Мой дзядзька Іван Мележ

Иван Мележ 1941год из фонда Мемориальный музей Мележа

8 лютага спаўняецца 101 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Не ведаю, выпадкова ці не, але нядаўна давялося мне пазнаёміцца і пагутарыць са стрыечнай пляменніцай пісьменніка, дачкой яго стрыечнага брата Верай Савельеўнай Генаш (у дзявоцтве – Мележ).

Пачну з таго, што мяне прывабіла маўленне. Было прыемна пачуць мілагучнасць беларускай мовы. Шкада, што ў наш час яна забываецца. Павітаўшыся і пагутарыўшы некалькі хвілін, Вера Савельеўна пачала расказваць пра сваё жыццё.

—Людзі мы вясковыя, бацька і маці працавалі ў калгасе ўвесь час, а я хадзіла ў школу, як усе дзеці. Скончыла 10 класаў Глінішчанскай сярэдняй школы і, безумоўна, ведала заўсёды, што Іван Паўлавіч  – мой дзядзька, што гэта наша радня.

Заўсёды здіўлялася ягонай сціпласці. Калі прыязджаў у вёску, і бацька хацеў яго па-сялянску пачаставаць, нешта даць з сабой – ён аднекваўся, заўсёды гаварыў, што нічога яму непатрэбна, што ў яго гэта ёсць. Мяне гэта заўсёды здзіўляла, ажно да таго часу, пакуль я сама не стала студэнткай. Тады я бліжэй даведалася пра яго характар, яго сям׳ю. Неяк аднойчы мы прыехалі з яго сястрой Любай да яго на дачу ў Ждановічы. Іван Паўлавіч вынес цэлы кошык яблыкаў, папрасіў жонку, каб яна іх спакавала, і сказаў: “На, занясі сябрам-студэнтам. Я не браў, а ты ад мяне вазьмі”.

Гэта мне вельмі спадабалася і запомнілася. Ніяк не магла усвядоміць, як гэта чалавек з такой вядомасцю настолькі проста сябе паводзіў? Вельмі-вельмі прыемна для мяне гэта было.

Вучылася я ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Магу сказаць, што па яго парадзе паступіла на беларускае аддзяленне філфака. Вучыцца мне было лёгка. Скончыўшы універсітэт, пэўны час выкладала беларускую мову і літаратуру ў адной з гродзенскіх школ, пакуль мой муж не закончыў юрыдычны факультэт. Тады мы пераехалі ў Гомель. З таго часу я выкладала ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны беларускую літаратуру, заўсёды старалася апраўдваць сваё прозвішча нейкім чынам, бо Івана Паўлавіча ведалі ўсе. Хаця і мяне ўжо ведалі, і ведалі, што я пляменніца, але я гэтым ніколі не выхвалялася.

Я вам скажу праўду, заўсёды рада была ўдзельнічаць у яго юбілеях, калі запрашалі – па тэлебачанні выступала, расказвала, артыкулы пісала. Хацелася зрабіць унёсак ў гэта прозвішча, у гэту сям׳ю цудоўную – Мележаўскую. Спадзяюся, што нейкі малюсенькі след усё ж такі пакінула. І я вельмі ўдзячна Госпаду, што ў мяне быў, ёсць і застанецца такі дзядзька… Неўзабаве будзе 101 год ад яго нараджэння. Я з задавальненнем чакаю гэтага дня, гэтага свята, і вельмі буду ўдзячна, калі яшчэ і акрамя мяне нехта ўспомніць пра гэты дзень. Думаю, Іван Паўлавіч гэта заслужыў. Лаўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменнік, чалавек, вядомы не толькі ў сваіх Глінішчах, але і далёка за межамі Беларусі.

Вядома, што сам Машэраў неаднаразова сустракаўся з Мележам, нават прылятаў у госці на яго малую радзіму. Вось што пра гэта расказала Вера Савельеўна:

—Іван Паўлавіч быў добра знаёмы з Пятром Міронавічам. Ён хварэў, і хварэў вельмі цяжка, таму і рана памёр. Машэраў ведаў пра яго хваробу. Ведаў, што Івану Паўлавічу цяжка бывае іншы раз, і, каб яго падтрымаць, ён часам гаварыў так: ”Іван, давай на радзіму махнём”. І тады яны ў верталёт – і ў родную вёску Мележа, Глінішчы. Прыляталі, і на полі паміж калгасам і школай сядаў верталёт. Іван Мележ з верталёта ішоў у школу, якая, дарэчы, носіць зараз яго імя (імем пісьменніка названы таксама вуліцы ў Глінішчах і Хойніках), а Пётр Міронавіч ішоў у калгас. І ў тыя часы ў Глінішчах была такая ці то пагаворка, ці то звычай – калі над Глінішчамі ляціць верталёт, то чарговы старшыня калгасу ўцякае ў лес. Так гэта было ці не так, але так гаварылі…

На могілках у Глінішчах пахаваны маці і бацька Івана Паўлавіча, тут жа пахавана яго сястра. З-за хваробы ён не змог прысутнічаць на пахаванні.

А ці былі калі незвычайныя сітуацыі?

—Незвычайныя? – пачынае прыпамінаць мая суразмоўца. – Давялося мне аднойчы пайсці з Іванам Паўлавічам на спектакаль “Людзі на балоце”, які ставілі ў Купалаўскім тэатры. Я тады была яшчэ студэнткай. Дык вось, Іван Паўлавіч прынёс кветкі, мы сядзелі побач. Закончыўся спектакль. Я думала ён сам іх панясе артыстам, а ён раптам аддае букет мне і кажа: “На, занясі, аддай Ганне”. І я панесла на сцэну, уручыла той цудоўны букет. Апладзіравалі, відаць, артыстцы, але і мне крышку тых апладысментаў папала (Вера Савельеўна смяецца). Гэта мне спадабалася і добра запомнілася. Да гэтага часу ў мяне перад вачыма той момант.

—Вера Савельеўна, можа Вы раскажаце, як ставіўся да беларусаў Іван Паўлавіч?

—Ой, тут не трэба нічога гаварыць, ён іх любіў – за прастату і шчырасць, за дапытлівасць і цікаўнасць… Асабліва свае Глінішчы, Алексічы, Курані –  гэта галоўнае, што было для яго. Ён аддаў ім усё сваё сэрца, усю сваю душу. Мне здаецца, ніхто так не любіў тутэйшы люд, як любіў яго Іван Паўлавіч. А вось у яго хапала нядобразычліўцаў. Гэта выявілася асабліва тады, калі вылучылі яго на Ленінскую прэмію. Але гэта не майго ўзроўню тэма, і Мележ застаўся Мележам. Ну а іх хай Бог прабачае за тое, што яны думалі, рабілі і гаварылі.

—Як праходзіла Ваша дзяцінства і маладосць? Што вы ведаеце пра маладосць бацькоў і дзяцькі?

—У мяне было шчаслівае дзяцінства, я ніякага гора не ведала. Заўсёды была, як вясковае дзіцё, якога ўсе звычайна песцілі і цанілі. Асабліва было прыемна, калі Іван Паўлавіч прыязджаў і спыняўся каля нас. Збіралася ўся вёска каля нашай хаты. І з усімі вітаўся, з усімі быў ветлівы, і гэта мне вельмі запомнілася.

Мой бацька Савелій Дзмітрыевіч Мележ нарадзіўся ў год, калі пачалася Першая сусветная вайна. Яго дзяцінства прыйшлося на паслярэвалюцыйныя гады, а юнацтва – на час калектывізацыі. Так што падзеі рамана “Людзі на балоце” можна лічыць дакладным апісаннем біяграфіі майго бацькі і таго пакалення, да якога ён належаў. Дарэчы, дзед мой Дзмітрый ваяваў у Першую сусветную бамбардзірам у артылерыйскім палку, быў паранены. А ў Другую сусветную ваяваў і мой бацька, і таксама быў паранены, стаў інвалідам другой групы. Ордэн Чырвонай Зоркі за франтавы подзвіг адшукаў яго только праз 25 гадоў пасля Перамогі.

Бацька быў вельмі сціплы. Ніколі пра сябе нічога асабліва не хацеў расказваць. А так усё было цудоўна, і наша сям׳я была цудоўная…

—Вера Савельеўна, мы сустрэліся і размаўляем у Юравічах. Вы што-небудзь ведаеце пра юравіцкія кірмашы, якія апісвае ў сваім творы Іван Мележ?

—Кірмаш быў цудоўны, шкада, што яго цяпер няма. А раней 25 чысла кожнага месяца ў Юравічах быў кірмаш. Наша вёска Алексічы за 20 кіламетраў ад Юравічаў, і мы заўсёды збіраліся да 25-га, шукалі, што можна завезці, каб прадаць, і для сябе штосьці пашукаць. Дарэчы, у рамане “Людзі на балоце”, калі Ганна выходзіць замуж, то сабе абнову яна купіла ў Юравічах на кірмашы.

Мая гутарка з цікавай суразмоўцай праляцела хутка. Так імкліва і ляціць час. Змяняюцца пакаленні, і  як добра, калі ёсць што ўспомніць і кім ганарыцца…

 Сяргей Малашчанка.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.