З праўды робяць урокі, з хлусні – новую хлусню

1641360351_-istoricheskoy-pamyati

Мяне вельмі ўзрадавала, што 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.  Самі паняцці “памяць”, “гісторыя Айчыны” – надзвычай гаваркія і нават святыя для кожнага сумленнага, добрага чалавека. Нездарма ў апошні час у нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. І нават  у наш складаны час, калі ў “дэмакратычнай” Еўропе руйнуюцца помнікі Другой сусветнай вайны, у Беларусі ўзводзяцца новыя помнікі, абеліскі, мемарыялы, рэстаўруюцца старыя помнікі,  вядзецца актыўная пошукавая дзейнасць. Скажу больш: калі ты не цэніш гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, не ведаеш яго каранёў, калі тваё генеалагічнае дрэва расце недзе сярод бур’яну і чартапалоху, то і паняцці “малая радзіма”, “Бацькаўшчына” для цябе нешта другаснае, факультатыўнае… У сэрцах і душах ілжывых патрыётаў ніколі не паселіцца клопаты Айчыны.

Гістарычная памяць – менавіта тая кроўна-жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Мяне заўсёды радуе, калі ў сем’ях вядуцца сямейныя летапісы, з захапленнем і ашчадна сумесна  афармляюцца сямейныя альбомы. Лічу, што абсалютна кожны чалавек як мага больш павінен ведаць  пра мой род, пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. І як горка і балюча, што некаторыя пярэваратні здраджваюць сваёй Радзіме, становяцца яе ворагамі. Як пацукі ўцякаюць з бацькоўскай зямлі на чужыну і пачынаюць там заморскім дзядзькам і цёткам плявузгаць пра тыя мясціны, дзе нарадзіліся, дзе скончылі школу, універсітэт. Як паскудна, што такіх манкуртаў, людзей без роду-племені, перакаці-поле, ілжывых патрыётаў хапае і  сярод моладзі, і сярод старэйшых пакаленняў.  Але ж  нездарма славуты аўтар “Новай зямлі”  Якуб Колас пісаў: “Толькі на ўласных каранях дае дрэва багаты плод”.

У розных кутках Бацькаўшчыны, якая страціла ў вайну кожнага трэцяга, а ў некаторых раёнах кожнага другога  жыхара, створаны  мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы. Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў  Вялікай Айчыннай.  І вельмі добра, што яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі.  З’яўляюцца святымі мясцінамі ушанавання загінулых, вечным напамінам,   які каштоўны мір.

Залы і экспазіцыі, прысвечаныя вайне, адкрыты ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях Беларусі. Бясцэнныя рарытэтываенныя хронікі гарадоў і вёсак, трагедыі  украдзенай маладосці, апавяданні  аб подзвігу салдат і афіцэраў, якія ўносілі  уклад у доўгачаканую Перамогу. Кожны раён Бацькаўшчыны захоўвае памяць пра  тыя страшныя гады.  Вельмі добра, што шматлікія  экспанаты ёсць  і ў музеях школ, каледжаў, універсітэтаў, дзе на працягу дзесяцігоддзяў пасляваенныя пакаленні скрупулёзна  збіралі сведчанні, запісавалі  ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў.

Ужо некалькі разоў я, бываючы ў сталіцы,  наведаў галоўнае сховішча рарытэтаў – першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.  Дарэчы,  гэта яшчэ і адзін з найбуйнейшых збораў планеты, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны. Менавіта яго трэба перш за усё наведаць замежным гасцям сталіцы, якія надзвычай вераць разгорнутай супраць Беларусі прапагандзе.

Гістарычная памяць як падмурак для бацькоўскай хаты, якая дала  надзейную дарогу ў свет, як глеба для нашых духоўных каранёў. Калі ў чалавека ворагі аднімаюць памяць, ён проста становіцца бяздумнай істотай, чалавекам без сэрца… Нават галубы, каты і сабакі вяртаюцца з чужыны ў тыя мясціны, дзе пачыналася іх існаванне на божым свеце. Яны нейкім  закадзіраваным пачуццём памяці знаходзяць дарогу дахаты, да сваіх гаспадароў. Чаму ж мы, людзі, так падчас  вольна і неабдумана ставімся да тых мясцін, якія нас сфарміравалі, выхавалі?!

Я перакананы, што па тым, якая гістарычная памяць ў чалавека, можна меркаваць пра многія яго разумовыя здольнасці, інтэлект, адукаванасць, выхаванасць. Менавіта на сапраўднай памяці і павінна трымацца ўсё наша жыццё. Мінулае для нас павінна быць не проста пустым гукам, а  найважнейшай крыніцай для фарміравання  свядомасці і вызначэння свайго  месца ў грамадстве, у краіне. Губляючы памяць, мы губляем  арыентацыю сярод асяроддзя, народа, нацыі,   і адразу бурацца важныя сацыяльныя сувязі. Нельга забываць, што  актуальнасць  многіх сённяшніх праблем грамадства цесным чынам  звязана   з гістарычным мінулым. Толькі скрупулёзна і сур’ёзна  аналізуючы вопыт мінулых дасягненняў і памылак, мы здольны па-сапраўднаму   ствараць новую гісторыю. Ніколі пры гэтым не забываць спадчыну.  Толькі ведаючы гісторыю развіцця свайго  народа,  беларусы  здольны вызначыць, што будзе карысным для грамадства ў будучыні.

Зразумела, што  сёння  асноўнымі крыніцамі асвятлення гістарычных фактаў сталі СМІ, інтэрнэт, аналітычнаыя праграмы тэлебачання, якіх, на жаль, заўсёды бракуе.   Дрэнна, што ў інтэрнэце побач з сур’ёзнымі аналітычнымі публікацыямі падаюцца скажоная інфармацыя, фэйкі. А тэндэнцыя  да перапісвання гістарычных падзей, асабліва падзей Другой сусветна,  ужо даўно павінна насцярожыць усё чалавецтва. І таму захаванне гістарычнай памяці, праўды – наша галоўная задача.

Успрыманне падзей цяперашняга часу напрамую залежыць ад ведаў і ацэнкі падзей мінулага. Гістарычная памяць – магутны рэгулятар грамадскай свядомасці. І ўтой жа час  напал палітычнай абстаноўкі ў сучасным свеце дазваляе многім  СМІ ацэньваць аспекты вайны няпэўна, абстрактна,  з негатыўнай пункту гледжання,  але зручнага тым ці іншым  палітыкам свету. З тэлевізійных  экранаў, у газетах і часопісах, у інтэрнэце сёння нярэдка прысутнічаюць кардынальна супрацьлеглыя асвятленні адных і тых жа падзей, як сучасных, так  і падзей мінулых гадоў і стагоддзяў.  Нам неабходна перадолець падзенне прэстыжу гісторыі як школьнага і ўніверсітэцкага  прадмета.

Лічу, што вельмі важным  ідэнтыфікатарам нашага  грамадства з’яўляецца памяць пра Вялікую Айчынную.  Заслугі нашых продкаў, якія адстаялі незалежнасць краіны, і памяць сучаснах і  будучых пакаленняў – гэта, канешне ж,  адна гістарычная прастора, пераемнасць паміж дзядамі і бацькамі, бацькамі і сынамі.

На жаль, з кожным годам трагедыя гэтых страшных дзён усё больш аддаляецца, не толькі гістарычна, але і  ў свядомасці.   Хутка мы развітаемся з апошнімі ветэранамі – сведкамі тых жудасных падзей, з “жывой памяццю”.  А   “жывая памяць” — гэта  і ёсць  памяць народа. Кожная беларуская  сям’я ведае пра гэтыя страшныя гады са сведчанняў відавочцаў: апавяданні дзядоў, лісты з фронту, фотаздымкі, ваенныя рэчы і дакументы. Многія сведчанні вайны захоўваюцца не толькі ў музеях, але і ў асабістых архівах.  Сучаснікам  ўжо таго паштальёна, які прыносіў не толькі лісты з перадавой, але і пахаванкі…

Памяць пра вайну – гэта і   апісанне падзей ваенных гадоў у кнігах. Радуе той факт, што цікавасць да ваеннай тэматыкі сёння выяўляецца не толькі да юбілейных дат.  Нават у 21 стагоддзі з’явілася мноства дакументальных і  кінафільмаў, што  распавядаюць пра  тыя 1418 дзён і начэй.

Аднак, на жаль,  разуменне  сучаснага свету пра  Другую сусветную   сёння неадназначнае. І, думаецца, галоўнай прычнай  гэтага   з’яўляецца тая інфармацыйная  вайна,  што актыўна  разгорнута ў СМІ, і  інтэрнэце.  Сёння, не грэбуючы ніякімі маральнымі   нормамі,  даюць слова здраднікам,  тым, хто  прымаў бок фашызму,   ўдзельнічаў у масавым генацыдзе. Фашысцкая свастыка грэе сэрцы новаспечаных нацыстаў.  Спробы  перавярнуць гістарычныя факты  даходзяць да абсурду, калі заслугі Савецкай Арміі прыніжаюцца, а ў СССР адбіраецца Вялікая Перамога.

Зразумела, што гістарычная памяць пра вайну – вялікая духоўная каштоўнасць нашага народа. Сама барацьба за гістарычную праўду заўсёды цяжкая. Аднак мы ўсё роўна павінны адстаяць праўду нашай Гісторыі як  знак удзячнасці за подзвіг нашых дзядоў і бацькоў.

Аўтар многіх твораў пра вайну Васіль Быкаў  сцвярджаў: “Праўда ў гісторыі – функцыя адназначная, з яе робяць урокі. З хлусні  ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні”. Хочацца, каб над гэтымі словамі сур’ёзна задумаліся “стваральнікі” новых міфаў і фэйкаў пра нашу гісторыю…

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.