Цудадзейны свет Навінкаўскай свячы

IMG_3027

Штогод на другі дзень Троіцы ў вёсцы Навінкі адбываецца ўрачысты абрад “Перанос свячы”. Менавіта ў дзень Святога Духа комплекс рытуальных прадметаў, што складаецца з іконы Святой Троіцы, самой свячы і вялікага драўлянага крыжа пераносяць да новых гаспадароў. Пакуль свяча абыйдзе ўсю вёску, пройдуць дзесяцігоддзі.

IMG_3035

IMG_3040

Па ўспамінах старажылаў, традыцыя пераносіць свячу ў Навінках існуе амаль стагоддзе, а можа і больш. Спачатку гэты абрад праводзілі на Міколу. І ікона была іншай – Мікалая Цудатворца. Потым яе замянілі на абраз Святой Троіцы.

IMG_3047

IMG_3050

У гады Вялікай Айчыннай вайны апошні гаспадар свячы, кажуць, што яго прозвішча было Навуменка, закапаў усе атрыбуты абрада ў зямлю. А выкапалі іх толькі ў 1950 годзе. З таго часу перанос свячы ўзнавіўся і адбываецца ў вёсцы штогод. “У нас Бог жыве”, – кажуць жыхары Навінак.

IMG_3055

IMG_3064

Раней ікону аздаблялі палявымі кветкамі і жывымі каласкамі. Сёння ж іх замяняюць штучныя кветкі. Дарога ад ганка праз усю вуліцу і да той самай хаты, куды пераносяць свячу, усцілаецца даматканым палатном, на якое кідаюць жывыя кветкі. Ікону звычайна нясуць незамужнія дзяўчаты, каб свяча нібыта плыла над людзьмі, як сонейка ў небе. Усе жыхары вёскі павінны паспець прайсці пад ёю, каб іх не абмінула цудадзейнае святло.

IMG_3082

IMG_3095

Новыя гаспадары сустракаюць свячу пасярэдзіне дарогі, абменьваюцца са старымі хлебам-соллю, кланяюцца адзін аднаму.

IMG_3096

IMG_3122

На двары свячу тройчы абносяць вакол вынесеннага стала і па засцеленнай палатном дарозе святыя вобразы ўрачыста ўносяць у новы дом, дзе яны займаюць пачэснае месца ў чырвоным кутку. Гаспадыня ўпрыгожвае ікону новым рушніком.

IMG_3143

IMG_3151

Лічыцца, што ўвесь год іх хата будзе асвечана святым агнём, туды не прыйдуць ні хвароба, ні гора, а самыя запаветныя мары здзейсняцца.

IMG_3171

IMG_3175

Дарэчы, вось вам прыклад. Некалькі гадоў таму ікону прымала маладая сям’я Івана і Вольгі Табуліных. Памятаю, мы тады запыталіся ў Івана, аб чым ён марыць. Гаспадар усміхнуўся і сказаў, што ім патрэбны хлопчык, бо ў іх з жонкай ужо падрастае трое дзяўчынак.

IMG_3183

IMG_3184

Як жа прыемна было даведацца, што іх мара здзейснілася. І сёння ў гэтай сям’і гадуецца ўжо чацвёра дзетак.

IMG_3194

IMG_3199

У гэтым годзе дзень Святога Духа праваслаўныя вернікі адзначалі 21 чэрвеня. Надвор’е ў панядзелак выдалася вельмі спякотнае, але гэта не стала перашкодай для тых, хто нясе шчырую веру ў сваёй душы і ў сэрцы.

IMG_3201

IMG_3207

Пасля таго, як святар Васілевіцкага храма айцец Павел адслужыў малебен у хаце Ніны Белай (у яе свяча стаяла з мінулай Троіцы), ікону Святой Троіцы, свячу і драўляны крыж усёй вёскай перанеслі да новых гаспадароў – Ніны і Мікіты Лаўшукоў.

IMG_3214

IMG_3225

Пакуль свячу неслі, усе жыхары і госці вёскі паспелі прайсці пад ёю, каб быць пад абаронай цудадзейнай сілы. Некаторыя дзеля гэтага прыехалі з суседніх населеных пунктаў і нават з іншых раёнаў і абласцей.

IMG_3232

IMG_3241

IMG_3237

У хаце новых гаспадароў адбывалося яшчэ адно набажэнства. Пасля чаго айцец Павел правёў абрад асвячэння вады ў калодзежы. З гэтага часу вада ў ім лічыцца святой, і кожны можа прыходзіць і браць яе столькі, сколькі спатрэбіцца.

IMG_3249

IMG_3257

Дарэчы, хата Лаўшукоў, дзе зараз стаіць свяча, на працягу года будзе выконваць функцыю своеасаблівага храма, куды можна прыйсці памаліцца, звярнуцца да Бога. На вялікія святы, напрыклад на Вялікдзень, там будуць праводзіцца святочныя службы, асвячэнне кулічоў.

IMG_3268

IMG_3287

IMG_4049

***

У дзень святочнага абраду ў Навінкаўскім сельскім клубе прайшоў семінар для клубных работнікаў раёна з удзелам вядучага метадыста па народным традыцыям і фальклору Гомельскага абласнога Центру народнай творчасці Людмілы Мельнікавай. Месца і дзень для яго правядзення выбраны невыпадкова, бо галоўнай тэмай семінара быў культурна-пазнавальны і этнаграфічны турызм. А абрад пераносу свячы ў Навінках – адзін з найяскравейшых прыкладаў захавання народных і культурных традыцый.

Таццяна КАПІТАН.

Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.