Зімовая акцыя «Птушкi ля кармушкi» праходзіць у Калінкавіцкім раёне

Птушки ля кармушки

У сярэдзіне студзеня па ўсёй краіне стартавала зімовая акцыя «Птушкi ля кармушкi». Яе ініцыятарам выступіла грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Акцыя нагадвае пра тое, як важна падкармліваць птушак у холад, а яшчэ дазваляе адсачыць змены ў папуляцыі вераб’іных і своечасова на іх адрэагаваць.

Актыўнымі ўдзельнікамі прыродаахоўнай акцыі сталі і выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці нашага горада. Яны паказалі, што не забываюць пра крылатых сяброў у зімовыя маразы.

Акцыя «Птушкi ля кармушкi» разгарнулася на гульнёвых пляцоўках цэнтра і, нягледзячы на вялікі мароз, атрымалася масавай. Да яе з радасцю падключыліся дзеці  з старэйшых і сярэдніх груп.

Як распавядаюць у цэнтры, да акцыі дзеці і іх педагогі падрыхтаваліся грунтоўна. На пляцоўках у кожнай групы былі развешаныя яркія кармушкі. Ад звыклых — з дошак або каробак з-пад соку — да крэатыўных, аўтары якіх праявілі фантазію. Да прыкладу, вельмі незвычайнай атрымалася «Птушыная сталовая» у «Кутку лесу» ў выглядзе драўлянага падстрэшка з мноствам кармушак.

Аднак, як бы арыгінальна не выглядала птушыная кармушка, усё ж у дашкольным цэнтры лічаць: галоўнае гэта не яе форма, а змест. А пра яго выхаванцы ведаюць нямала. Каб на кармушкі зляталася больш крылатых, яны кожную раніцу папаўняюць іх не абсмаленымі, несалёнымі семачкамі сланечніка — універсальнай падкормкай для птушак. Калі выходзяць на прагулкі, то абавязкова да галінак мацуюць кавалачкі сала для сініц, нанізваючы іх на цвікі па краях кармушкі і прывязваючы да галінкі.

Дзеці заўважылі, што вераб’і, зелянушкі, чыжы і попаўзні любяць паласавацца арахісам, а яшчэ цвёрда засвоілі, што ні ў якім разе нельга класці ў кармушку хлеб, батон і іншую ежу са стала чалавека.

Выхаванцы цэнтра не забываюць, што ў траскучыя маразы сініцам, вераб’ям, снегірам і іншым птушкам не абысціся без нашай падтрымкі. А інфармацыяй аб назіраннях дзяцей педагогі дзеляцца на сайце грамадскай арганізацыі АПБ.

У нашых дзяцей і педагогаў смела можна браць прыклад, — упэўнена загадчык ДЦРД Людміла Пячэрская. — Бо яны не застаюцца абыякавымі да крылатых сяброў. Кармушкі заўсёды напоўнены карыснымі прысмакамі і ўпрыгожваюць тэрыторыю нашага ўстановы.

 Ала ВЕКА.    

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.