У Старых Навасёлках гасцей сустракаюць халодным, паронкамі і кручанай бульбай

IMG_7913

У кожным населеным пункце раёна ёсць нешта сваё адметнае – традыцыі, павер’і, звычаі, абрады, песні, прымаўкі, уласцівыя толькі для гэтай мясцовасці кулінарныя стравы, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод жыхароў з даўніх часоў і па сённяшні дзень. Падобныя па рэцэптуры і спосабу прыгатавання, яны могуць сустракацца і ў іншых вёсках раёна, але называюцца ў кожным паселішчы па-свойму.

Вялікай папулярнасцю, асабліва ў сельскай мясцовасці, карыстаюцца прысмакі з бульбы. Стравы, прыгатаваныя з таркаванай бульбы – дранікі, бабка, бульбяныя аладкі, ці дзеруны, уваходзяць у спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі ад нашага раёна.

Не так даўно мы запісвалі рэцэпт картапляных хапуноў, што гатуюць на тэрыторыі Казловіцкага сельсавета.

Сёння ж даведаемся, якімі стравамі сустракаюць дарагіх гасцей жыхары Старых Навасёлак. І дапаможа нам у гэтым жыхарка вёскі Людміла Супруновіч, якая жыве тут усё жыццё.

«Настаўніцай» па кулінарыі для Людмілы Міхайлаўны была свякруха, з якой яна ў згодзе і ўзаемаразуменні пражыла 17 гадоў.

Вельмі добрая была ў мяне свякруха. Усяму мяне навучыла, – распавядае гаспадыня. – Нас у маці было чацвёра, вучыцца не было калі, трэба было па гаспадарцы дапамагаць. З маленства бегала на ферму, рана навучылася даіць кароў. Замуж пайшла маладой, у 18 гадоў, і свякруха Елізавета Пятроўна ўзяла мяне, як кажуць, пад сваё крыло.

У дзень нашай сустрэчы на стале Людмілы Супруновіч было шмат розных прысмакаў. І прыгатавала іх гаспадыня не толькі дзеля таго, каб пазнаёміць нас з «кароннымі» навасёлкаўскімі стравамі. У той дзень яна чакала гасцей – сына Валіка з нявесткай і дзвюх ўнучак. Алёнка ўвогуле завітала з Санкт-Пецярбургу, дзе зараз жыве і працуе.

– Прыехала праведаць бацькоў і любую бабульку. Як я магла ўпусціць магчымасць пачаставацца яе фірмовымі аладкамі, халодным, кручанай бульбай і паронікамі? – з усмешкай пытаецца дзяўчына.

Для бабулі такія словы, нібы мёд на душу. Людміла Супруновіч падсоўвае бліжэй да ўнучак патэльню са смажаным мясам і шкваркамі, падкладвае ім на талеркі яшчэ па аднаму свайму фірмоваму бліну: «Частуйцеся, на здароўе, мае даражэнькія!»

IMG_7894

IMG_7888

Самай распаўсюджанай стравай у Старых Навасёлках многія жыхары вёскі называюць халоднае. Яго гатуюць і на святы, і ў будні.

Раней жа ўсе трымалі свіней, і не па адной, – тлумачыць Людміла Міхайлаўна і расказвае свой рэцэпт. – Бяром галавізну, ногі, вушы, хвосцік, куру можна дадаць – усё гэта замочваем у вялікім чугуне ў вадзе прыкладна на суткі.

Воду мяняем некалькі разоў. Дадаем соль і спецыі – ліст лаўровы, каляндру, часнок, насенне кропу. Ставім з самага ранку ў печ, і няхай стаіць тушыцца, прэе.

Пасля разбіраем мяса – аддзяляем яго ад костак, дробненька рэжам, складваем у міскі і заліваем юшкай, у якой яно тушылася. Ставім на холад застываць.

Жэлацін Людміла Супруновіч не дадае: яго ў юшцы дастаткова.

«Паронкамі» ў Старых Навасёлках называюць звычайную звараную ў печы дробненькую бульбу. А вось тушаная бульба на мясцовым дыялекце называецца «смажонікі».

Вельмі смачнымі атрымоўваюцца «кручонікі», ці «кручаная бульба».

1

– Гатаваць «кручонікі» проста, — працягвае дзяліцца кулінарнымі сакрэтамі гаспадыня. – Абіраем бульбу, выкручваем у ёй дзіркі. Начыняем фаршам з цыбуляй, перцам, соллю. Раней, калі фарш у крамах не прадавалі, мы дробненька рэзалі мяса нажом. Начыненую бульбу складваем у чугун, дадаем крыху вады і ставім у печ тушыцца. Атрымоўваецца вельмі смачна.

23

А запіваць усё гэта навасёлкаўцы раяць аўсяным кісялём, які ўмее варыць амаль кожная мясцовая гаспадыня. Дакладней будзе сказаць, заядаць, бо гэтая страва атрымоўваецца даволі густая, ядзяць яе лыжкамі.

У кожнай гаспадыні свой рэцепт. Хтосьці варыць аўсяны кісель з малаком, хтосьці на вадзе з мёдам.

Раней жанчыны таўклі авёс у ступе, сёння ў краме прадаюцца гатовыя аўсяныя шматкі.

Аўсяны кісель Людміла Супруновіч гатуе даволі часта. Ён падабаецца і дзецям, і ўнукам, бо смачны і карысны адначасова.

Сям’я ў Людмілы Міхайлаўны вялікая і дружная: трое дзяцей, сем унукаў і адзінаццаць праўнукаў.

IMG_7933

Наша кулінарнае падарожжа ў Навасёлкі атрымалася вельмі цікавым і надзвычайна смачным.

У наступны раз мы даведаемся, якія стравы гатуюць у Каплічах.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.