Вольга Назаранка — старэйшая жыхарка Рудзенькі

IMG_7098

Восень стукае рабінавай веткай ў вакно, каля якога застыла Вольга Назаранка – старэйшая жыхарка Рудзенькі. Пабачыўшы гасцей, імкнецца выйсці насустрач. Рухаецца і размаўляе павольна, бо сілы ўжо не тыя. Затое памяць цудоўная, таму гаворка атрымліваецца цікавая.   

Што б вы ведалі, галубкі мае, як я рада новым людзям, – усміхаецца Вольга Арцёмаўна. – Пахаладала, таму на вуліцы бываю мала, сумую па лецейку. Добра старому, калі цёпла, калі косці можна пагрэць Я летам дочкам шчэ на гародзе памагала, хоць яны і сварыліся: “Сядзі, матка”. Дык як сядзець, калі я не прывыкла?

Нарадзілася бабуля ў 1924 годзе. Была яна старэйшай дачкой Арцёма і Кацярыны Зіновіч. Пасля ішлі два браты і тры сястры.

IMG_7060

– Засталіся мы ўдвох: я і Маруся. Яна жыве ў бацькавай хаце, а я ў той, што ставілі з мужыком, – расказвае Вольга Арцёмаўна. – Не бачымся амаль, бо не здолеем хадзіць адна да адной у госці, але звонімся кожны дзень: “Ты там жывая?” – “Жывая.” – “То і добра, крапіся.” Маруся гадоў на пятнаццаць малодшая за мяне. Яна ўжо тут, у Рудзеньцы свет пабачыла. А я з хутара Галейцы, гэта кілометры за тры адсюль. З хутара нас сагналі мабуць у 35-м, калі калгасы з’явіліся. Хатка ў нас была маленькая, старая, ледзь мы яе сюды перавезлі. Брахаць не буду, дабра мы з тых калгасаў не бачылі, жылі бедна. А тады новая навала – вайна.

Да вайны старэйшыя дзеці Зіновічаў бегалі ў Гарочыцкую школу. Дзяўчаты вучыцца не хацелі, ленаваліся, а вось брат Савелій паспеў скончыць сямігодку.

IMG_7059

– Бацька за папругу схапіўся, калі я заявіла, што не пайду ў пяты клас. Маці супакойвала: “Нашто дзеўцы тая вучоба? Хай дома будзе, работы хопіць”, – успамінае Вольга Арцёмаўна. – Дурны бабскі розум. Брат жа пасля вайны ў людзі выбіўся, рабіў у калгасах касірам, бугалтарам, матцы дапамагаў хату рамантаваць. А я што? У брыгаду бегала.

Вучыцца, дзеткі, трэба. Як унукі, праўнукі звоняць, я ўсім кажу: “Вучыцеся, старайцеся, граматнаму ў жыцці лягчэй. Хітрэц які вакол пальца не абвядзе – не абдурыць  Ды і работы большы выбар, не толькі мазалём гараваць. А навука што, сумка якая? Яе за плячыма не насіць”. Ня слухала я бацьку, а ён разумны быў.

Летам 1941-га Арцёма Савельевіча забралі на фронт. Кацярына Сідараўна пры расставанні плакала, як па нябожчыку, прадчувала, што больш не пабачацца. Сэрца не падманула. Вясной 1944 года прыйшло паведамленне: “Чырвонаармеец Зіновіч прапаў без вестак”. Прапаў і не даведаецца ніколі, як цяжка было жонцы ў вайну ратаваць дзетак, як ў адну ноч снарад разарваўся каля іх хаты (на шчасце, анёл-ахоўнік адвёў бяду ад Зіновічаў), як цягаліся па балотах і хаваліся ад немцаў, як ад голаду грызлі кару дрэў і варылі суп з першай травы.

IMG_7065

– Сёння мы добра жывом, няма на што людзям жаліцца. А яны ўсё недавольныя. Мабуць, Бог і наслаў хваробу новую, каб людзі адумаліся, – уздыхае Вольга Арцёмаўна. – Нам унь як цяжка ў войну было, а мы песні спявалі, усміхаліся, радавацца ўмелі, дапамагалі адно аднаму. Як немцы адступалі, да нас у хату набілася поўна родзічаў. І нас – шэсць душ. А хатка маленькая, тры на тры, гэта пасля мы яе дастроілі. І месціліся неяк, апошнім дзяліліся.

У пераможны 45-ты пайшла Вольга замуж. Пасватаўся знаёмы хлопец Васіль, што быў на два гады старэйшы. Малымі яны часта гулялі разам, як пасталелі – пачалі саромецца дзіцячага сяброўства. Васіль ў вайну партызаніў, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Сваё ўзнагароды і ў Вольгі Арцёмаўны – медалі Мацярынства І і ІІ ступені за нараджэнне і выхаванне шасці дзяцей.

IMG_7068

– Жылі мы з Васілём мірна, ладна, – расказвае бабуля. – Я сварак у сям’і не панімаю, сварацца тыя, каму няма чым заняцца. А мы з ім з раніцы да вечара пры рабоце. Ён рана ўстане, са скацінай мне што паможа і на трактар свой бяжыць: рабіў у меліярацыі, кідалі па ўсяму раёну, бывала, і дадому яго не дажджэшся. А я па двары, па хаце дзень завіхаюся. Вечарам ног не чую, упаду на краваць, а малое плача: хочаш – не хочаш, трэ ўстаць. Так таўклася, пакуль дзеці не падраслі, памагаць не пачалі. Цяпер во яны за мной, як за малой глядзяць. Дзеўкі папераменна жывуць, адну ўжо не астаўляюць. Звалі да сабе, але куды ж я пацягнуся? Матчына магілка тут і мужава. Нельга іх кінуць без дагляду. А хатка пабачце якая ў мяне прасторная, цёплая, красівая – лялька. Калі і паміраць ужо, то толькі тут, у родных сценах.

На жаль, давялося Вольге Арцёмаўне пахаваць не толькі мужа, але і дачку, двух сыноў і двух унукаў. Хавае слёзы бабуля, калі пачынае пра гэта расказваць, а яны, няпрошаныя, бягуць і бягуць. Выцірае ражком хусткі, махае рукамі:

– Хаця не стрыкайце мяне заплаканую на ваш фатапарат. Падумаюць людзі – няшчасная баба. А я шчаслівая, бо дзецям, унукам, праўнукам патрэбная. Праўнукаў у мяне ўжо 25, дась Бог, шчэ будуць. Хто ведае, можа і прапраўнукаў пабачу. Во ўчора думала: хутчэй бы памерці, бо мучуся і дачок мучу. А сёння ў настроі прачнулася, на каляндар глянула – зіма хутка, за ёй вясна. Вясну я люблю, весялей на душы робіцца, калі ўсё расцвітае. Вы не думайце, старому тожа жыць хочацца.

Таццяна ЗУБЕЦ.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.