Дзень роднай мовы: Беларуская мова – ключ нашай годнасці

ддд1

Не сакрэт, што беларуская мова, хоць і з’яўляецца дзяржаўнай, але не вельмі папулярна сярод насельніцтва. На ёй размаўляе зусім невялікая колькасць  грамадзян: пэўны пласт інтэлігенцыі, некаторыя прадстаўнікі моладзі і, мабыць,  вясковыя жыхары (у выглядзе праславутай «трасянкі»).

Таму атрымліваецца, што наша мова жыве і развіваецца шмат у чым дзякуючы энтузіястам. Для іх адным са сродкаў самавыяўлення з’яўляецца Інтэрнэт, дзе можна пісаць хоць па-беларуску, хоць па-мангольску, і ніхто не папракне цябе: «ой, говорите нормально, я вас не понимаю».

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы прапануем вам пазнаёміцца з беларускамоўнай дзяўчынай Марыяй Цітовай, вучаніцай сярэдняй школы №4, якая папулярызуе родную мову праз свой профіль у інстаграм. Яе гісторыя і парады для тых, хто таксама хоча загаварыць на роднай, – у матэрыяле.

цитова3

– Ідэя размаўляць па-беларуску ў мяне была даўно, – кажа Маша. – Як і многія, спачатку саромелася. Таму добра, калі ёсць людзі, якія гатовы  падтрымаць тваю ідэю. Для мяне такімі натхняльнікамі сталі бацькі і настаўніца беларускай мовы базавай школы №5, якую я скончыла,  Ірына Сапоненка. Увогуле мама і тата шмат казалі мне пра родную мову: што яе трэба паважаць, ведаць, размаўляць на ёй. Яны, праўда, самі не гавораць чыста па-беларуску, як і многія выкарыстоўваюць “трасянку”.

Марыя ўпэўнена, каб захаваць мову, трэба, каб вакол як мага больш людзей гаварылі на ёй. Таксама дзяўчына не таіць, што і сёння ёсць цяжкасці, калі яна звяртаецца да каго-небудзь на роднай.

– Ніколі не ведаеш, якая будзе рэакцыя ў чалавека, да якога ўпершыню звяртаешся па-беларуску ў той жа краме ці на пошце. Часцей за ўсё адказываюць па-руску. Ёсць і тыя, хто кажа, што не разумее мяне. Такое ўражанне, нібы размаўляеш на замежнай мове. Больш прыемна, калі чалавек спрабуе ў адказ таксама загаварыць па-беларуску. Хай і з памылкамі, я таксама яшчэ вучуся.

Большасць людзей з бліжэйшага асяроддзя Марыі саромеюцца браць з яе прыклад. Таму аднадумцаў яна знайшла ў інстаграм. Менавіта там у мінулым годзе Марыя стварыла сваю беларускамоўную старонку @belcultura, дзе піша пра культурную спадчыну Беларусі, чытае вершы беларускіх паэтаў, распавядае пра пісьменнікаў, а таксама размяшчае пераклад рускіх слоў, такім чынам пашырае свой слоўнікавы запас.

цитова1цитова2Сёння ў Марыі больш трохсот падпісантаў, многія пішуць словы падтрымкі і падзякі за яе ідэю.

– У асноўным гэта больш старэйшыя людзі, але ёсць і майго ўзросту. Для іх беларуская мова – гэта штодзённая норма. І гэта вельмі прыемна.

Акрамя вывучэння беларускай мовы, Марыя з захапленнем займаецца маляваннем, як і яе старэйшая сястра.

–Дар’я зараз выкладае маляванне ў Дудзіцкай дзіцячай школе мастацтва, — расказвае мая суразмоўца. – Год назад была выстава яе карцін у музее. Я займаюся ў яе, пераймаю яе вопыт, а яшчэ наведваю заняткі Рыгора Сафронова.

Малюе Маша вельмі даўно і шмат разоў прымала ўдзел у розных конкурсах,  таму падлічыць колькасць усіх яе ўзнагарод цяжка. Сярод іх ёсць і міжнародныя дыпломы.

– Больш ўсяго люблю маляваць эцюды і пейзажы. Не раз выязджалі з сястрой за горад, каб фарбамі захаваць усю прыгажосць нашай прыроды на палатне.

На пытанне, што трэба зрабіць, как больш людзей загаварыла па-беларуску, Марыя па-даросламу разважае.

– Галоўным у распаўсюджванні беларускай мовы я лічу пачынаць з самога сябе і быць беларускамоўным не па сітуацыі, а заўсёды. Каб хутчэй авалодаць мовай, я параю чытаць кнігі па-беларуску і больш камунікаваць. І галоўнае: не бойцеся размаўляць з памылкамі – іх робяць нават беларускія пісьменнікі! Безумоўна, пры вывучэнні мовы трэба крыху напружыцца, але гэта варта таго. Разам з моваю мы адкрываем саміх сябе і ўнікальны беларускі сусвет. Наша мова – ключ беларускай годнасці.

Святлана ПЯТРЭНКА.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.