Сцяжынкі жыцця Клаўдзіі Абібак

IMG_2490

Кніга пад назвай «Жыцця майго сцяжынкі» пабачыла свет у вельмі сімвалічны час – напярэдадні новага дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства, якое наша краіна адзначала 17 верасня. А напісала яе наша зямлячка – ветэран педагагічнай працы раёна, актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця, стваральніца і галоўная артыстка ансамбля «Чапурушкі», які ведае добрая палова нашага раёна, Клаўдзія Абібак.

У сваім зборніку нарысаў Клаўдзія Андрэеўна шчыра і праўдзіва апісвае цікавыя эпізоды свайго дзяцінства, што прайшло ў вёсцы Сырод, радню і аднавяскоўцаў, уводзіць чытача ў непаўторны свет сваіх захапленняў, дзеліцца з ім самым патаемным. Ды так, што кранае струны душы.

Прэзентацыя кнігі таленавітай, няўрымслівай аўтаркі адбылася ў сераду ў літаратурнай гасцёўні Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Падтрымаць літаратурны дэбют Клаўдзіі Абібак, выказаць ёй словы захаплення, даведацца больш і пра аўтара, і пра саму кнігу, на прэзентацыю прыйшлі родныя і блізкія Клаўдзіі Андрэеўны, яе сябры і землякі, былыя калегі, члены раённага паэтычнага клуба «Бумеранг», прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, супрацоўнікі і чытачы бібліятэкі.

IMG_2481

Трэба адзначыць, што гэтая прэзентацыя адрознівалася ад папярэдніх, настолькі шчырай і душэўнай яна атрымалася. Усмешкі на тварах людзей змяняліся настальгіяй, а былі хвіліны, калі на вачах удзельнікаў нават выступалі слёзы. Бо ўсё, пра што расказвае наша зямлячка, такое роднае і знаёмае кожнаму, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы.

«У гэтых нарысах кожны пазнаў сябе. Сваіх землякоў, сваю вёску, сваё дзяцінства. А гэтыя ўспаміны для чалавека самыя каштоўныя, – казалі потым удзельнікі прэзентацыі. – У кнізе шмат гумару, і адначасова болю, народнай мудрасці. Чытаць яе – адно задавальненне. «Жыцця майго сцяжынкі» – каштоўная спадчына для нашых нашчадкаў».

Над кнігай Клаўдзія Андрэеўна працавала пяць гадоў. Так супала, што ў яе атрымалася надрукаваць яе менавіта ў гэты знакавы для краіны год. А яшчэ, як кажа аўтар, улетку яе малая радзіма – вёска Сырод – адлічыла 160 гадоў з дня заснавання. І гэта таксама вельмі сімвалічна – атрымаўся шыкоўны падарунак землякам.

Я спрабавала, наколькі гэта магчыма, раскрыць чароўныя праявы нацыянальнага жыцця землякоў-беларусаў, спрадвечнае і сучаснае, лёс і волю, каханне і здраду, радасць і гора, прыроду і светапогляд, працу і паводзіны, сэнс жыцця і вартасць учынкаў, – растлумачыла Клаўдзія Андрэеўна. – Я не прытрымлівалася якісьці строгіх літаратурных норм і правіл, інакш гэта будзе ўжо не мова маіх землякоў. З дзяцінства маім любімым літаратурным творам з’яўляецца паэма Якуба Коласа «Новая зямля». Шмат яе старонак я ведаю напамяць, таму многія радкі з яе выкарыстоўваю ў якасці эпіграфаў да сваіх нарысаў.

Няхай гэта кніга стане трывалым звяном у бясконцым і непарыўным ланцужку пакаленняў і застанецца як памяць для нашых нашчадкаў, якія павінны ведаць, як жылі і працавалі, любілі і кахалі, адыходзілі ў іншы свет іх папярэднікі.

IMG_2486

Упэўнена, кніга будзе вельмі цікавай не толькі для аднавяскоўцаў Клаўдзіі Андрэеўны, але і для любога іншага чытача. У зборніку «Жыцця майго сцяжынкі» шмат цікавых фактаў з гісторыі вёскі, нарысы пра знакамітых яе выхадцаў, дружныя шматдзетныя сем’і, якія аўтар вобразна называе «соллю зямлі», лепшых працаўнікоў калгаса імя Жданава. Шмат там і біяграфічных звестак пра саму Клаўдзію Андрэеўну, дзяцінства якой выпала на цяжкія пасляваенныя гады. Вельмі цікава, змястоўна, дзе з народным гумарам і жартамі, дзе з боллю і крыўдай, яна ўспамінае асноўныя эпізоды свайго дзяцінства і юнацтва.

Шмат месца ў кнізе Клаўдзія Абібак адвяла ўспамінам пра маці Паліну Даманаўну Пугачову, сясцёр, якіх у яе чатыры, іх родную хату.

У нарысах можна прачытаць пра будні і святы сыродцаў, народныя абрады і традыцыі. І ўсё рассказана так проста, душэўна і шчыра, што сапраўды, многія ў думках абавязкова вернуцца ў гады свайго дзяцінства.

А яшчэ ў кніжцы багата цікавых ілюстрацый – архіўных здымкаў і фатаграфій з сямейнага альбома Клаўдзіі Андрэеўны, а таксама вершаў, як самой аўтаркі, так і яе сяброў па пяру.

Лічу, што кніга «Жыцця майго сцяжынкі» заслугоўвае ўвагі, з’яўляецца абавязковай для чытання і рэкамендую яе вам, паважаныя чытачы. Упэўнена, яна вам спадабаецца!

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.