Пад ветразямі Азарыцкага парусніка “Надзея”

Фото из архива КН

Фото из архива КН

Па выніках 2020 года пераможцам у раённым спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод устаноў адукацыі прызнана Азарыцкая сярэдняя школа з занесеннем на Дошку гонару раёна, уручэннем Дыплома і грашовага ўзнагароджання.

Настаўніцкі хлеб… Ён часта асцюкаваты, густа замешаны на цярплівасці, вытрымцы да дзяцей і сваёй працы.

Калі ў мяне падчас пытаюць, чаму я выбрала такую цяжкую прафесію, я адказваю, што марыла аб гэтым з дзяцінства і ніколі не здрадзіла гэтай мары. Можа,  таму, што вучылі мяне настаўнікі з вялікай літары. Гэта і першая настаўніца Марыя Фёдараўна Бачура, і класны кіраўнік, выкладчыца руская мовы Ніна Паўлаўна Лішафаева. Прыгожая казачка, з каронай кос на галаве, статная, заўсёды з густам апранутая. Акрамя добрых ведаў, настаўнікі давалі ўрокі дабрыні, міласэрнасці, чалавечай годнасці і гонару.

Родная Азарыцкая школа! Няма, напэўна, больш такой нідзе. Бо ў тыя, цяпер ужо далёкія, 50-80-я гады мінулага стагоддзя, яна выпускала ў жыццёвы палёт годных вучняў, ды і цяпер не здае свае пазіцыі. Адно шкада – з кожным годам вучняў у школе становіцца ўсё менш…

Варта ўспомніць дырэктараў школы Мішчанкова Віталя Фёдаравіча, Гарулю Аляксандра Міронавіча, Макатрова Уладзіміра Лазаравіча. Гэта былі выдатныя кіраўнікі і сапраўдныя прафесіяналы. Побач з імі працавалі завучамі Казакевіч Надзежда Сямёнаўна, Атрохава Святлана Маісееўна, Радзевіч Людміла Мікалаеўна. Пад іх кіраўніцтвам калектыў школы неаднаразова займаў першыя месцы па вучобе і выхаванні падрастаючага пакалення.

Нельга забыць і настаўнікаў: матэматыкі – Салавей Вольгу Рыгораўну, пачатковых класаў –  Быхавец Кацярыну Міхайлаўну, роднай мовы і літаратуры – Акулаву Вольгу Іванаўну, заслужаную настаўніцу школ Беларусі, матэматыкаў Варвару Сямёнаўну Сапоненка, Валерыя Васільевіча Стукача, Людмілу Якаўлеўну Сяргеенка, фізічнай культуры – Верас Святлану Аляксандраўну.

Добрым словам трэба ўспомніць Сяргея Аркадзьевіча і Ніну Сцяпанаўну Пуцікавых – моваведаў, настаўніка працы і мастацтва Галавача Валянціна Віктаравіча, настаўніцу англійскай і нямецкай мовы Ніну Іванаўну Чарнашэй – выдатнага педагога, а таксама ўдзельніцу мастацкай самадзейнасці, спявачку ансамбля і салістку. А яшчэ – настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Ірыну Леанідаўну Міхайлаву. Яна была цудоўным чалавекам, выдатным настаўнікам, верным сябрам. І пералік можна множыць. Кожны з іх – па-свойму цікавы і розны, бо кожны – унікальная асоба.

Як і цяперашнія настаўнікі. Мінаюць гады, а яны, здаецца, зусім не пастарэлі. Асаблівая павага ў мяне да настаўнікаў пачатковых класаў. Праца іх – самая патрэбная і самая цяжкая. І адказная. Так здарылася, што ў школу Надзежда Мікалаеўна Шолкава, Святлана Рыгораўна Міргарад, Галіна Васільеўна Старавойтава, Наталля Іванаўна Жыткавец прыйшлі амаль адначасова. Пад сваё крыло прыняла іх Людміла Якаўлеўна Кішкурно – выдатнік народнай асветы. Яна вяла метадычнае аб’яднанне, давала адкрытыя ўрокі, дапамагала маладым калегам. Зараз яны – настаўнікі першай і вышэйшай катэгорый – працягваюць працаваць творча, аддана.

Ужо адзначылі свой жыццёвы юбілей Галіна Васільеўна Старавойтава, Наталля Іванаўна Жыткавец. 17 сакавіка яго адзначыць Надзежда Мікалаеўна Шолкава, а ў ліпені – Святлана Рыгораўна Міргарад. Але яны не здаюць сваіх пазіцый – сапраўдныя майстры ў навучанні і выхаванні вучняў. Здароўя ім і дабрабыту на доўгія гады!

Школа – святыня і надзея народа, бо ў школе вучаць не толькі пісаць і чытаць, думаць, пазнаваць свет, адкрываюць багацце навукі і мастацтва. У школе вучаць жыць, любіць радзіму, рабіць свой уклад у развіццё грамадства.

Ужо шмат год школу ўзначальвае настаўнік хіміі вышэйшай катэгорыі, выдатнік асветы Таццяна Пятроўна Цяцерыч. Строгая, патрабавальная і адначасова ўшчувальная, яна не зробіць нікому нічога дрэннага. Наадварот, прыйдзе на дапамогу ў цяжкі час ці ў складанай жыццёвай або педагагічнай сітуацыі. Вялікая падзяка ёй за гэта!

Побач з дырэктарам вось ужо шмат гадоў працуе завуч Валянціна Рыгораўна Клім. На першы погляд спакойная, добразычлівая, але заўсёды патрабуе парадку і дысцыпліны, добрых, тактоўных адносін да вучняў і іх бацькоў.

Некалькі слоў аб настаўніцы фізкультуры Пангліш Алене Уладзіміраўне. Акрамя сваіх урокаў, яна кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Чырлідынг” і танцавальным.

А без педагога-арганізатара Галіны Уладзіміраўны Шынкарэнкі не адбываецца ні адзін конкурс, фестываль, канцэрт. Валодаючы цудоўным голасам, яна кіруе вакальным гуртком, ўдзельнічае ва ўсіх школьных справах.

Неацанімы ўклад у выхаванне патрыятызму ўносіць Зінаіда Мікалаеўна Хлебавец – кіраўнік школьнага музея.

Не ўяўляю школу без сацыяльнага педагога, настаўніцы фізікі Маславай Вольгі Мікалаеўны. Кожны раз здзіўляюся: і як толькі яна ўмее знайсці падыход да “цяжкіх” вучняў і іх бацькоў?

Доўгі час працавала на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Мікалаеўна Стукач – актыўная, энергічная, улюбёная ў сваю справу. Любое мерапрыемства, конкурс, агляд самадзейнасці яна рыхтавала на высокім узроўні. Было чаму павучыцца маладым настаўнікам!

Асобна хочацца сказаць аб філолагах. Ганна Анатольеўна Шыкун, Ніна Станіславаўна Бабранок, Наталля Уладзіміраўна Мельнікава – настаўнікі вышэйшай катэгорыі – працягваюць вучыць “добраму, разумнаму, вечнаму”. Да іх далучылася і Лідзія Васільеўна Хадзько.

У наш нялёгкі час школе вельмі патрэбны настаўнікі-мужчыны. Іх у нас мала, але кожны заслугоўвае павагі і пашаны. Генадзь Уладзіміравіч Цяцерыч – настаўнік біялогіі. Аб ім вучні гавораць як аб настаўніку, які дае трывалыя веды па сваім прадмеце, а як класны кіраўнік ён любімы ўсімі выпускнікамі. Сяргей Міхайлавіч Міргарад – спакойны, памяркоўны, з пачуццём гумару, сапраўдны мужчына, сем’янін, бацька і дзед. Сяргей Васільевіч Жыткавец – настаўнік фізкультуры. Яго вучні – прызёры многіх спартыўных спаборніцтваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Ні адно мерапрыемства і ні адно свята не абяходзяцца без настаўніка музыкі Селюка Васіля Аляксеевіча. Артыстызму педагога можна толькі пазайздросціць!

Нельга не сказаць і аб Алене Васільеўне Савянковай, чалавеку, улюбёнаму ў геаграфію. Яе любяць і паважаюць вучні, калегі, бацькі.

Настаўнікі англійская мовы Таццяна Аляксандраўна Бутовіч і Вераніка Леанідаўна Міргарад – спакойныя, добразычлівыя, і ў той жа час патрабавальныя, не даруюць недабрасумленных адносін да свайго прадмета.

Да маладых настаўнікаў хочацца звярнуцца з такімі словамі: “Не змяняйце сваёй прафесіі, любіце школу і дзяцей, аддавайце ім свае веды і  любоў, а яны аддадуць вам сваю павагу і прызнанне”.

Вера Навіцкая, старшыня ветэранскай арганізацыі.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.