РУДНІЦА

снимок 004

Перачакаўшы зіму, мы вырашылі працягнуць вандроўкі па малых паселішчах нашага раёна. На гэты раз накіраваліся ў невялічкую вёсачку Рудніца, што знаходзіцца на тэрыторыі Гарочыцкага сельсавета за 15 кіламетраў на паўночны ўсход ад Калінкавіч.

снимок 005

З надвор’ем пашанцавала: з самай раніцы зіхацела ласкавае сонейка, спявалі птушкі – і ўсё, здавалася, спрыяла першай у гэтым годзе вясновай вандроўцы. Па звестках сельвыканкама, у Рудніцы на сёння прапісаны 12 чалавек, але фактычна пражывае яшчэ менш. Згодна пісьмовых крыніц, Рудніца была заснавана ў пачатку XX стагоддзя перасяленцамі з суседніх вёсак. А яшчэ раней, напрыканцы 19 стагоддзя, на гэтым месцы ва ўрочышчы Акоп быў фальварак Міхайлава (Рудня).

У 1931 годзе жыхары Рудніцы ўступілі ў калгас. Дзейнічала пачатковая школа, у 1935 годдзе ў ёй навучалася 82 вучні. У 1940 годзе ў вёсцы пражывалі 125 чалавек.

У час Вялікай Айчыннай вайны, у снежні 1943 года, акупанты цалкам спалілі вёску і забілі двух яе жыхароў.

Даярка-ударніца

А да вайны наша вёска была, як цацка: усе хаткі новыя, распаўсюджвалі пах свежараспілаванага дрэва, — пачала свой аповед пенсіянерка Яўгенія Кавалёва. – Я гасцей і не чакала. Выйшла курэй паганяць, бо ўсё шчаўе павыграбаюць. Яно ж толькі ўзыйшло… Чаго стаіце, хадземце ж у хату…

Я ў нашай сям’і была самай малодшай. Калі ў Рудніцу прыйшоў вораг, мне было толькі шэсць гадкоў. Бацька ваяваў на фронце. Прыйшоў не толькі з узнагародамі, але і з некалькімі раненнямі. Мабыць, таму так рана і памёр. Маці адна мучылася, гадавала нас – пяць дзевак, — цяжка ўздыхае Яўгенія Дарафееўна. – Але ж мы на вайне спыніліся… У 1943 годзе немцы спалілі нашу вёску. Мы і так амаль увесь час жылі ў лесе, а тут такое гора… Па нейкай шчаслівай выпадковасці ва ўсёй Рудніцы ўцалелі толькі дзве хаты, у тым ліку і наша. Згарэў толькі ганак. Пасля таго, як немцы адступілі, у нашай хаце людзей было, што кансерваў у бляшанцы. З лесу папрыходзілі жанчыны з дзецьмі. Так і жылі вялікай дружнай сям’ёй, пакуль не прыйшоў з вайны бацька.

Пасля яго смерці маці працавала ў брыгадзе, адна цягнула ўсю гаспадарку. Жанчыны па шэсць чалавек упрагаліся ў плуг замест коней, аралі поле. Жалі сярпамі ўручную. І мы з малых гадоў далучаліся да працы, ніхто не гультайнічаў. Не да класаў у школе было…

Як расказала Яўгенія Кавалёва, давялося ёй папрацаваць і ў брыгадзе, і даяркай, і цялятніцай. Амаль сорак гадоў даіла калгасных кароў.

— Цяпер добра: машынамі дояць. А тады – паспрабуй, падаі сямнаццаць кароў, а перад гэтым ім бакі чысценька вымый, ды корм раскідай…

У роднай вёсцы яна сустрэла і сваю другую палавінку. Уладзімір Кавалёў працаваў тут паштальёнам, насіў пошту з Гарочыч у Рудзеньку, Рудніцу і Перадзельнае пешшу.

— Не дзіва, што памёр з хворымі нагамі, адхадзіў мой дзед сваё, — куточкам хусткі абцірае жанчына мокрыя вочы. – Год ужо мінуў, як яго няма. Ужо год па дзеду галашу. Добры вельмі быў…

Разам з Уладзімірам Аляксеевічам жанчына нарадзіла і вырасціла трох дачок. Дзве з іх жывуць у Ленінградзе. А Ірына – у Даманавічах.

Дачакалася Яўгенія Дарафееўна чатырох унукаў і аднаго праўнучка. Праўда, маленькага Ваньку яшчэ ні разу не бачыла, бо жыве той у далёкай Расіі.

Нягледзячы на свае амаль 80 гадоў, Яўгенія Кавалёва яшчэ завіхаецца па гаспадарцы: садзіць невялікія градкі з цыбуляй, морквай, агуркамі. Вось ужо і расада памідораў зелянее на падаконніку.

 —  Трэба ж чымсьці забаўляцца, — адказвае на гэта жанчына.

На гэтым мы з ёю і развіталіся. Але не паспелі сесці ў машыну, каб ехаць да наступнай хаты, як Яўгенія Кавалёва выйшла ўслед за намі.

— Пачакайце, я ж вам не ўсё пра вайну расказала. У нас жа тут непадалёку два партызаны пахаваны. Я ў гэтым упэўнена, бо была з жанчынамі, якія іх хавалі. Ніколі не забуду: у аднаго партызана было на руках па шэсць пальцаў. Мы так здзівіліся. Адразу і вачам сваім не паверылі, пакуль не пералічылі. “Не кідаць жа іх тут”, — вырашылі жанчыны, выкапалі неглыбокія ямкі, посцілкамі накрылі і закапалі тых партызанаў. Так і ляжаць яны нікому не патрэбныя, а маці іх колькі слёз, напэўна, выплакалі, не ведаючы, дзе загінулі іх сыны.

А немцаў у мінулым годдзе ўсіх павыкопвалі. Прыехалі нейкія на “бусіку”, капалі недалёка ад маёй хаты, усе косткі сабралі ў мяшок і паехалі. А партызаны так і ляжаць…

Васіля Шчэрбіна, былога саўгаснага цесляра, дома мы не засталі. Стукалі-стукалі – ніхто так і не адчыніў.

Былы ветэрынар

А вось, Рыгор Зіновіч, наадварот, адразу адчыніў дзверы незнаёмцам. Ён толькі-толькі вярнуўся з Светлагорска, дзе правёў зіму ў сына з нявесткай.

— Ледзь дачакаўся вясны, каб вылезці з той “шпакоўні”, — кажа Рыгор Трафімавіч. – Не магу я сядзець на пятым паверсе, бы той шпак. Я хоць ужо амаль і не бачу, але змагу і адзін тут пражыць. Сцежку ногі мае ведаюць, па двары можна пахадзіць, на вуліцу выйсці.

Рыгор Зіновіч тут нарадзіўся, тут хоча і дажыць свой век.

Хлапчуком у гады вайны ён пабываў у двух нямецкіх лагерах: спачатку тыдзень у Азарычах, а потым разам з другой моладдзю яго перавезлі ў Церабаўку пад Мінск.

— Калі Мінск вызвалілі, салдаты нас давялі да рэчкі. Драўляны мост быў разбураны, і танкі перапраўляліся па пантонах. Як танк пройдзе, мы ўслед за ім партыямі па дзесяць чалавек перабягалі.

На машынах нас давезлі да Бабруйска. Адтуль я даехаў да Гарочыч. А куды далей ісці, не ведаю: я ж ніколі далей сваёй Рудніцы не заходзіў. Добра, што там дзядзька знаёмы быў, Чайкоўскі яго прозвішча. Яго сын быў у лагеры разам са мной. Ён і прывёў мяне дадому…

Дома была маці. Старэйшыя брат і сястра ўжо вярнуліся з Германіі, куды немцы іх забралі ў самым пачатку вайны.

Дарэчы, у нашай сям’і было восем дзяцей. І маці ўсіх гадавала адна. Бацька кінуў яе яшчэ ў вайну. На фронт ён не хадзіў: быў “белабілетнікам”. Знайшоў сабе маладую жонку і жыў з ёю на суседняй вуліцы…

Пасля вайны Рыгору Зіновічу было не да навукі: пасвіў коней і кароў, зімой працаваў даглядчыкам.

Вечарамі вучыўся ў вячэрняй школе. Затым вывучыўся на тэхніка-асемянатара ў Калінкавічах. Потым скончыў яшчэ і Рэчыцкі тэхнікум. Больш дваццаці гадоў адпрацаваў ветэрынарам у Галявіцкім саўгасе.

— Лячыў усіх жывёл: ад курэй да коней, — расказвае Рыгор Трафімавіч.

Разам з жонкай Ганнай Ціханаўнай, якая працавала цялятніцай на мясцовай ферме, Рыгор Зіновіч выгадаваў трох сыноў. Усе яны жывуць у Светлагорску. Дачакаўся і ўнукаў з праўнукамі.

Ужо дваццаць год, як у былога ветэрынара пачаліся праблемы са зрокам. Ён – інвалід першай групы.

— Я сам сябе ў люстэрка не бачу, — яшчэ спрабуе ён жартаваць. – Але ж кеўляю паціху. Што дапамагае даглядчыца, што сам раблю. Есці сабе сам вару. Часам, і абярну, усякае бывае…

Гаспадар з гаспадынькай

Адзіная на ўсю вёску сямейная пара – Рыгор і Вольга Процкі. Гэта сапраўдныя гаспадар з гаспадынькай: і сёння яны трымаюць коніка Орліка, курэй, са-дзяць агарод і цяплічку. На падворку – чысціня і парадак, нават самаробныя малыя формы ўпрыгожваюць клумбу насупраць хаты.

Яны таксама дзеці вайны. Вольга была ў сваёй сям’і самая меншая, пятая па ліку. Двое дзяцей памерлі яшчэ да вайны. У сям’і Рыгора Сцяпанавіча дзяцей было навогул дзевяць. Пасля вайны засталося сем.

Іх бацькі не прыйшлі з вайны, злажылі свае галовы ў бітве з ворагам. Вольга Яфімаўна ведае, што яе бацька Яфім Табулін загінуў у Архангельску. Брат нават ездзіў на брацкую магілу, дзе пахаваны бацька.

Дом, дзе жыла Вольга Табуліна ў дзявоцтве, быў адным з тых, што ўцалелі ў пажары. У ім не хапала толькі адной сцяны: яе немцы вырвалі танкам.

— Пакуль немцы былі ў вёсцы, мы, як і іншыя, хаваліся ў лесе. З намі была і наша кароўка. Усе суседзі сваіх кароў даўно парэзалі. А мая маці – ні ў якую. Казала, что не зможа з’есці і кавалка мяса з нашай каровы.

А праз некалькі дзён і вайна скончылася. Мы вярнуліся дадому і карову прывялі. У нас было малако. У нашай хаце жылі яшчэ дзве сям’і. Спаць прыходзілася на падлозе, але ж у нас быў дах над галавой, — расказала жанчына.

З Рыгорам Сцяпанавічам яны жылі на адной вуліцы. Ён яшчэ халасцяком збудаваў хату, на коміне якой і сёння добра бачныя лічбы – 1955, што азначаюць год пастройкі. Праз два гады Рыгор Процка прывёў туды самую прыгожую і лепшую, на яго погляд, гаспадыню – семнаццацігадовую Вольгу Табуліну.

Усё, што ёсць на падворку, зроблена ўмелымі рукамі гэтага дбайнага гаспадара. Ён нават калодзеж сам выкапаў. Ды і сёння Рыгор Процка не сядзіць склаўшы рукі. Хутка вакол падворка вырасце новы плот.

Больш за 30 гадоў Рыгор Сцяпанавіч адпрацаваў на трактары, апошні час перад выхадам на пенсію рабіў на пеньказаводзе. Яго жонка была цялятніцай. Да таго самага няшчаснага выпадку, калі на яе ад наваліўшага за ноч на дах снегу не абваліўся хлеў. Добра, што жывая засталася.

У супругаў Процка два сыны і дачка. Старэйшы сын ужо 25 гадоў жыве ў Цюменскай вобласці, дачка працуе паспартысткай у Бабруйску. А Генадзь жыве ў Зеляночах, ён — прараб у мясцовай гаспадарцы.

Гэтая сямейная пара багатая на ўнукаў і праўнукаў. І тых, і тых у іх ужо па шэсць.

Браты Рубанікі

Пазнаёміліся мы і з братамі Рубанікамі. Жывуць яны не разам. Кожны ў сваёй хаце. Абодва – удаўцы.

Мінуў толькі год, як страціў сваю гаспадыню малодшы з іх – Павел Фадзеевіч. Ён так і не аправіўся ад гэтай страты. Настрою, кажа, няма, рукі апускаюцца. З гаспадаркі трымае толькі курэй.

На прапанову расказаць што-небудзь цікавае, толькі ўздыхае:

— А што казаць?

— Напрыклад, чаму вёска так называецца? – спрабую наладзіць гутарку.

— А хто ж яе ведае? Рудніца — і Рудніца. Заўсёды так звалася. Але яна была раней зусім не такая, як сёння. Думаеце, чаму я амаль у лесе жыву, у апошняй хаце? Бо калі пасля вайны пачалі адбудоўваць вёску нанова, участкаў не хапала: столькі людзей тут жыло. У пяцідзесятых тут больш за паўтары сотні жыхароў было. А калі калгаснікі ехалі ў Зеляночы на балота сена касіць, у машыну не ўмяшчаліся.

Працаваць мой субяседнік пайшоў рана, нават ніводнага класа не скончыў. Іх бацька загінуў на фронце. Ён быў кулямётчыкам і быў застрэлены нямецкім снайперам у Чарнігаве. Таму братам Рубанікам было не да навукі. Хлопцы пасвілі калгасную скаціну. А калі падраслі, паспрабавалі сябе ў розных прафесіях. Працавалі і плотнікамі і мулярамі.

Васіль Рубанік, на тры гады старэйшы за брата. Сорак гадоў адпрацаваў лесніком у Зеляноцкім лясніцтве. Апошнія дваццаць з ім разам працаваў і Павел Фадзеевіч. У лясніцтве на пасадках і праполцы маладзенькага лесу завіхаліся іх жонкі.

У малодшага брата нарадзілася трое дзяцей. У старэйшага – чацвёра. Так здарылася, что ў кожнага з братоў трагічна загінулі па сыну.

Ёсць унукі і праўнукі.

Нягледзячы на 79-гадовы ўзрост, Павел Рубанік трымае яшчэ невялічкую гаспадарку: чатырох курак. Са старой бярозы ў бляшанае вядзерца паціху капае празрысты сок…

А мы накіраваліся праведаць яго старэйшага брата, які нас навогул вельмі дзівіў. Чым вы думаеце ён займаўся, калі мы завіталі на яго падворак? Рубаў дровы! Малайчына, адным словам.

Цікавімся наконт гаспадаркі. Усміхнуўшыся, Васіль Фадзеевіч адказаў:

— Былі ў мяне раней і конь, і карова. Зараз жа мая гаспадарка крыху памяльчэла – адна курка…
Ён яшчэ і жартуе!

Сапраўдная майстрыха

Соф’я Пацэйка – адзіная прыезжая ў гэтай вёсцы. А калі лічыць, што прыехала яна сюды яшчэ ў маладосці, калі пайшла замуж за тутэйшага хлопца, то і яе ўжо можна называць карэннай руднічанкай.

Пазнаёмілася яна з Апанасам Пацэйка на заробках у Кемераўскай вобласці, куды па вярбоўцы паехала за грашыма. Да гэтага Соф’я Ва-сільеўна працавала некалькі гадоў на шахтах у Данецкай вобласці. Але, калі на яе вачах здарыўся абвал, пад якім загінуў малады хлопец, яна перадумала быць шахцёркай, і завербавалася на будоўлю ў Кемераўскую вобласць, дзе і сустрэла свайго суджанага.

Але няшчасныя выпадкі нібыта ішлі следам за маладой жанчынай. Яна была ўжо замужам і чакала другое дзіця, калі будаўнічыя лясы не вытрымалі, і ўсе маляры-штукатуры пападалі ўніз. Дзіця зберагла, а сама амаль год праляжала ў бальніцы з пераломам бядра.

Як толькі Соф’я Васільеўна папра-вілася, Апанас Сяргеевіч прывёз яе ў Рудніцу. Тут жанчына і прыжылася. Працавала спачатку ў брыгадзе, потым дваццаць гадоў даіла кароў. Яе муж быў руславым.

Ужо дванаццаць гадоў, як няма Апанаса Пацэйка. А яго ўдава сама ледзь ходзіць. Зламаная ў маладосці нага не дае пра сябе забыць ёй і сёння.

У хаце навокал – вышываныя сурвэткі, навалкі і аздобленыя карункамі посцілкі. На падлозе – вязаныя дыванкі. Відаць, у маладосці Соф’я Пацэйка была добрай гаспадыняй.

Сёння яна аб гэтым можа толькі ўспамінаць ды дзівіцца: хто б тады падумаў, што тыя вышыванкі, над якімі сядзелі начамі, зараз будуць нікому не патрэбны.

Ні дачцэ, што жыве ў Мінску, ні дваім сынам. Настаў другі час. Зараз усё гэта не модна.

Жанчына расказала, что ў яе ёсць шэсць унукаў і тры праўнукі. Старэйшай праўнучцы споўнілася 12 гадоў.

Пявуння і аптымістка

Але вось і апошняя хата. Ля якой стаіць машына. Няўжо таксі?

Так і ёсць. У Таццяны Табулінай госці. Да яе завіталі дачка з зяцям.

Каля таксі горда ходзяць тоўстыя індыкі, якія скарысталіся магчымасцю пакінуць двор праз незачыненую калітку. Абыйшоўшы грозных птушак, мы зайшлі на падворак.

А вось і Таццяна Васільеўна. Завіхаецца каля сваіх козак. Нас сустракае дачка гаспадыні.

— Мы ёй кажам: маці, кідай ты гэтую гаспадарку! Трэба коз пазводзіць і агарод табе ўжо аніякі не патрэбны. Бульбы мы табе прывязем. Сябе глядзі! А яна не слухае, — распавядае малодшая дачка Таццяны Васільеўны Жанна, што прыехала з Мазыра наведаць маці. – Не можа, кажа, без гэтага.

— А як жа! – адказвае жанчына. – Мне, нібыта, заўсёды больш чым усім трэба было. Каровы, куры, індыкі, гусі, свінні. Раней штогод свіней прадавала. Зараз, канешне, разумею, што здароўя няма. А так цяжка ад усяго, што ўсталявалася за гады, адмовіцца…

Таццяна Васільеўна – карэнная жыхарка Рудніцы. Толькі жыла раней на процілеглым баку.

— У гэты бок я за свайго Мішу замуж пайшла, — удакладніла жанчына.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было толькі два гады. Яе бацьку перад самай вайной убіла маланкай прама ў хаце. А потым гэтую самую хату спалілі немцы.

— Матка казала, што жылі мы па суседзях, у сцёбках, — расказала Таццяна Табуліна. – Пасля вайны яна пасвіла цялят, а мы з сястрой авечак. Усе працавалі, наколькі хапала сілы. І, скажу я вам, не галадалі. Старшынёй саўгаса быў чалавек па прозвішчу Бакун. Вельмі добры быў кіраўнік. Дапамагаў усім. Лесу нам даў на хату. Цяліцу прапанаваў выбраць любую, якая падабаецца. Я, хоць была яшчэ малая, але не дурная: узяла самую тоўстую чырвона-бурую, якая вось-вось павінна была ацяліцца.

— А за авечкамі я тады так бегала па расе, што лапці не вытрым-лівалі, рваліся. Хадзіла босая. Мо таму зараз так з нагамі і мучуся. Увесь мёд на коленцы павымазвала. Людзям дапамагае. Мне – не…, — скардзіцца гаспадыня.

За трактарыста Міхаіла Табуліна Таццяна Васільеўна выйшла замуж у 1961 годзе, тады ж перабралася ў гэтую хату. Міхаіл яе яшчэ хлопцам пачаў будаваць.

У іх нарадзілася трое дзяцей.

Калі тыя падраслі, Таццяна Васільеўна ўладкавалася на ферму даяркай. Казала, што ішла на ферму і назад з песнямі, кароў даіла таксама не моўчкі. Вячоркі не прапускала, калядаваць хадзіла. Вось такая была яна вясёлая і лёгкая на пад’ём. Ды і сёння Таццяна Васільеўна не стра-ціла пачуццё гумару і аптымізм. Гэта пацвердзіла і яе дачка Жанна, старэйшая сястра якой Людміла жыве ў Жодзіне і працуе на фабрыцы “Світанак”. Іх брат Валодзя жыве ў Гомелі.

У Таццяны Табулінай ужо ёсць тры ўнучкі і адна праўнучка.

Мы вырашылі не траціць час гэтай гаспадыні: бо ў яе госці. Сфатаграфавалі Таццяну Табуліну з яе козкамі і паехалі.

За акном мільгацелі палі, на якіх пачалася пасяўная, і яшчэ голыя, з набухшымі пупышкамі, а дзе-нідзе ўжо і з праклюнуўшыміся зяленымі лісточкамі, дрэвы…

Таццяна КАПІТАН

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.