Калінкавічы: горад пачынаўся з чыгункі

DCIM100MEDIADJI_0263.JPG

Сёлета спаўняецца 470 гадоў з моманту першага ўпамінання Калінкавічаў у пісьмовай крыніцы. Гэтай крыніцай стаў Вопіс Мазырскага замка 1552 года.

Сяло Каленікавічы (статус сяла Калінкавічы мелі дзякуючы Свята-Мікольскай царкве) было тады зусім невялікае, бо ў адрозненне ад Айцючыцаў (Аўцюкоў), Насавічаў, Сухавічаў, Бабровічаў або Шыічаў у згаданым Вопісе Мазырскага замка яны называюцца разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі ў пераліку сёл на павіннасці.

Амаль праз тры з паловай стагоддзі ў  “Слоўніку геаграфічным каралеўства Польскага і іншых зямель славянскіх” (т.XV ч. II), які выйшаў у 1880 годзе, пра Калінкавічы гаворыцца, што гэта мястэчка на рацэ Каўня ў павеце Рэчыцкім воласці Аўцюцэвіцкай, у ім 34 дымы і 228 жыхароў, ёсць царква (з філіяльнай царквой у Гулевічах) і малельны яўрэйскі дом, а таксама конны млын. І калі праз два дзесяцігоддзі насельніцтва мястэчка вырасла да 1300 чалавек, то напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны яно складала амаль 10 тысяч жыхароў.

Адкуль такі імклівы прырост? Адказ просты: дзякуючы чыгунцы, якая ў другой палове 80-х гадоў 19 стагоддзя пралягла за дзьве вярсты на паўночны захад ад мястэчка. З тае пары і пачынаецца шпаркае развіццё Калінкавіч, якія ўжо ў 1925 годзе набылі статус горада.

Сёння мы многа ведаем пра старадаўнюю гісторыю свайго горада дзякуючы шматгадовым пошукам і кнігам нашага вядомага пісьменніка-краязнаўцы Уладзіміра Лякіна. У адной з апошніх сваіх кніг “Калінкавічы і калінкавічане” ён расказвае пра вуліцы роднага горада. Адна з самых старажытных вуліц – Кастрычніцкая. Першапачатковая яе назва – Вакзальная, як кажуць, гаворыць сама за сябе. Менавіта тут знаходзіліся чыгуначны вакзал, дэпо і ўпраўленне дыстанцыі чыгункі, а побач – невялічкі базарчык, лаўкі, лазня, конная паштовая станцыя і баракі з кватэркамі чыгуначнікаў. Гэта пазней, у 1939-м, на два дзесяцігоддзі яна была перайменавана ў вуліцу Кагановіча. Праўда, калі ў 1957 годзе па палітычных матывах спатрэбілася зноў мяняць назву, то вяртаць старую не сталі, а назвалі вуліцу Кастрычніцкай. Так што ў гэтым годзе гэтая вуліца адзначае сваё 65-годдзе з часу набыцця новай назвы.

1.-около-1910-г.

2. первая половина 1960

IMG_4373

Самым старым будынкам на гэтай вуліцы нашага горада з’яўляецца будынак былога паравознага дэпо, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Калінкавіцкай аўтакалоны Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. У згаданай вышэй кнізе Уладзімір Лякін прыводзіць урывак дакумента з Расійскага дзяржаўнага архіва (Санкт-Пецярбург). Гэта справаздача дзяржаўнага інспектара тайнага саветніка барона Шэрнваля ад 10 лютага 1886 года пра тое, што на станцыі “ёсць паравозны будынак на тры стойлы. Кроквы гэтага будынка зроблены ў выглядзе арак з гнутых рэльсаў са шклянымі фанарамі ў даху, у выніку чаго будынак стаў светлым і ўтульным для падрабязнага разгляду паравозаў. Падлога будынка – драўляная”.

У справаздачы Мазырскага павятовага спраўніка Кавальскага 1887 года адзначаецца, што на нядаўна заснаванай каля мястэчка чыгуначнай станцыі, акрамя дэпо, меўся аднапавярховы драўляны будынак чыгуначнага вакзала. Як ён выглядаў, можна ўбачыць на фотаздымках невядомага нямецкага афіцэра, зробленых у 1918 годзе, падчас акупацыі мястэчка нямецкімі войскамі.

Вакзал 1918 г

Вакзал 1943

Другі здымак зроблены ў Вялікую Айчынную вайну, зноў жа, нямецкім афіцэрам у 1943 годзе. Як можна бачыць, за чвэрць стагоддзя будынак чыгуначнага вакзала знешне амаль не змяніўся.

IMG_3587

Будаўніцтва новага каменнага будынка вакзала, які вось ужо амаль 70 гадоў з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай горада, пачалося ў 1951 годзе калектывам будаўнічага ўчастка Міністэрства транспартнага будаўніцтва па праекце інжынера Байдуна. Урачыстае адкрыццё вакзала станцыі Калінкавічы адбылося ў снежні 1954 годзе.

Аляксандр Века.

 

Please follow and like us:

2 комментариев для “Калінкавічы: горад пачынаўся з чыгункі

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.