Іван Шамякін – летапісец эпохі

jkjrf-3-800x445
Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна. Лёс адвёў ураджэнцу вёскі Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці 83 гады. З іх 60 былі аддадзены літаратурнай творчасці. Літаратурную спадчыну Івана Пятровіча складаюць 130 кніг. Іх агульны наклад проста ўнушальны:
без малога 26 мільёнаў паасобнікаў.
У гэтай велізарнай літара-турнай спадчыне пры ўсім жаданні немагчыма знайсці такі твор, які б быў напісаны на неактуальную тэму. Такіх няма ўжо па вызначэнню. Калі ўважліва чытаеш творы Шамякіна, то не можа не кідацца ў вочы займальнасць сюжэту. Дачка пісьменніка, Таццяна Іванаўна, мае рацыю, калі сцвярджае наступнае: “Я лічу, што Іван Пятровіч — адзін з лепшых у беларускай літаратуры сюжэтчыкаў. Ён умеў закруціць сюжэт». Шамякін укладваў у вусны сваіх герояў публіцыстычную накіраванасць думкі. Несумненнае выхаваўчае значэнне мае нязменная прысутнасць у творчай прадукцыі высокага грамадзянскага пафасу. Пісьменнік – псіхолаг, сапраўдны інжынер чалавечых душ, Іван Пятровіч насычаў свае творы страснасцю так і такім чынам, каб прывабіць чытача.
Іван Пятровіч належаў да тых савецкіх пісьменнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў Вялікай Ачыннай вайне. Таму зусім нядзіўна, што яго першыя надрукаваныя творы былі прысвечаны гэтай вайне. Трэба адмыслова звярнуць увагу на год выдання яго першага апавядання пад назвай “У снежнай пустыні” – 1944. Тады пісьменнікаў, якія пісалі мастацкія творы пра Вялікую Айчынную, можна было пералічыць на пальцах адной рукі. Праз год Шамякін адзначыцца выхадам першай аповесці (“Помста”), праз чатыры гады – першым раманам (“Глыбокая плынь”). І яны таксама будуць пра нядаўную вайну. “Глыбокая плынь” – першы раман у беларускай літаратуры, адмыслова прысвечаны антыгерманскаму супраціўленню ў час акупацыі БССР (1941—1944 гг.).
У час хрушчоўскай адлігі прайшла выдавецкі працэс першая і пакуль адзіная пенталогія ў беларускай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну пад назвай “Трывожнае шчасце”. Пенталогію ўтварылі кнігі пісьменніка-франтавіка: «Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэчы», «Мост».
Да ліку вядомых твораў пра гэту вайну належаць таксама аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры», раманы «Снежныя зімы», «Сэрца на далоні».
У рамане “Глыбокая плынь” галоўная сюжэтная лінія завязана на Таццяне Маеўскай. Да вайны яна сеяла разумнае, добрае, вечнае. Пасля таго, як германскія агрэсары і іх сатэліты напалі на родную зямлю, настаўніца робіць свой уклад у антыгерманскае супраціўленне, будучы партызанскай сувязной. Пісьменнік паказаў камісара брыгады Лясніцкага, камандзіра брыгады Прыборнага, калгаснага пчаляра Карпа Маеўскага, разведчыка Буйскага, шафёра Майбараду як тыповых народных мсціўцаў, тыповых прадстаўнікоў народа-героя, народа-волата, народа, якога ніяк і нічым немагчыма зламаць, народа, для якога няма паняцця страху, народа, якому арганічна ўласцівы патрыятызм.
У рамане “Сэрца на далоні” цэнтральная сюжэтная лінія тычыцца падпольнай арганізацыі, якая дзейнічала ў час вайны на Беларусі. На працягу доўгага часу мела месца фальсіфікацыя гісторыі гэтай падпольнай арганізацыі, і былым падпольшчыкам прыйшлося вытрымаць цяжкае змаганне за тое, каб перамагла праўда. Роля галоўнага фальсіфікатара ў рамане дасталася дэмагогу і кар’ерысту Гукану, які вырашыў зрабіць белае чорным, а чорнае белым, сапраўдных патрыётаў – здраднікамі, а здраднікаў – героямі падполля. Яму супрацьстаялі доктар Яраш, пісьменнік і журналіст Шыковіч, дачка падпольшчыка Савіча Зося. Гукан прайграў. Кожны член падпольнай арганізацыі быў аб’ектыўна ацэнены ўладнымі структурамі.
Даволі смелай для свайго часу была аповесць «Ахвяры», якая з’явілася зваротам да тых праблем арганізацыі і ажыццяўлення антыгерманскага супраціўлення, якія ўходзяць сваімі каранямі ў самую прыроду таталітарнага палітычнага рэжыму. Многія праблемы ўзніклі выключна па віне сталінскіх чэкістаў, якія імкнуліся навязваць свой пункт гледжання па пытаннях, дзе яны былі недасведчанымі. Удзельнікам антыгітлераўскага супраціўлення неаднойчы прыйшлося сутыкацца з бруднымі метадамі таталітарнага рэжыму.
Таццяна Шамякіна гаворыць пра значэнне рамана “Трывожнае шчасце” для сям’і Шамякіных: «Яго бацька любіў больш за іншых. Ён для мяне вельмі знакавы, я памятаю, як бацька пачынаў над ім працаваць. Гэта ж аўтабіяграфічная гісторыя маладых мамы і таты. Хаця сам Шамякін казаў, што ў творы 70% выдумкі. На тое ён і Шамякін”.
У аповесці «Гандлярка і паэт» галоўная сюжэтная лінія завязана на духоўным, патрыятычным сталенні Вольгі Ляновіч. Сталенне гэтай камароўскай гандляркі было тыповым для таго сацыяльнага слоя, да якога яна належала. Несумненна, далі пра сябе знаць суровыя рэаліі вайны. Плюс уплыў з боку паэта Алеся Шпака. У выніку маральнага перавыхавання Вольга была падрыхтавана да таго, каб выконваць заданні, якія зыходзілі ад партызанскага камандавання, з ясным разуменнем таго, што з задання можна не вярнуцца. Яна і не вярнулася з задання, паклаўшы галаву за свабоду і незалежнасць Айчыны. Дарэчы, першапачаткова для гэтага рызыковага задання планаваўся Алесь Шпак. Вольга яго замяніла.
Можна адназначна сцвярджаць, што ніводзін беларускі пісьменнік не адлюстроўваў у сваёй творчасці надзённыя праблемы сучаснасці з такой інтэнсіўнасцю, як Шамякін.
Першая праблема: дасягненне аптымальнага варыянта забудовы сучаснага горада. Найбольш поўна гэта праблема адлюстравана ў рамане «Атланты і карыятыды». Героі рамана моцна спрачаюцца наконт згаданага варыянта. Аўтар падводзіць чытача да таго, каб прызнаць безальтэрнатыўным варыянт, які быў сфармуляваны галоўным архітэктарам горада Максімам Карначом. Максім Карнач заўсёды выступаў перакананым прыхільнікам архітэктурна-гарманічнага (комплекснага) варыянта. Гэты варыянт быў як костка ў горле для Макаеда і Ігнатовіча. Апошнія зацыкліліся на адстойванні кансерватыўна-практычнага (абыякавага) варыянта. Макаед і Ігнатовіч рашуча выступілі за будаўніцтва на тэрыторыі горада хімічнага камбіната. Карнач робіць усё, каб гэтага не дапусціць. Шамякін спісаў вобраз Карнача з свайго вялікага сябра, класіка беларускай драматургіі Андрэя Макаёнка.
Другая праблема: пераадольванне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС). Узгаданай катастрофе прысвечаны раман «Злая зорка». Менавіта з гэтага рамана пачалася гісторыя празаічных твораў пра аварыю на ЧАЭС ў беларускай літаратуры.
Трэцяя праблема: пошукі адэкватнага адказу на выклікі часу, якія былі звязаны з трансфармацыяй сацыяльна-эканамічных і палітычных адносін, якая распачалася ў час гарбачоўскай перабудовы і поўнасцю скончылася ў пачатку дваццаць першага стагоддзя. І.Шамякін папярэджваў улады, каб яны не пайшлі па шляху поўнага нігілізму ў адносінах да сацыялістычнага мінулага. Літаратурны класік не бачыў для сябе месца ў лагеры праціўнікаў «сацыяльна-справядлівага» сацыялізму. Ён быў вельмі заклапочаны захаваннем агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцяў. Аб гэтым сведчылі аповесці «Сатанінскі тур», «Падзенне», «Без пакаяння», «Выкармак».
Шамякін шмат гадоў быў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР і членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. 69 гадоў таму быў прызначаны галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна” і прапрацаваў на гэтай пасадзе адзін год. 12 гадоў з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. За гэтыя 12 гадоў былі выдадзены 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», 5-томная «Энцыклапедыя прыроды Беларусі», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі «Янка Купала», «Францыск Скарына і яго час», «Этнаграфія Беларусі», «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне».
Народны пісьменнік БССР актыўна займаўся і грамадскай дзейнасцю: 9 гадоў быў парламентарыям усесаюзнага і аж 22 года – рэспубліканскага ўзроўню. Без малога паўтара дзесяцігоддзі з’яўляўся кіраўніком беларускага парламента. 10 гадоў быў членам ЦК КПБ.
Заслугі Івана Шамякіна перад Радзімай і ў галіне беларускай літаратуры адзначаны дзевяццю ордэнамі і шэрагам медалёў, званнямі Героя Сацыялістычнай працы, Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, “Народны пісьменнік БССР”.
Пісьменнік быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Памёр Іван Шамякін 14 кастрычніка 2004 года.
Міхаіл СТРАЛЕЦ.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.