На Гомельшчыне стартаваў год класічнай літаратуры і чытання

год литературы копия

Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на працягу 15 гадоў праводзіць творчыя мерапрыемствы, прысвечаныя знакавым для вобласці і краіны літаратарам, а таксама важным падзеям у жыцці народа.  Так, у розныя гады на Гомельшчыне праходзілі Гады народных пісьменнікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі і Андрэя Макаенка, а таксама прысвечаныя вядомым выхадцам палескага краю — Анатолю Грачанікову, Івану Сяркову і Дзмітрыю Кавалёву.  Як даніна павагі ў іх гонар ладзіліся дзясяткі мерапрыемстваў у дзіцячых садках і школах, у каледжах і вну, бібліятэках, на прадпрыемствах рэгіёна. У рамках гэтых падзей абласная пісьменніцкая арганізацыя штогод ажыццяўляла падрыхтоўку і выпуск рэгіянальных і міжнародных альманахаў, калектыўныя зборнікі паэзіі і прозы, а таксама рэалізавала шэраг памятных праектаў, накіраваных на увекавечванне памяці пісьменнікаў-землякоў. Напрыклад, былі сабраны сродкі і ўсталяваны мемарыяльныя дошкі на дамах, дзе жылі Іван Сяркоў і Анатоль Грачанікаў. Пісьменнікі рэгіёна таксама актыўна ўдзельнічалі ў зборы матэрыялаў для стварэння шэрагу выстаў у музеях, мемарыяльных пакояў, прысвечаных жыцці і творчасці калег-папярэднікаў. А на працягу апошніх трох гадоў у рамках Года малой Радзімы на Гомельшчыне ладзіліся маштабныя мерапрыемствы, звязаныя з дзіцячай літаратурай. Найперш, яны былі скіраваны на папулярызацыю творчасці сучасных пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей і падлеткаў.  Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд многія літаратары – члены пісьменніцкай арганізацыі – актыўна пачалі пісаць творы спецыяльна для дзіцячай аўдыторыі; выйшлі дзясяткі займальных кніг для дашкольнікаў і школьнікаў-падлеткаў, прэзентацыі якіх ладзіліся ў розных аўдыторыях і, бясспрэчна,  запомніліся не толькі маленькім чытачам, але і дарослым.

Сёлета ў абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі вырашылі не адмаўляцца ад усталяванай добрай традыцыі:  1 студзеня на тэрыторыі вобласці абвешчаны Год класічнай літаратуры і чытання.

— Менавіта такая назва з’явілася не выпадкова, — падкрэслівае старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. — У рамках Года класічнай літаратуры і чытання пісьменнікі рэгіёна будуць імкнуцца скіроўваць увагу чытачоў да творчай спадчыны народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа (100-годдзе якіх мы адзначым у студзені і лютым), запрасіць іх чытаць (ці перачытаць) яркія мастацкія творы мастакоў слова. Дарэчы, у 2022-ім мы будзем адзначаць 100-годдзе яшчэ аднаго свайго таленавітага земляка — савецкага празаіка і паэта, выхадца палескай глыбінкі Мікалая Гамолкі. Таму не выключана, што Год класічнай літаратуры і чытання будзе падоўжаны.

Рэалізуючы задуманае, праводзячы ўжо сустрэчы з чытачамі ў рамках абвешчанага года, літаратары заклікаюць не толькі чытаць, але і актыўна абмяркоўваць створанае нашымі класікамі беларускай літаратуры, а таксама больш адкрываць для сябе класічныя творы рускай, украінскай, так і сусветнай літаратур. З мэтай папулярызацыя чытання запланаваны дзясяткі цікавых мерапрыемстваў, якія правядуць літаратары самастойна, так і ў садружнасці з партнёрамі арганізацыі. У аддзяленні ўпэўнены, што сапраўднымі памочнікамі ў рэалізацыі задуманага, як гэта было і заўсёды, стануць работнікі культуры, бібліятэкары, педагогі і інтэлігенцыя рэгіёна.

Асаблівая ўвага пісьменніцкай арганізацыі скіравана юным талентам. Напрыклад, актыў аддзялення падводзіць ужо вынікі адкрытых абласных літаратурных конкурсаў «Сям’я — аснова шчасця і кахання» і «Белыя вішні і яблыні», прысвечаныя 100-годдзю І. Шамякина і І.Мележа. На конкурсы паступіла каля трох сотняў эсэ і замалёвак, апавяданняў пачынаючых і прафесійных аўтараў з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Як падкрэслівае Уладзімір Гаўрыловіч, аргкамітэту і журы вельмі няпроста вызначыць пераможцаў, бо дасланыя на конкурсы твора досыць моцныя і цікавыя. З мэтай падтрымкі самых таленавітых канкурсантаў у аддзяленні СПБ ужо задумаліся пра выданне спецыяльнага зборніка па выніках абодвух конкурсаў.

Па меркаванні лідара абласнога аддзялення СПБ, папулярызацыя літаратуры і чытання — адна з прыярытэтных задач як дзяржавы, так і ўсіх без выключэння творчых грамадскіх структур.  Яна стане адной з ключавых тэм не толькі паўсядзённай грамадска-культурнай дзейнасці кожнага пісьменніка аддзялення, але і цэлага форума — XVI Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2021». Ён пройдзе ўвосень у новым фармаце. У ліку мерапрыемстваў запланавана, напрыклад, канферэнцыя творчай і навуковай інтэлігенцыі трох краін — Беларусі, Расіі і Ўкраіны. А нароўні з набіраючым абароты III абласным фестывалем літаратуры «На Зямлі Кірылы Тураўскага», дзе тэма чытання таксама будзе ў цэнтры ўвагі, гэтыя падзеі, безумоўна, стануць сёлета галоўнымі культурнымі і гуманітарнымі мерапрыемствамі  ў вобласці Года класічнай літаратуры і чытання.

— Літаратура — галоўны ключ, каб спазнаць сябе. Толькі яна можа зрабіць з чалавека сапраўдную асобу, бо менавіта ў мастацкім творы можна знайсці часцінку сябе, — разважае Уладзімір Гаўрыловіч. — Упэўнены, што наша багатая літаратурная класіка (як беларуская, так і руская) здольны дапамагчы, асабліва падрастаючаму пакаленню, маладым людзям займець сваю жыццёвую пазіцыю і ўласнае стаўленне да розных да розных жыццёвых з’яў шляхам аналізу дзеянняў персанажаў і засваення жыццёвых урокаў аўтара. Але само па сабе гэта не будзе адбывацца, калі ў іх руках не апынецца годная кніга. І жывое слова сучаснага пісьменніка — пра нас і наш час, пра класікаў, пра творчасць, як з’яву мастацтва, і чытанне, як асабліва важны працэс у выхаванні асобы, — будзе якраз накіравана на тое, каб нашы сучаснікі захацелі ўзяць у рукі добрую кнігу і абавязкова прачыталі яе. 

Мікалай ІГНАТОВІЧ.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.