандлю. Працавала прадаўцом у краме, загадчыцай склада ў гарторгу.

Іх сын Алег скончыў Палескі аграрны каледж, сёння жыве і працуе ў Калінінградзе.

Першы муж Еўдакіі Васільеўны рана памёр. Праз некаторы час яна звязала свой лёс з другім чалавекам. На жаль, у мінулым годзе Міхаіла Сямёнавіча таксама не стала. Жанчына аўдавела ў другі раз.

Сёння ёй складаюць кампанію дзве сабачкі і два каты. Ёсць у жанчыны і добрая сяброўка, якая не забывае яе наведваць. Энергію, бадзёрасць, добры настрой Еўдакіі Васільеўне дорыць творчасць. За вышываннем час ляціць непрыкметна, а ў выніку «нараджаецца» новая карціна ці ікона.

Вышываць Еўдакія Кулікова ўмее даўно, але па-сапраўднаму аддалася гэтай справе ўжо на пенсіі. Пачынала з невялічкіх сурвэтак. Пазней перайшла на рушнікі, а потым і на карціны.

Першая выстава мастачкі прайшла каля 25 гадоў таму ў вёсцы Бярозаўка. Там праходзіў фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З таго часу і пачалося – карціна за карцінай, выстава за выставай. Аб’ездзіла з імі ўсю Беларусь.

Найбольш Еўдакіі Васільеўне падабаецца вышываць пейзажы, жывёл і іконы. Некаторыя, найбольш складаныя, могуць заняць некалькі месяцаў працы. Напрыклад, такая, як рукадзельніца вышывае зараз – ікона Маці Божай. Але вынік варты гэтага – з’яўляюцца добры настрой, гармонія ў душы і задаволенасць сваёй справай.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.