На “Аўцюках” былі, “рагатуху” пілі, загарэлі да чарнаты і жартавалі, як маглі
Пра тое, што смех працягвае жыццё, у нашай краіне лепш за ўсіх ведаюць жыхары вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі. Жартуюць яны так, што вы жывот надарвеце, а калі яшчэ адведаеце мясцовай “рагатухі”, то і ногі можаце паламаць – яны самі скакаць будуць. А яшчэ аўцюкоўцы вельмі гасцінныя. Так добра некалі сустракалі пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, што яму прыйшла ідэя праводзіць у гэтых мясцінах Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі” і запрашаць на яго лепшых гумарыстаў. Першы фестываль прайшоў у 1995 годзе. А 30-31 ліпеня ён збіраў сяброў у дзясяты раз. Яго ўдзельнікі – гумарысты з усіх абласцей нашай краіны.
“Калі не дадуць першага месца, дадому не паедзем”
Яны змагаліся за званне лепшых у намінацыях “Тэатр мініяцюр”, “Пародыя на папулярных і вядомых людзей “Кропка ў кропку”, “Інструментальны конкурс “Я дрынчу на чым хачу”, “Прыпеўка”, “Анекдот. Байка”.
Удзельніцы ансамбля “Весялуха” Юравіцкага дома культуры Вольга Узянава, Надзея Кавальчук і Анжэла Паташка прыехалі за першым месцам у намінацыі “Кропка ў кропку”. Яны парадзіравалі Генадзя Ветрава з кампазіцыяй “Адырда”. Так увайшлі ў вобраз, што на выступленні нечакана зламалі гітару.
— На шчасце, — смяюцца дзяўчаты. – Нават калі не пераможам, то ў хуткім часе ў нечым іншым пашанцуе. А першае месца абавязкова будзе, хай не сёння, дык заўтра. Нам так спадабалася атмасфера на фестывалі, што будзем ўдзельнічаць і ў наступны раз.
А вось мастацкі кіраўнік народнага тэатру народнага гумару “Спораўскі акалот” Ніна Пашкевіч (Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі раён), адзначае, што“калі не дадуць першага месца, дадому не паедзем”. На “Аўцюках” спораўцы ўжо чатвёрты раз, было ў іх і другое, і трэцяе месца, так што ад юбілейнага фестывалю чакаюць толькі перамогі. Удзельнічаюць у трох намінацыях : “Я дрынчу на чым хачу”, “Тэатр мініяцюр”,“Байка. Анекдот” і конкурсе тэматычных падворкаў.
— Мы вельмі падабныя з аўцюкоўцамі: па жыцці ідзём з гумарам і картоплю садзім уначы, каб жук не бачыў, — расказвае Ніна Іванаўна. — Мы нават спорым часам: аўцюкоўцы кажуць — гэта пра нас анекдот, спораўцы – ні фіга, пра нас. Усе жарты нашы – з жыцця, бо не баімся смяцца над сабой.
З Магілеўскай вобласці на “Аўцюкі” завіталі народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц” і народны тэатр Краснапольскага цэнтра культуры. Дзяўчаты з ансамбля Вольга Саранкова і Вераніка Юркіна назіраюць за выступленнямі канкурсантаў, прыкметна хвалююцца, бо хутка і іх выхад.
— Супернікі дастойныя і гледачы цудоўныя, вельмі цёпла сустракаюць артыстаў, — адзначаюць яны. – Мы ў 2016 годзе ўзялі першае месца ў намінацыі “Прыпеўка”. Спадзяемся, што і ў гэты раз спадабаемся журы.
— А для нас галоўнае не перамога, а магчымасць павесяліцца, пажартаваць, завесці новыя знаёмствы, — гавораць удзельніцы ансамбля неадэкватнай культуры “Весялухі” Яўгенія Леус, Валянціна Берасневіч, Аксана Ганчарык, што прадстаўляюць Мінскую вобласць. – Мы на фестывалі ўпершыню. Вельмі падабаецца, арганізацыя на супер узроўні. Хочам, раз прадставілася магчымасць, падзякаваць кіраўніцтву раёна за такі цёплы прыём і асабіста прызнацца ў любові старшыні СВК “Дружба-Аўцюкі” Сяргею Даўгяле, з якім мы пазнаёміліся ўчора падчас нашага выступлення ў Сыродзе. Інтэлігентны, інтэлектуальны чалавек з класным пачуццём гумару.
“Гумар – лекі ад болю”
Дарэчы, творчыя калектывы-удзельнікі вечарам 30 ліпеня таксама далі канцэрты ў Малых і Вялікіх Аўцюках, Каплічах, Бабровічах, Дудзічах. А ўжо наступнай раніцай песнямі і жартамі аўцюкоўцы сустракалі дарагіх гасцей – старшыню Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя, старшыню Калінкавіцкага райвыканкама Сяргея Гваздзя, намесніка міністра культуры Валерыя Грамаду, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Яўгена Адаменку, пісьменніка і нязменнага старшыню журы фестывалю Уладзіміра Ліпскага. Генадзю Міхайлавічу і Сяргею Аляксандравічу, а таксама міністру культуры Анатолю Маркевічу, старшыні Беларускага фонда культуры Тадэушу Стружэцкаму і старшыні Малааўцюкоўскага сельвыканкама Міхаілу Дулубу было прысвоена званне “Ганаровы аўцюк”. Гэта адбылося падчас ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Х Рэспубліканскага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі-2021”.
Аднак, нешта я забегла наперад і прапусціла некалькі цікавых момантаў: закладку каменя-валуна, у якім захрасла піла, бо аўцюкоўцы, як заўсёды, хацелі “зрабіць незрабляемае”, і праход праз аўцюкоўскую мытню. Яшчэ з вечара прыгадала некалькі анекдотаў. Яны спатрэбіліся, каб улагодзіць строгіх таможнікаў, якія, калі жартаваць ці спяваць не ўмееш, імкнуліся стрэсці грошы. Расказваю:
— Глядзіць муж тэлевізар. Раптам чуе ціхі голас жонкі з іншага пакою: “Не мілы, сёння не магу, давай сустрэнемся заўтра”. Тут жа бяжыць у пакой да жонкі: “Гэта ты па тэлефону размаўляла?” “Не. Гэта я жаночы часопіс чытаю, 50 розных выказванняў. Побач з гэтым, напрыклад, напісана, што муж прыбяжыць, нават калі вельмі заняты. І пабач жа — не схлусілі!”
Таможнікі задаволены, і ў мяне на руцэ пячатка-пропуск на фестываль. Накіроўваюся да галоўнай сцэны, з якой удзельнікаў і гледачоў цёпла вітае Генадзь Салавей.
— Гавораць, ёсць тры праявы Бога на свеце: прырода, любоў і пачуцце гумару. Прырода дапамагае жыць, каханне – выжываць, а пачуцце гумару – перажыць. Жартуйце лёгка, па-добраму, з любоўю, бо гумар, па сутнасці, лекі ад болю. Калі чалавек умее жартаваць, то ўсё яго жыццё становіцца прасцей і лепш, — сказаў губернатар, пажадаўшы ўсім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Вядучыя свята – Каласок і Калінка – назвалі гваздзём праграмы кіраўніка раёна Сяргея Гваздзя. Ён ў сваю чаргу падзякаваў Міністэрству культуры і кіраўніцтву вобласці за падтрымку фестывалю, дапамогу ў яго правядзенні, Уладзіміру Ліпскаму – за ініцыятыву, удзельнікам – за прапаганду і развіццё народнага гумарыстычнага жанру.
А ты прышчапіўся “рагатухай”?
Пасля афіцыйнай часткі пачалося “швэнданне” па тэматычных падворках. І ўжо на першым, “Забродцы”, які прадстаўлялі Малааўцюкоўскі, Вялікааўцюкоўскі і Сыродскі сельсаветы, гасцям прапанавалі прышчэпку ад каранавіруса “Кукіш вам” . Праўда, магчыма пабочнае дзеянне: рогат да парасячага візгу. Усе, канешне, зразумелі, што ў якасці прышчэпкі – халодненькая саракаградусная “рагатуха”. Тым, хто прышчапіўся, выдавалі адпаведнае пасведчанне.
Гаспадары падворка “Хутаране”, Капліцкі і Шыіцкі сельсаветы, прапанавалі навучыцца даіць карову і ўкручваць лямпачку па-аўцюкоўскі. Тут жа можна было адпачываць на “сэксадроме”.
А на выставе “Што маем – на тым і граем” (Савіцкі і Азарыцкі сельсаветы, падворак “Запольцы”) праводзілі касцінг народных талентаў і прэзентавалі новы музычны інструмент – аўцюкоўскі арган з розных бутэлек.
І так на ўсіх падворках – смех, жарты, песні, беларускія прысмакі і “рагатуха” з квасам, які таксама ішоў на “ўра”, бо спякота стаяла невыносная. Упэўнена: падчас фестывалю многія набылі загар, не горшы чым у Турцыі. Падворкаў было дзесяць: восем прадстаўлялі Калінкавіцкі раён, два другіх – Брэсцкую і Гродзенскую вобласці. Акрамя “рагатухі” абавязковая для пробы – аўцюкоўская потраўка (юшка з грыбоў і мяса).
Далей – выставы стылізаванай аўтамотатэхнікі “Аўцюкоўскія драндулеты” і фатаграфій “Аўцюкоўская фотасушка” раённай газеты “Калінкавіцкія навіны”, сельскагаспадарчая латарэя “Злаві поспех” , фотавыстава графікі “Сапраўдныя каштоўнасці”, “футбол па-аўцюкоўскі”, дзе спрачаліся паміж сабой Каласкі і Калінкі, варажба ад цыганкі Азы, танцы ад Веркі Сярдзючкі, канцэрт артысткі арыгінальнага жанру Зінаіды Фурор, дыскатэка, феерверк і шмат-шмат яскравага, смешнага і цікавага. Усяго не перакажаш. Трэба было прыязджаць на фестываль і весяліцца, смяяцца на славу разам з аўцюкоўцамі, якія ўпэўнены: “Пакуль будзем смяяцца – будзе хацецца жыць”.
Таццяна ЗУБЕЦ.
Жарты ад Уладзіміра Ліпскага:
Калі ў хаце няма сала і малака, то няма і прымака.
Аўцюк кажа: “На гарэлцы ажаніўся”.
Сцэна паміж суседкамі ў Аўцюках.
— Манька, мая кура ў тваім гародзе яйка знесла.
— От, Волька, ты гуляшчая, і кура ў цябе гуляшчая.
Як аўцюк карову доіць, калі жонкі няма? Запрашае да сябе пяць суседзяў, ён трымаецца за саскі, а суседзі-мужыкі падымаюць зад каровы і апускаюць. І вельмі многа малака надойваюць.
Жарты ад аўцюкоўца дзядзькі Сашы, які не захацеў рабіць са мной сэлфі “бо крыху з рання прыняў, дык жонка тады прыб’е, што ў газету п’яны палез”. Перадаю прывітанне, як і абяцала.
— Сёння помнік у нас новы паставілі (мае на ўвазе камень з пілой, які быў закладзены ў гонар правядзення юбілейнага фестывалю). Дык то ж помнік мне і маёй бабе: яна піліць мяне і піліць, а я ніяк не паддаюся.
— Прыйшоў аўцюк да доктара: “Куды пальцам не ткну – усё баліць”. “Каласок, дык ў цябе ж палец зламаны”.
— Ведаеш, чаму аўцюкоўцы не соляць гуркі? У бочцы няма чым дыхаць, а ў слоік галава не лезе.
Каласок Калінцы:
— Палажы мне у чай восем ложак цукару. Толькі не размешвай, я салодкага не люблю.
Жарты ад ўдзельнікаў фестывалю:
— Бабы, пайшоў мой мужык кошку тапіць. Кошка даўно прыйшла, мужыка няма…
Мужык даслаў кветкі ў Аднакласніках. Дзякуй мілы, лаві вячэру.
Што такое хобі? Во калі ты на рабоце буракі палола, то гэта работа, а калі дома — то хобі.
— Намякала мужыку пра падарунак на дзень нараджэнне: ножкай лёгенька націскаеш, а там ужо сто. І што вы сабе думаеце? Шалі, дурань, падарыў.
— Ты бачыла, Ганна, што твой мужык з нейкай рыжай кошкай хадзіў?
— А што яму, як твой, хадзіць з курыцай аблезлай?
Фестываль у лічбах ад Тадэуша Стружэцкага:
Прайшло 8 350 дзён з часу прыняцця рашэння аб правядзенні першага фестывалю народнага гумару. У “Аўцюках” прынялі ўздел звыш 150 творчых калектываў і каля 3500 ўдзельнікаў, творчыя дэлегацыі з Расіі, Украіны, Літвы, Балгарыі. Гасцямі фестывалю сталі каля 30 вядомых пісьменнікаў і паэтаў-гумарыстаў, 3 народныя і 5 заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь. Было расказана звыш 1000 анекдотаў.
З невялічкага інтэрв’ю Уладзіміра Ліпскага:
— Аўцюкі адбыліся. Іх ведаюць не толькі ў Калінкавіцкім раёне, на Палессі. Яны ўжо вядомы ў Мінску. І сёння задача ўсіх – кіраўніцтва раёна, пісьменнікаў, журналістаў, кіношнікаў, тэлэбачання, усіх творчых людзей – надаць крылы аўцюкоўскаму фестывалю, аўцюкоўскаму гумару. І пісаць пра Аўцюкі не толькі падчас фестывалю, а пісаць рэгулярна, і пісаць не толькі ў раённай газеце, а ва ўсіх газетах рэспублікі.
— Уладзімір Сцяпанавіч, фестываль класны, вясёлы. Але вось гледачоў малавата. Чаму так? Не хапае рэкламы, спонсараў? Нецікава для моладзі?
— Памылка, я лічу, што мы ўздымаемся і гаворым пра “Аўцюкі” толькі пад фестываль. Гэта ж павінна быць пастаянна, кожны дзень. Можна зрабіць нейкі каператыў аўцюкоўскі, зарабляць грошы: выступленні пераможцаў, продаж сувеніраў, плата за наведванне падворкаў. Патрэбны энтузіясты на месцы, якія б падштурхнулі гэту работу. І тады Аўцюкі загучаць па-новаму і праславяць Калінкавіцкі раён.
Адназначна не хапае моладзі на сцэне. Трэба яе прыцягваць, як масквічы робяць. Там, канешне, гумар ніжэй калена, а нам патрэбна, каб наша моладзь падтрымала агенчык народнага гумару. Мне падабаецца аўцюкоўскі гумар чым? Што гэта ад сяла, ад зямлі, ён можа быць трошкі грубаваты, але гэта наша, там няма чарнаты, няма дакору злоснага ты такі-сякі. А дзе нашы тэатралы, кіношнікі? Мы не ведаем, пра што здымаць, што ставіць. А які быў бы спектакль пра аўцюкоўцаў!
— А не было ў вас сумненняў праводзіць ці не праводзіць “Аўцюкі”? Час складаны, у многіх абласцях у другі-трэці раз пераносяцца традыцыйныя фестывалі…
— Сумненняў ніякіх не было, іх не павінна быць. Аўцюкі мне накаваны лёсам. Ведаеце, першая мая далёкая вандроўка была ў Малыя Аўцюкі да сястры Клавы ў госці. Я быў у трэцім класе. Я першы раз еў тут куплёную каўбасу. Расказваю вам пра гэта, каб вы зразумелі – нічога выпадковага ў жыцці, у лёсе не бывае. Ужо ў дзяцінстве мяне сюды вяло. Я з Аўцюкамі назаўсёды.
Узнагароды фестывалю нашым землякам
Конкурс тэматычных падворкаў: падворак “Забродцы” (Малааўцюкоўскі, Вялікааўцюкоўскі, Сыродскі сельсаветы) – Дыплом І ступені; падворак “Хутаране” (Капліцкі і Шыіцкі сельсаветы) – Дыплом ІІІ ступені; падворак “Сяродцы”(Дудзіцкі і Казловіцкі сельсаветы) і падворак “Жаглі” (Ліпаўскі і Чкалаўскі сельсаветы) — Ганаровая грамата і спецыяльны прыз Беларускага фонда міру; падворак “Пескаўцы” (Зеляноцкі i Haxaўcкi сельсаветы), падворак “Слабаджане” (Гарочыцкі i Юравіцкі сельсаветы), падворак “Селянцы” (Якімавіцкі i Гарбавіцкі сельсаветы), падворак “Запольцы” (Савіцкі i Азарыцкі сельсаветы) — Дыпломам за актыўны ўдзел у фестывалі.
Намінацыя “Тэатр мініяцюр”: народны тэатр народнага гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы” Калінкавіцкага раённага дома культуры – Дыплом ІІІ ступені.
Намінацыя “Інструментальны конкурс “Я дрынчу на чым хачу”: народны фальклорны ансамбль “Бярозаўскія пералівы” Бярозаўскага дома культуры – Дыплом ІІ ступені.
Жарты ад Зінаіды Фурор:
— Я не тоўстая. Я уютная.
— На адным вяселлі, дзе давялося быць вядучай, зрабіла фуэтэ 17 разоў – гэта быў мой казырны нумар. Напрыканцы вечара падыходзіць да мяне добра падпіты бацька нявесты і на ўсю залу: “Зіна, скруці ты сваю х…ту яшчэ раз”.
— Хто як сябе любіць, той так і апладыруе.
Узнагароджанне
Дыпломам у намінацыі “Сцэнічная культура i выканаўчае майстэрства”:
Пашкевіч H.I., Спораўскі цэнтр культуры i вольнага часу ДУК “Бярозаўская раённая клубная сыстэма”;
Дыпломам за арганізацыю фотавыставы графікі “Сапраўдныя каштоўнасці”:
Карповіч А.І., беларускі художнік-графік, член Беларускага саюза мастакоў, аглядальнік i мастак газеты “СБ. Беларусь сягоння”;
Дыпломамі за актыўны ўдзел у фестывалі:
тэматычны падворак Спораўскага цэнтра культуры i вольнага часу ДУК “Бярозаўская раённая клубная cicтэмa”, Брэсцкая вобласць;
тэматычны падворак “Пескаўцы”, Зеляноцкі i Haxaўcкi сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць;
тэматычны падворак “Слабаджане”, Гарочыцкі i Юравіцкі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць;
тэматычны падворак “Селянцы”, Якімавіцкі i Гарбавіцкі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць;
тэматычны падворак “Запольцы”, Савіцкі i Азарыцкі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць.
За перамогу ў конкурсе тэматычных падворкаў:
— Дыпломам ІІІ ступені i каштоўным падарункам — падворак “Хутаране” (Капліцкі, Шыіцкі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць);
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — падворак “Воранаўскі гасцінец” (народная студыя гульні “Воранаўскія пацехі’ ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры i народнай творчасці”);
— Дыпломам І ступені i каштоўным падарункам — падворак “Забродцы” (М.Ауцюкоўскі, В.Ауцюкоўскі, Сыродскі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць);
— Ганаровай граматай i спецыяльным прызам Беларускага фонду мipy — падворак “Сяродцы” (Дудзіцкі i Казловіцкі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць) і падворак “Жаглі” (Jlіпaўcкі i Чкалаўскі сельскія Саветы, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць).
У намінацыі “Пародыя на папулярных i вядомых людзей “Кропка ў кропку”:
— Дыпломам І ступені i каштоўным падарункам — Сельвановіч Д.М., удзельнік народнага тэатра гульні i гумару “Капыльскія пацехі”, Мінская вобласць;
У намінацыі “Тэатр мініяцюр”:
— Дыпломам ІІІ ступені i каштоўным падарункам — народны тэатр народнага гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы” ДУК “Калінкавіцкі раённы дом культуры”, Гомельская вобласць;
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — народны тэатр Краснапольскага раённага цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”, Магілёўская вобласць;
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — народны тэатр гульні i гумару “Капыльскія пацехі” ДУК “Капыльскі раённы цэнтр культуры”, Мінская вобласць;
— Дыпломам І ступені i каштоўным падарункам — народны тэатр народнага гумару “Cпopaўcкi акалот” Спораўскага цэнтра культуры i вольнага часу ДУК “Бярозаўская раённая клубная сістэма”, Брэсцкая вобласць.
У намінацыі “Анекдот, байка”:
— Дыпломам ІІІ ступені i каштоўным падарункам — Пугачоў М.Л., рэжысёр народнага тэатра Краснапольскага раённага Центра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сыстэма Краснапольскага раёна”, Магілёуская вобласць;
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — Крэнь Д.З., ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры i народнай творчасці”, Гродзенская вобласць;
— Дыпломам І ступені i каштоўным падарункам — Шчарбакова М.М., ДУК “Ельскі гарадскі дом культуры “Колас”, Гомельская вобласць.
У намінацыі “Прыпеўка”:
— Дыпломам ІІІ ступені i каштоўным падарункам – Завацкі Д.А., Дзедуль В.З., удзельнікі народнага гурта народнага гумару “Дубінінскія фанабэры” Дубінскага сельскага клуба Валожынскага раёна, Мінская вобласць;
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — Цеплякова В.П. i народны фальклорны ансамбль “Лёс” філіяла “Бабіцкі сельскі клуб” ДУК “Чачэрскі раённы дом культуры”, Гомельская вобласць;
— Дыпломам І ступені i каштоўным падарункам — Салмановіч С.В. i Крэнь Д.З. ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры i народнай творчасці”, Гродзенская вобласць.
У намінацыі “Інструментальны конкурс “Я дрынчу на чым хачу”:
— Дыпломам ІІІ ступені i каштоўным падарункам — народны тэатр народнага гумару “Спораўскі акалот” Спораўскага цэнтра культуры i вольнага часу ДУК “Бярозаўская раённая клубная сістэма”, Брэсцкая вобласць;
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — фальклорны ансамбль “Блізнянка” філіяла “Сільніцкі сельскі Дом культуры” ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры”, Віцебская вобласць;
— Дыпломам ІІ ступені i каштоўным падарункам — народны фальклорны ансамбль “Бярозаўскія пералівы” філіяла “Бярозаўскі сельскі дом культуры” ДУК “Калінкавіцкі раённы цэнтр культуры i народнай творчасці”, Гомельская вобласць;
— Дыпломам І ступені i каштоўным падарункам — ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры i народнай творчасці”, Гродзенская вобласць.