Іван Мележ — пясняр Палесся

мележ

Ёсць у кожнага чалавека мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не цямнее ў памяці, а становіцца яснейшым і даражэйшым. Сярод дарагіх і хвалюючых успамінаў ён — самы дарагі. Куток гэты – тая хата, дзе мы вучыліся хадзіць і дзе адчулі цеплыню матчыных рук і сэрца. Гэта куток нашага маленства.

Для Івана Паўлавіча Мележа, народнага пісьменніка Беларусі такім дарагім месцам заўсёды было Палессе. У вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна стаяла хата, дзе 8 лютага 1921 года нарадзіўся будучы пісьменнік Беларусі, дзе ён навучыўся хадзіць і адчуў пяшчоту матчыных рук, дзе няўрымслівым хлапчуком асвойваў непраходныя зараснікі. “Тут дакрануўся да недаступнага, загадкавага свету балот…Зараснікі гэтыя, край гэты назаўсёды ўлюбілі мяне ў хараство прыроды, хараство жыцця”, — пісаў потым Мележ у сваіх творах.

Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Глінішчах, школу-сямігодку скончыў у Алексічах, а дзесяцігодку – у Хойніках. У школьныя гады хлапчук шмат маляваў, удзельнічаў у драматычным гуртку.

Літаратурную дзейнасць Іван Мележ пачаў у 1930-я гады. У 1939 г. у газеце “Чырвоная змена” быў надрукаваны яго першы верш “Радзіме”. Перад вайной вершы Івана Мележа друкаваліся таксама ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Бальшавік Палесся”.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Іван Мележ працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але з першага курса быў прызваны ў ЧырвонуюАрмію.

Служыў на Украіне, у Карпатах. У 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце.

У чэрвені 1942 г. пад Растовам Іван Мележ быў цяжка паранены і пасля лячэння ў Тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Першыя свае апавяданні пісьменнік напісаў у шпіталі. У “Бугурусланской правде” ў 1943 г. было апублікавана апавяданне “Апошняя аперацыя”.

Жыў Іван Мележ у г. Бугуруслане Арэнбургскай вобласці, дзе завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педінстытута. У 1943-1944 гг. выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які ў той час знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ.

Скончыў вучобу Іван Мележ у 1945 г. ўжо ў Мінску. У 1945-1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. Там пісаў дысертацыю па творчасці Кузьмы Чорнага. Адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя” (1945-1947 гг.)

У 1946 г. выйшаў яго першы зборнік апавяданняў “У завіруху”, якія былі напісаны ў 1942-1945 гг. і прысвечаны падзеям вайны. У 1948 г. выйшаў другі зборнік прозы “Гарачы жнівень”.

У 1947-1952 гг. Іван Паўлавіч Мележ напісаў раман “Мінскі напрамак”, у якім паказаў вызваленне Беларусі воінамі Чырвонай Арміі і партызанамі ў красавіку-ліпені 1944 г.

У далейшым выдаў зборнікі прозы “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек”. Пасля паездак па краінах Еўропы напісаў нарысы “Паездка ў Прагу” і “Вакол Еўропы”.

З 1945 г. Іван Мележ з’яўляўся членам Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР. У 1948-1951 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ, у 1950-1951 гг. – кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі па пытаннях літаратуры ЦК КПБ.У 1966 г. Іван Мележ быў абраны сакратаром, а ў 1971 г. намеснікам старшыні праўлення СП БССР.

Іван Мележ быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру, старшынёй Беларускага аддзялення таварыства “СССР-Францыя”.

Пісьменнік узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1946), ордэнам “Знак Пашаны” (1955), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1971) і медалямі.

Іван Мележ пакінуў яскравы след і ў галіне драматургіі. Стварыў аднаактную п’есу “Хто прыйшоў уночы”, прысвечаную падзеям вайны, і шматактавыя п’есы “Пакуль вы маладыя”, “Дні нараджэння” і “У новым доме”.

Але самую шырокую вядомасць атрымала трылогія Івана Мележа “Палеская хроніка”, якая складаецца з раманаў “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань” (няскончаны). У гэтых раманах раскрываецца цяжкі лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі, адлюстроўваюцца падзеі 1920-х гг. і калектывізацыя на Палессі. За раман “Людзі на балоце” Івану Мележу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1962). За “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” – Ленінская прэмія (1972).

У 1972 г. Івану Мележу было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

Творы Івана Мележа перакладаліся на мовы народаў СССР і за мяжой.

На тэлебачанні былі пастаўлены тэлеспектаклі па яго раманах, зняты шматсерыйны тэлефільм. Інсцэніроўкі раманаў Мележа паставілі некалькі тэатраў Беларусі. На студыі “Беларусьфільм” рэжысёрамі В.Туравым і Д.Зайцавым па “Палескай хроніцы” быў зняты мастацкі фільм “Людзі на балоце”, які ў 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Хойніках, Лельчыцах, Глінішчы, завулак у Кобрыне. Імя пісьменніка прысвоена сярэдняй школе на яго радзіме, бібліятэцы і гімназіі ў Гомелі. У Мінску на доме №7 па вуліцы Я.Купалы, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.

У 1983 г. на радзіме Мележа ў вёсцы Глінішча быў адкрыты мемарыяльны музей.

З 1980 года саюз пісьменнікаў БССР прысуджае літаратурную прэмію імя Івана Мележа.

Яго мастацкія творы, крытычныя работы і сёння радуюць чытачоў. Няхай бягуць гады, на змену юнацтву прыходзіць сталасць, але бессмяротным застанецца тое вечнае, што нарадзілася пад пяром сапраўднага майстра. Так і спадчына Івана Мележа, нашага сучасніка, застанецца для ўсіх на гады і дзесяцігоддзі.

Памёр Іван Паўлавіч Мележ 9 жніўня 1976 года.

Ірына МЯТЛУШКА, загадчыца аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Калінкавіцкага раёна.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.