Тут не крэсы, тут ёсць Беларусь! Развагі ў Дзень народнага адзінства

Сялянская ніва-1926-1927-МИ-1 копия

Памятаю, як на мяжы 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя апынуўся ў Нясвіжы. У палацы былых валадароў мястэчка знаходзіўся тады ведамасны санаторый, у які па пуцёўцы паехаў мой бацька.

Адведаўшы яго, мы з жонкай вырашылі паглядзець касцёл Цела Гасподня, які з’яўляецца пахавальняй князёў Радзівілаў. Як чалавека, што нарадзіўся і вырас у спрадвечна праваслаўных мясцінах, мяне ўразіла небачаная раней архітэктурная веліч.

—І колькі ж яшчэ такіх дзіўных прыгожых мясцін ёсць у нашай Беларусі?! – уголас выказаўся я.

Але раптам мяне паправіў мужчына сярэдняга веку:

—То не ест Біалорусь, то ест Польска, крэсы всходні.

Сялянская ніва-1926-1927-МИ-1 копия

Я ўсё тады зразумеў без перакладу. І ў Нясвіжы, і ў суседнім Клецку я бачыў вуліцы “17 верасня”. Мая жонка, якая нарадзілася і вырасла ў тых мясцінах, растлумачыла, што тут шмат католікаў, у многіх родзічы ў Польшчы, якія наведваюцца сюды ў госці. У савецкія часы – радзей, а з пачаткам перабудовы – вельмі часта.

Тады я ўпершыню зацікавіўся гісторыяй названых мястэчак, якія былі ў валоданні Радзівілаў. І чым больш даведваўся, тым больш пераконваўся, што і Нясвіж, і Клецк – здаўна беларускія гарады. Беларусы ў іх мірна ўжываліся з рускімі, палякамі, яўрэямі (у Клецку і цяпер стаіць архітэктурны помнік – былая сінагога), татарамі…

Беларускія ведамасці-МИ-1 копия

Да пэўнага часу, пакуль у іх узаемаадносіны не ўмяшалася палітыка. Па Рыжскай мірнай дамове гэтыя мястэчкі і землі адышлі да Польшчы. Вось тут і пачаўся прымус і беларусаў, і яўрэяў, і татараў. У дачыненні да карэннага насельніцтва – прымусовая паланізацыя. Забарона беларускіх школ, абмежаванні для паступлення ў ВНУ для іх выпускнікоў. Дзяржаўныя ўстановы, польскія школы, часопісы і газеты, касцёл – усё служыла адзінай мэце. Пра гэта гавораць і лічбы: з 400 беларускіх школ у 1928 годзе засталося толькі 29 беларускіх і 49 польска-беларускіх, у 1934-м – толькі 16, у 1939-м – ніводнай. Адначасова беларускіх настаўнікаў мянялі на польскіх. І ў выніку ў 1939 годзе сярод заходніх беларусаў больш за трэць (35%) былі непісьменнымі.

Так было і ў Нясвіжы, так было і ў Клецку. Так было і ў сотнях іншых гарадах і мястэчках той часткі нашай краіны, якую мы тады называлі “Заходняя Беларусь”, а палякі – “крэсамі ўсходнімі”.

Авадзень+Маланка-МИ-4 копия

Сёння, у век лічбавых тэхналогій, калі ці не кожны чалавек уважае сябе “вялікім знаўцам” і выказвае налева і направа “глыбокія думкі” пра наша жыццё-быццё, робіць паспешлівыя “глабальныя” высновы пра тое, як нам варта было б жыць, мяркуе толькі ў цяперашнім часе. Такія людзі, на жаль, пазбаўлены гістарычнага мыслення, і гэта адзін з самых адмоўных уплываў лічбавых тэхналогій. Між тым гісторыя ўвогуле і гісторыя беларусаў як нацыі пачалася не з такога чалавека і не ім закончыцца.

Пра гэта сведчаць дакументы. Лічбы і факты, прыведзеныя вышэй, узяты не з паталка. Варта падняць тагачасную прэсу Заходняй Беларусі, каб убачыць, як жылі тады беларусы. Дарэчы, і яна жорстка праследавалася. Іх забаранялі і канфіскоўвалі, штрафавалі друкарні, дзе яны друкаваліся. Калі ў 1927 годзе у Заходняй Беларусі легальна выдавалася 27 газет і часопісаў, то ў 1930-м іх стала 12, у 1932-м – толькі 8, а ў 1937-м засталіся толькі тыя, што былі прапольскімі. Звычайнай з’явай у дачыненні да беларускіх сялян былі паліцэйскія карныя аперацыі.

Авадзень+Маланка-МИ-1 копия

І гэта ўсё таксама ёсць на старонках тагачаснага заходне-беларускага друку. Вось некалькі старонак з сатырычнага двутыднёвіка “Авадзень” за 1924-1925 гады. Выданне адкрываецца ілюстраванай гутаркай між палякамі. Адзін пытае: “Чаму гэта беларусаў не прымаюць на службу?”, другі адказвае: “Бо гэтыя “хамы” адзін за трох працуюць, дык ніводзін з нашых не вытрымлівае рэдукцыю”.

Шмат публікацый прысвячалася менавіта закрыццю беларускіх школ, якія адкрыліся яшчэ пры царскай уладзе! Гэта і на старонках згаданага “Авадня”, і на старонках гумарыстычнага выдання “Маланка” за 1928 год.

Часопіс “Беларускі звон” ужо ў 1922 годзе, літаральна праз год пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, пісаў пра тое, як польскія ўлады актыўна пазбаўляюць беларусаў не толькі права голасу на выбарах і права выказвацца ў прэсе, але і права на зямлю, як насаджаюць асадніцтва і прымушаюць адмаўляцца ад роднай мовы.

Шмат увагі фактам бяспраўнага становішча беларусаў надавала на сваіх старонках газета “Беларускія ведамасці”. На старонках выдання часта і многа друкавалі пісьмаў з месц, а таксама змяшчалі навіны з Савецкай Беларусі.

Тыя ж тэмы ўздымалі на сваіх старонках таксама газеты “Жыццё Беларуса”, “Шлях моладзі”, “Сялянская ніва”. Але паступова адна за адной яны знікалі з продажу і падпіскі. Беларусаў пазбаўлялі магчымасці чытаць і ведаць, вучыцца і працаваць. Так працягвалася, пакуль не настала 17 верасня 1939 года…

Чалавек так створаны, яму хочацца пазбавіць сваіх дзяцей ад цяжкасцей, ад непатрэбных выпрабаванняў. Так робім мы, так было і з намі з боку нашых бацькоў. І вось раптам настаў час, што цяперашняе пакаленне беларусаў, мала дасведчанае ў мінулым, ніколькі не задумваецца над тым, як было раней. У якіх умовах жылі нашы дзяды і прадзеды, чым займаліся і пра што марылі…

Мы і сёння бываем у Нясвіжы і Клецку. За чвэрць стагоддзя незалежнай Беларусі яны непазнавальна змяніліся. У палацы Радзівілаў даўно ўжо няма ведамаснага санаторыя, цяпер тут непаўторна прыгожы Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік, які штогод наведваюць тысячы людзей з Беларусі і замежжа. І стаў ён такім дзякуючы беларусам – працавітым, разумным, прыгожым. А кожны новы дзень нашага жыцця пераканальна сведчыць пра тое, што тут зусім не крэсы, тут – Беларусь!

Аляксандр Века.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.