Народнае гулянне, прысвечанае святу Купалле, адбылося ў гарадскім парку культуры і адпачынку
Са старажытных часоў Купалле сімвалізуе росквіт прыроды, яднанне яе з чалавекам, культ агню, вады і сонца. Нашы продкі лічылі, што ноч з 6 на 7 ліпеня чароўная, незвычайная. Раней у купальскую ночку моладзь збіралася на берагах рэк і азёр – дзяўчаты плялі вянкі з траў і кветак, пускалі іх па вадзе, варажылі на нарачонага, вадзілі карагоды і спявалі песні. Хлопцы палілі вогнішчы, скакалі праз іх па адным і ў парах з дзяўчынамі.
Некаторыя элементы старадаўняга абраду захаваліся і па сённяшні дзень. Праз вогнішча, зразумела, сёння ўжо не скачуць, але запальваюць яго, як і раней, плятуць купальскія вянкі, варожаць.
Наблізіцца да народных вытокаў, нагадаць аб міфічных уяўленнях беларусаў жыхарам і гасцям горада дапамагла цікавая тэатралізаваная пастаноўка “Купальскія забавы”, падрыхтаваная супрацоўнікамі культуры.
Дарэчы, свята ў гэтым годзе прыйшлося на працоўны дзень, але гэта не перашкодзіла гаражанам пасля работы прыемна правесці ў парку вечар аўторка.
Гучалі купальныя песні, сярод іх – знакамітыя “Купалінка” і “Ой, рана, на Йвана”. Тэатралізаваная праграма з цыганкамі, траўніцай і купалінкамі сабрала каля галоўнай сцэны нямала гледачоў. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і конкурсах, танцавалі і спявалі, варажылі.
Па традыцыі ўдзельнікам свята прапанавалі знайсці папараць-кветку. Згодна павер’ю, той, хто яе адшукае, будзе мець шчасце, долю і дабрабыт.
Непадалёку ад сцэны працавала “Купальская лаўка”, там можна было набыць вянкі, зёлкі і абярэгі. Прыемна адзначыць, что народныя традыцыі ў нашым раёне жывуць. Яскравы таму доказ – за купальскімі вянкамі выстраілася вялікая чарга з дзяўчат і маладых жанчын. Творчы калектыў Дудзіцкага СДК ледзь спраўляўся з вырабам святочнага ўпрыгожвання з жывых кветак і траў.
Вясёлы тон мерапрыемству задавалі народны вакальны ансамбль “Галасы Калінкавіч” і “Медуніца” Антонаўскага СДК.
Кульмінацыяй свята, як і стагоддзі таму, стаў абрад ля вады «Варажба на каханне i шчасце» з запускам вянкоў і запальванне купальскага вогнішча.
Таццяна КАПІТАН.
Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.