Жартавалі на «Аўцюках» і здымаліся у «Земляках». Фальклорнаму ансамблю «Бярозаўскія пералівы» – 35

Березовка копия

Фальклор – сапраўдная скарбніца духоўных каштоўнасцей, мастацкі летапіс народа, культурнае багацце нашых продкаў, дзякуючы якому сёння захоўваецца пераемнасць традыцый і сувязь пакаленняў. У ім знайшлі сваё адлюстраванне побыт, вераванні і памкненні, сацыяльныя і эстэтычныя ідэалы, погляды на сусвет. Таму вывучэнне, захаванне і прапаганда народнай спадчыны — адзін з галоўных напрамкаў працы сучасных устаноў культуры.

Вялікая работа па адраджэнню народных святаў і абрадаў, збору і апрацоўцы фальклорнага матэрыялу, нацыянальных мясцовых традыцый праводзіцца ў Бярозаўскім сельскім доме культуры, мастацкі калектыў якога – ансамбль «Бярозаўскія пералівы» – ведаюць многія за межамі нашага раёна і нават вобласці. Бо бярозаўцы – адны з найяскравейшых носьбітаў этнакультурных традыцый. Яны пастаянныя ўдзельнікі раённых і абласных мерапрыемстваў, не раз станавіліся пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, розных творчых конкурсаў і аглядаў.

«Мы ў Століне спявалі

І смяялісь ў Аўцюках,

Выступалі на Украіне

І здымалісь у “Земляках…», – вось так вершаванымі радкамі расказвае, дзе ім давялося пабываць, мастацкі кіраўнік калектыву Паліна Лапацік. Дарэчы, ансамбль «Бярозаўскія пералівы» ў гэтым годзе адзначае сваё 35-годдзе.

Некалькі разоў яго запрашалі ў Мінск для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі этнакультур, на якім нашы землякі яскрава і самабытна прадставілі гледачам народныя абрады Калінкавіцкага раёна.

У адных толькі «Дажынках» народны фальклорны ансамбль «Бярозаўскія пералівы» прымаў удзел больш за пяць разоў. А што казаць пра знакаміты Аўцюкоўскі фестываль гумару? Бярозаўскія артысты на ім даўно атрымалі пастаянную «прапіску», як і на фестывалі «Грай, гармонік» у Ельску.

Калектыў гэты шматгранны, яму заўсёды ёсць, чым здзівіць гледачоў.

З самага заснавання ансамбля, а было гэта ў 1986 годзе, і па сённяшні час яго нязменным мастацкім кіраўніком з’яўляецца Паліна Лапацік.

У 1995 годзе «Бярозаўскім пералівам» было прысвоена ганаровае званне «Народны калектыў», якое яны паспяхова праз кожныя тры гады абараняюць.

Удзельнікі ансамбля актыўна збіраюць мясцовы фальклор, адраджаюць і захоўваюць традыцыйныя святы і абрады. Напрыклад, 7 красавіка на Благавешчанне яны запрашаюць аднавяскоўцаў разам з імі «пагукаць» вясну. Некалькі разоў на розных фестывалях паказвалі аўтэнтычны народны абрад «Вяселле».

Сваю канцэртную дзейнасць «Бярозаўскія пералівы» нярэдка ажыццяўляюць сумесна з дзіцячым фальклорным ансамблем «Пацехі», створаным пры Бярозаўскім СДК. Галоўная ідэя калектыву – перадача ў спадчыну маладому пакаленню песень, танцаў і прыпевак малой радзімы.

Фальклор цяжка ўтрымаць,кажа Паліна Лапацік.Асабліва сярод моладзі. Сёння дзеці не ў той бок паглядаюць. Мы ж стараемся іх зацікавіць, і яны да нас ідуць. Гэта ж наша – спрадвечнае! Як можна ад такого адмовіцца! Беларускія песні – найкаштоўнейшая энцыклапедыя жыцця нашага народа. Іх спявалі ў час каляндарных і сямейных абрадаў, працы і адпачынку, і проста так, як кажуць, для душы. Тым больш, што спакон вякоў у нашых мясцінах былі вельмі цудоўныя музыкі, жыло шмат гарманістаў. Мой дзядуля, дарэчы, іграў на кларнэце.

Паліна Лапацік з дзяцінства ўдзельнічала ў самадзейнасці, а ў восьмым класе самастойна навучылася граць на гармоніку. Пакуль абзавялася ўласным інструментам, пазычала яго то ў аднаго музыкі, то ў другога.

Пасля школы дзяўчына паступіла ў Магілёўскае культурна-асветнае вучылішча, а пасля яго заканчэння паехала на сваё першае рабочае месца – у Агародніцкі сельскі клуб. Там і сустрэла свайго Пятра Лапаціка.

Пётр Уладзіміравіч таксама вельмі творчы чалавек, ва ўсім падтрымлівае сваю таленавітую, няўрымслівую жонку, дапамагае ёй, стварае самабытныя музычныя інструменты для малодшых удзельнікаў калектыву – розныя вяртушкі, бразгалкі, грукалкі, шумелкі.

З 1986 года яны жывуць ў Бярозаўцы. А ў 1987 годзе для жыхароў населенага пункта расчыніў свае дзверы новы сельскі клуб.

— Ох, і людзей тады было! – успамінае Пётр Лапацік. – Да нас у хор прыходзілі спяваць з усіх навакольных вёсак – Чорнаўшчыны, Байца, Вадовіч, Старой Бярозаўкі, Слабады.

Паліна Паўлаўна таксама з цеплынёй успамінае той час і людзей, што спявалі ў ансамблі, як сапраўдных носьбітаў мясцовых народных традыцый: Васіліну Богдан, Еўдакію Багдановіч, Агаф’ю Дырдоль, барабаншчыка Фёдара Камянчука, знакамітае Чорнаўскае трыа ў складзе Ніны Шчэрбін, Марыі Кішан і Евы Шчэрбін, гарманіста Васіля Кісліцкага, Вольгу і Рыгора Бельскіх, Марыю Семікаву са Слабады:

«Вазьму я гармонік, ды ціха зайграю.

З якою павагай я іх успамінаю.

Мелодыя льецца і рытм прыхатлівы.

Цудоўна спявалі, таму і пералівы…»

Шмат гадоў у калектыве выступалі Ніна Цырулік, Лідзія Бельская і Галіна Савянок. Спявалі пэўны час у ансамблі Надзея Шчэрбін, Алена Лешчанка, Юлія Мельнічэнка, Паліна Бельская. Людзі хадзілі на рэпетыцыі сем’ямі.

Сёння ў выкананні народнага ансамбля «Бярозаўскія пералівы», як і раней, гучаць народныя, карагодныя, жартоўныя, вясельныя і эстрадныя песні і, канешне, прыпеўкі, якія Паліна Лапацік складае сама. Нярэдка адразу, з ходу, падчас выступлення. Як гэта было ўлетку на рэспубліканскім фестывалі гумару «Аўцюкі». Журы ледзь ад смеху жываты не надарвалі.

Пасля кожнага фестываля ў Паліны Паўлаўны з’яўляюцца ўсё новыя і новыя гумарыстычныя замалёўкі-уражанні, прыпеўкі і вершы.

Паліна Лапацік сама робіць да песен аранжыроўкі, прыдумляе цікавыя найгрышы, зайгрышы, уступы.

Уже не злічыць шматлікіх дыпломаў і грамат розных узроўняў у скарбонцы ўзнагарод гэтага калектыву. Аб творчых поспехах ансамбля «Бярозаўскія пералівы» сведчаць шматлікія рэпартажы і фотаздымкі не толькі ў раённай газеце, але і ў рэспубліканскіх выданнях. Пазнаёміцца з бярозаўскімі артыстамі прыязджалі журналісты з некалькіх тэлеканалаў, бо ў іх ёсць свой асабісты стыль, які робіць кожнае выступленне ансамбля непаўторным.

На рэпетыцыі і канцэрты па наваколлю калектыў ездзіць таксама самабытна – на коніку. Каня, якога зваць Малыш, клубу калісьці пакінуў у спадчыну стары вясковы музыка. Малыш, як кажа мастацкі кіраўнік, культурны конь. Удзельнічае ва ўсіх вясковых абрадах, ездзіць з канцэртамі, а таксама дапамае клубу вырашаць гаспадарчыя пытанні.

Сёння ў ансамблі «Бярозаўскія пералівы» выступаюць Пётр і Паліна Лапацікі, іх дачка Таццяна Паўчынец, Вячаслаў Шадрын, Мікалай Бельскі, Таццяна Петрушэнка, Ірына Камянчук, Ніна Кісліцкая, Вікторыя Радзько.

Паліна Паўлаўна ўпэўнена, што нягледзячы на сучасныя веянні, камп’ютары, смартфоны і фанаграмы ў спевакоў, народная музыка павінна жыць – тая, што засталася нам ад дзедаў і бацькоў. Яна будзе заўсёды ў цане, бо жывая, сапраўдная, здольная разбудзіць, каго хочаш:

«Бо той, хто спявае, чысцейшы на душу.

І дар у яго божы, сказаць я вам мушу.

І з сэрца яго б’е ключом цеплыня,

І лепей на свеце нічога няма!..»

 

Таццяна КАПІТАН.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.