Выцінанка – чароўныя ўзоры на паперы
Мабыць, кожны з нас у дзяцінстве пад Новы год спрабаваў выразаць папяровыя сняжынкі, ажурныя ўзоры і розныя тэматычныя фігуркі, каб упрыгожыць імі вокны да свята.
А вы ведаеце, што ў гэтага віда творчасці ёсць нават назва – выцінанка? Больш таго, ён уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны.
Гэты статус не так даўно Міністэрства культуры надало элементу «Беларускае мастацтва выцінанкі», якое ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей стала другім пасля саломапляцення комплексным, распаўсюджаным па ўсёй рэспубліцы элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Мастацтва выразання карункавых узораў з паперы шырока было распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’еру жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы XX стагоддзя. Ажурныя фіранкі традыцыйна ўпрыгожвалі сельскія хаты, а на вокнах падчас Каляд з’яўляліся белыя сняжынкі, птушкі і жывёлы.
Трэба адзначыць, што тэхналогіі падобныя да цяперашніх выцінанак існавалі і ў IХ-XII стагоддзях, калі ў Беларусі яшчэ не было паперы, замест яе ажурнымі ўзорамі дэкарыравалі тканіны і скуру.
Сёння старадаўняе мастацтва выразання карцін з белай і каляровай паперы захоўваюць і развіваюць і аматары, і народныя майстры. Стылістыка сучасных выцінанак надзвычай багатая і разнастайная – геаметрычныя, раслінныя, сюжэтныя, з выявамі людзей, жывёл, фантастычных істот, біблейскіх матываў.
Цяпер выцінанкі – аб’екты музейных калекцый, выстаў народнага мастацтва, арыгінальныя падарункі і сувеніры. А для іх стварэння патрэбны абсалютны мінімум – папера, нажніцы і натхненне. І ўсё.
На тэрыторыі нашага раёна гэты від мастацтва даволі распаўсюджаны. Актыўна практыкуюць выцінанку і супрацоўнікі ўстаноў культуры . Сярод іх вылучаюцца чатыры майстрыхі, якія ствараюць са звычайнай паперы чароўныя ўзоры, сапраўдныя мастацкія творы. Гэта бібліятэкар Юравіцкай бібліятэкі Таццяна Мішчук, кіраўнік гуртка «Выцінанка» Дудзіцкага СДК Таццяна Загальская, загадчыца Кошчыцкага клуба-бібліятэкі Таццяна Пасюк, настаўніца гімназіі Хрысціна Кулыба.
Іх выцінанкі не раз упрыгожвалі раённыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а зараз прадстаўлены ў экспазіцыі абласной выставы-прэзентацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гомельскай вобласці «Жывая спадчына Гомельшчыны» у абласным Цэнтры народнай творчасці. Там і кветкі, і дрэвы, і зверы, і птушкі, і анёлы, і закаханыя…
Аказваецца з дапамогай нажніц і звычайнай паперы можна стварыць арыгінальныя творы мастацтва, цікавыя карціны, сапраўдныя шэдэўры. Трэба толькі вельмі захацець, запасціся цярплівасцю, паставіць мэту.
Выцінанка як від мастацтва безумоўна заслугоўвае ўвагі. Гэта традыцыйна і ў той жа час сучасна, экалагічна, што сёння надзвычай актуальна. Пры гэтым выцінанка вельмі дэмакратычная, не патрабуе значных фінансавых затрат, дарагіх матэрыялаў і надзвычайных творчых здольнасцей.
Таццяна КАПІТАН.