Хлеб у далонях жанчыны

гне

Рэспубліканская акцыя пад такой назвай стартавала ў краіне. Яе ініцыятарам выступіў Беларускі саюз жанчын.

Раённая арганізацыя гарамадскага аб’яднання таксама далучылася да добрай справы, каб падзякаваць самых актыўных работніц сельскай гаспадаркі, якія нараўне з мужчынамі-механізатарамі ўносяць свой уклад у агульнараённы і агульнадзяржаўны каравай.

Дзмітрый і Інга Змушка

Дзмітрый і Інга Змушка

Штогод падчас жніва ў складзе адразу некалькіх камбайнерскіх экіпажаў у нашым раёне працуюць жанчыны. Вось і ў бягучым годзе ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць чатыры сямейныя экіпажы. Сярод іх і экіпаж у складзе мужа і жонкі Дзмітрыя і Інгі Змушка з СУП “Дудзічы-агра”. Трэці год запар яны разам працуюць на камбайне – шчыра, адказна, сумленна. Па словах Дзмітрыя, за плячамі якога не адно жніво, яны б даўно набралі запаветную тысячу, каб ураджайнасць збожжа была крыху вышэй. Дарэчы, на ўборцы ў якасці вадзіцеля працуе і яго брат Анатоль, з якім яны некалі таксама працавалі ў пары на камбайне.

А дома Дзмітрыя і Інгу тым часам чакаюць дзеці. Старэйшаму Уладзіславу ужо шаснаццаць, дачушцы Юльцы – дзевяць, а самы малодшы Ягорка толькі збіраецца ў школу.

Падзякаваць сямейную пару Змушка за добрасумленную працу, адданасць роднай зямлі і хлебаробскай справе прама ў поле прыехалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Валянціна Касьянчык, галоўны спецыяліст райсавета дэпутатаў Валянціна Бухтуева, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Курылаў, старшыня Дудзіцкага сельвыканкама Іна Змушка, прадстаўнікі гаспадаркі. З уласнага досведу Валянціна Касьянчык пры гэтым адзначыла, сялянская работа сама па сабе нялёгкая, і многае трымаецца менавіта на жаночых плячах. Якраз жанчыне цяжэй ўдвое, а то і ўтрое, таму што на ёй і хатняя гаспадарка, і дзеці, і клопаты па дому.

Па словах Валянціны Віктараўны, у даўнія часы і жніво было жаночай справай. Вось чаму і акцыя Беларускага саюза жанчын атрымала такую сімвалічную назву – “Хлеб у далонях жанчын”. Некалі сялянкам прыходзілася ад світанку і да заходу сонца, не разгінаючы спіны, збіраць далонню сцяблінкі жыта і зжынаць сярпамі. Цяпер у полі працуюць магутныя камбайны, але ад гэтага праца хлебароба не стала прасцей і лягчэй. Ды і адказнасць на ўдзельніках жніва высокая: збожжа трэба ўбраць своечасова і без страт.

Валянціна Касьянчык уручыла Інзе Змушка падарунак ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і букет прыгожых руж. Пры гэтым адзначыла: нягледзячы ні на што, жанчына заўсёды павінна заставацца жанчынай, прывабнай і дастойнай, быць добрым стымулам для мужчын, якія працуюць побач.

Музычны падарунак для хлебаробаў падрыхтавалі і выканалі ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Калінавы цвет” Дудзіцкага СДК.

Калектыўны фотаздымак на памяць, і вось ужо Дзмітрый і Інга зноў падняліся ў кабіну камбайна. На жніве, кажуць яны, не тое што кожная хвіліна, але кожнае імгненне дорага каштуе. Загудзеў рухавік, прыйшло ў рух матавіла, і магутны камбайн крануўся з месца. Каласкі паслухмяна схіліліся пад нажы і пацяклі ў шнэк, каб напоўніць бункер зернем новага ўраджаю…

 

Аляксандр Века.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.