Да Дня Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба

 

герб и флаг рб копия

Сімваламі Беларусі як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь адзначаецца ў нашай краіне штогод у другую нядзелю мая. Сёлета гэта дзяржаўнае свята выпадае на 8 мая.

Сцяг, герб і гімн з’яўляюцца атрыбутамі любой суверэннай краіны ў свеце. Гэта сімвалы, якія адлюстроўваюць гістарычныя і духоўныя рысы народа, асаблівасці яго культуры і светапогляду, яго імкненне да самавызначэння і самастойнага развіцця. Ва ўсе часы людзі цанілі сцяг сваёй дзяржавы, бераглі, верылі ў яго славу і веліч, прысягалі на вернасць.

Паглядзіце на наш Дзяржаўны сцяг. Ён нясе ў сабе істотныя звесткі пра нашу краіну. Беларускі сцяг уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з двух палос, чырвонай і зялёнай, у суадносінах 2:1. А ўсяго наш Дзяржаўны сцяг утрымлівае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы.

Чырвоны колер – сімвал сілы і мужнасці, высакароднасці і вартасці. Чырвоны – адзін з самых старажытных колераў. Ён сімвалізаваў сонца, крэўнасць, братэрства, барацьбу за праўду. А яшчэ ён сімвалізуе сцяг Перамогі, узняты ў маі 1945 года над фашысцкім рэйхстагам. Зялёны – колер надзеі, здароўя, маладосці, адраджэння, працавітасці і тварэння. Гэта колер самой беларускай прыроды, квітнеючых ураджайных палёў, лясоў і лугоў. Ну, а белы колер – гэта чысціня і бездакорнасць, веды і мудрасць. І, зразумела, свабоды і незалежнасці. Нездарма ён і ў назве нашай краіны прысутнічае.

Менавіта на белы колер на Дзяржаўным сцягу накладваецца беларускі нацыянальны арнамент, які аб’ядноўвае чырвоны і зялёны колеры ў адзіны графічны малюнак, напоўнены глыбокім сэнсам, непаўторнай часцінкай якога з’яўляецца кожны беларус. Гэта мае дзед і прадзед, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную, мае бабулі і мая маці, што з ранняй вясны і да позняй восені працавалі ў полі. Гэта ткацкі стаў маёй бабулі, пад рытмічны грукат якога паступова з’яўляліся ручнікі і посцілкі, што і цяпер мы адшчадна захоўваем у сваёй сям’і.

Сімвалам суверэнітэта з’яўляецца таксама і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. У перакладзе з нямецкай мовы, з якой слова “герб” да нас і прыйшло, яно азначае спадчыну. Як і ў сцягу, у ім адлюстраваліся галоўныя нацыянальныя каштоўнасці нашага народа: працавітасць, міралюбства і адначасова – гатоўнасць абараніць свабоду і незалежнасць.

Дзяржаўны герб Беларусі – гэта сярэбранае поле з контурам дзяржаўнай мяжы нашай краіны, які накладваецца на залатыя промні на ўзыходзе сонца над зямным шарам. Што трэба разумець, як роўнасць усіх народаў свету: сонца кожнаму свеціць аднолькава. На самым версе герба размяшчаецца пяціканцовая зорка.

Па баках поле акаймляе вянок з залатога калосся, пераплецены з аднаго боку кветкамі канюшыны, з другога – ільну. Вянок тройчы перавіты чырвона-зялёнай стужкай у колерах Дзяржаўнага сцяга, пасярэдзіне якой надпіс залатымі літарамі: “Рэспубліка Беларусь”.

Кожны грамадзян Беларусі павінен адчуваць сваю кроўную еднасць і непарыўнасць з дзяржаўнымі сцягам і гербам, ганарыцца імі і абараняць, таму што дзяржаўныя сімвалы аб’ядноўваюць не толькі нас у адзіную грамадскую супольнасць, яны яднаюць нас з нашымі продкамі. Асэнсаванне і ўсведамленне гэтага, бясспрэчна, выклікае гонар і веліч за мінулае, рашучасць і моцу ў цяперашнім, аптымізм і ўпэўненасць на будучае…

Аляксандр Века.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.