Вось такі незвычайны ляляк звычайны

Ляляк

Ужо не першы год грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) вызначае птушыны сімвал года. Сімваламі Беларусі паспелі пабыць белы бусел, белая пліска (трясогузка), авяльга (івалга), дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая няясыць, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён (кроншнеп), чорны свіргуль (стриж), удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгол, вялікі арлец і глушэц.

Год 2021-ы аб’яўлены годам звычайнага ляляка (козодоя обыкновенного). У свеце налічваецца каля 120 відаў атраду лялякападобных, але ў Беларусі ляляк – яго адзіны прадстаўнік.

Упэўнены, многія з нас калі і не бачылі гэтую птушку ў прыродзе, то напэўна чулі яе працяглую манатонную трэль у сасновым лесе, якая нагадвае трэск сігналаў у радыёэфіры або тарахценне матацыкла. Ляляк памерам з голуба, але крылы і хвост у яго даўжэйшыя. Даўжыня цела да 30 см, размах крылаў да 60 см, вага не перавышае 100 г. Па інфармацыі спецыялістаў АПК, апошні раз ацэнка колькасці птушкі праводзілася ў Беларусі ажно ў 1997 годзе, і тады яна раўнялася 35-50 тысяч пар на гнездаванні. Аднак ляляк нярэдка гіне пад коламі аўтамабіляў – птушкі любяць адпачываць на лясных дарогах. Акрамя таго, ляляк гняздуецца на зямлі і пакутуе ад знішчэння гнёздаў рознымі драпежнікамі. Кладку з двух яек самка ляляка робіць прама на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе.

Убачыць леляка ў дзікай прыродзе няпроста. Звычайна ён актыўны ў прыцемках і ноччу. Ёсць і другая адметнасць: птушка – майстар маскіроўкі. Яе апярэнне настолькі зліваецца з лясной падсцілкай ці карой дрэва, што можна прайсці побач і не заўважыць.

У вырай ляляк з Беларусі адлятае ў верасні, зімуе ажно ў Паўднёвай Афрыцы, а прыкладна ў канцы красавіка вяртаецца ў родныя мясціны.

 

Аляксандр Супруноўскі.

 

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.