«Раёнка» ў маім жыцці

IMG_9127

Колькі сябе памятаю, столькі ў маім жыцці раённая газета. Справа ў тым, што мой бацька выпісвае і чытае «раёнку» вось ужо 55 гадоў. Затое памятаю, што чытаць яе пачаў (тады яна называлася “За камунізм”) з 1976 года.
У кожным нумары шукаў зводкі з палёў і ферм і той радок, дзе згадваўся племсаўгас “Галявічы”. У саўгасе працавалі бацькі, бацькі сяброў, суседзі і знаёмыя. Хто шафёрам, хто трактарыстам, хто паляводам, хто жывёлаводам. Вельмі часта з’яўляліся на старонках газеты невялікія артыкулы Аляксандра Кавалёва (ён яшчэ падпісваўся А. Купрыянаў) – нашага класнага кіраўніка і селькора раённай газеты, які пісаў пра падзеі і людзей вёскі і школы.
У тыя часы я марыў пра кар’еру афіцэра і нават думкі не дапускаў, што мой шлях у прасторы і часе перасячэцца з раённай газетай. Але ў 8 класе сур’ёзна захварэў, і пра ваеннае вучылішча давялося забыць. А паколькі ў вучобе больш сябраваў з гуманітарнымі навукамі, вырашыў паспрабаваць вывучыцца на журналіста.
Пры паступленні абавязкова трэба было прадставіць уласныя публікацыі, і бацька завёз мяне на гутарку з рэдактарам аддзела сельскага жыцця Уладзімірам Смолярам. Уладзімір Мікалаевіч быў не толькі майстрам сваёй справы, але і вельмі дасціпным і дасведчаным чалавекам. Да апошняга дня жыцця ён заставаўся журналістам, а многія яго нататкі і нарысы і сёння застаюцца ўзорам для журналістаў. Па сутнасці, ён стаў маім хросным бацькам у прафесіі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам я і напісаў свой першы артыкул для раённай газеты.
Напісаў так, як ён мяне вучыў. І вось у адным з нумароў 1984 года я ўбачыў у газеце сваё прозвішча. Нельга ўявіць сабе, як грукатала сэрца ад радасці, як радаваліся бацькі і з якой павагай глядзелі на мяне аднавяскоўцы.
Было гэта ў суботу. А ў панядзелак мяне выклікаў да сябе дырэктар школы Бірылаў. Павел Пятровіч сурова і строга паківаў пальцам і сказаў: “Аляксандр, у наступны раз, перш чым пасылаць артыкул у газету, парайся са мной”. (Праз многа гадоў часопіс “Першацвет” надрукаваў маё апавяданне аб гэтым выпадку.)
Высветлілася, што інфармацыю, у якой я расказаў аб рабоце нашага класа на саўгаснай свінаферме падчас суботніка, прачытаў загадчык райана і… адчытаў дырэктара школы за тое, што выпускны клас замест вучобы працаваў. Павел Пятровіч апраўдаўся тым, што, маўляў, працавалі мы пасля вучобы, у другой палове дня. Я тады вынес для сябе першы важны ўрок – высокай адказнасці за друкаванае слова.
Другі мой артыкул меў красамоўную назву “Дзякуй, школа, і да пабачэння!”. Іх я і прадставіў на творчы конкурс пры паступленні. На жаль, падвялі веды па замежнай (нямецкай) мове: тры балы моцна знізілі шанец стаць студэнтам журфака. Але калі я прыйшоў за дакументамі з намерам паспрабаваць на наступны год, мне параілі звярнуцца на філалагічны факультэт. Выкладчыца з камісіі запэўніла: філфак тое самае, што і журфак, нават выкладчыкі адны і тыя ж працуюць. І я пагадзіўся…
У арміі я праслужыў ужо больш года, калі ў адным пісьме ад бацькоў атрымаў выразку невялікай нататкі з раённай газеты “Служаць нашы землякі”. Аўтарам яе быў усё той жа селькор і мой былы класны кіраўнік Аляксандр Кавалёў. Напісаў ён пра тое, што я пасля школы паступіў, закончыў два курсы ўніверсітэта, потым па ўласным жаданні пайшоў служыць, а цяпер вось – адзін з лепшых сяржантаў часці. І я адчуў ніякаватасць і сорам перад землякамі, бо сам бачыў у гэтым звычайную з’яву для кожнага юнака, які павінен стаць мужчынам…
Ішлі гады. Пасля ўніверсітэта мяне размеркавалі выкладчыкам у Брэсцкі педінстытут, але неўзабаве я паступіў у аспірантуру БДУ. Зноў спатрэбіліся публікацыі – гэтым разам навуковыя. Яны друкаваліся ў часопісах “Роднае слова”, “Неман”, “Першацвет” і “Настаўніцкай газеце”. Але кожны раз, бываючы ў бацькоў, браў у рукі «раёнку». Чытаў – і разумеў, што ёсць у жыцці не толькі мітуслівы сталічны свет, хаатычны і непастаянны. Ёсць яшчэ нешта пастаяннае і грунтоўнае, што надае моцы і ўпэўненасці – наша малая радзіма.
І хто б мог падумаць, што жыццёвыя абставіны змусяць мяне вярнуцца на малую радзіму і стаць… супрацоўнікам раённай газеты. Час ляціць імкліва, і сёлета спаўняецца 17 гадоў, як я працую ў “Калінкавіцкіх навінах”. Як і ў першы дзень знаёмства, мне па-ранейшаму падабаецца мая работа. Падабаецца сустракацца з рознымі людзьмі, быць відавочцам розных падзей, а потым расказваць пра іх нашым чытачам. І кожны раз хочацца зрабіць гэта як мага дакладней і паўней, каб і тыя, хто пра гэта прачытае, маглі адчуць сябе іх саўдзельнікамі і відавочцамі.
Сучасныя тэхналогіі зрабілі велізарны крок наперад, і мы вымушаны падпарадкоўвацца імкліваму часу, асвойваць інтэрнэт. Але гэтая прорва – эфект аднаго дня, сённяшняя навіна забываецца як толькі з’яўляецца якое-небудзь чарговае паведамленне. Застаецца толькі надрукаванае слова. Я пераконваюся ў гэтым не толькі гартаючы падшыўкі раённай газеты 50-х, 60-х, 70-х гадоў мінулага стагоддзя, са старонак якіх перада мной паўстаюць знаёмыя і незнаёмыя людзі, што стваралі раён і жыццё ў нашым раёне. Калі наведваем у вёсцы бацьку, заходзім у хату і застаем яго ў тым жа кутку за сталом каля вакна з газетай у руках, і мой 12-гадовы сын з цікавасцю пытае: “Дзед, а што ты чытаеш?”, а той з засяроджаным поглядам адказвае: “Раёнку”, я ўсведамляю, што ў спадчыну застанецца напісанае…
Аляксандр Века.

Please follow and like us:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.